Friday, March 26, 2021
ЖАРАБКОВІЧЫ — вёска, цэнтр Жарабковіцкага с/с, за 18 км на ПнУ ад Ляхавіч, чыг. прыпынак на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Баранавічы—Клецк. 237 гаспадарак, 620 жыхароў (2005).
Вядома з 15 ст. у Новагародскім ваяв. BKJI. Да 1492 г. Жарабковічы — маёнтак Клецкай вол., які вял. кн. літ. і кароль Польшчы Казімір падараваў Г.Петрышчу. У 1532 г. чарговы ўладальнік двара Жарабковічы пан Я.Ю.Ільініч прадаў яго разам з сялом Малькавічы за 1500 коп грошай А.М.Гаштольду. У 1537 г. С.А.Гаштольд запісаў свой двор Жарабковічы Ляхавіцкай вол. разам з маёнткам Ляхавічы ў якасці вена жонцы. У 1572 г. Жарабковічы — асабістая ўласнасць вял. кн. літ. і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста, перададзены ў складзе Ляхавіцкай вол. у якасці замены пану Я.Е.Хадкевічу за маёнтак Свіслач. Пазней Жарабковічы разам з маёнткам Ляхавічы належалі Сапегам (з 1625 г.), Масальскім (з 1760 г.), дзяржаве (з 1775 г.), зноў Масальскім (з 1790 г.). З 1791 г. у новаўтвораным Случарэцкім пав. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. разам з іншымі землямі Ляхавіцкага графства фальварак Жарабковічы (уваходзілі вёскі Зарытава, Падлессе Жарабковіцкае) і в. Жарабковічы (уваходзіла ў склад суседняга фальварка Гулічы) трапілі ва ўладанне графаў Касакоўскіх. У 1847 г. у фальварку 37,5 валок зямлі, 58 двароў, 521 жыхар; у вёсцы 37 двароў, 277 жыхароў, 27 валок зямлі. У 1897 г. Жарабковічы — вёска (72 двары, 532 жыхары, хлебазапасны магазін) і маёнтак (2 будынкі, 31 жыхар) у Ляхавіцкай вол. У 1909 г. у вёсцы 108 двароў, 652 жыхары; у маёнтку 6 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; фальварак, 3 дамы, 30 жыхароў, і вёска, 119 двароў, 619 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. — цэнтр Жарабковіцкага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Падлескім с/с, які 3.7.1972 г. зноў перайменаваны ў Жарабковіцкі. У 1940 г. вёска, 127 двароў, 681 жыхар, пач. школа, клуб, медпункт, гандлёвая кропка, тэлефон. Былы фальварак налічваў 88 жыхароў. У 1940 г. вяскоўцы стварылі калгас імя Сталіна (аб’ядноўваў 98 гаспадарак, 727 га ворыва). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. Жарабковічы акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У цэнтры вёскі пахаваны 14 воінаў Сав. Арміі, якія загінуліў 1941 г. і 1944 г. у баях з ням.-фаш. акупантамі (у 1957 г. на магіле ўстаноўлены помнік — скульптура салдата). На могілках пахаваны 14 вяскоўцаў, расстраляных гітлераўцамі летам 1941 г. (у 1965 г. на магіле ўстаноўлены абеліск). У 1948 г. у вёсцы быў адноўлены калгас; з 3.11.1961 г. гаспадарка перайменавана ў калгас «Беларусь». У 1959 г. было 519 жыхароў, у 1970 г. — 617 жыхароў. У 2002 г. 238 двароў, 670 жыхароў, цэнтр калгаса «Беларусь». У вёсцы размешчаны выканком сельсавета, філіял «Беларусбанка», дзіцячы сад, 2 магазіны, аддз. сувязі, фельч.-акушэрскі пункт, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, комплексны прыёмны пункт.
Планіровачна складаецца з 3 прамалінейных, паралельных паміж сабой, мерыдыянальных вуліц, да якіх з З далучаецца блізкая да шыротнай арыентацыі вуліца. Забудова пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.
Жарабковічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 273–274.
Friday, March 26, 2021
Жарабковічы і Канюхі. Кажуць, што ў нас даўней пан быў і надта ж ён коней любіў. Што хочаш за іх аддаць мог. Таму і жыў адзін, бо ні жонкі не меў па гэтай прычыне, ні дзяцей, адпаведна, не было. Калі зойдзе да каго з суседзяў у госці, то толькі і размовы ў яго, што пра коней. Гатовы быў апошнюю кашулю з сябе зняць ды на авёс вымяняць, каб толькі яго жывёліны не згаладаліся. Нікому асабліва не давяраў, ні ад каго дапамогі не прымаў па догляду за купленымі коньмі. Было ў яго ўсяго толькі два конюхі, надта старыя. Яшчэ пан стары бегаў, калі яны ягонаму бацьку служылі. Затое справу сваю ведалі выдатна. Любую рану, хваробу залечаць жывёліне так, што і следу не застанецца. 3 імі гаспадар раіўся, яны ж і падказвалі, у каго добры конь аб'явіўся. Тады ўжо іхні памешчык начэй не спаў і, калі нешта было даспадобы, дабіваўся свайго.
Зрэдку наведваліся да дзікаватага пана ягоныя былыя сябрукі, родзічы, але калі траплялі на стаўню, то ажно слупянелі ад здзіўлення. Не даводзілася раней ім бачыць гэткіх прыгожых ды самабытных коней. Гаспадар як пачне ім распавядаць, ды як загадае вывесці стаеннікаў у двор і ў справе паказаць, госці ажно розум страчвалі, адно зналі - хадзілі за памешчыкам і кленчылі:
- Прадай ды прадай.
Але той у такіх выпадках быў надзвычай стойкім:
- Не, гэтыя не прадаюцца! Паглядзець-паглядзелі і хопіць, а на астатняе не разлічвайце.
Потым, калі сталі адчувацца цяжкасці з грашамі, то конюхі-дарадчыкі падвучылі, як трэба дзейнічаць:
- Пане, не скупіся. Не так гавары. Яны ж табе павераць. Яны ж не ты, не разбіраюцца ў конях. Што хочаш гавары, а потым сваю цану прызнач, дык і купяць. Лепшых не прадавай, хужэйшых жа не шкадуй! Грошы ж усё роўна патрэбны. Таму неяк круціся, каб усяго астатняга хапала.
Цяпер, калі пыталіся ў памешчыка госці адносна кошту, то ён неўпрыкметку падміргваў конюхам і тыя, адвёўшы лепшых, прыводзілі хужэйшых. Разабрацца ў махінацыі маглі толькі людзі, дасведчаныя ў конях. А так абодва бакі развітваліся. задаволеныя адзін адным: адзін лічыў, што падмануў пакупніка, а той думаў, што абкруціў гаспадара. Так і разыходзіліся. Памешчык на гэтых аперацыях значна паправіў сваё матэрыяльнае становішча. Усё пайшло добра.
Зямлі прыкупіў, пару вёсак невялікіх да тых, што ў яго былі. У стайні коні толькі самыя адборныя стаялі, бо астатніх пазбывалі.
Ажно аднаго разу прачуў, што ў далёкага пана, можа за трыдзесяць зямель, ёсць жарабец, ды такі прыгожы, крэпкі, якіх мо свет яшчэ дагэтуль не бачыў. Не сядзіцца дома памешчыку, так і цягне паглядзець на дзіва тое дзіўнае. Нарэшце ўсё ж вырашыў: “Паеду і пабачу! Лепей адзін раз убачыць, чым чуць сотні разоў. А можа гэта людзі спецыяльна выдумляюць, каб цану на маіх стаеннікаў такім чынам збіваць. Не, паеду!”
Выклікаў да сябе абодвух конюхаў-дарадчыкаў, расказаў пра ўсё. Старыя служакі зацікавіліся таксама, але адначасова і свае перасцярогі выказалі.
Не трэба, маўляў, надта спяшацца, а яшчэ раз усё прадумаць, каб потым не шкадаваць. Пагадзіўся пан, адклаў тэрміновы выезд. Але, дзён колькі счакаўшы, зноў пазваў у палац конюхаў і аднаму загадаў:
- Застаешся тут сам! Глядзі за ўсім уважліва, каб, крый Божа, чаго не здарылася благога, бо тады не пашкадую, не пагляджу, што ты столькі гадоў верна мне служыш, - жыцця пазбаўлю!
А другому кажа:
- Ты са мною паедзеш! Закладвай пару коней у новы экіпаж ды ўсё прадугледзь, бо шлях нас не блізкі чакае і невядома яшчэ, што па дарозе можа здарыцца!
Селі ў брычку, паклалі сундук з грашыма і паехалі. Едуць сабе ды ўсё дапытваюцца, як гэта да таго пана трапіць, што жарабца незвычайнага мае. Хто нешта ведаў, хто ў адказ плячамі паціскаў, але ўсё ж неяк выбраліся на правільны шлях і неўзабаве прыехалі ў маёнтак, які іх гэтак цікавіў.
Сконіліся, і пан накіраваўся да гаспадара палаца пацікавіцца, ці сюды яны патрапілі. Той пацвердзіў, што менавіта ў яго і ёсць жарабец. Прычапіўся прыезджы памешчык, як тая сляпіца: пакажа ды пакажы!
Бачыць гаспадар, што не адчэпішся. загадаў вывесці жарабца са стайні, каб госць паглядзеў. Прывялі каня, а той з рук вырываецца, вочы ў яго агнём гараць, капытамі зямлю рые. Як убачыў пан жарабца, то і не хоча паказаць свайго захаплення, але і схаваць яго сілы не мае. Кінуўся да жывёліны, давай яе лашчыць, гаварыць нешта, і жарабец нібы зразумеў – прыціх, супакоіўся, пысай у плячо незнаёмаму, здавалася б, чалавеку нецярпліва тыкае.
Пан падбег да гаспадара і змаліўся:
- Прадай! Што хочаш прасі, але саступі. Грошай сундук поўны даю, зямлю сваю адпішу, толькі жарабца прадай.
"Можа гэты пан з глузду з'ехаў, - думае памешчык. Конь, які б ён не быў, усё роўна жывёлінай застанецца, якой бы прыгожай яна не была. А тут столькі грошай даюць адразу. Чаму б не ўзяць..."
Ударылі яны па руках.
Гавораць, што калі купец назад вяртаўся, то жарабец за ім сам ішоў, яго нават не прывязвалі да экіпажа - гэтак ён жывёліну прычараваў.
3 таго дня памешчык нічым іншым, акрамя гэтага жарабца, не цікавіўся. Запусціў сваю зямлю, закінуў вялікую гаспадарку, толькі сядзеў штодзень ды з канем, нібы з чалавекам размаўляў. Той нешта і на самай справе фыркаў ў адказ. Думалі вяскоўцы, што з глузду з'ехаў чалавек. Але самая страшная падзея была яшчэ на перадзе.
Неяк летнім часам з’явіўся ў гэтых мясцінах цыганскі табар,. а яны ж, вядома, болей за усё на свеце коней любілі. Як убачыў адзін малады цыган жарабца, то і прыкіпеў: "Звяду, толькі маім конь будзе!"
Сапраўды, ціхай раніцай у пакой уляцеў спалоханы конюх:
- Пане! Жарабца ўкралі!!!
Кінуліся наўздагон. Ляцелі, нібы віхуры. Адчуў злодзей, што не ўцячы яму ад пагоні, але жарабца шкада кідаць. Тады, ваўкарэзіна, чыркнуў бедную жывёліну вострым нажом па шыі і ў лес густы пашыўся. Калі пана да канаючага каня прывезлі, то ён плакаў над ім усё роўна, як над чалавекам.
Закапалі жарабца на тым самым месцы, дзе ён крывёю сцёк, а гаспадар загадаў над ім высокі дубовы крыж паставіць. Ад гэтае падзеі і вёску назвалі Жарабковічамі. А крыж той яшчэ на пачатку нашага стагоддзя стаяў. Вёска ж, дзе пражываў пан і дзе заходзілася яго стайня, атрымала назву Канюхі. Гэтае суседняе сяло ў дзве вярсты ад нашага.
Жарабковічы // Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка/ У. М. Лаурэнау і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2003. – 427 с.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
Friday, March 26, 2021
Арэшка Аляксей Сільвестравіч - вучоны-хімік. Нарадзіўся 18 лістапада 1923 года ў в. Жарабковічы. Эмігрыраваў у Бельгію.
Глядзець тут...
Лаўрэнаў Уладзімір – аўтар гісторыка – літаратурнай хронікі вёсак Жарабковіцкага сельскага савета “Ёсць край такі…”, настаўнічаў у Жарабковіцкай СШ, гісторык па адукацыі.
Глядзець тут...
Мікуліч Аляксей Ігнатавіч - беларускі антраполаг, доктар біялагічных навук. Нарадзіўся 19 снежня 1934 года ў вёсцы Жарабковічы.
Глядзець тут...
Праневіч Генадзь -кандыдат філалагічных навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Нарадзіўся 3 кастрычніка 1950 года ў вёсцы Жарабковічы.
Глядзець тут...
Станкевіч Анатоль – беларускі паэт. Нарадзіўся ў в. Жарабковічы.
Глядзець тут...
Юруць Іван Яфімавіч - вучоны-матэматык. Нарадзіўся 12 ліпеня 1930 года ў вёсцы Жарабковічы.
Глядзець тут...