Friday, March 26, 2021
ЗАРЭЧЧА — вёска ў Конькаўскім с/с, за 11 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 2 км ад чыг. ст. Русіно на лініі Баранавічы—Лунінец. 13 гаспадарак, 19 жыхароў (2005).
У 1836 г. Зарэчча — вёска маёнтка Дарава Харунжэўскае Навагрудскага пав. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў, уладанне Керсноўскіх, 9 двароў. У 1844 г. у вёсцы 9 двароў, 72 жыхары. У 1858 г. Зарэчча — вёска і маёнтак (фальварак, іншая назва Дарава Касцюшкаўскае), які набыў А.І.Парцыянка. У 1870 г. у маёнтку 29 рэвізскіх душ, у 1876 г. — 71 дзес. зямлі. У 197 г. побач з в. Зарэчча Дараўскай вол. (16 двароў, 113 жыхароў) размяшчаліся сядзіба маёнтка Зарэчча (3 будынкі, 18 жыхароў) і чыг. будка № 49 Палескіх чыгунак (6 жыхароў). У 1909 г. у вёсцы 22 двары, 146 жыхароў, у маёнтку — 8 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 15 двароў, 73 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Федзюкоўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У 1940 г. вёска, 31 двор, 132 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас «Чырвонае Зарэчча», які з студз. 1952 г. быў уключаны ў склад узбуйненага калгаса «Кастрычнік». У 1959 г. было 109 жыхароў, у 1970 г. — 89 жыхароў. У 2002 г. 17 двароў, 25 жыхароў, у складзе калгаса «Кастрычнік» (цэнтр — в. Конькі).
Зарэчча // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 278.
Friday, March 26, 2021
На гарбату з бабуліных зёлак. Вёска Зарэчча Ляхавіцкага раёна
Залаціцца хлебнае поле, стракаціць кветкамі луг, шумна гудзяць пчолы… Празрыста-чыстае паветра, рыжае сонца, сінь бязмежнага неба … Шматколерны водар зёлак, смак яблыка з саду… Бабулі на ганку, вішня на ўзмежку… Гэта ўсё кропкі на карце раёна. Вёскі і аграгарадкі – адметныя і самабытныя, вялікія і не вельмі, гаманлівыя і спакойныя – дарагія сэрцу старонкі. Летам, восенню, зімой, вясною яны непаўторныя.
Паміж «Федзюкамі» і «Шчарай»
Зарэчча. Населеных пунктаў з указальна-рачной назвай на карце краіны нямала. Але ні адзін, пэўна, не можа пахваліцца ўнікальна-адзінкавым размяшчэннем: Зарэчча прапісана паміж дзвюх чыгуначных прыпынкаў «Федзюкі» і «Шчара» напрамкам на Слуцк і Лунінец. Вёсачка прытулілася на самай мяжы раёна, расцягнулася на дзясяткі тры дамоў, аб’яднаных вуліцай Чыгуначнай. Але дамы тыя не жывуць-гудуць, а быццам спяць – карэнных жыхароў тут раз-два-тры-чатыры і лік закончаны. А напрыканцы вёскі насеяны дачы.
Каб дабрацца сюды на машыне, трэба спачатку натхніцца краявідамі, мінаваць чыгуначны пераезд, пераехаць мост праз Шчару. Перад падарожнікам паўстае тунэль (мясцовыя жыхары называюць яго трубой, і над ім грукацяць цягнікі), і дарога робіць некалькі паваротаў. А калі цягніком – яшчэ мудрэй. Бо пасля станцыйнага прыпынку да вёскі трэба яшчэ папрацаваць нагамі два кіламетры.
Зарэчча сустракае цішынёй і спакоем. Праз імгненне недзе галасіста вітаецца певень, эстафету пераймаюць гусі. Іду ў напрамку птушынай пераклічкі і аказваюся на парозе гасціннага дома Ганны Несцяровіч. Нягледзячы на свае 84 гады, жанчына трымае індыкоў, гусей і курэй. Вось і зараз крылатае падвор’е выхоплівае з рук гаспадыні зерне. Сабрат лебедзя пашыпвае, і трэба быць уважлівым, каб не атрымаць ад яго «прышчэпку».
Ганна Паўлаўна з Лабузоў, у Зарэчча пайшла замуж. Расказвае, што жылі з мужам добра, выхоўвалі траіх дзяцей. Лёс не песціў жанчыну: пахавала сына і дачку, двойчы засталася ўдавой. Трымаецца. Маладыя пазайздросцяць спрыту, з якім садзіць-даглядае агарод. Малодшая дачка Ларыса прыязджае з Брэста, дапамагае. Асаблівая радасць бабулі – пяцёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў.
Узгадвае Ганна Несцяровіч, як трымалі з мужам немалую гаспадарку: акрамя каровы, гадавалі на здачу бычкоў. З-за блізкасці ракі, дзеці былі пад заўсёдным наглядам. У школу хадзілі ў Федзюкі, затым у Конькі пешшу, па шпалах. Пазней іх пачаў забіраць школьны аўтобус. А зімовымі вечарамі жанчына вышывала ручнікі, абрусы.
– Нам, старым, зараз добра жывецца. Двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Прыносяць у час пенсію, пошту. Не абдзяляюць увагай медыкі, заязджаюць з сельсавета. З раёнкай сябрую многія гады. Яшчэ дзеці малыя былі, і тады выпісвала, – ахвотна падтрымлівае размову.
А вочы глядзяць молада
Сядзіба Соф’і Даўгіловіч пры самым лесе – дагледжаная, акуратная і ўтульная. Гэта заслуга гаспадыні і яе родных. Соф’я Платонаўна на ўзрост не скардзіцца. Дзявяты дзясятак пайшоў, а вочы глядзяць молада, усміхаецца шчыра. Калі карэспандэнт раёнкі завітаў да яе, завіхалася па доме. Праведаць маці з Баранавічаў прыехаў сын Васілій. Гаворыць, што ў Зарэччы адпачывае душой. 42 гады адпрацаваў на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе фрэзероўшчыкам. Менавіта вясковая загартоўка дапамагала яму адпавядаць у «металічнай» прафесіі. Маці і сын цікава расказваюць пра сваё прыгожа-рачное Зарэчча. У маладосці Соф’і Платонаўны і дзяцінстве Васілія лес яшчэ не падбіраўся да хаты – яго тады толькі садзілі. Умацоўвалі глебу. На пасадку выходзілі сем’ямі. …Соф’я працавала на чыгунцы. З мужам выхоўвалі сына і дачку. Адкуль сілы браліся: на рабоце цяжар цягалі, на калгасных дзялках стараліся і ўласную гаспадарку трымалі. Малако-тварог свае былі, сала ў кубельцы ляжала, мяса ўдосталь. Зойдзе госць – ёсць чым пачаставаць. І лясы тут шчодра дзяліліся грыбамі-ягадамі. Хто не ленаваўся, застаўляў нарыхтоўкамі кладоўку.
Моладзь весялілася душэўна і проста: запрашалі гарманіста і ладзілі танцы.
Вокны засвяціліся-заззялі ў Зарэччы ў 1961 годзе – правялі электрычнасць.
Соф’я Платонаўна ўспамінае свае дзіцячыя гады. Маці яе з сястрой расціла адна. У школу не ўсе з вёскі хадзілі – толькі тыя, у каго быў абутак. Ды і вучыліся тады па хатах. Спачатку ў суседніх Чвырах, затым у Тумашах. Потым за ведамі адправіліся ў Русіно Баранавіцкага раёна. Тры кіламетры і ў мяцеліцу, і ў дождж. Скончыла 4 класы, і яе як старэйшую пакінулі дома. Маці, расказвае Соф’я Платонаўна, вырашыла вучыць сястру. Тая стала настаўніцай.
З мужам пражылі доўгае, шчаслівае жыццё, да брыльянтавага вяселля не хапіла года… Соф’я Платонаўна любіць, калі з’язджаюцца родныя і хата напаўняецца звонкімі дзіцячымі галасамі – у бабулі двое ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
Калыханка для праўнука
Станіслава Несцяровіч, калі да яе пераехаў паўтары гады назад унук Раман Шумейка з сям’ёй, здаецца, скінула адразу гадоў дзесяць.
– Да іх прыезду сумна было, хаця сын з дачкой пастаянна прыязджалі, дапамагалі – нічога не скажу. Але так прыемна ўкладваць спаць маленькага праўнучка Радзівончыка, спяваць яму калыханку, сустракаць з гімназіі Германчыка. Жонка Рамана Юлька стала мне ўнучкай. Другі мой унук – у Баранавічах. Усе сябруюць паміж сабой, дапамагаюць адзін аднаму, – дзеліцца Станіслава Мікалаеўна.
З задавальненнем адзначае, што ў дом правялі ваду гарачую і халодную, паравое ацяпленне. Усё зроблена па-сучаснаму.
Два дзесяцігоддзі адпрацавала поварам у дзіцячым садзе ў Коньках. Дзень у дзень за сем кіламетраў дабіралася на работу: дзе пешшу, дзе веласіпедам.
А Юля ўсміхаецца, маўляў, наша бабуля – самая лепшая. І вёску палюбілі ўсім сэрцам. Таму аселі тут, хоць і даводзіцца мужу ездзіць на працу ў Баранавічы. Месца жыхарства мяняць не плануюць. Наладжваюць быт вясковай сям’і, радуюцца цудоўным хлопчыкам.
Падумалася, раз маладая сям’я тут, у Зарэччы, пускае свае карані, значыць у вёсцы ёсць заўтра, значыць не будуць сумаваць пакінутыя хаты і глядзець пустымі аканіцамі на вузкую вулачку…
Людміла Найда хоць і выйшла на пенсію, але дома яе не застанеш. Яна ў заўсёдных клопатах і справах. Жыве на два населеныя пункты – то спяшаецца ў Баранавічы, то шчыруе ў Зарэччы. Трымае сувязь з сельвыканкамам, дапамагае землякам. А да гэтага без малога 40 гадоў адпрацавала на баваўняна-папяровым прадпрыемстве. Трэба было ўстаць раненька, па гаспадарцы паспець і бегчы да дызеля. Яшчэ сямі гадзін раніцы няма – яна ўжо стаіць на прыпынку.
Людміла Сяргееўна з любоўю расказвае пра сваіх родных, пра сям’ю. Перабірае фотаздымкі, з якіх глядзяць дарагія людзі. Ганарыцца дзядулем – Георгіем Кудраўцом, які ваяваў на франтах Першай сусветнай: на старым фота – бравы салдат. Шмат расказвае пра землякоў, што вылецелі з роднага гнязда, сталі людзьмі паважанымі.
Тут жыве ветэран
Старажыл Зарэчча – Мікалай Даўгіловіч. Яго дом выдзяляецца сярод іншых таблічкай «Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу». На зіму ён едзе да дачкі ў Баранавічы: усё ж 93 гады, у халады аднаму цяжкавата. Але як толькі сонца ўбярэцца ў сілу, Мікалай Мікалаевіч вяртаецца ў вёску.
Вельмі прыстойны, добры чалавек, характарызуюць аднавяскоўца суседзі. Працаваў будаўніком у вайсковай часці, быў гаспадаром у доме, выдатны бацька. Пра такіх гавораць – майстар залатыя рукі.
… Здаецца, у вёсцы час ходзіць па-іншаму – прыпыняе свой бег. Быццам дзеля таго, каб яшчэ больш выразна адчуць еднасць чалавека і прыроды і ўсвядоміць сэнс кожнага імгнення.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Перапечка, Н. На гарбату з бабуліных зёлак / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – 27 студзеня (№ 7). – С. 9.
Friday, March 26, 2021
ЗАРЭЧЧА
Некалі на месцы цяперашняй вёскі стаяла яўрэйская карчма, а побач знаходзіліся некалькі хаткаў. Адзін стары вясковец Фёдар Кудравец меў вялікую сям’ю. Дочкі пайшлі замуж, сыны ажаніліся і пасяліліся побач з бацькамі. Так у вёсцы дабаўляліся двары.
У часы Першай сусветнай вайны вяскоўцы былі ў бежанцах. Па рацэ праходзіла мяжа. Вярнуўшыся дадому, жыхары ўбачылі, што вёска ўся спалена. Людзі жылі ў зямлянках і бліндажах. Зноў адбудавалася вёска ў 1916 годзе.
Пры панскай Польшчы жылі вельмі бедна. У гэтай мясцовасці былі паны Мішкевічы і Дубовікі. Яны таксама былі не вельмі багатыя, а вяскоўцы працавалі ў іх у найму. Школы ў Зарэччы не было. Дзеці хадзілі ў бліжэйшую школу ў вёску Русіно.
У 1941 годзе ў вёску ўвайшлі немцы, усіх жыхароў выселілі на левы бераг Шчары. А самі занялі хаты сялян.
У цяперашні час у вёсцы жывуць два чалавека, а астатнія – дачнікі. Кожную восень работнікі Конькаўскага сельскага Дому культуры выязджаюць з канцэртам у вёску Зарэчча, каб падбадзёрыць тую невялічкую колькасць жыхароў і дачнікаў, якія там жывуць.
Friday, March 26, 2021
Забалацце, Загацце, Залессе, Залужжа, Замасточча, Замошша, Зарэчча—назвы-арыенціры, якія гаворадь аб месцазнаходжанні вёсак: за балотам, за гаццю, за лесам, за лугам, за мостам, за мохам, за ракой і г. д. Некаторыя падобныя назвы звязаны з імёнамі рэк і азёр: Задзвінне (за Дзвіной), Занямонне (за Нёманам), Занарач (за Нараччу), Залахвенне (за Лахвай) і г. д.
Зарэчча. На тэрыторыі Ляхавщкага раёна ёсць вёскі, назвы якіх утвораны як указанне на месца знаходжання. Назва населенага пункта ўтваралася пры дапамозе злучэння прыназоўніка "за", які затым станавіўся прыстаўкай, з назоўнікам-тапонімам.
Залужжа вёска, пабудаваная за лугам. Такім жа чынам утвараліся назвы вёсак: Заполле, Забор'е, Заліпенне, Зарэчча. Залаззе.
Па аналоги пры дапамозе прыназоўніка "пад" утвараліся назвы вёсак: Падлессе, Падбарочча. Пад'язаўле, Падсаколле.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа. – Мн., «Нар. асвета», 1969. – С. 49-50.
Зарэчча // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.