Friday, March 26, 2021
МІНІЧЫ – вёска ў Ганчароўскім с/с, каля р. Шчара, за 10 км на Пд ад Ляхавіч, 6 км ад чыг. ст. Райтанаў на лініі Баранавічы–Ганцавічы, за 2 км ад шашы Брэст–Слуцк. 64 гаспадаркі, 126 жыхароў (2005).
У канцы 18 ст. Мінічы – шляхецкае ўладанне ў Навагрудскім пав. Рэчы Паспалітай. З 1791 г. у Случарэцкім пав. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. З 1844 г. Мінічы – маёнтак, уласнасць М.Д.Клімашэўскага, і вёска (у складзе маёнтка), 15 двароў, 78 жыхароў (у т. л. 10 дваровых сялян). З 1856 г. маёнтак (417 дзес. зямлі, карчма) належаў М.М.Наваковічу (атрымаў у спадчыну). У 1870 г. вёска ў Мядзведзіцкай вол., 56 сялян-уласнікаў. У 1897 г. у вёсцы 39 двароў, 192 жыхары, хлебазапасны магазін; у маёнтку, уласнасці А.М.Наваковіча 26 жыхароў, 220 дзес. зямлі; ва ўрочышчы, уладанні Наваковіча, пры Маскоўска-Варшаўскай шашы, 12 жыхароў; на хутары на зямлі прычта Галдавіцкай царквы 2 будынкі, 13 жыхароў. Побач з Маскоўска-Варшаўскай шашой таксама знаходзіўся былы дом заставы Мінічы, 10 жыхароў. У 1909 г. у вёсцы 44 двары, 271 жыхар і ў маёнтку 10 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 30 двароў, 164 жыхары (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Цыганскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. цэнтр Мініцкага с/с. У 1940 г. у вёсцы 46 двароў, 324 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы стварылі калгас «Запаветы Ільіча». У 1959 г. было 352, у 1970 г. 347 жыхароў. З 1960 г. вёска знаходзілася ў складзе саўгаса «Ганчароўскі». 4.6.1979 г. сельскі Савет перайменаваны ў Ганчароўскі, цэнтр перанесены ў в. Ганчары. У 2002 г. 81 двор, 147 жыхароў, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Ганчароўскі». Працуюць магазін, аддз. сувязі, фельч.-акушэрскі пункт, б-ка. За 2 км на Пн ад вёскі, каля аўтадарогі Брэст—Бабруйск, на ўшанаванне памяці сав. воінаў і партызан, што загінулі ў баях з ням.-фаш. захопнікамі ў гады Вял. Айч. вайны, у 1967 г. насыпаны курган Славы і ўстаноўлены абеліск.
Мінічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 291–292.
Friday, March 26, 2021
Паспелі суніцы. Кропка на карце Ляхавіччыны: Мінічы
Што гэта прыгожы край – вядома даўно. Як і тое, што тут жывуць шчырыя людзі, слаўныя працай, самабытнымі талентамі. Спрадвеку ў Мінічах хлеб вырошчвалі, рыбу лавілі, плялі кошыкі, нехта майстраваў вазы, рабіў вупраж для коней, быў тут нават свой каваль. Жанчыны ткалі посцілкі, “перабіраныя, у 150 ніткоў” – з рознакаляровымі кветкамі і ўзорамі. Берагі Шчары іншы раз здаваліся паласатымі ад саматканага зрэбнага палатна, якое кабеты вымочвалі ў ранішніх росах і рачной вадзе, білі яго “пранікамі”, а пасля сушылі на зялёнай траве-мураве. І, дзіва, яно нейкім цудам ператваралася ў белае. З яго рабілі ручнікі, абрусы, а пасля вышывалі.
Тыя ўзоры можна параўнаць хіба з фарбамі, што ліпеньскім ранкам іншы раз пашчасціць угледзець на ўсходнім краі неба, якое дакранаецца да рачной гладзі…Старэйшыя вяскоўкі ўспамінаюць, што незвычайным яно было і раніцай 22 чэрвеня 1941 года… Вёска трапіла пад фашысцкія кулі ў першыя дні вайны, калі ішлі баі на Шчары, якая стала сур’ёзнай перашкодай на шляху варожых войскаў. Цяжкія гады акупацыі, а пасля – доўгачаканае вызваленне, якое жыхары Мінічаў сустракалі па-асабліваму. У кожным двары гаспадары вывешвалі хоць кавалачак, хоць стужачку чырвонай тканіны – сімвал пераможнага сцяга. Шчаслівыя тыя, хто дачакаўся з вайны сваіх сыноў, мужоў, братоў. А многія атрымалі жалобныя трохкутнікі. Гаравалі, памяталі і жылі, гадавалі дзяцей, радаваліся, што на свабоднай зямлі.
А малеча мініцкая, тая, пра якую гавораць “дзеці вайны”, прагнула навукі. Пасля заканчэння пачатковай школы бегалі за 8 кіламетраў у суседнюю Мядзведзіцкую. З першых пасляваенных тутэйшых выпускаў 32 юнакі і дзяўчыны паступілі вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сталі знакамітымі вучонымі прафесар, Заслужаны работнік адукацыі Мікалай Плескацэвіч, доктар гістарычных навук Анатолій Жытко, дацэнт, кандыдат эканамічных навук Іван Бычкоўскі.
Раслі тут хлеб і лён, і жывёлагадоўля давала неблагі прыбытак мясцоваму племзаводу “Ганчароўскі”. А вёска ўсё больш разбудоўвалася, прырастала насельніцтвам. Як прыгадвае былая свінарка мясцовай гаспадаркі Марыя Юруць, асаблівы росквіт Мінічаў прыпадае на час, калі сельгаспрадпрыемства ўзначальваў Іван Русенчык.
– Кіраўніком быў адукаваным, строгім, патрабавальным. І вельмі клапаціўся пра людзей, – успамінае Марыя Пятроўна. – Малочнатаварная, свінафермы, адкормачнік, канюшня – работы хапала ўсім, і заробкі былі добрыя. Людзі будавалі новыя дамы, вучылі дзяцей, спраўлялі вяселлі, народзіны.
– Ды і весела было ў нас, – падключаецца да размовы Пелагея Карпук. – Працавалі клуб, пошта, ФАП, школа, бібліятэка. Усе вяскоўцы трымалі па 2-3 каровы ў двары, свінні, розную птушку. Як выганім на пашу – 3 чаргі рагуль налічвалі. А яшчэ маёўкі ладзілі, спявалі. Надвячоркам плыла над Шчарай песня, а на гармоніку граў мой муж – патомны музыка, бо і дзед яго граў, і брат…
Сёння ў Мінічах самае папулярнае месца – магазін. Тут, дарэчы, можна купіць усё неабходнае: прадукты харчавання, ёсць секцыя гаспадарчых тавараў. Загадчыца гандлёвай кропкі Алена Васільева якраз абслугоўвала пакупніцу Валянціну Прыхач.
– Усё ў нас ёсць, а калі чаго не хапае, заўсёды можам заказаць – прывязуць, – адзначыла вяскоўка. – Наогул, лічу, што сёння пенсіянерам жывецца добра: пенсію атрымліваем рэгулярна, у магазінах усё, што пажадаеш. Па панядзелках прыязджаюць у вёску ўрач, медсястра. Зручна вяскоўцам дабірацца да райцэнтра: у сераду заязджае аўтобус, і ў 9 гадзін, калі трэба, ты ўжо ў горадзе, а ў 16 – дома. Каб яшчэ можна было некалькі дзясяткаў гадоў скінуць з плячэй, а то ўсе навокал пажылыя, – жартуе жанчына і дадае: – А якія прыгожыя мясціны ў нас, жывём, можна сказаць, на курорце.
Завіталі мы і да тутэйшай майстрыхі-вышывальніцы Марыі Папчэня. Яна сама малюе ўзоры, на кветкі глядзіць, нібы зачараваная. А пасля пад рукамі Марыі Канстанцінаўны ажываюць яны на ручніках, сурвэтках, абрусах, занавесках і прасцінах. Сабе, дзецям, унукам і праўнукам, суседзям і добрым людзям вышывала, і сёння яе хата ззяе ўсімі колерамі вясёлкі.
Муж у Марыі Канстанцінаўны добры гаспадар, каня трымае. Яшчэ адна конская сіла ёсць на падворку старасты вёскі Леаніда Кузняцова. Па сутнасці, яны ўдвох і дапамагаюць вяскоўцам (асабліва вясной), за што маюць асаблівую пашану.
…Пакуль спякота не даймала, пажылыя кабеты на лавачках ля плота з цікавасцю назіралі за вясковым жыццём. Ніна Каваленка накіравалася да суседкі Дануты Кальчанка. Нагода прыемная: сусед, які хадзіў у лясок нарэзаць венікаў, паведаміў, што паспелі суніцы і чарніцы. У Дануты Паўлаўны якраз сын прыехаў з Мінска, паабяцаў падвезці ягадніц да лесу. Хоць і спяшаліся сяброўкі, прыпыніліся, разгаварыліся пра жыццё-быццё. Нягледзячы на ўзрост, маюць агароды, адной бульбы 10 сотак пасадзіла Ніна Піліпаўна, памідоры добра растуць, агуркі. Муж Яўгеній Мікалаевіч яшчэ і кошык спляце, і дрэўка паставіць у матыку. Некалі абедзве жанчыны працавалі на ферме, а ў вольны час ткалі кросны, вышывалі. А калі ў вёсцы ладзілася вяселле, пяклі караваі. У Дануты Паўлаўны і сёння стаіць печ (адна такая на ўсю вёску), у якой змяшчаецца вялізарная бляха з караваем.
–Дзякуй Богу, заўсёды ўдавалася печыва: цеста добра падыходзіла, выразнымі атрымліваліся ўпрыгажэнні – кветкі, пташкі, бочачкі “з віном” – усё, што сімвалізавала шчаслівае жыццё маладых, – разважае жанчына.
Данута Паўлаўна лічыць: іменна таму, што ўсім жадала добрага жыцця, шчаслівым яно склалася і ў яе. Мае сям’ю 26 чалавек: дзеці, унукі, праўнукі. Клічуць да сябе бабулю ў горад, але не хоча яна пакідаць родную хату, у якой і радавалася, і гаравала, а цяпер заўсёды ў чаканні дарагіх гасцей.
Пакідалі мы вёску, поўныя ўражанняў. На вуліцы Цэнтральнай не змаглі не прытармазіць ля прыгожага дагледжанага доміка, двор якога патанае ў чырвоных ружах. Аказалася, што гэта дачнікі: у мінулым лётчык Юрый Сяргеевіч “прызямліўся” тут з сям’ёй ужо каля 3 дзясяткаў гадоў назад. У Мінічах выраслі дзеці, унукі, растуць праўнукі. Сам пасадзіў сад, дагледжаны агарод. Але галоўнае, лічыць ён і аўтарытэтна заяўляе ўнучка, якая працуе ў Мінску эколагам: самае чыстае паветра – у Мінічах, самыя прыгожыя краявіды – таксама тут, у вёсцы над Шчарай-ракой. А ў лесе і маладым хвойніку, што за вёскай, растуць баравікі – хоць касой касі.
Аліна ЛАПІЧ.
Лапіч, А. Паспелі суніцы / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 2 ліпеня (№ 49). – С. 9.
Friday, March 26, 2021
Мінічы. Хутчэй за ўсё назва паходзіць ад прозвішча Мініч.
Мінічы. Вёска Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Назва паходзіць ад распаўсюджанага прозвішча Мініч
Мінічы // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Адкуль пайшла назва // Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 23 красавіка. – С. 3.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа.- Мн., 1969. – 119 с.
Friday, March 26, 2021
Плескацэвіч Мікалай Міронавіч - кандыдат педагагічных навук, прафесар. Нарадзіўся 11 сакавік 1941 года ў вёсцы Мінічы.
Глядзець тут...