На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
УРАДЖАЙНАЯ (да 1971 г. Вошкаўцы) — вёска ў Навасёлкаўскім с/с, за 6 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, каля аўтадарогі Баранавічы—Ляхавічы. 149 двароў, 374 жыхары (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ. У 1586 г. Вошкаўцы — сяло, шляхецкая ўласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) y Рас. імперыі, y Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў У1838 г. Вошкаўцы — маёнтак, які набыў бел. філосаф Фларыян Бохвіц (1799—1856 гг.; пахаваны ў в. Дарава, быў жанаты з роднай сястрой маці Адама Міцкевіча — Паўлінай Маеўскай). Намаганнямі Фларыяна і яго сына Яна Отана Бохвіца ў 2-й пал. 19 ст. у Вошкаўцах быў пабудаваны аднапавярховы драўляны сядзібны дом і закладзены парк (захаваліся). У 1876 г. маёнтак, уласнасць Рамана і Отана Бохвіцаў, меў 167 дзес. зямлі (у 1889 г. — 147 дзес. зямлі). У 1897 г. Вошкаўцы — сядзіба, 13 жыхароў, і вёска, 47 двароў, 271 жыхар, кузня, хлебазапасны магазін; y Дараўскай вол. У 1909 г. у вёсцы 53 двары, 416 жыхароў школа; y сядзібе — 17 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, y Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., вёска (71 двор, 354 жыхары) і фальварак (34 жыхары). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Навасёлкаўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. вёска, 102 двары, 483 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы стварылі калгас «Бальшавік». У 1959 г. — 480 жыхароў, y 1970 г. — 504 жыхары. У 1968 г. у вёсцы каля будынка Дома культуры на ўшанаванне памяці 40 аднавяскоўцаў, якія загінулі ў 1941—45 гг., устаноўлены абеліск. У 2002 г. — 158 двароў, 402 жыхары, y складзе калгаса імя Ламаносава (цэнтр — в. Флар’янова). Працуюць бальніца, магазін, аддз. сувязі, школа, б-ка, Дом культуры. Помнік архітэктуры — сядзібна-паркавы ансамбль.

Ураджайная // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2 : Брэсцкая вобласць. – Мінск : БелЭН, 2007. – С. 314–315.

Friday, March 26, 2021
                                                           Ураджайная
Ураджайная, вёска Навасёлкаўскага сельскага савета. Першыя ўспаміны пра вёску Ураджайная былі ў 1586 годзе, праўда тады гэтая вёска называлася Воскавічы. Назва такая пайшла ад таго, што ў гэтай мясцовасці пасяліліся людзі, якія лілі воск. З цягам часу буква “с” ператварылася ў букву “ш”, і вёска стала называцца Вошкавічы. Раней гэта быў Навагрудскі павет. У тыя гады ўся Беларусь знаходзілася пад уладай панскай Польшчы. Цяжка жылося жыхарам вёскі. Голад, холад, нястача, хваробы, неадукаванасць. Жыхары вёскі жылі і працавалі ў пана Бохвіца. Нарадзіўся ён у 1799 годзе ў Міры. Вучыўся ў Нясвіжы, вывучаў права ва універсітэтах Кіева і Вільні. Быў членам Навагрудскай карпарацыі адвакатаў. У 1838 годзе купіў маёнтак “Вошкаўцы” (да таго часу назву вёскі крыху скарацілі для прасцейшага вымаўлення), дзе і пражыў да канца сваіх дзён.
Па загаду пана Бохвіца быў пасаджаны сад і ліпавая алея, якія і да сённяшняга дня радуюць вока гасцей і сялян вёскі.
У памяць аб вялікім земляку і мясцінам, якія захоўваюць яго сляды, быў устаноўлены мемарыяльны знак “Ураджайнінскі палацава-паркавы ансамбль 19 стагоддзя”.
Меў пан Бохвіц у Вошкаўцах і свой млын. Муж Веры Міхайлаўны Камінскай працаваў у той час у пана сыраварам. З яго слоў дакладна вядома, што ў 1939 годзе нашчадкаў Бохвіца раскулачылі і млын стаў належыць Савецкай уладзе.
Млын пана Бохвіца служыць людзям і да сённяшняга часу. З розных куточкаў раёна, з суседніх вёсак і з двароў самой Ураджайнай, вязуць сюды зерне апошняга ўраджаю, каб намалоць духмянай мукі.
У маёнтку, дзе жылі Бохвіцы, зрабілі бальніцу, якая дзейнічала да пачатку вайны. У гады вайны ў памяшканні былога маёнтка стаяў нямецкі самаахоўны батальён, у які набіралі моладзь з усёй акругі. У 1944 годзе гэты батальён быў накіраваны на разгром партызанскага атрада ў Коньках, дзе і быў знішчаны. Пасля вайны ў маёнтку зноў была адкрыта бальніца, якая дзейнічала да 2005 года.
Адну з хат пана Бохвіца перабудавалі на хату-чытальню, там мелася каля пяцідзесяці экземпляраў літаратуры і радыёпрыёмнік. У гады Вялікай Айчыннай вайны хата-чытальня была разабрана на дровы.
Помняць аднавяскоўцы і Вітольда Міладоўскага, які ў красавіку 1863 года ўзначаліў сфарміраваны ў Налібокскай пушчы паўстанскі атрад Навагрудскага павета, які 22 мая 1863 года ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве. Пазней атрад быў разбіты, а Міладоўскі арыштаваны і сасланы ў Сібір.
Наша зямля беражэ сляды і гэтых славутых продкаў. Са слоў прамога патомка графоў Міладоўскіх – Міладоўскага Вальдэмара Іосіфавіча, у пользаванні  графоў было 40 гектараў зямлі, але графы былі пазбаўлены тытула за тое, што дзед Вальдэмара Іосіфавіча ўзяў жонку з простага роду. З пакалення ў пакаленне перадаваўся графскі герб, пакуль не быў спалены бабулей, калі прыйшла Савецкая улада ў 1939 годзе.
У трох месцах, не далёка адзін ад аднаго былі размешчаны памесці сям’і Міладоўскіх.
Але гады ляцяць, як птушкі, і шмат чаго з таго часу змянілася ў Вошкаўцах. Людзі пачалі пакрыху наладжваць свой быт, адкрылася школа. Здаецца, ужо можна было б пачынаць жыццё зноў, але бяда заўсёды ходзіць побач. 1941 год... Вялікая Айчынная вайна... Многія мужчыны пакінулі сваіх жонак, дзяцей, матуль і пайшлі на вайну з ворагам. Вораг прастаяў у вёсцы тры гады. Старыя людзі расказвалі, што немцы не вельмі лютавалі, а вось паліцаі (хоць і лічыліся мясцовымі жыхарамі) былі страшней за чужынцаў. Адзін са старых жыхароў гаворыць: “Некалі, калі немец ідзе па разоры з бульбай, баіцца наступіць на яе, не то што наш паліцай, топча ўсё, што пад ногі пападзе”. Але пад канец вайны, бачачы, што пара адступаць, пачалі лютаваць і немцы – спалілі палову сяла.
Пасля вайны вёска зноў пачала адраджацца, пачынала новае жыццё. Пачалі адчыняцца дзверы першых школ. У 1947 годзе прыехаў у вёску разам з сям’ёй малады настаўнік – Чаркасаў Рыгор Васільевіч. У тым жа годзе ён заняў пасаду дырэктара васьмігадовай Вошкаўскай школы.
Увесь школьны сад пасаджаны рукамі гэтага чалавека, яшчэ па яго прапанове быў пасаджаны парк каля мясцовага Дома культуры. Кожны жыхар сёння, гледзячы на зеляніва дрэў, успомніць добрым словам гэтага чалавека.
Настаў час, калі ў раёне сталі з’яўляцца калгасы. У 1950 годзе ў вёсцы быў створаны калгас “Бальшавік”. Час патрабаваў перамен, і паколькі было многа малых гаспадарак, то праз год, у 1951 годзе, узбуйнены калгас “Бальшавік” стаў называцца калгас імя Ламаносава.
У 1969 годзе калгас узначаліў малады аграном Траццяк Генірых Міхайлавіч. Як і ў пачатку, так і на працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці, ён працаваў разам з людзьмі і дабіваўся добрых паказчыкаў. За гэты час быў пабудаваны дзіцячы садок, Дом культуры, пачалі ўзвышацца новыя будынкі для працаўнікоў калгаса.
У 1986 годзе Генрых Міхайлавіч Траццяк быў узнагароджаны Зоркай Героя працы.
У 1970 годзе вёску Вошкаўцы перайменавалі ў вёску Ураджайная, як цяпер кажуць людзі, назву вёсцы далі такую таму, што людзі ў ёй добра працавалі і дабіваліся добрых ураджаяў.
Зараз на тэрыторыі вёскі ёсць пачатковая школа-сад, магазін, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, бібліятэка, Дом культуры.

Friday, March 26, 2021
Урожайная. (До 1971 г. - Вошковцы) Название символическое, данное в честь высоких урожаев.

Жучкевич В. А.
Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.

Friday, March 26, 2021
Саланенка Юрый Трафімавіч – кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт. З 1958 па 1959 гг. быў фельчарам Уражайнінскай участковай бальніцы, затым загадваў Сваятыцкім ФАПам. З 1967 па 1986 гг. працаваў у Ляхавіцкай ЦРБ.
Глядзець тут...

Трысцень Іван
– паэт нарадзіўся ў в. Ураджайная. Выдаў кнігі вершаў “Вясковыя дайкі”, “Летні дождж”, “Срэбны аловак”.
Глядзець тут...

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"