Friday, March 26, 2021
ТРАЦЦЯКОЎЦЫ — вёска ў Востраўскім с/с, каля р. Мышанка, за 30 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. Транспартныя сувязі па аўтадарозе Пухавічы—Мілавіды. 51 двор, 91 жыхар (2005).
У 1789 г. Траццякоўцы — дзярж. вёска ў Навагрудскім пав. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. вёска фальварка Востраў (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава), 16 гаспадарак, 183 жыхары, уласнасць графіні І. Патоцкай. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся кавальскім і іншымі промысламі. У 1897 г. Траццякоўцы – вёска Востраўскай вол., 48 двароў, 283 жыхары. У 1909 г. 62 двары, 350 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 47 двароў, 262 жыхары (1921 г.). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Быценскім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Гутаўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 4.10.1957 г. у Ляхавіцкім р-не, з 17.4.1959 г. у Востраўскім с/с. У 1940 г. 93 двары, 455 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. 18 вяскоўцаў загінулі ад рук карнікаў і ў партыз. барацьбе. У 1959 г. 399 жыхароў, у 1970 г. — 338 жыхароў. У 2002 г. — 55 двароў, 97 жыхароў у складзе калгаса «Востраў» (цэнтр — в. Востраў).
Траццякоўцы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 312–313.
Friday, March 26, 2021
Гісторыя вёскі Траццякоўцы
Вёска Траццякоўцы размешчана напоўдні Ляхавіцкага раёна непадалёку ад вёскі Востраў. Назва вёскі хутчэй за ўсё звязана з прозвішчам першага жыхара, або з трэццім сынам у сям’і, які пабудаваўся на гэтым месцы.
З гістарычных звестак вядома, што вёска ў 1789 годзе лічылася ў Навагрудскім павеце Рэчы Паспалітай, а з 1793 года ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1844 годзе вёска фальварка Востраў (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава). Налічвала 16 двароў і 183 жыхары. Вёска была ўласнасцю графіні Патоцкай. З 1897 года Траццякоўцы – вёска Востраўскай воласці. З 1909 года – 62 двары і 350 жыхароў.
З 1921 года ў складзе Польшчы. Пры Польшчы ў вёсцы была адкрыта пачатковая школа. Пры савецкай уладзе школа была ў хаце Карпейчыка Міхаіла, а настаўніцай працавала Стэпа. Потым дзеці вучыліся ў Запольскай школе, а калі яе закрылі ў дзевяностых гадах, то пайшлі ў Востраўскую сярэднюю школу.
У часы БССР спачатку адносілася да Гутаўскага с/с Быценскага раёна Баранавіцкай вобласці. У вёсцы ўжо налічвалася 93 двары і 455 жыхароў.
З чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года была акупіравана немцамі. Мясцовыя жыхары таксама як і жыхары Заполля былі папярэджаны аб бамбёжцы і ўцякалі з вёскі.Але самалёты толькі спалілі мост праз раку Мышанку. 18 жыхароў вёскі загінулі ад рук карнікаў.
Пасля вайны вёску адбудавалі. У 1948 годзе вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Слава”. Першым старшынёй стаў Канько Пятро Сцяпанавіч. Але не ўсе пайшлі ў калгас, восем сем’яў засталіся самастойнымі. Яны пайшлі ў калгас толькі ў 1963 годзе. У 1959 годзе навакольныя калгасы аб’ядналіся ў калгас “Шлях да камунізма” і старшынёй стаў Адаменка Міхаіл Сямёнавіч.
Зараз вёска ўваходзіць у склад СПК “Востраў-Агра”. У вёсцы засталося 29 гаспадарак і пражывае 60 жыхароў. Гэта ў асноўным людзі сталага ўзросту. Працуе магазін.
Непадалёку ад вёскі, у пойме ракі Мышанка паміж Рагачамі і Траццякоўцамі знаходзіцца заказнік раённага значэння “Лагоня” на землях СПК “Востраў-Агра”.
Матэрыял дапамаглі сабраць мясцовыя старажылі: Гібеж Елізавета Іосіфаўна, Лук’янчык Васіль Міхайлавіч, Лешык Соф’я Іванаўна.