На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
САКУНЫ — вёска ў Конькаўскім с/с, за 5 км на 3 ад горада і чыг. ст. Ляхавічы на лініі Баранавічы—Лунінец. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Баранавічы—Ляхавічы. 30 двароў, 49 жыхароў (2005).
У сярэдзіне 19 ст. некалькі вёсак Сакуны існавалі ў суседніх маёнтках Дарава Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1844 г. вёска маёнтка Дарава, уласнасць К.М.Куневіча, 2 двары, 14 жыхароў. У 1846 г. у вёсцы Сакуны маёнтка Дарава, які належаў Г.І.Чарноўскаму, быў 1 двор, 8 жыхароў. У 1870 г. у вёсцы маёнтка Дарава Гаслаўшчына (уласнасць Кабылінскай) налічвалася 5 рэвізскіх душ; у вёсцы з маёнтка Дарава Устрань (належа­ла Мержаеўскім) — 11 рэвізскіх душ; у вёсцы маёнтка Дарава Чыжавай — 9 рэвізскіх душ. У 1897 г. Сакуны — вёска Дараўскай вол., 19 двароў, 115 жыхароў; фальварак каля вёскі, 6 жыхароў (у 1889 г. 40 дзес. зямлі, уладальнік Э.А.Згірскі); чыг. будка, 6 жыхароў. У 1909 г. у вёс­цы 20 двароў, 122 жыхары; у фальварку — 7 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 24 двары, 131 жыхар. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Федзюкоўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 г. было 196 жыхароў. З 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У 2002 г. — 31 двор, 57 жыхароў, у складзе калгаса «Кастрычнік» (цэнтр — в. Конькі). Ёсць магазін.

Сакуны // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 306–307.

Friday, March 26, 2021
      Вёска з дачным каларытам. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Сакуны
Ад гэтай вёскі кіламетр да чыгуначнага прыпынку і ўдвая больш да аўтобуснага. Тут утульна і тутэйшым жыхарам, і дачнікам. Мясціны прыгожыя, раздолле. Дамы не туляцца адзін да аднаго, а пазіраюць на суседскія на адлегласці. І прапісаны ўсе яны па вуліцы Мірнай. Вёска гэта – Сакуны, што ў Конькаўскім сельсавеце.
Адкуль такая назва? Старажылы расказваюць пра пана Сакуна і яго ўладанні, якія прасціраліся далёка. Ад іх, кажуць, і засталася «кропка». А многія вяскоўцы сталі цёзкамі па прозвішчы.
Малая радзіма для Марыі Шадура – усё яе жыццё. 91-гадовая жанчына тут перажыла ваеннае ліхалецце, згадвае жахі Вялікай Айчыннай вайны. Немцы хадзілі па хатах, забіралі ў людзей жывёлу, ежу, зерне.
– Жылі ў пастаянным страху, але партызанам дапамагалі, – расказвае Марыя Канстанцінаўна. Адзначае, што страшней за фашыстаў былі «самаахоўцы» – паліцаі. Расказвае, што з вяскоўцаў ніхто не пайшоў на службу акупантам.
– Ніколі не думала, што перажыву сваіх родных, – гаруе Марыя Шадура. Усяляк падтрымлівае і клапоціцца пра яе нявестка Святлана Супрыновіч з Задвор’я. Яна ж і агарод садзіць. Удзячна бабуля і сацыяльнаму работніку Наталлі Лашук, якая падлогу памые, з іншай дамашняй работай справіцца.
Дом Людмілы Васілько красуецца ў рознакаляроўі кветак. Чаго толькі няма на дачным участку дбайнай гаспадыні. Тут і маліна, і буякі, і агародніна на зайздрасць. Расаду, дарэчы, сама вырошчвае. А кветак, кустоў – бы ў батанічным садзе, нават саджанец сакуры маецца.
Падчас экскурсіі Людміла Васільеўна дае карысныя парады: маліну лепш падкарміць попелам, буякі не любяць лішняга «харчавання», для ўраджайнасці і росту неабходна да ўсяго 100 грамаў воцату на вядро вады раз у тыдзень-два.
На вялікім агародзе ні зялінкі. Людміла Васільеўна хваліцца, што дапамагаюць сын і дзве дочкі, з радасцю на дачу прыязджаюць унукі. Бабуля не толькі вырошчвае для дамашніх экалагічна чыстую садавіну-агародніну, але і смачна гатуе. Падзялілася з «ЛВ» рэцэптам кансерваваных агуркоў.
На літр вады спатрэбіцца сталовая лыжка солі, пяць – цукру і 100 грамаў воцату, плюс традыцыйная зеляніна. Для кансервацыі памідораў цукру дадаваць больш – восем лыжак і абавязкова дабавіць гваздзіку.
Паўстагоддзя назад Марыя Сакун змяніла сваю родную Вялікую Лотву на Сакуны, а заадно і ўласнае прозвішча – пайшла замуж за мясцовага хлопца, з якім пазнаёміліся ў Турках на вяселлі. З мужам выгадавалі трох дзяцей, маюць пяцёра ўнукаў. Усе прыязджаюць да бабулі і дзядулі, стараюцца дапамагчы па гаспадарцы. А яна немалая: конь, козы, свінні, птушка. Калі ў госці завіталі карэспандэнты раёнкі, Марыя Міхайлаўна спраўна ачышчала на агародзе цыбулю – не можа сядзець склаўшы рукі. Шмат гадоў адпрацавала даяркай на ферме ў Турках, муж Вікенцій там жа быў падвозчыкам кармоў. Працоўны дзень пачынаўся ў чатыры раніцы.
Зараз, адзначае, жыць добра. Пенсію ў тэрмін атрымліваюць. Ужо і дровы на зіму нарыхтавалі. Магазіна ў вёсцы няма, але аўталаўка прыязджае два разы на тыдзень. Вадзіцель-прадавец Святаслаў Цалей імкнецца цалкам задаволіць пакупніцкі попыт мясцовых жыхароў. Хваліць Марыя Сакун і паштальёна Паўла Войціка. Да людзей – уважлівыя, у рабоце – адказныя.
Аліна Гіль з 1970 года вучыла рабят матэматыцы ў Федзюкоўскай школе. У класах вясковай навучальнай установы тады было чалавек па 25. Урокі заканчваліся, але ніхто са школы не спяшаўся. Праводзілі дадатковыя заняткі, працавалі на школьным участку.
А дома чакалі гаспадарка, агарод. Зараз здароўе не тое, дзеці – іх у Аліны Уладзіміраўны трое – стараюцца часцей адведваць маму, хоць і жывуць няблізка. Не забываюць бабулю і восем унукаў. Увага гэта відавочная: у двары ўтульна і прыгожа, кветкі, арэлі і г.д.
Чатыры гады ў Сакунах сям’я Дзмітрыя і Надзеі Горбікаў. Адрас жыхарства выбралі невыпадкова – ад Баранавічаў і Ляхавічаў недалёка, не трэба замарочвацца наконт месца ў дзіцячым садку. Сына Ромку «газель» аддзела па адукацыі адвозіць у Конькі і ў час дастаўляе назад. Зручна. Працуюць у сельгаспрадпрыемстве: галава сям’і – слесарам на малочнатаварнай ферме «Сакуны», жонка – у паляводчай брыга-дзе. Завялі гаспадарку. Чатырохгадоваму Роме тут не сумна – у яго вялікі цацачны «аўтапарк». Глядзіць, як бацька рамантуе веласіпед, і бярэ з яго прыклад.
Дарэчы, у Сакунах маюцца не толькі «карэнныя» дачнікі, якім соткі дасталіся ў спадчыну. Ёсць і тыя, хто выбраў вёску свядома – з-за агароднага хобі. Іван Смаршчок з жонкай Валянцінай ужо дзесяць гадоў не сядзяць на сёмым паверсе баранавіцкага шматпавярховіка, а з натхненнем працуюць на зямлі. Нядаўна да сакуноўскага «таварыства» далучыўся Алег Жукоўскі з Баранавіч: свае дачныя квадраты набыў год назад і зараз заняты добраўпарадкаваннем дома.
Вось такое жыццё-быццё ў Сакунах – ціхамірнае, працавітае. І вельмі радуе, што ўсё ж такі ажываюць тут сядзібы, і новыя гаспадары змяняюць іх аблічча.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Перапечка, Н.
Вёска з дачным каларытам / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2019. – 3  жніўня. – С. 7.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"