На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ГАСЦІЛАВІЧЫ – вёска ў Альхоўскім с/с, за 8 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. 20 гаспадарак, 28 жыхароў (2005).
У 1616 г. Гасцілавічы – сяло маёнтка Гарадзішча (іншая назва Гарадзішча-Алдавіцкае), 9 1/2 валокі зямлі, уладанне Я.К
.Хадкевіча, Х.Камінскага (з 1616 г.), пазней Бухавецкіх; у Навагрудскім павеце. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі. У 1870 г. вёска маёнтка Дзянісаўшчына (уладанне Кабылінскага), у Мядзведзіцкай вол. Слуцкага пав. Мінскай губ., 55 рэвізскіх душ. Побач з вёскай праходзіла мяжа Слуцкага і Навагрудскага паветаў. На тэр. Крывошынскай вол. Навагрудскага пав. у 1889 г. існавалі 3 засценкі Гасцілавічы, уладанні: В.С.Ласоўскага (96 дзес. зямлі), І.Ф.Стуцкага (48 дзес. зямлі), І.І.Якубоўскага (96 дзес. зямлі). У 1897 г. Гасцілавічы — вёска Мядзведзіцкай вол., 24 двары, 174 жыхары, і 2 засценкі (непадалёку ад вёскі) у Крывошынскай вол.: 3 двары, 28 жыхароў (уласнасць Ласоўскага, Стуцкага, Якубоўскага) і 8 двароў, 67 жыхароў (на зямлі Бухавеціх). У 1909 г. у вёсцы 37 двароў, 231 жыхар. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв.; вёска ў Мядзведзіцкай гміне, 38 двароў, 197 жыхароў і засценак у Крывошынскай гміне, 57 жыха- роў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Пад’язаўлянскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 20.5.1968 г. у Альхоўскім с/с (перайменаваны Пад’язаўлянскі с/с). У 1940 г. вёска, 61 двор, 283 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Свярдлова. У 1959 г. было 295, у 1970 г. 266 жыхароў. У 2002 г. 22 двары, 31 жыхар, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Малагарадзішча» (цэнтр — в. Малое Гарадзішча).

Гасцілавічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 266.
Friday, March 26, 2021
                                         На Лугавой спрыяльнае надвор'е
Паміж лясоў і палёў схавалася вёсачка з запрашальна-прыгожай назвай Гасцілавічы. Не адразу яе знойдзеш, калі будзеш ехаць праз Пад’язаўле – указальнік на яе з гэтага боку знік…
Адкуль пайшла гасцінная назва, сёння не скажуць і самі жыхары. Пэўна, з-за добразычлівасці і шчырасці тутэйшых людзей, а можа з-за прозвішча пана, які тут некалі жыў. Вёска згадваецца ў 1616 годзе як сяло маёнтка Гарадзішча, уладанне Яна Казіміра Хадкевіча, пазней Бухавецкіх. Праз 3 стагоддзі ў Гасцілавічах пражываў 231 чалавек у 37 дварах. Амаль 300 вяскоўцаў жылі тут у 1959 годзе.
На адзінай вуліцы Лугавой жывуць-вякуюць вяскоўцы. Дзесяць чалавек ужо на дзявятым дзясятку. ”Сёння нашы Гасцілавічы не параўнаць з некалішнімі. Гудзела вёска! Жаніліся, нараджалі дзяцей, будавалі свае дамы”, – апавядае 84-гадовы Вячаслаў Кучура. Яго карэспандэнты “ЛВ” сустрэлі, калі ён ішоў адведаць свайго сябра – цёзку па прозвішчы Міхаіла. З ім яшчэ ў дзяцінстве разам кароў пасвілі. І сёння сябруюць, не забываюць адзін аднаго, абмяркоўваюць мясцовыя навіны. Вячаслаў Пракопавіч доўгі час працаваў будаўніком, потым шчыраваў у саўгасе. Хваліцца, што не адзін аб’ект у Ляхавічах пабудаваны з яго ўдзелам. Жонку, з якой больш за 50 гадоў разам крочаць, прыглядзеў у суседнім Гукове. Хату пабудавалі (тут і спатрэбіўся вопыт будаўніка), дзяцей выгадавалі – дзвюх дачок і сына, чатырох унукаў прычакалі, шасцёра праўнукаў. Ніна Аляксандраўна, нягледзячы на свае 82, жанчына прывабная і рухавая, хоць і пражыла нялёгкае жыццё. У доме чыста і ўтульна, здаецца, тут заўсёды чакаюць і рады гасцям. З ложкаў, прыгожа засцеленых пакрываламі, велічна ўзвышаюцца горы падушак. На кожнай рэчы ў доме адчуваецца клапатлівая рука гаспадыні, яе адменны густ.
Раней з мужам трымалі кароў, свіней, каня і дзялкі калгасныя апрацоўвалі. Абавязкова рыхтаваліся да святаў, варылі квашаніну (халадзец). “А якія булкі мая Ніна выпякала, жытнёвы хлеб! Яго і ўсухамятку было смачна есці”, – успамінае Вячаслаў Пракопавіч. Глядзіш на гэтых людзей і думаеш, што ні гады, ні жыццёвыя цяжкасці не здольны сцерці сапраўдныя пачуцці і ўзаемапавагу.
Для Пятра Дразда яго вёсачка – не толькі месца, дзе прайшло дзяцінства, абпаленае вайной, але час руплівай працы ў сельскай гаспадарцы. З чэрвеня 1941 па ліпень 1944 Гасцілавічы былі акупаваны фашысцкімі захопнікамі. Пятру на пачатку вайны было 6 гадоў. Днём лютавалі немцы, ноччу вяскоўцы дапамагалі партызанам. “Малым я пасвіў кароў і прыносіў партызанам тытунь. Мы, дзеці вайны, якія спазналі гора і нястачу, ведаем цану міру, добрасуседскім адносінам”, – гаворыць Пётр Фёдаравіч. З жонкай Кацярынай вырасцілі трох сыноў. У клопатах паўстагоддзя сумеснага жыцця праляцелі птушкай. І заўсёды дапамагала ім вера ў лепшае. Сёння асаблівы гонар і багацце Драздоў – унукі і праўнукі.
Жыццё часцяком падобнае на раман. Са сваіх 84 Ванда Кучура 38 вёснаў сустрэла ў Гасцілавічах – цікавага лёсу жанчына. Сама з Гайнінца, працавала на хлебазаводзе, дзе і пазнаёмілася з будучым мужам. У таго жонка памерла, пакінуўшы пяцярых дзяцей – чацвёра хлопцаў і дзяўчынку. Самы малодшы хадзіў у другі клас, старэйшы служыў у арміі. Ім яна і замяніла маці, аддала ўсю сваю пяшчоту і любоў. Працавала ў саўгасе (мае граматы, нават была раённым дэпутатам), з мужам трымалі вялікую гаспадарку, а па вечарах зай-малася рукадзеллем. Вязала, вышывала, ды якія адмысловыя карціны нараджаліся пад яе рукой, на падлозе і сёння цудоўныя рознакаляровыя дыванчыкі. Зараз яна ўжо бабуля і прабабуля. Унукі і праўнукі прыязджаюць і тэлефануюць. Яна ж, у сваю чаргу, вельмі хвалюецца за іх. Просіць перадаць праз газету, якую з цікавасцю чытае і ў свае 84 гады, удзячнасць сацыяльнаму работніку Казіміру Герасімовічу. Яны з жонкай Галінай жаданыя ў доме сталых вяскоўцаў: прынясуць ваду і дровы, расчысцяць дарожкі, дапамогуць у іншых дамашніх клопатах.
Як да роднага, звяртаюцца з просьбамі пенсіянеры да паштальёна Дзмітрыя Гатоўчыца. Больш за 4 гады спраўна дастаўляе ён ім не толькі карэспандэнцыю.
Любяць і ганарацца мясцовыя жыхары родным куточкам, гісторыю і слаўныя традыцыі якога перадаюць унукам і праўнукам.
Ёсць тут дамы, што памерлі разам з гаспадарамі, а некаторыя сталі дачамі. Успамінаюць гасцілаўчане, як жылі, калі была свая школа, як у кожнай вёсцы ў акрузе быў магазін. А зараз двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, але, гавораць, асартымент яе не заўсёды задавальняе.
Ходзіць праз вёску і рэйсавы аўтобус. Вельмі зручна: можна да доктара трапіць ці праведаць родных у райцэнтры. Але, наракаюць вяскоўцы, месца прыпынку зусім не абсталявана. Няма нават дзе ад дажджу схавацца.
…Вёска з такой назвай не адзіная на карце Беларусі, але наша ”зямлячка” непаўторная сваімі людзьмі – гасціннымі, жыццялюбівымі, стараннымі і вельмі працавітымі. У гэтым, відаць, сакрэт шчасця і даўгалецця і яе, і людзей.

Наталля ПЕРАПЕЧКА

Перапечка, Н. На Лугавой спрыяльнае надвор'е / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 13 снежня (№ 93). – С. 4.

Friday, March 26, 2021
Гасцілавічы. Гасцілавічынашчадкі чалавека па імені Гасціла. У тапанімію яно магло трапіць праз стадыю прозвішчаў Гасціла, Гасціловіч.

Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"