На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
СТРАЛЬЦЫ — вёска ў Крывошынскім с/с, за 20 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Ляхавічы—Крывошын. 68 двароў, 110 жыхароў (2005).
У 1789 г. Стральцы — вёска ў Навагрудскім ваяв., дзярж. уласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. вёс­ка фальварка Востраў маёнтка Рэпіхаў, 7 двароў, 80 жыхароў, уласнасць графіні І.Патоцкай. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся кавальскім і іншымі промысламі. У 1870 г. вёска ў Востраўскай вол., 40 рэвізскіх душ. У 1897 г. — 23 два­ры, 208 жыхароў. У 1909 г. — 32 двары, 245 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 25 двароў, 165 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Востраўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. Цяпер у Крывошынскім с/с. У 1940 г. 73 двары, 343 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. створаны кал­гас імя Андрэева, які ў 1952 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса «Шлях да камунізму». У 1959 г. было 363 жыхары, у 1970 — 411 жыхароў. У 2002 г. — 75 двароў, 142 жыхары, у складзе калгаса «Новае жыццё» (цэнтр — в. Галаўнінцы).

Стральцы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 311.

Friday, March 26, 2021
                            Тутэйшыя завядзёнкі, ці Дапамога па адрасе
Сярод 122 вялікіх і маленькіх  сельскіх населеных пунктаў раёна – і вёсачка Стральцы. Дзе гэта? Ды “ў сярэдзіне” паміж Крывошынам, Востравам і Галаўнінцамі, у чатырохкіламетровым суседстве з Любейкамі. Некалі гэта было паселішча больш люднае. Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя тут і школа-васьмігодка працавала (потым яе маштаб да пачатковай зменшыўся, а яшчэ пазней і наогул зачынілі), працяглы час былі ў Стральцах і клуб, і ФАП. Цяпер пра іх напамінаюць хіба што будынкі. А цэнтрам , вакол якога жыццё вёскі канцэнтруецца, стаў дом сацыяльных па-слуг. Вельмі запатрабаваная ўстанова, калі ўлічыць, што абсалютная большасць з паўсотні тутэйшых жыхароў – людзі пераважна шаноўнага ўзросту. Сацыяльны работнік Ірына Зубік для іх чалавек незаменны. Яна і ў святы, і ў будні побач. Будняў, канешне, значна больш. Ірына Паўлаўна наведвае сваіх падапечных, прадукты па іх заказах купіць і прынясе (двойчы на тыдзень у Стральцы прыязджае аўталаўка райпо, тройчы – камерсант са шматлікімі таварамі, а вось стацыянарнага магазіна тут няма даўно), ціск памерае пажылым людзям, прапануе кнігу для душы.
Заходзяць аднавяскоўцы  і ў сам дом сацыяльных паслуг: там для іх кампактная бібліятэка, тэлевізар, можна ў прыемнай абстаноўцы пагаварыць, высветліць хвалюючыя пытанні. Ірына Зубік усёй душою любіць сваіх землякоў і стараецца аблегчыць іх жыццё, паспрыяць у вырашэнні праблем, дапамагчы, як гавораць, канкрэтнаму чалавеку па канкрэтным адрасе.
Яна пераканана, што вызначальнымі рысамі жыхароў гэтых мясцін з’яўляюцца дружалюбнасць, працавітасць, уменне жыць у згодзе. А прыклады ў тэму літаральна ў кожным доме. Вось ветэраны працы Уладзімір і Алена Бярэзічы. Добрыя людзі, выгадавалі пяцёра дзяцей, у любві і ўзаемаразуменні пражылі разам паўстагоддзя – хутка ў іх залатое вяселле. Гэта ж падзея чакае Захара і Вольгу Бярэзічаў, а сям’я Гаўрыіла і Ганны Зубікаў адзначыла яе даўней. Сацработнік Ірына называе прозвішча за прозвішчам. Пра кожнага – добрае слова, як і пра Ніну Зубік, многіх іншых вяскоўцаў, якія сумленна працавалі ўсё жыццё.
І сёння не адмаўляе ў дапамозе сваім землякам сям’я Леаніда і Ніны Палешчукоў. Хаця і самі яны людзі шаноўнага ўзросту, у гаспадарцы трымаюць каня. А гэта ў вёсцы спрадвеку надзейная і запатрабаваная сіла. І менавіта са сваёй дагледжанай “сілай” Леанід Мікалаевіч ідзе заараць, перавезці што-небудзь людзям-суседзям.
У двух стральцоўскіх дварах трымаюць па кароўцы. Цяжка, канешне, даглядаць рагулю, ды вельмі да малачка дамашняга прывыклі Вольга і Сяргей Альшэвічы, але найбольш — да завядзёнкі: як жа без уласнай кароўкі…
Каларытна выглядае на фоне іншых двароў сядзіба Віталія і Ірыны Зубікаў. Плеценая з лазы агароджа, адмыслова зробленая лавачка пры ёй. У двары – чаго толькі няма! Сапраўдны млынок, калодзеж-журавель, невялічкая сажалка з рыбай, шпакоўні, альтанка, вулічная печ, на якой можна гатаваць што заўгодна – і шашлыкі, і бульбу печаную.
І ўсё гэта зроблена сваімі сіламі, у першую чаргу і галоўным чынам умелымі рукамі гаспадара дома Віталія. Вось ужо хто майстар, дык гэта ён. І доказам не толькі ўласны дом-двор, які, дарэчы, Зубікі мяркуюць зрабіць аграсядзібай, але шмат дзе зробленыя ім печы, пліты, каміны. Рэдкая прафесія ў Віталія Канстанцінавіча і рэдкі талент (бо без яго ў гэтай прафесіі не адбудзешся): ён — пячнік. Рамеснік і мастак у адной асобе. Функцыянальнасць, максімальны каэфіцыент карыснага дзеяння яго печаў ніколькі не саступаюць іх вонкавай непаўторнасці. Сёння гэта называецца дызайнам. Дык вось дызайн аўтарства Зубіка задаволіць любы густ.
Пад дахам дома майстра-печніка і сацыяльнага работніка ўтульна і светла. Абодва сыны Віталія і Ірыны радуюць бацькоў. Адзін пасля будаўнічага ліцэя працуе плітачнікам-абліцоўшчыкам, другі — студэнт, будучы эколаг. А разам яны – звычайная, шчаслівая сям’я.
Людзі ў гэтай вёсцы вельмі цікаўныя і нераўнадушныя. Падпісваюцца многія на раёнку, некаторыя – на “СБ”, “Звязду”, “7 дней”, якія ім дастаўляе паштальён Таццяна Зубік. Радуюцца, калі ў суседзяў добрыя навіны, спачуваюць – калі непрыемныя. І трымаюцца талакой. Некалі большасць з іх працавала ў калгасе “Новае жыццё”. Працавала сумленна – інакш непрывучаны.
Даўно ўжо яны пенсіянеры і сёння займаюцца традыцыйнымі справамі па хатняй гаспадарцы. Хтосьці са стральцоўскіх да дзяцей паехаў жыць, але большасць – тут на сваёй маленькай радзіме, горача імі любімай. На святкаванні Дня вёскі яны па праву адчуваюць сябе імяніннікамі. І надзвычай удзячны ўсім, хто пра іх памятае. Лічаць сваімі сябрамі востраўскіх культработнікаў, хор ветэранаў “Сівізна”, сацыяльную службу, медыкаў, да якіх звяртаюцца.
Дарэчы, а чаму ўсё ж Стральцы – не надта распаўсюджаная  назва вёскі? Залужжа, Падлессе, Навасёлкі сустракаюцца ў розных рэгіёнах, а Стральцы значна радзей. Розныя меркаванні ёсць на гэты конт. Магчыма, назву паселішча атрымала па колішнім родзе заняткаў мясцовых людзей: ці не жылі тут у даўнія часы майстры па вырабу стрэл і лукаў? Ёсць яшчэ цікавая версія: Ляхавіцкі і Нясвіжскі замкі ў 1660 годзе былі адзінымі, якія вытрымалі асаду стралецкага палку. Магчыма, нейкія акалічнасці гэтай падзеі і знайшлі адлюстраванне ў назве вёскі. Калі так, то ў 1660 годзе гэты населены пункт ужо існаваў. Але дакладна – на карце “Ляхаўшчына ў 1789 г.” Стральцы пазначаны.
І яшчэ цікавы момант, які называюць мясцовыя старасельцы ды і кніга “Памяць. Ляхавіцкі раён”: тут здаўна было ў пашане кавальства. І параўнальна ў недалёкія гады вясковая кузня была ці не візітоўкай Стральцоў.  Хаця да назвы вёскі даная акалічнасць не адносіцца, як і песеннасць стральцоўскіх жыхароў.
Чым яшчэ славілася тутэйшае наваколле, дык гэта багатымі запасамі гліны: да сёння аб промысле нагадваюць вялізныя кар’еры і азёрцы, якія з’явіліся на месцах распрацовак.
…Роўненькая вясковая вуліца, заасфальтаваная. Звычайныя пабудовы – дамы пад шыфернымі дахамі. У агародах усё прыбрана, зямля заарана, дзе-нідзе яшчэ радуюць вока прытуленыя да агароджаў і некранутыя ад гэтага начнымі прымаразкамі кветкі. У заросшым двары “нічыйнага” дома гнуцца пад цяжарам гронак галінкі каліны: якое  ж прыгожае  чырвонае аздабленне.
Восень. Лістапад. Стральцы. Светла на сэрцы ад датыкнення да спрадвечнага – вясковага, непаўторнага, дарагога.
Вольга БАРАДЗІНА.
Барадзіна, В. Тутэйшыя завядзёнкі, ці Дапамога па адрасе / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 6 лістапада. – С. 4.

Friday, March 26, 2021
Стральцы. У Вялікім княстве Літоўскім любімым заняткам людзей прывілеяваных саслоўяў было паляванне на дзікіх звяроў і птушак. Кожны багаты аматар палявання трымаў выезджаных коней, мноства розных парод паляўнічых сабак і цэлыя атрады стралкоў (стральцоў). Стралкі жылі на гаспадарчай зямлі ў асобным паселішчы, якое называлася Стральцы ці Стралкі. Паводле прыналежнасці да гэтай службы стралкі і іх нашчадкі атрымалі адпаведныя імёны-мянушкі і прозвішчы. Імя-мянушка Стрелец вядома з XVI - XVII стст. Ёсць беларускія прозвішчы Стралец, Стралок, Стральцоў, Стралкоў, Стральчонак, Стральчэня, Стралецкі і інш. Таму сёння немагчыма дакладна ўстанаваіць, якое паселішча вядзе свой пачатак ад старажытнага пасёлка стральцоў, а якое заснавана родзічамі з агульным іменем-мянушкай або прозвішчам Стралец, Стралок.
Стральцы. Даўней так было. Калі вайна ці бітва якая, дык адбывалася паспалітае рушэнне гэта значыцца, акрамя дружыны княжацкай, наёмных войскаў, у тэрміновым парадку ішлі ваяваць і людзі, якія да вайсковай справы прамога дачынення ніколі не мелі: сяляне-працаўнікі, паляўнічыя, рыбакі, гараджане. I, вядома ж, кожны ўзбройваўся як мог і чым мог. Воі ехалі ді ішлі з бранёй і добрай зброяй, сяляне і гараджане  з дзідамі, нажамі і даўбешкамі. Найбольш падрыхтаванымі сярод паспалітага рушэння, што нядзіўна, былі паляўнічыя. Іхнюю зброю складалі лукі і рагаціны, але валодалі яны імі выключна. Вялікія, амаль што ў рост чалавека лукі з цісу прабівалі, нацягнутыя моцнымі рукамі і нацэленыя трапным вокам, любую кальчугу, якою б трывалаю і ўзмоцненаю яна ні была. Прычым да сябе яны ворагаў блізка не падпускалі, білі з адлегласці ў трыста, а мо і болей крокаў.
3 мінулых часоў вядома, што ў нашых мясцінах было даволі многа паляўнічых, бо звяроў і птушак усялякіх вадзілася мноства. У кожнай вёсцы вылучаліся найбольш спрактыкаваныя і адважныя, якія не баяліся любой перашкоды, не задумваючыся над небяспекай, выпрабоўвалі не раз і не два ўласны лес у адзінаборствах з лютымі жывёлінамі. Канешне, часам некаму і не шанцавала: растоптваў яго зубр ці тур, біў клыкамі дзік, шкуматаў мядзведзь, але такія выпадкі адносілі да дурных супадзенняў ці нешанцавання.
Паляўнічыя ведалі ўсё лясы і балоты на многія дзесяткі вёрстаў навокал - гэта таксама адыгрывала немалаважную ролю. Таму яны часта служылі ці заклікаліся ў княжацкія дружыны як вопытныя праваднікі. Хто, як не яны, бадзягі на лясных сцяжынках і балотных хмызах-пераходах, маглі непрыкметна і ціха правесці вялікую колькасць вояў у патрэбную мясціну?
Але даўней іх па вёсках не толькі паляўнічымі клікалі. Было ў іх і другое прозвішча - стральцы. Трэба думаць, яно больш позняе.
Прыкладна тых часоў, калі з'явілася самая першая агнястрэльная зброя. Тут недзе і атрымалі яны мянушку, якая стала з цягам часу ганаровай. Далёка не кожны вясковец мог пахваліцца тым, што хоць адзін раз за ўсё жыццё выстраліў са стрэльбы. Гаворкі пра трапнасць сярод такіх выпадковых стралкоў і весціся не магло.
Аднаго разу напалі на мясцовага князя далёкія ворагі татары. Даўно ўжо іх тут не было. Супакоіліся жыхары, таму забыліся ў некаторай ступені пра тое, што іх можа чакаць небяспека на кожным кроку, і... паплаціліся за гэта вялікаю крывёю. Не толькі вяскоўцы ды жыхары мястэчак аказаліся непадрыхтаванымі да нападу, але нават княжацкія дружыны на першым этапе не здолелі нічога зрабіць. I справа не ў тым, што нявопытныя воі ў іх служылі ці палохаліся чужынцаў, а ў тым, што разасланы яны былі дробнымі атрадамі па княстве: хто павіннасці збіраў, хто за парадкам сачыў, хто па якіх іншых справах. У тэты момант і прыспелі ворагі.
Хутка іхняя конніца, спыніўшыся лагерам у адным месцы, разбеглася ў розныя бакі крыважэрнымі струменямі. Высока да неба пацягнуліся дымы ад спаленых вёсак і мястэчак, закаркалі чорныя, нібы сама нячыстая сіла. груганы над целамі шматлікіх забітых, заенчылі-заплакалі жанчыны і дзеці, пашнуравалі бясконцымі калонамі палонныя. Спяшаліся ворагі як мага болей нарабаваць, набраць палону і збегчы з гэтага краю. Ды куды там. Нездарма ж гавораць, што чым болей крадзеш і валачэш, то яшчэ болей хочацца. Няпрошаныя госці ўжо гаспадарылі мо за дзесяткі вёрстаў ад свайго часовага лагера. «А чаго баяцца, -  меркавалі яны, - мясцовы князь з дружынай сядзіць недзе, баіцца вылезці, каб выйсці ў адкрытае супрацьстаянне. Хіба ён сілы прышлых не ведае? Калі не, то няхай спазнае...»
Толькі памыляліся татары. Князь не спалохаўся і не баяўся, а адносна прычыны ягонага часовага бяздзеяння мы вышэй згадвалі. Калі толькі бяда здарылася, то адразу ж паляцелі туды, дзе былі княжацкія атрады, хуткамгненныя вершнікі-пасланцы з загадам тэрмінова збірацца ў адно месца. Пад вялікім сакрэтам яно трымалася, каб ворагі выпадкова не пранюхалі ды не папярэдзілі. Адсюль меркавалі ўдарыць па няпрошаных гасцях.
Стаў князь чакаць сваіх людзей. Не адзін дзень прайшоў. Нарэшце сабраліся і зразумелі, што, каб на лагер чужынцаў напасці, у іх усё роўна мала сіл. Задумаўся ўладар, каго б яшчэ ў саюзнікі заклікаць? Не згадаў такіх суседзяў, таму, крыху павагаўшыся, загадаў:
- Паслаць вершнікаў па ўцалелых вёсках, па лясах, па балацінах, няхай клічуць у дружыну мужыкоў ды дзецюкоў, якім мілы родны край, бараніць яго ад чужынцаў. Хай паспяшаюцца, бо і так ужо можа быць позна. Могуць уцячы злачынцы.
Зноў панесліся ў розныя бакі пасланцы з неадкладным загадам.
Дзён праз колькі пацягнуліся ў княжацкі лагер разрозненыя атрады і групы. Узброены былі людзі, хто чым мог, і зброі сапраўднай на ўсіх не хапала, каваць жа яе ўжо не было часу. Ніхто з вопытных вояў не смяяўся, калі бачыў перад сабою селяніна з рагацінай у руцэ ці вясковага каваля з молатам на плячы. Разумелі, што ў іх не было выбару і з гэтым рыштункам у руках яны будуць змагацца супраць узброеных да зубоў ворагаў. Той, хто неаднаразова сустракаўся з татарамі твар у твар, добра ўяўляў, колькі застанецца ў жывых сённяшніх добраахвотнікаў пасля бою.
Таму спяшаліся хоць неяк падвучыць адвечных земляробаў таямнічай для іх вайсковай справе.
Аднаго дня ў лагер завітала вялікая група (чалавек, можа, са сто) людзей магутнага целаскладу з доўгімі лукамі і такімі ж доўгімі стрэламі ў калчанах, у руках яны трымалі кароткія дзіды-суліцы.
- Хто вы будзеце, людзі добрыя? - звярнуўся да іх узрадаваны князь.
- Ды стральцы-паляўнічыя мы, твая светласць, - адказалі не надта гаваркія здаравякі.
- А страляць хоць вы ўмееце?  - з'едліва спытаўся нехта з дружыннікаў. А то, можа, вам гэтае начынне бабы паначаплялі?
Здавалася, стральцы не звярнулі ўвагі на знарочыстую абразу.
- На вось шапку, занясі яе крокаў на сто і павесь. Табе лягчэй гэта зрабіць, бо ты ж на кані,— мовіў нехта з прыйшоўшых, працягваючы нахабнаму дружынніку сваю шапку.
Той, узрадаваны тым, што зараз павесяліць таварышаў, паімчаў. Калі адскакаў прыкладна на сотню крокаў, ляснуў нейчы лук і шапка з галавы вершніка пакацілася долу. Усе ажно ахнулі ад нечаканасці.
- А калі б у воя трапіў? - вырачыў вочы ваявода.
-  Не трапіў бы, бо я ўчора вавёрку за хвост стралою да сасны прыбіў, -  з гонарам адказаў стралок.
Навокал зарагаталі. Хто з няўдалага дружынніка-жартаўніка. хто з ваяводы, якому таксама хвацка ўцерлі нос.
Калі пачалася бітва, то князь паставіў усіх паляўнічых у засаду. Хавацца тых вучыць не трэба было. На іх і пагналі татараў. Тут ужо стральцы паказалі сябе! Цэлыя гурбы вершнікаў навалілі. Hi адзін не здолеў збегчы. Болей таго, самі ніводнага чалавека не страцілі. Татары якія ўжо стралкі, а нічога супрацьпаставіць не маглі.
Пасля бітвы, у якой ворагі былі ўшчэнт разбіты і вернуты назад палон і трафеі, князь, дзякуючы ўсім сваім ваярам, асобна адзначыў паляўнічых:
- Ото, - мовіў, - стральцы дык стральцы! Цаны ім няма! Столькіх ворагаў загубілі, а ніводнага свайго не страцілі. Во ў каго нам трэба вучыцца страляць! За службу вашу, за храбрасць зямлі надзел уласнай дарую, жывіце на ей да дзесятага калена!
Воля князя здзейснілася. Паляўнічыя заснавалі вёску на падараванай зямлі і назвалі яе Стральцы.
Нават жыхароў з такім прозвішчам тут было надзвычай многа. Зараз — меней, але сустракаюцца.

Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

Брэстчына: назвы населеных пунктау паводле легендау і паданняу/ складанне, запіс, апрацоука А.М. Ненадауца. – Мн.: Беларусь. 1995. – 431 с.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"