Friday, March 26, 2021
ГУТА — вёска ў Востраўскім с/с, за 30 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Івацэвічы—Слуцк. 85 гаспадарак, 177 жыхароў (2005).
У 1789 г. Гута — дзярж. уласнасць, вёска Навагрудскага пав. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. вёска фальварка Востраў (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава), 19 двароў, 163 жыхары, уласнасць графіні І.Патоцкай. У 1897 г. Гута — вёска Востраўскай вол., 54 двары, 339 жыхароў і пасёлак пры вёсцы (уладанне Патоцкай), 1 двор, 4 жыхары. У 1909 г. у вёсцы 70 двароў, 435 жыхароў; працавала нар. вучылішча. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 72 двары, 358 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Быценскім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. цэнтр Гутаўскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 4.10.1957 г. у Ляхавіцкім р-не, з 17.4.1959 г. у Востраўскім с/с. У 1940 г. у вёсцы 162 двары, 651 жыхар, выканком сельсавета, пач. школа, клуб. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 г. было 543, у 1970 г. 542 жыхары. У 2002 г. 93 двары, 197 жыхароў, у складзе калгаса «Востраў» (цэнтр — в. Востраў). Працуюць фельч.-акушэрскі пункт, пач. школа, клуб, б-ка, магазін.
Гута // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 269.
Friday, March 26, 2021
ГУТА
Знаходзіцца вёска на прасёлачнай дарозе паміж Заполлем і Кулікамі, у шасці кіламетрах ад Вострава. Назву сваю палучыла, як кажуць, ад селяніна па прозвішчу Гутніцкі, які першы тут пасяліўся. Калі Гутніцкі памёр, мясцовасць стала называцца Гутаю. А яшчэ кажуць, Гута ад лацінскага слова “кропля”, старая назва невялікіх шклозаводаў.
Першыя звесткі аб Гуце ў пісьмовых крыніцах вядомыя з 1789 года. Там яна ўзгадваецца як вёска Навагрудскага павета. Вёска ўваходзіла ў розныя гады ў Слонімску, Літоўскую, Гродзенскую, Мінскую губерніі.
У час паўстання 1863-1864 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў бітве з царскімі войскамі пад Мілавідамі ёсць звесткі, што прымалі ўдзел і гутаўскія сяляне.
Спазнала вёска ліхалецце першай і другой сусветных войн. У першую сусветную вайну ў верасні 1915 года жыхары вёскі былі эвакуіраваны нямецкім войскам далей ад лініі фронту, які знаходзіўся пад Баранавічамі, у Быцень. І толькі ў 1918-1919 гадах людзі вярнуліся ў вёску і пачалі будавацца, бо большасць хат была спалена.
З 1921 года, калі Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы, людзі сяліліся і на хутарах. Гута тады знаходзілася ў Востраўскай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.
Пасля аб’яднання Беларусі з 1940 года гэта быў Гутаўскі сельсавет Быценьскага раёна Баранавіцкай вобласці з 651 жыхаром.
“Вечарамі малацілі ў гумнах. Павячэраюць, павесяць газавую лямпу і малоцяць. Пралі кудзелю. Куры сядзелі ў хатах пад печкаю, гадзіннікаў не было, уставалі, калі праспявае певень 3 разы,” – успамінае Жылінская Надзея Максімаўна. Ёй за 90 гадоў, яна не ходзіць і старых такіх ужо мала ў вёсцы.
У Вялікую Айчынную вайну вёска знаходзілася пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. Многія жыхары прынялі ўдзел у абароне сваёй радзімы. З 21 салдата, не вярнуўшыхся дахаты, 17 загінула, з іх пяцёра пры вызваленні Польшчы, а 4 прапалі без вестак.
Пасля вайны аднаўлялі гаспадарку, стваралі калгас, працавалі. З 1957 года Гута ўвайшла ў Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці, а з 1959 года ў Востраўскі сельсавет. Быў адкрыты фельдшарска-акушэрскі пункт, пачатковая школа, клуб, бібліятэка, магазін, пошта. Цяпер ў Гуце дзейнічае толькі Дом сацыяльных паслуг.
Каля Гуты знаходзіцца ўрочышча “Шмуля”. Гэты лес у напрамку Мілавід вельмі любяць жыхары вёскі. І яшчэ адно ўрочышча “Ламачына”, якое знаходзіцца побач з цяперашнім БелДанам, заўсёды прываблівала людзей сваімі грыбамі. Паміж Востравам, Падлаззем і Гутаю, бліжэй да Гуты, знаходзіцца ўрочышча “Гараватыя”. Назву яно палучыла, як кажуць людзі таму, што зямля была пясчаная, збожжа расло кепска, і людзі жылі бедна, гаравалі. Як уязжаеш у вёску Гута, месца гэта мясцовыя жыхары называюць “Каменкай”. А побач – “Ліново”. А яшчэ далей – “Гулачка”. Людзі больш карыстаюцца гэтымі назвамі, чым афіцыйнымі. Найбольш распаўсюджаныя прозвішчы ў сяле – Аніскевічы, Горбікі і Чэшкі.
Friday, March 26, 2021
Гута. Гутамі ў XVII - XIX стагоддзях называлі шкляныя і металургічныя прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі. Гэты тэрмін існуе ў польскай, чэшскай, славацкай мовах. Паселішчы з падобнаю назваю ўзнікалі на месцы такога прадпрыемства ці засноўваліся перасяленцамі, якія працавалі на іх.
Гута — назва некалькіх населеных пунктаў на Беларусі. Іншы раз такая назва спалучаецца з прозвішчам гаспадара (Гута Міхалін і інш.). Гутамі называлі ў XVII—XIX стст. металургічныя і шкляныя прадпрыемствы на Беларусі. Гэты ж тэрмін існуе ў польскай, чэшскай, славацкай мовах. Як відаць, паселішчы, што носяць назву Гута, узніклі на месцы прадпрыемства (ва ўмовах Беларусі — на месцы шклянога завода).
Гута // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа. – Мн., «Нар. асвета», 1969. – С. 42-43.