Friday, March 26, 2021
ЗАВІННЕ – вёска ў Альхоўскім с/с, за 17 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе, якая звязвае вёску з Ляхавічамі. 56 гаспадарак, 82 жыхары (2005).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 16 ст. як сяленне ў Новагародскім ваяв. ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. У 1589 г. сяло у складзе маёнтка Востраў. У 1789 г. Завінне – дзярж. вёска ў Навагрудскім пав. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. вёска фальварка Баканава (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава), 24 гаспадаркі, 197 жыхароў; уласнасць графіні І. Патоцкай. У 1870 г. – 115 рэвізскіх душ. У 1897 г. вёска ў Востраўскай вол., 63 двары, 434 жыхары, хлебазапасны магазін. Побач знаходзілася ўрочышча Жвіры, дзе стаяў дом ахоўніка, 6 жыхароў. У 1909 г. – 76 двароў, 503 жыхары, нар. вучылішча. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 18 двароў, 157 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Востраўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл.; у 1950-я вёска перададзена ў Малагарадзішчанскі с/с, з 15.5.1998 г. у Альхоўскім с/с. У 1940 г. 148 двароў, 598 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У цэнтры і на ўсх. ускраіне вёскі ў 2 брацкіх магілах пахаваны 249 воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў баях з ням.-фаш. акупантамі ў 1941–1944 гг. (помнікі на брацкіх магілах устаноўлены ў 1967 і 1985 гг.). У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Камсамолец”, які ў 1951 г. увайшоу ў склад узбуйненнага калгаса імя Калініна Малагарадзішчанскага с/с. У 1959 г. было 492 жыхары, у 1970 г. – 399 жыхароў. У 2002 г. 68 двароў, 101 жыхар, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства “Малагарадзішча” (цэнтр – в. Малое Гарадзішча).
Завінне // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 274–275.
Friday, March 26, 2021
ЗАВІННЕ
Завінне – сяло маёнтка Востраў, шляхецкая ўласнасць. Пасяленне, жыхары якога былі надзелены павіннасцямі. Суседнюю вёску вызвалілі ад такіх павіннасцей, жыхары ж гэтай яшчэ доўгі час хадзілі туды за павіннай. Таму вёсцы і далі назву Завінне.
Першыя ўспаміны аб вёсцы адносяцца да 1589 года. Спачатку гэта было малое пасяленне. Дамы былі малыя, пакрытыя саломаю. Да 1863 года вёска належала ўпраўленню “Баканава” (яно было размешчана за ракой Мышанка Востраўскай воласці). Нават паншчына працавала ў “Баканава”, а ім упраўляў граф Патоцкі.
У 1863 годзе сялян вызвалілі і надзялілі дзялянкамі зямлі па 24 дзесяціны. У гэту дзялянку ўвайходзіў таксама сенакос і паша.
У гэты час сяляне працавалі на цагельным заводзе, які быў размешчаны за вёскай. Была пашырана вытворчасць кошыкаў, кашолак, вырабаў з кары і лыка, таксама меў попыт і кавальскі промысел.
Пасля рэвалюцыі 1905 года ў вёсцы Завінне было адкрыта народнае вучылішча. Калі пачалася грамадзянская вайна, удзельнікам яе быў жыхар вёскі Петрашэвіч Марк Маркавіч.
З 1918 па 1939 год вёска знаходзілася пад панскай Польшчай.
У 1939 годзе ў верасні у вёску прыйшла Савецкая ўлада.
Вераломны напад гітлераўскай Германіі перарваў мірную працу савецкіх людзей.
24 чэрвеня 1941 года падраздзяленні 111-га стралковага палка, 129-ты асобны знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён і адзін дывізіён 141-га гаўбічнага артылерыўскага палка спыніліся на прывал каля вёскі Завінне, на 191-м кіламетры шашы Брэст-Слуцк. Сюды прыбыў і штаб 55-й стралковай дывізіі імя К.Я. Варашылава.
Каля дзесяці гадзін раніцы за далёкім лесам прагрымелі артылерыйскія выбухі, прагучалі доўгія кулямётныя чэргі.
Першы бой праходзіў каля магілак. Каля дзвюх гадзін працягваўся гэты жорсткі бой. 24 чэрвеня 1941 года пад вёскай Завінне цяжкія страты панеслі 129-ты асобны знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён, якім камандаваў Пётр Асташчанка, і 111-ы стралковы полк. Сілы былі вельмі няроўныя. У гэтым баі загінула 245 савецкіх воінаў. Жыхары перанеслі іх целы ў адно месца і пахавалі. У час гэтага бою была спалена ўся вёска.
З першых дзён вайны на абарону нашай Радзімы пайшлі і жыхары Завіння: Петрашэвіч М.М., Саўчык Ю.Я., Саўчык І.Я., Жыгар І.З. Астатнія жыхары працавалі на вузкакалейцы.
Да ліпеня 1944 года вёска знаходзілася пад акупацыяй немцаў.
Пасля вайны жыхары вёскі сталі падымаць усё з руін і попелу, адбудоўвалі свае хаты, пачалі зноў займацца гаспадаркай.
У 1949 годзе на тэрыторыі вёскі быў засаваны калгас “Камсамолец”. Яго заснавальнікамі былі Петрашэвіч М.М. і Шукала С.М. Вясною 1949 года сабралі ўсяго 17 заяў. Людзі яшчэ не разабраліся ў перавагах калектыўнай працы і таму з неахвотай падавалі заявы ў калгас.
Першым актывістам давялося праводзіць гутаркі з кожнай сям’ёй, і да вясны наступнага года ў калгас уступілі амаль усе жыхары вёскі Завінне.
Першым старшынёй калгаса “Камсамолец” быў Петрашэвіч М.М. Калгас быў невялікі, сельскагаспадарчых машын не было ніякіх. Людзі ў Завінні былі ў асноўным бедныя, таму ні жняярак, ні конных малацілак, ні веялак, ні сеялак не было.
У 1950 годзе дзяржава аказала дапамогу калгасу сельгастэхнікай. На палях запрацаваў трактар. Трактарыстам быў мясцовы жыхар Шменько Іван Піліпавіч. Калгаснікі атрымоўвалі за працадзень па два кілаграмы збожжа.
У калгасе пачалі вялікае будаўніцтва. З сялянскіх хлявоў збудавалі амбар, сабралі дошкі ў калгаснікаў, зрабілі падлогу і засекі на збожжа. На палях сеялі авёс, ячмень, азімае жыта, пшаніцу, лён, каноплі. Пабудавалі кароўнік, свінаферму, канюшню. Але такія невялікія калгасы былі невыгадны. Было пастаўлена пытанне аб аб’яднанні калгасаў.Калгас “Камсамолец” уваўшоў у склад калгаса імя Калініна. У 1961 годзе калгас імя Калініна аб’яднаўся з іншымі калгасамі і быў створаны саўгас “Малагарадзішчанскі”. У гэты саўгас увайшла вёска Завінне і знаходзілася па 2002 год. У цяперашні час землі вакол вёскі Завінне займае Ляхавіцкі райаграсэрвіс.
І сёння вёска Завінне мае прывабны выгляд, вуліцы заасфальтаваны, хаты стаяць прыгожыя і ўтульныя. Каля кожнай хаты цвітуць яркія кветкі. Цвітуць кветкі і на Брацкай магіле, якую да 1980 года наведвалі вучні Завінскай пачатковай школы. Зараз яе наведваюць і даглядаюць вучні Малагарадзішчанскай сярэдняй школы. Кожны год да свята Перамогі тут праводзіцца мітынг-рэквіем, сустрэча з ветэранамі вайны, ускладанне кветак і вянкоў да помніка.
У 1993 годзе ў вёсцы была пабудавана новая крама, на жаль, сёння яна не працуе.
У цэнтры вёскі знаходзіўся клуб і бібліятэка. На працягу 35 гадоў яны прымалі наведвальнікаў на розных мерапрыемствах. Тут можна было адпачыць на розных вечарах, а таксама прыняць удзел у гуртках мастацкай самадзейнасці, якія працавалі ў клубе. У цяперашні час у гэтым будынку размясціўся Дом сацыяльных паслуг.
У вёсцы Завінне пражывае каля 40 чалавек, амаль усе яны людзі пенсіённага ўзросту.
Friday, March 26, 2021
Завинье. Название образовано от термина вынья большая поляна среди леса.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.