Friday, March 26, 2021
ПАД’ЯЗАЎЛЯ — вёска ў Альхоўскім с/с, за 6 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе на Ляхавічы. 53 двары, 92 жыхары (2005 г.).
У 1789 г. Пад’язаўля — вёска Навагрудскага пав., шляхецкае ўладанне. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1870 г. вёска маёнтка Дзянісаўшчызна (уладанне Кабылінскага), 105 рэвізскіх душ сялян; у Мядзведзіцкай вол. У 1897 г. 46 двароў, 326 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 г. — 62 двары, 412 жыхароў. З 1921 г. ў складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 63 двары, 328 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл., з 12.10.1940 г. цэнтр Пад’язаўлянскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 20.5.1968 г. у Альхоўскім с/с. У 1940 г. вёска, 94 двары, 481 жыхар, пач. школа, хата-чытальня, гандлёвая кропка; створаны калгас «17 Верасня». У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. у вёсцы створаны калгас “Зорка камунізма”. У 1959 г. было 287 жыхароў, у 1970 г. – 366 жыхароў. З 1991 г. вёска ў складзе калгаса “Альхоўскі” (цэнтр – в. Альхоўцы). У 2002 г. – 64 двары, 109 жыхароў. Ёсць магазін.
Пад’язаўля // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 301.
Friday, March 26, 2021
Добрае месца ёсць у Ляхавіцкім раёне
З узгорка праглядаецца луг, які падступае да берага Шчары. З-за высокай травы хуткаплынная прыгажуня выглядае не вельмі шырокай. Але гэта здалёк, а калі падысці бліжэй, то вось яна, паўнаводная, “падперазаная” мастком, які вядзе на другі бераг. А далей пачынаецца лес. Тут раздолле, і паветрам, настоеным на дзікіх травах і лясной грыбніцы, хочацца дыхаць бясконца. Пасяліцца ў гэтым казачным месцы здаўна было за шчасце. Калі пыталі: ”Ты адкуль?”, а ў адказ: “З Пад’язаўля”, то працягам размовы было:” О-о-о!”. Гэта азначала, што ў добрым месцы жывеш, прыгожым і багатым: рэчка, лес заўсёды дапамагалі тутэйшым людзям.
Першыя звесткі пра вёску Пад’язаўле ўпамінаюцца з пачатку 18 стагоддзя. Мясцовыя людзі, працавітыя і дбайныя, акрамя вядзення ўласных гаспадарак, імкнуліся авалодаць разнастайнымі рамёствамі. На берагах рэчкі расла лаза – падручны матэрыял для пляцення кошыкаў, майстравалі сёе-тое і з кары драўніны. “У 1888 годзе 37 майстроў з Пад’язаўля прадалі вырабаў на 236 рублёў 50 капеек.”, “Драўляныя бароны – манаполія 12-ці майстроў з Пад’язаўля”, – занатавана ў тагачасных пагаспадарчых кнігах.
Час хуткаплынны, нібы вада ў Шчары. Сённяшняя веска Пад’язаўле – пастфактум таго, што перажыла яна ў пасляваенныя гады, калі вяскоўцаў аб’яднаў калгас, калі ў 60-х яна расцвіла, разбагацела і людзьмі, і тым, што было створана іх рукамі: школа, клуб, сельсавет, ФАП, магазіны, нават адноўлены брук, які быў пракладзены па цэнтральнай вуліцы вёскі ў незапамятныя часы. Ён і сёння яшчэ служыць людзям, а вось хаты некаторыя струхнелі, глядзяць пустымі аканіцамі. Ёсць і дагледжаныя сядзібы, пафарбаваныя, абкошаныя, а пад вокнамі абавязкова цвітуць вяргіні. Ля плоту – лавачка, прысядзеш — і нехта з вяскоўцаў прыпыніцца, каб абмяняцца навінамі. Так мы сустрэліся з Вячаславай Сасімчык, якая вярталася ад суседкі: дапамагала капаць бульбу. Ёй ужо 85 гадоў, але на дзіва рухавая, увішная жанчына.
— Не сумую, бо ад нуды старэюць людзі, — жартуе Вячаслава Іосіфаўна. — Можа таму я вясёлая, што жыццё пражыла пад музыку і песні — Платон мой быў на ўсю акругу музыка.
Аказалася, што завіталі мы да ўдавы некалі знакамітага ў раёне музыкі-самавучкі Платона Сасімчыка, ён, на жаль, другі год як пайшоў з жыцця. Заліхвацкі быў музыкант: зайграе — ногі самі ішлі ў скокі. Іграў на гармоніку, губным гармоніку раённых фэстаў, перамагаў на фальклорных конкурсах.
— Бывала збіраліся разам: кларнет – з Дарава, скрыпка – з Вадзяціна, барабан – з Гасцілавіч і мой Платон з гармонікам. Як заіграюць, сэрца млела ад пяшчоты… усіх у акрузе пажанілі ці аддалі замуж.
Вячаслава Іосіфаўна ўспамінае вяскоўцаў, жыццё-быццё ў калгасе, работу “за працадзень”, як гадавалі дзяцей і радаваліся іх поспехам, як будавалі дамы, спраўлялі наваселлі і народзіны, хадзілі ў лес па грыбы-ягады:
— Хоць іншы раз прысмакаў не было на стале, але жылі весела і радасна, здавалася, што шчасце ходзіць разам з намі. Маладосць гэта была, праляцела яна шумна, але, на жаль, хутка…
Сёння ў Пад’язаўлі 38 чалавек, ў асноўным людзі пажылыя і адзінокапражываючыя. Многіх дзеці клічуць да сябе, а яны не хочуць, маўляў, ад дабра дабра не шукаюць. Ды і не прыжывецца старое дрэва, перасаджанае на новае месца.
У гэтым перакананы Зінаіда Кукраш і Валянціна Янушкевіч, якія таксама на лавачцы абмяркоўвалі тутэйшыя навіны. Наперабой расказвалі пра сваё жыццё, запэўнівалі, што лепшай старасці і не пажадаеш: пенсію, якая ўсё “прырастае”, атрымліваюць рэгулярна, двойчы на тыдзень прыязджае ў вёску аўталаўка. А калі што са здароўем, то заўсёды можна звярнуцца ў Альхоўскую урачэбную амбулаторыю ці хуткую дапамогу выклікаць.
— Мы пад кантролем, — жартуюць бабулькі, — Таму доўга жывём. А яшчэ, як бальзам, навакольная прыгажосць, хоць кожны дзень яе бачыш, а ўсё любуешся…
Ёсць у вёсцы і маладзейшыя. Таісія Жытко і не думала выязджаць. Замуж выйшла, чатырох дзяцей выгадавала, трымае заможную гаспадарку. Ёй ёсць з каго прыклад браць: непадалёку працавітая і дбайная сям’я Сліваў. Тры каровы маюць, на падвор’і шмат іншай жыўнасці – сабе хапае прадуктаў, а лішкі прадаюць дзяржаве.
Пад’язаўле – прыцягальнае месца не толькі для тых, хто тут нарадзіўся. Аднойчы зусім выпадкова завітаў сюды грамадзянін Германіі Штэфан Бёрнс.
— Ён быў зачараваны прыродай, гасціннасцю тутэйшых людзей і звярнуўся ў Альхоўскі сельвыканкам за дазволам купіць у Пад’язаўлі домік, — расказвае кіраўнік справамі сельвыканкама Ларыса Какуціч. – Згодна заканадаўства Рэспублікі Беларусь, такая магчымасць існуе, замежнаму грамадзяніну дадзена права на пакупку сядзібы.
Прыехала ў гэтыя мясціны і засталася тут сям’я Інгі Ігнатоўскай з Барысава. Уладкаваліся, задаволены. А мясцовыя жыхары адразу заўважылі: працавіты гаспадар, работа ў яго руках спорыцца.
І яшчэ ёсць адна прыкмета Пад’язаўля. Ці з жартам аднесціся да яе, ці ўсур’ёз, але гэтая вёска багатая на сталых халасцякоў. Жанчыны налічылі аж 9 чалавек! Яны, дарэчы, першыя памочнікі састарэлым вяскоўцам: і дровы пасякуць, і сядзібу абкосяць, дапамогуць бульбу выкапаць… Вось дзе трэба незамужнім лёс шукаць. Праўда, гэта ўжо другая гісторыя.
Аліна ЛАПІЧ.
Лапіч, А. Добрае месца ёсць у Ляхавіцкім раёне / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 27 верасня (№ 72). – С. 4.
Friday, March 26, 2021
Пад'язаўле. На тэрыторыі Ляхавщкага раёна ёсць вёскі, назвы якіх утвораны як указанне на месца знаходжання. Назва населенага пункта ўтваралася пры дапамозе злучэння прыназоўніка "за", які затым станавіўся прыстаўкай, з назоўнікам-тапонімам.
Залужжа вёска, пабудаваная за лугам. Такім жа чынам утвараліся назвы вёсак: Заполле, Забор'е, Заліпенне, Зарэчча. Залаззе.
Па аналоги пры дапамозе прыназоўніка "пад" утвараліся назвы вёсак: Падлессе, Падбарочча. Пад'язаўле, Падсаколле.
Пад'язаўле // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.