Friday, March 26, 2021
ВЯЛІКАЕ ГАРАДЗІШЧА — вёска ў Альхоўскім с/с, за 12 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. 55 гаспадарак, 180 жыхароў (2005).
Вядома з пач. 17 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ. У 1616 г. сяло Вялікае (20,5 валок зямлі) маёнтка Гарадзішча (іншая назва Гарадзішча-Алдавіцкае), уладанне Хрыстафора Камінскага (у 1616 г. атрымаў «на вечнасць» ад Я.К.Хадкевіча), пазней Івана і Мар’яны (з Пуслоўскіх) Бухавецкіх. У склад маёнтка ў 1616 г. уваходзілі двор Гарадзішча (размяшчаўся на З ад сучаснай вёскі), сёлы Гарадзішча (21 валока зямлі), Вялікае (пазней Вялікае Гарадзішча), Гасцілавічы, Задвор’е, некалькі засценкаў. На тэр. двара знаходзіліся брама, жылыя і гасп. пабудовы, у т.л. стайня і бровар. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У пач. 19 ст. маёнтак Гарадзішча належаў Фадзею Бухавецкаму і яго нашчадкам. З 1801 г. пачаліся судовыя разборы паміж Касакоўскімі, уладальнікамі маёнтка Ляхавічы, і Бухавецкімі па ўдакладненні межаў маёнткаў. У 1870 г. вёска Вялікае Гарадзішча знаходзілася ў складзе Крывошынскай вол. У 1876 г. маёнтак Гарадзішча налічваў 1888 дзес. зямлі, дзейнічалі 2 карчмы (адна з іх пабудавана ў канцы 18 – пач. 19 ст.), цагельня, шкіпінарны завод. У 1889 г. маёнтак называлі таксама Вялікае Гарадзішча (1109 дзес. зямлі). У 1897 г. на месцы сучаснай вёскі і побач з ёю на тэр. Крывошынскай вол. знаходзіліся: вёска Вялікае Гарадзішча, 43 двары, 285 жыхароў, хлебазапасны магазін; аднайменны пасёлак на зямлі Бухавецкіх, 3 жыхары; маёнтак Гарадзішча (панская сядзіба каля шашы з мястэчка Сіняўка на Мілавіды Слонімскага павета Гродзенскай губ.), 12 пабудоў, 39 жыхароў; фальварак Гарадзішча, 2 пабудовы, 15 жыхароў; пасёлак, 7 двароў, 52 жыхары. У 1909 г. у вёсцы Вялікае Гарадзішча 57 двароў, 380 жыхароў, нар. вучылішча. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Крывошынскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; вёска Вялікае Гарадзішча, 56 двароў, 288 жыхароў і калонія Гарадзішча (на месцы былога маёнтка), 54 двары, 329 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Малагарадзішчанскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 15.5.1998 г. у Альхоўскім с/с. У 1940 г. вёска, 135 двароў, 452 жыхары; былы фальварак Гарадзішча налічваў 16 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Куйбышава. У 1959 г. было 466, у 1970 г. 389 жыхароў. У 2002 г. 84 двары, 188 жыхароў у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Малагарадзішча» (цэнтр – в. Малое Гарадзішча). Ёсць Дом культуры, магазін.
Вялікае Гарадзішча // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 261.
Friday, March 26, 2021
Вёска Вялікае Гарадзішча бярэ свой пачатак з 17-га стагоддзя і першы раз упамінаецца ў 1616 годзе.
Пасля рэвалюцыі 1905 года ў вёсцы Вялікае Гарадзішча было адкрыта народнае вучылішча. Да 1939 года вёска была пад панскай Польшчай.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, то на абарону радзіму пайшлі і жыхары Вялікага Гарадзішча, такія як: Пляшко У.А., Карповіч А.М., Ажаль К.В., Буйко І.П., Пляшко М.А., Ліхач С.А. Вярнуліся з вайны не ўсе – 20 чалавек загінулі ва усходней Прусіі ці прапалі без вестак. У памяць аб загінуўшых воінах на Падсаколлі стаіць помнік.
Пасля вайны жыхары вёскі пачалі аднаўляць гаспадарку. У 1949 годзе на тэрыторыі вёскі быў утвораны калгас імя Куйбышава. Першы старшыня калгаса – Новік Іван. У калгас першымі ўступілі – Новік Іван, Віхноўскі Міхаіл, Буйко Канстанцін. У першы час у калгасе налічвалася 50 гаспадарак.
Раней на тэрыторыі калгаса знаходзіліся ўладанні пана Бухавецкага. Некаторыя памяшканні з гэтых уладанняў былі пераданы калгасу. Так была створана ферма буйнарагатага ската. Былі пабудаваны канюшня, воданапорная башня. Першым брыгадзірам быў Ажаль Міхаіл Віктаравіч. Пачала з’яўляцца тэхніка. Калгас імя Куйбышава ўвайшоў у склад калгаса імя Калініна. З 1961 года калгас імя Калініна аб’яднаўся з іншымі калгасамі і быў створаны саўгас “Малагарадзішчанскі”. У гэты саўгас увайшла і вёска Вялікае Гарадзішча і знаходзілася па 2002 год. Зараз землі вакол вёскі займае “Ляхавіцкі райаграсервіс”.
У гаспадарцы працавала шмат добрых людзей. Гэта, напрыклад, Пляшко Таццяна Міхайлаўна, Свянтэцкі Генадзь Канстанцінавіч, Мартас Галіна Ігнацьеўна, Грыцкевіч Дзмітрый Дзмітрыевіч і іншыя. У канцы 80-х гадоў у вёсцы былі пабудаваны двухпавярховыя катэджы для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Быў пабудаваны клуб, зараз ён не працуе.
Вёска працягвае жыць, у ёй застаюцца і маладыя сем’і. Напрыклад, больш за 20 гадоў працуе паштальёнам Ніна Давыдаўна Кулак, яна пераехала жыць з Малога Гарадзішча. Яе дачка Кулак Кацярына працуе брыгадзірам у гэтай мясцовасці. На сённяшні час тут пражывае 134 чалавека, 29 – пенсіянераў, 11 – дзяцей.
Friday, March 26, 2021
Гарадзішча. Гарадзішча - рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча. Іх з’яўленне - вынік недаўгавечнасці невялікіх старажытных гарадкоў, разбураных войнамі і заняпалых па розных іншых прычынах. На месцах гарадзішчаў або па суседству з імі звычайна ўзніклі сельскія паселішчы з аднайменнымі назвамі. Першыя ўпамінанні пра іх ў асноўным абдносяцца да XVI ст., калі распачаўся строгі ўлік абшчынных і прыватных зямельных уладанняў.
Гарадзішча. Гарадскі пасёлак Брэсцкай вобласці і некалькі вёсак такой жа назвы ў розных частках БССР. Першапачатковы сэнс назвы паселішча на месцы нейкай гарадзьбы, горада. Такія назвы часта сведчаць аб даўніх дагістарычных паселішчах і таму вельмі важныя для археалагічных даследаванняў.
Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа.- Мн., «Нар. асвета», 1969. – С. 40.
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.