Friday, March 26, 2021
РАГАЧЫ – вёска ў Востраўскім с/с, на р. Мышанка, за 34 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе, якая звязвае в. Тухавічы з шашой Брэст–Слуцк. 80 двароў, 185 жыхароў (2002).
У 1789 г. Рагачы – дзярж. вёска ў Навагрудскім пав. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. вёска фальварка Тухавічы (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава), 15 гаспадарак, 120 жыхароў, уласнасць графіні І. Патоцкай. У 1897 г. вёска Крывошынскай вол., 44 двары, 281 жыхар, і хутар на зямлі Патоцкіх, каля р. Мышанка, 1 двор, 5 жыхароў. У 1909 г. – 51 двор, 379 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Крывошынскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 51 двор, 250 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Быценскім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Тухавіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 4.10.1957 г. у Ляхавіцкім р-не. У 1940 г. вёска і хутар, 49 двароў, 247 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія у сак. 1943 г. і чэрв. 1944 г. спалілі 63 двары, загубілі 15 жыхароў. У 1959 г. былі 531 жыхар, у 1970 г. – 464 жыхары, вёска знаходзілася ў складзе калгаса “Ленінскі шлях”. У 2002 г. – 88 двароў, 191 жыхар, у складзе калгаса “Востраў” (цэнтр – в. Востраў). Ёсць б-ка, магазін.
Рагачы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 303–304.
Friday, March 26, 2021
У каларыце сардэчнасці
Пасля гарадской мітусні і руху ўязджаеш у Рагачы, вёску Востраўскага сельсавета, што збочылася з дарогі тухавіцкага напрамку, - нібы ў іншае вымярэнне трапляеш. Лагодная цішыня і запаволенасць жыцця, здаецца, запаўняюць сабой усё наваколле, і толькі галасісты спеў мясцовых “гадзіннікаў” – пеўняў вяртае ў рэальнасць.
На вуліцах з гістарычнымі назвамі Савецкая і Партызанская растуць-жывуць 112 рагачоўцаў, 41 з іх – старэй працаздольнага ўзросту. Для некаторых малая радзіма стала адзіным месцам жыхарства, іншыя, паспытаўшы чужога хлеба, вярнуліся ў роднае гняздо. Кожная сядзіба што чалавек. Адныя дагледжаныя і прыбраныя, другія – адзінокія і забытыя гаспадарамі.
Сядзіба Таццяны Рафалік прыцягвае ўтульнасцю і арыгінальнасцю афармлення. Разнастайныя кветкі тут суседнічаюць з рукатворнымі, увасобленымі ў элементы дэкору ідэямі ўмелай гаспадыні. Апошнія гадоў 20 жыве яна ў бацькоўскім доме, укладвае ў яго душу. Клапатлівая маці і бабуля, яна нястомна завіхаецца па гаспадарцы і штодзень са спартыўнай лёгкасцю накручвае кіламетры ў Тухавічы да месца працы.
- У бабуліным доме спіцца салодка-салодка, - у адзін голас гавораць 12-гадовая Сіма і 7-гадовая Ліза – любімыя ўнучкі і памочніцы Таццяны Міхайлаўны.
- Яны вельмі любяць нашу вёску, хоць і жывуць пад Мінскам. – дадае даволі маладая бабуля. – Гэта сёння ў нас ціха, а раней двароў было больш за 120. У кожным – па 7-9 дзяцей. Гудзелі-звінелі Рагачы. Школа была, праўда, пачатковая. У клубе ладзілі святы, на мясцовыя вяселлі моладзь сцякалася з усіх навакольных вёсак. Жылі небагата, але дружна – падтрымлівалі адзін аднаго, - з настальгіяй успамінае Таццяна Рафалік.
Доўгажыхар Рагачоў – Іосіф Лешык, які 7 мая адзначыў прыгожы 90-гадовы юбілей. Усё яго жыццё звязана з родным краем, пра гісторыю якога расказвае цікава і падрабязна. Даваеннае дзяцінства было азмрочана смерцю маці. Рана навучыўся сялянскай працы. У сакавіку 1943 года разам з іншымі аднавяскоўцамі быў вывезены фашыстамі ў Германію.
- Усіх вяскоўцаў сагналі ў школу. Галасілі маці, плакалі дзеці. Той гаротны крык і зараз у маіх вушах. Пасля пагналі ў Падсаколле, а затым – страшная і невядомая чужына. Шмат разоў правяралі, раздзявалі дагала – усё баяліся, каб мы ім якой заразы не перадалі. Спачатку быў канцлагер, дзе незлічона паміралі людзі. Адтуль трапіў бяспраўным парабкам у гаспадарку заможнага немца. Вельмі ўдзячны польцы, якая папярэдзіла, каб не расказваў пра ўменне даіць кароў. Яна ж дапамагала кантактаваць з іншымі. На жаль, немец яе хутка кудысьці перавёў, - успамінае дзядуля.
Іосіф Мацвеевіч згадвае, як у няволі працаваў, пакуль у 1945 годзе іх не вызвалілі чырвонаармейцы. Вярнуўся дадому на папялішча. Рагачы немцы палілі 3 разы.
- Першы раз палівалі агнём нават з самалётаў, - расказвае Марыя Лешык, жонка Іосіфа Мацвеевіча.
Не пакідалі рагачоўцы сваіх у бядзе ніколі. Пару хат у канцы вёскі ўцалелі, і ў іх мясціліся па 20 чалавек – у цеснаце, ды не ў крыўдзе. Не раз даводзілася хавацца ў лесе, не раз адбудоўвалі яны свае зямлянкі. Ніколі не сатрэцца з памяці жудасны выпадак, пра які ўзгадвае Марыя Фамінічна:
- Немцы наляцелі на вёску як каршуны. А за імі паліцаі. Адзін з нелюдзяў забіў у хаце ўсю сям’ю – 6 чалавек. На печцы сядзеў маленькі хлопчык – і яго не пашкадаваў, а хату падпаліў...
Пасля доўгачаканага вызвалення адраджалася-аднаўлялася вёска, ствараліся сем’і, нараджаліся дзеткі. Іосіф жонку далёка не шукаў. Цудоўная дзяўчына Марыя жыла па-суседску. Сёмы дзесятак пайшоў як разам дзеляць і радасці, і гора. Цяжкасці іх толькі з’ядноўвалі, рабілі мацнейшымі. І сёння пазіраюць адзін на аднаго з пяшчотай і любоўю. Расказваюць, як працавалі ад цямна да цямна, на калгасныя дзялкі дабіраліся за 10 кіламетраў. Іосіф Лешык з удзячнасцю гаворыць пра торфабрыкетны завод. Калі пачаў працаваць там вадзіцелем, нарэшце ў сям’і з’явіліся грошы. А да гэтага, каб падрыхтаваць дзяцей да школы, збірала Марыя журавіны на продаж. Прыемна, адзначае Іосіф Мацвеевіч, што пра ягонае 90-годдзе не забыліся былыя калегі, сардэчна і цёпла павіншавалі.
Ганарацца сёння Лешыкі і дзецьмі, і ўнукамі, радуюцца на праўнукаў. На дзень нараджэння любімага дзядулі з’ехалася вялікая дружная сям’я не толькі з Беларусі, але і з Расіі. У двары прыгожа складзены паленцы – справа іх рук. Сакрэтам свайго шматгадовага шлюбу пара лічыць уменне падтрымаць адзін аднаго і саступіць, дараваць крыўды.
Гады не песцілі, выпрабоўвалі на трываласць Зінаіду Гаўрыльчык. Але яна, негледзячы на ўзрост, спрытна завіхаецца па гаспадарцы, садзіць агарод. Аблягчаюць жыццё любімыя ўнукі Юра і Андрэй. Для іх і дзеля іх і жыве. Дарослыя ўжо, але для бабулі яны дзеці, якія заўсёды спяшаюцца ёй на дапамогу.
Ксюша, Ілья і шасцімесячны Ягорка – шчасце Наталлі і Дзмітрыя Гаўрыльчыкаў. Маладыя бацькі не цураюцца ніякай работы. Трымаюць карову і каня, козы і свінні, хатнюю птушку і іншую жыўнасць. Галава сям’і працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве механізатарам. Ксюша, якая пойдзе ў пяты клас – маміна памочніца, з радасцю паказвае маленькіх качанят і гусянят, хвалюецца пра іх. Гаўрыльчыкі – не адзіная мнагадзетная сям’я ў Рагачах. Дарэчы, у вёсцы не пустуюць некалькі буслянак. А гэта – добрая і абнадзейваючая прыкмета.
Жывуць Рагачы. Пяць разоў на тыдзень паштальён Уладзімір Кумейша прывозіць карэспандэнцыю, выконвае індывідуальныя заказы на пакупкі, прымае камунальныя плацяжы. “Самы лепшы паштальён”, - называць яго ўдзячныя жыхары.
Ёсць тут і магазін – месца сустрэчы аднавяскоўцаў. Прадавец Марыя Гацко не адно дзесяцігоддзе за прылаўкам, стараецца дагадзіць сваім землякам.
Хто хоча працаваць, той не сядзіць склаўшы рукі. Гадуюць і даглячдаюць жывёлу на ферме, працуюць на торфабрыкетным заводзе і сацыяльнымі работнікамі, выхавальніцай у садку, проста гаспадарамі на сваёй зямлі. Шчырыя і працавітыя рагачоўцы, вельмі адкрытыя і гасцінныя, са сваімі радасцямі і праблемамі, лёсам і гісторыяй. Буслы селяцца каля людзей добрых. Народ прыкмеціў.
Наталля Перапечка
Перапечка, Н. У каларыце сардэчнасці / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 2 ліпеня (№ 50). – С. 4.
Friday, March 26, 2021
Гісторыя вёскі Рагачы.
Вёска ў Востраўскім с/с, нападалёку ад вёскі Тухавічы. Чаму так назвалі вёску існуюць толькі легенды. Адна з іх гаворыць, што вельмі даўно продкі апрацоўвалі зямлю драўлянымі плугамі, якія проста ўяўлялі сабой рагаціну, і называліся яны рагачы. А другая легенда паведамляе, што тут раслі агромістыя дрэвы з магутнымі каранямі. У той час карані называлі рагачамі. Тады людзі гаварылі: “Пайшлі ў рагачы”. З тых часоў людзей, якія тут пасяліліся, называлі рагачоўцамі, а вёску – Рагачы. А можа назва ўтварылася ад прозвішча Рагач, першага чалавека, які пасяліўся ў гэтым месцы. Ці пасяленне на рагу, ля паварота дарогі?..
З гістарычных звестак вядома, што вёска ў 1789 годзе лічылася ў Навагрудскім павеце Рэчы Паспалітай, а з 1793 года ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1844 годзе вёска фальварка Тухавічы, налічвала 15 двароў і 120 жыхароў. Была ўласнасцю графіні Патоцкай. З 1921 года ў складзе Польшчы.
У БССР спачатку адносілася да Тухавіцкага с/с Быценскага раёна Баранавіцкай вобласці. У вёсцы налічвалася 49 двароў і 247 жыхароў.
З чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года была акупіравана немцамі, якія ў сакавіку 1943 года і чэрвені 1944 года спалілі 63 двары, загубілі 15 жыхароў. У 1941 годзе каля вёскі быў збіты немцамі савецкі самалёт. Да яго збегліся людзі і дапамаглі экіпажу пакінуць самалёт. Праз некалькі хвілін узарваўся бензабак. Адзін лётчык загінуў. Таварышы назвалі яго прозвішча – Кучарэнка Іван (Аляксей) Паўлавіч. Жыхары яго пахавалі непадалёку ад месца падзення самалёта, потым там сталі хаваць сваіх аднавяскоўцаў. Так узніклі могілкі непадалёку ад шашы.
Партызанская разведка з Кулаком Міхаілам недалёка ад вёскі ўбачыла абоз з награбленым дабром мясцовых жыхароў і паведаміла ў партызанскі атрад. У тым баі загінула некалькі фашыстаў. Але загінуў і Міхаіл Кулак – яго выдаў здраднік. Ноччу немцы прыйшлі ў вёску і захапілі сям’ю Кулака. Яны патрабавалі выдаць сем’і партызан, але не дачакаліся адказу. Карнікі спалілі некалькі хатаў. Хтосьці выдаў партызанскую сувязную Кавальчык А.І. Яе арыштавалі і доўга катавалі, потым паставілі да сцяны. Толькі шчаслівы выпадак выратаваў яе ад расстрэлу.
Пасля вайны вёска адбудавалася. У 1945 годзе быў створаны калгас “Шлях Ільіча!, яго першым старшынёй быў Гаўрыльчык І.М. У кастрычніку 1951 года ўсе навакольныя гаспадаркі аб’ядналіся ў калгас “Сталінскі шлях”. Узначаліў калгас Шуба А.Ф. У 1953 годзе калгасам стала кіраваць Нікуліна Н.І. У 1959 годзе ў вёсцы ўжо прыжываў 531 жыхар.
З 1969 года гаспадарка называлася “Ленінскі шлях”. Быў пабудаваны клуб з бібліятэкай, пачатковая школа, магазін.
Зараз вёска ўваходзіць у СВК “Востраў-Агра”. Цяпер у вёсцы тры вуліцы: Савецка, Партызанская, Школьная. Праўда, школы ўжо няма, няма і бібліятэкі з клубам. Застаўся толькі магазін.
У вёсцы нарадзіўся Міхаіл Георгіевіч Кулак (Рагачоў) контр-адмірал, які за мужнасць і гераізм як воін-інтэрнацыяналіст удастоены ордэнаў “Чырвонай Зоркі”, “За ваеныя заслугі”, медаля “За баявыя заслугі”... Зараз ён знаходзіцца ў адстаўцы і пражывае ў Маскве. Піша вершы і выдаў пяць зборнікаў вершаў: “Каре”, “Озарение”, “Россея”, “Испытание прозрением”, “Глаза души”.
Friday, March 26, 2021
Рагачы. Рагачы – першапасяленцы, якія знаходзіліся ў роднасных сувязях і мелі агульныя мянушку або прозвішча Рагач (Рогач) і сяліліся разам.
Рагачы. Існуе паданне, што ў наваколлі гэтай вёскі ў свой час раслі вельмі незвычайныя дрэвы, па форме нагадваўшыя рагач. Сяляне рабілі з тых дрэў прылады працы, казалі адзін аднаму: "Пайшлі ў рагачы".
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
Рагачы // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Friday, March 26, 2021
Ламанос Міхаіл Міхайлавіч - беларускі вучоны ў галіне аграхіміі. Нарадзіўся 20 снежня 1981 года ў вёсцы Рагачы.
Глядзець тут...
Кулак Міхаіл - паэт. Нарадзіўся 27 чэрвеня 1943 годзе ў вёсцы Рагачы. У канцы 90-х гадоў выйшлі ў свет яшчэ тры яго зборнікі — “Озарение”, “Россея”, “Каре”.
Глядзець тут...