Friday, March 26, 2021
ГАРАДЗІШЧА – вёска ў Ганчароўскім с/с, каля р. Свідроўка (прыток р. Шчара), за 11 км на ПдУ ад Ляхавіч, 4 км ад чыг. ст. Райтанаў на лініі Баранавічы–Лунінец, каля аўтадарогі Брэст–Мінск. 54 гаспадаркі, 106 жыхароў (2005).
Земляное ўмацаванне (мясц. назва Горад), якое знаходзіцца на левым беразе р. Свідроўка (прыток р. Шчара), за 0,25 км на ПдУ ад вёскі, сведчыць аб засяленні тэр. сучаснага Гарадзішча ў перыяд позняга сярэднявечча.
Паводле пісьмовых крыніц, у 2-й пал. 18 ст. Гарадзішча – вёска ў складзе маёнтка Нядзведзічы (Мядзведзічы), належала Віленскаму каталіцкаму біскупству. З 1791 г. у новаўтвораным Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1847 г. Гарадзішча – вёска казеннага маёнтка Мядзведзічы, 16 гаспадарак, 124 жыхары, 15 жылых і 56 гасп. будынкаў, шынок. У 1854 г. – 114 жыхароў. У 1897 г. вёска Мядзведзіцкай вол., 51 двор, 288 жыхароў. Побач з вёскай, каля Маскоўска-Варшаўскай шашы, знаходзіўся будынак былой станцыі, 2 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска Мядзведзіцкай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 71 двор, 377 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. Мядзведзіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Мініцкім с/с (4.6.1979 г. перайменаваны ў Ганчароўскі с/с). У 1940 г. было 104 двары, 568 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. створаны калгас імя Пушкіна, з 17.7.1952 г. вёска знаходзілася ў складзе калгаса “1 Мая”, з 5.3.1960 г. у саўгасе “Ганчароўскі” (цяпер камунальнае ўнітарнае с.-г. прадпрыемства “Ганчароўскі”, цэнтр – в. Ганчары). У 1959 г. было 325, у 1970 г. 302 жыхары. У 2002 г. 73 двары, 127 жыхароў. Ёсць магазін.
Гарадзішча // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 264–265.
Friday, March 26, 2021
ГАРАДЗІШЧА
Паводле ўспамінаў жыхароў назва вёскі Гарадзішча пайшла ад таго, што мясцовасць была гарыстая, было вельмі многа горак маленькіх і вялікіх, на якіх затым будавалі хаты.
Friday, March 26, 2021
Гарадзішча — гарадскі пасёлак Брэсцкай вобласці і некалькі вёсак такой жа назвы ў розных частках БССР. Першапачатковы сэнс назвы — паселішча на месцы нейкай гарадзьбы, горада. Такія назвы часта сведчаць аб даўніх дагістарычных паселішчах і таму вельмі важныя для археалагічных даследаванняў.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа. – Мн., «Нар. асвета», 1969. – С. 40.