Friday, March 26, 2021
СВЯЦІЦА — вёска, цэнтр Свяціцкага с/с, Свяціцкім каналам злучана з р. Шчара, за 45 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Свяціца— Крывошын. 366 двароў, 875 жыхароў (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ, уласнасць каталіцкай царквы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, з 1795 г. у Пінскім пав. Мінскага намесніцтва, з 1796 г. у Мінскай губ. У 1897 г. вёска ў Хатыніцкай вол., 20 двароў, 427 жыхароў, хлебазапасны магазін. Побач з вёскай знаходзілася аднайменная сядзіба (2 двары, 22 жыхары), якая ўваходзіла ў склад маёнтка Крывошын (уласнасць Патоцкіх). З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Хатыніцкай гміне Лунінецкага пав. Палескага ваяв., 103 двары, 626 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ганцавіцкім р-не Пінскай вобл. З 12.10.1940 г. у Навасёлкаўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 22.4.1957 г. у Ляхавіцкім р-не, з 16.7.1954 і з 1.6.1998 г. вёска — цэнтр Свяціцкага с/с, з 22.4.1957 г. да 1.6.1998 г. у Крывошынскім с/с. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў сак. 1943 г. поўнасцю спалілі вёску, загубілі 12 жыхароў. У лют.—ліп. 1944 г. у лесе каля вёскі базіравалася 19-я партыз. брыгада імя Молатава (створана ў студз. 1944 г., камандзіры В.І.Каробкін, Я.П.Луцэнка). У 1975 г. у гонар партызан брыгады ў цэнтры вёскі пастаўлена стэла. У цэнтры вёскі пахаваны таксама 10 воінаў і партызан, якія загінулі ў баях супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады вайны. У 1967 г. на брацкай магіле пастаўлены помнік. У 1959 г. было 869 жыхароў, у 1970 г. — 999 жыхароў. З 1991 г. цэнтр калгаса “Усход” (аб’ядноўваў 2 вёскі). У 2002 г. – 385 двароў, 949 жыхароў. Працуюць аддз. сувязі, фельч.-акушэрскі пункт, сталовая, дзіцячы сад, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, магазін.
Свяціца // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 309–310.
Friday, March 26, 2021
Куточак Палесся родны і любімы
Упершыню вёска Свяціца прыгадваецца ў 1639 годзе як сяло Ліпскай воласці, уласнасць магнатаў Радзівілаў. У 1584 годзе Свецічы – такую назву мела паселішча – Радзівіл падараваў Нясвіжскай калегіі езуітаў.
У 1878 годзе ў Свяціцы было заснавана смалакурнае прадпрыемства. Князь Радзівіл здаваў яго ў арэнду, арандатар наймаў рабочых. У 1880 годзе на прадпрыемстве працавалі 8 чалавек, якія за год нарыхтавалі смалы на 515 рублёў. Прадукцыя смалакурных заводаў ішла як на ўнутраны рынак Расіі, так і за мяжу.
Мінулыя стагоддзі пакінулі на свяціцкай зямлі напамін пра сябе – вялікую колькасць мікратапонімаў. За пяць кіламетраў ад вёскі знаходзіцца Гарадзішча. Месца тут надзіва прыгожае, маляўнічае, адметнае сваімі волатамі-дубамі, стройнымі бярозкамі, магутнымі стромкімі соснамі. Багаты лес на дзічыну, грыбы і ягады. Менавіта тут у свой час аселі заснавальнікі Свяціцы. З цягам часу людзі пакінулі Гарадзішча і абжыліся непадалёку ад яго, але назва засталася.
Да 1939 года на паляванне ў свяціцкія лясы прыязджаў граф Патоцкі. Для яго быў пабудаваны так званы “кардон”. Граф наймаў мясцовых паляўнічых з роду Драчоў і іншых жыхароў. Людзі білі па дрэвах драўлянымі бразготкамі, крычалі, заганялі звера “на номер”. За гэту паслугу граф даваў тры злотыя, сала, наліўку. Пасля палявання Патоцкі адпачываў у сваім “кардоне”. З тых часоў мясціна завецца Графская будка. Дарэчы, тут былі знойдзены стаянкі першабытных людзей, якія датуюцца VI тысячагоддзем да нашай эры. Аб гэтым сведчаць 10 тысяч розных прадметаў, выяўленых у 2006 годзе падчас археалагічных раскопак інстытута НАН Беларусі. Раённая газет падрабязна пісала пра гэта ў той год.
Ад Гарадзішча да вёскі цяпер бяжыць роўнай стужкай дарога, якой раней не было. Дабіраліся толькі пешшу альбо на кані праз непралазныя, непраходныя балоты. Дарогу трэба было класці кожнай сям’і па 30 метраў – капаць па абодвух баках канавы, а пясок скідаць на дарогу.
У кожнай вёсцы ёсць легенда, якая тлумачыць яе назву. Буйкевіч Вольга Васільеўна расказала вось што: “Даўным-даўно гэта было. У непралазныя густыя лясы з непраходнымі гразкімі балотамі на катаргу былі сасланы тры сям’і. Доўга шукалі катаржане прыдатнае для сябе месца паселішча. Ішлі яны некалькі дзён і начэй па балоце, па густым лесе, стаміліся да паўсмерці, думалі, што ўжо не выберуцца з гэтай смяротнай дрыгвы і тут сустрэнуць сваю пагібель. Стомленыя, абяссіленыя, зрабілі прыпынак, каб адпачыць. І тут адзін з катаржан убачыў наперадзе святло. “Свеціцца!” – узрушана крыкнуў чалавек. Зняможаныя, змарнаваныя людзі сабраліся з апошнімі сіламі і выйшлі на астравок, акружаны балотамі і лясамі. Зямля на ім была трывалая, і людзі засталіся тут жыць, а само месца з таго часу сталі называць Свяціцай.
Паводле мясцовага падання, прадстаўнікі адной з трох сем’яў палявалі на зайцоў. Нашчадкі гэтага роду атрымалі прозвішча Русакевічы. Другая сям’я палявала на курапатак, якіх у гэтай мясцовасці было вельмі многа, так утварылася прозвішча Курыловічы. Мужчыны з трэцяй сям’і былі наджвычай дужымі і смелымі, яны палявалі на буйвалаў і далі пачатак роду Буйкевічаў. Вось чаму ў нашай вёсцы так часта сустракаюцца ўзгаданыя прозвішчы. А яшчэ свяцічан завуць “чаротнікамі” – з-за расліны, якая найбольш вальготна пачуваецца на балоце, - чароту. Так, назву “чаротнікі” можна патлумачыць як “людзі”, паселеныя на балоце.
Старажылы расказваюць, што некалі ў вёску на брычцы прыязджала панію Яна збірала ў наваколлі зёлкі і часта запрашала для кампаніі мясцовых дзяўчат. Хадзілі дзяўчынкі з пані ўскарай засеяных палёў, па якіх сярод збожжа разбягаліся валошкі. “Цяпер я разумею, чаму Беларусь называюць валошкавым краем”, - казала жанчына. Гаварылі, што пані прыязджае з-пад Ляхавіч, але паходзіць з Польшчы, і што яна піша кніжкі. Наведвала загадкавая жанчына Свяціцу ў 1908 годзе. Калі верыць успамінам старажылаў, то гэта магла быць сама Эліза Ажэшка.
У гісторыі вёскі нельга не ўспамніць гады ліхалецця – Вялікую Айчынную вайну. За дапамогу партызанам 11 сакавіка 1943 года Свяціца была спалена немцамі. Загінулі мірныя жыхары, сярод якіх былі дзеці.
Пасля вайны Свяціца адрадзілася. Тут было шмат майстроў, людзі жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму. Пілавалі лес уручную, цвікі рабілі з дроту. Месца, на якім пачалі нанава абжывацца свяцічане, атрымала назву Сяло. Хаты тут стаялі так шчыльна, што на адзін падворак прыходзілася ад двух да чатырох гаспадароў. Драўляных калодзежаў-жураўлёў з дубу было толькі чатыры. Добрасуседства і ўзаемападтрымка дапамаглі людзям пераадолець пасляваенную нястачу. Буйкевіч Вера Канстанцінаўна ўспамінае: “Вячэру варылі на двары, запалак не хапала, таму збіраліся сем’ямі, да пятнаццаці саганоў ставілі ля агню. Збіраліся па-добраму, гаварылі”. Месца ля вёскі, дзе сустракаліся вяскоўцы, атрымала мілагучную назву Бяседка.
Пасля вайны ў Свяціцы ўтварыўся самабытны ансамбль народных музыкаў. Буйкевіч Канстанцін Карпавіч іграў на скрыпцы, Буйкевіч Барыс Васільевіч – на гармоніку, яго брат Мірон Васільевіч – на барабане. Гэты ансамбль празвалі ў народзе “Свяціцкі джаз”.
Жудасным месцам ля вёскі была Гайдушка. Гэта багністая мясціна не высыхала нават у летнюю спёку, гайдалася. Людзі стараліся абыходзіць яе, ведалі: бяда будзе, як трапіш у багну. Бывала, праваліцца карова ў Гайдушку, і, калі не выцягнуць людзі жывёлу вяроўкамі, не ўбачыць больш гаспадар сваю карміцельку. Самае ж высокае месца свяціцкага ландшафту шмат паслужыла для гаспадарчых патрэб вёскі. Тут бралі пясок, якім падсыпалі дарогі, уцяплялі хаты.
Час ішоў, вёска пашырала свае межы, людзі пачалі сяліцца далей, на вышэйшым месцы, якое назвалі Селішчам.
Бралі драўніну з дубу, рэзалі яе на калодачкі, потым на такім драўляным падмурку (з-за адсутнасці прыдатнага камення) будавалі хаты. А на зіму падмурак уцяплілі – абсыпалі пяском “прызву”. Вакол Селішча была дрыгва, і толькі за хатамі заставаўся астравок, які назвалі Крыване. Сведчыць Курловіч Таццяна Канстанцінаўна: “У сярэдзіне астраўка раўкруг быў, як серп, балоцінка, а наўкол абраблялі поле. Вось на гэтай горачцы людзі з Селішча капалі ямы глыбінёй больш за метр і на зіму закопвалі бульбу. Толькі тут веснавая паводка не пагражала бульбе. А яшчэ Крыване было багата на бярозавікі, падасінавікі. Кошыкамі лавілі ўюноў, плотак, карасёў, падчас паводкі збіралі яйкі дзікай качкі. Саджалі гародніну, сеялі жыта і пшаніцу, ячмень, авёс. Тым і карміліся”. Знайшлося новае месца і для бульбянога палетку – Панале. На гэтай тэрыторыі размясціўся сучасны пасёлак.
Свяціцу зараз не пазнаць. Тут ёсць сярэдняя школа, Дом культуры, дзіцячы садок, магазіны. Славіцца вёска таленавітымі людзьмі. Ведаюць у раёне сям’ю Сокалаў, імёны мастака Анатоля Маісеенкі, майстра народнай творчасці Лідзіі Курловіч, паэткі Веры Дыдышка. Вера Іосіфаўна разам са сваім мужам Уладзімірам Шыловічам сталі заснавальнікамі музея “Партызанская слава”. Фальклорны калектыў і хор займалі вядучыя месцы ў раёне.
Мілая, любая сэрцу Свяціца! Ты заўжды будзеш свяціць яркай зорачкай кожнаму свайму жыхару, кожнаму чалавеку, які хоць раз пабываў у гэтым амаль некранутым куточку прыроды. На тваіх балотах і сёння можна сустрэць чаплю, якая не баіцца чалавека. Прайдзі далей, - і проста перад табой уздымуцца чароды дзікіх качак з чароту. Якая дзівосная тут прырода, якія працавітыя, добрыя людзі! Непаўторны водар балот, рэдкіх зёлак. Усё гэта неабходна захаваць для тых, хто прыйдзе пасля нас.
Кацярына Буйкевіч
Буйкевіч, К. Куточак Палесся родны і любімы / Кацярына Буйкевіч // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 22 ліпеня (№ 55). – С. 4-5.
Friday, March 26, 2021
Свяціца. Свяціца гэта таму, што святое месца. Нельга смяяцца, бо Бог і нас можа пакараць за тое, што з гора чужога смяёмся, няхай сабе і надзвычай даўняга.
У незапамятныя часы на месцы сучасных Ляхавіч было агромністае возера. Потым толькі веска ўзнікла, а ўжо пры Саветах горад стаў. На беразе возера раскінулася прыгожае паселішча. Людзі ў ім жылі надта багатыя, у роскашы панавалі, але ж сквапныя былі, якіх, можа, ва ўсім свеце нельга за ўвесь век адшукаць. Пройдзе чалавек незнаемы па сцяжынцы ці па дарозе міма чыёй хаціны, то гаспадар тут жа выскачыць з двара ды давай лаяцца:
- Каб табе ногі паадсыхалі! Каб табе рукі пакрывіла, вочы каб груганы павыдзеўблі!
Падарожны, здаралася, не разумеючы, за што на ягоную галаву сыплюць такія страшныя праклёны, смяяўся і пытаўся:
- Што ты мяне гэтак лаеш, гаспадар?
На што той узрываўся яшчэ большай кляцьбой і пагрозамі:
- Ён яшчэ і пытацца асмельваецца? Па маёй зямлі ходзіш, маю траву топчаш! I Бога не чапай, ён таксама мой!
На гэта рэдка хто кідаў папрок раз'юшанаму чалавеку, але некаторыя ўсё ж не вытрымлівалі:
- Чаго б ужо ні жадаў, злыдзень, але Бог для ўсіх адзін, і ён добра бачыць, што ты вырабляеш.
Выведзены з раўнавагі, скнара ў такіх выпадках гарлаў:
- Прэч ідзі, жабрак! Яшчэ раз рот разявіш сабак спушчу!
I падарожны хутка крочыў прэч ад гэтага заклятага месца, з жахам паглядаючы на багатыя падвор'і, адкуль таксама маглі выскачыць з грознымі праклёнамі гаспадары.
Нікому тут не давалі нават скарынкі хлеба. Сабакам лепей выкінуць, а на падарожнага гэтак глянуць, што таму і без слоў стане ўсё зразумела. А пра начлег і гаварыць няма чаго.
Не толькі да чужых так адносіліся, да сваіх таксама. Яно і нядзіўна — багатыя заўсёды так сябе паводзілі, бо баяліся збяднець.
У адной хаце жыў надта багаты гаспадар. Можа, і палічыць ужо не мог, колькі ў яго таго дабра ці грошай. А сыноў-нашчадкаў не было. Сам з жонкай ды дачка адзіная, якую хацелі выгадаваць такой жа, як і самі: сквапнай, абыякавай да чужога гора і бяды. Але, мабыць, так ужо спрадвеку склалася, ці то так трэба: нічога благога не ўспрымала дзяўчына ад бацькоў. Слухае, слухае, што ёй гавораць-раяць, а ў самой вусны ад гневу і абурэння дрыжаць.
Добрую мела душу. Паглядзіць. як прагоняць жабрака ці падарожнага, нічога яму не даўшы, то неўпрыкметку будзе красціся за ім ажно за вёску, каб там прабачэння папрасіць за злых гаспадароў ды есці што-небудзь перадаць. Потым дамоў вернецца і плача ўсю ноч за нізавошта пакрыўджаных людзей. Бацькі яе і гэтак упрошвалі, і так падыходзілі — не, нічога не дапамагала.
Быў у іхняй сям'і сярод многіх іншых парабкаў адзін хлопец з бедных, сірата круглы, бо бацькі ягоныя памерлі, калі ён яшчэ ў калысцы ляжаў.
3 таго часу дзесяткі два гадоў прайшло, і нічога яму не заставалася іншага, як па сем'ях парабкаваць.
Што толькі не прымушалі яго выконваць, як толькі не здзекаваліся гаспадары, каб кавалак хлеба недарэмна даваць. Але той нібыта і не заўважаў цяжкасцей. Працаваў, салёным потам абліваючыся, ды яшчэ і песню прыгожую спяваў. Не аб сваёй кепскай долі, а аб чырвонай каліне, што ў лузе стаяла, аб дзяўчыне. што па лузе гуляла. Спакайней і ў астатніх парабкаў на душы рабілася, калі чулі гэтыя простыя, замілаваныя словы. Гаспадарова дачка таксама працавала, як і ўсе астатнія, хоць бацькі і не пускалі. Усё раілі пасядзець, адпачыць.
Здавалася, і ўвагі на прыгажуню парабак-весялун ніколі не звяртаў, але разумела яна, пра каго гэта так хлопец спявае. Цягнула іх адно да аднаго. Ён працуе і спявае, а гаспадарову дачку нібы хто падштурхоўвае: падыдзі, падыдзі! Так і здарылася. Астатнія парабкі паглядзелі і падумалі толькі: «Добрая пара была б. Эх. жыццё... Аддадуць яе бацькі за нялюбага ды багатага. Добра, што хлопец нічога не гаворыць, а то б яна яшчэ болей перажывала. А так пройдзе час, сэрца не камень, пабаліць і перастане.
Куды яму... Той злыдзень заб'е да смерці, калі пра нешта даведаецца».
Але ўсё-ткі недзе хлопец з дзяўчынай дамовіліся і сустракаліся патаемна. Пасля такіх сустрэч, здавалася, нічога асабліва не мянялася: парабак спяваў, а дзяўчына ўсё болей і болей пахмурнела; цяпер ужо зусім рэдка на яе твары бачылі ўсмешку.
Аднаго разу парабак асмеліўся і пайшоў да гаспадара. Увайшоў у хату, і тут у яго нібы мову адняло.
- Што ты хочаш? — грозна запытаўся злыдзень.
Ды я...— пачаў хлопец.
- Што ты? - не адставаў той.
- Я прыйшоў прасіць рукі вашай дачкі! - выпаліў нечакана парабак і зразумеў, што зараз пачнецца...
У гаспадара крывёю наліліся вочы, валасы дыбам усталі. Гаспадыня вохнула і гопнулася з печы, нават ногі выпрастаць не паспеўшы. Гэтак і сядзела на падлозе, ікаючы ці то ад перапуду, ці то ад здзіўлення.
Але гром не прагрымеў, бо ў гэты самы момант у хату ўляцела дзяучына. якая, хутчэй за ўсё, чакала канца справы дзесьці паблізу ды не вытрымала.
- Вось што, бацькі! Калі вы яму адмовіце, то я накладу рукі на сябе! Не трэба мне ваша багацце! Не трэба! Мы з ім жыць самі будзем! Усяго дасягнём самі! Жывуць жа іншыя! — гнеўна выкрыкнула яна.
Гаспадары, нібы мыла з'еўшы, пераглянуліся. Рашучы выгляд дачкі не абяцаў ім нічога добрага, І што яна ад свайго не адступіцца, таксама ведалі.
- Добра, - выдавіў з сябе бацька, - добра. Пойдзеш за гэтага галадранца, але хай ён спачатку наша возера вычарпае! Тады і вяселле, дачушка, згуляем!
Выйшлі з хаты закаханыя, жыць ім абодвум не хочацца. Пайшлі паціху па вуліцы, ажно сустракаецца ім падарожны і, гледзячы на іх, пытаецца:
- Што гэта з вамі, дзеткі?
Тыя распявалі пра ўсё падрабязна.
- Ідзіце прама і не азірайцеся. Станеце жыць там, дзе вам спадабаецца...
Пайшлі яны, але азірнуцца карціць. Што там робіцца? Не вытрымалі, глянулі — і спалохаліся: там, дзе возера было, суша стала, а дзе вёска іхняя балота ўтварылася. Як прыпусцілі закаханыя, то, можа, суткі джгалі, пакуль не спыніліся. Сталі жыць і пабудавалі царкву, бо падалося, што той падарожны, які ім дапамог, быў сам Бог. Інакш хто ж яшчэ такое здзейсніць можа?
Вёску пазней Свяціцай назвалі, ад таго, што святая воля здзейснілася. Набожныя людзі жылі тут, таму і памяць засталася.
Свяціца. Так ужо вядзецца ў свеце, што акрамя дабра ёсць і ліха. А бяда заўжды нечакана прыходзіць. Аднойчы ўначы пайшоў моцны дождж. Ужо і хаты пачало заліваць. Людзі кінуліся шукаць паратунку. Добра, што нехта ўспомніў пра старога дзеда, які жыў на хутары недалёка ад вёскі. Папрасілі людзі ў старога парады, як ім гэтую бяду мінуць. Той параіў трымацца разам і не пакідаць адзін аднаго ў бядзе. Супакоіліся крыху людзі. Але патоп усё павялічваўся. Раптам на вербах, нібы агеньчыкі свечак, пачалі свяціцца веснавыя пупышкі. Іх святло і падказала вяскоўцам шлях да выратавання. На новым месцы людзі заснавалі вёску. і ў памяць гэтага цуда назвалі яе Свяціцай.
Свяціца. Калі верыць легендзе, вёска заснавана ў далёкія часы прыгоннымі сялянамі. Ратуючыся ад сваіх уладароў, яны падаліся ў глухія забалочаныя лясы. Доўга ішлі, выбіваючыся з апошніх сіл. I калі ўжо амаль страцілі надзею выбрацца з хліпкай лясной глухамані, адчулі пад нагамі цвёрдую зямлю і ўбачылі ўперадзе святло. ''Cвeцiццa”, - вырваўся радасны крык. Невялікі пясчаны астравок быў выбраны пад сялібу, якую назвалі Свяціцай.
Брэстчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў/ складанне, запіс, апрацоўка А.М. Ненадаўца. – Мн.: Беларусь. 1995. – 431 с.
Легенды і паданні Ляхавіцкага краю / падрыхтавала Марыя Тулейка // Репетитор. – 2006. - № 10. – С. 83 – 85.
Адкуль пайшла назва // Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 4 мая. – С. 2.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.