WYSIWYG Web Builder
На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ДРЭКІ – вёска у Конькаўскім с/с, каля р. Шчара, за 8 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 1,5 км ад чыг. прыпынку Федзюкі на лініі Баранавічы–Асіповічы. 5 гаспадарак, 6 жыхароў (2005).
У 1844 г. Дрэкі – вёска маёнтка Дарава Навагрудскага пав. Мінскай губ., уладанне К.М.Куневіча, 3 двары, 21 жыхар. У 1870 г. веска маёнтка Дарава Чыжова, былых дваровых — 12 рэвізскіх душ, аднадворцаў — 1 рэвізская душа. У 1897 г. вёска Дрэкі ў Дараўскай вол., 3 двары, 37 жыхароў. У 1909 г. — 10 двароў
, 66 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Наваг­рудскага ваяв. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Федзюкоўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У 1940 г. у вёсцы 6 двароў, 55 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 г. было 40 жыхароў, у 1970 г. — 45 жыхароў. У 2002 г. 7 двароў, 8 жыхароў, у складзе калгаса «Кастрычнік» (цэнтр — в. Конькі).

Дрэкі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 272–273.

Friday, March 26, 2021
Замалёўкі ў пастаральным жанры. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: ЧВЫРЫ і ДРЭКІ
На тэрыторыі Конькаўскага сельсавета ёсць дзве невялікія вёсачкі –Чвыры і Дрэкі. Ад Ляхавічаў абедзве прыкладна ў дзесяці хвілінах язды. Яны ніколі не былі густанаселенымі, а сёння тут і наогул засталося ад сілы тры-чатыры двары. А яшчэ гэтыя вёскі аблюбавалі дачнікі.
Дрэкі, яны ж Вайтусі
Кожнага, хто заязджае ў вёску Дрэкі, сустракае гранітная шыльда. На ёй – імёны 13 жыхароў вёскі. Яе ўсталявалі некалькі гадоў назад нашчадкі вяскоўцаў, якія вырашылі такім чынам увекавечыць імёны сваіх продкаў.
Побач – магіла невядомага абаронцы Айчыны. Зараз за ёй даглядае
Вольга Грынько – адна са старажылаў вёскі.
Сюды, у Дрэкі, у 1963 годзе з Украіны прыехала яе маці. Тады ў вёсцы было 14 дамоў. Вользе на той момант споўнілася 22 гады.
Раней, успамінае жанчына, моладзь збіралася ў доме Марыі Кліменцьеўны Тарасевіч. Там весела бавілі час, спявалі песні.
А яшчэ памятае пенсіянерка, як у 1968 годзе вакол вёскі садзілі лес.Зараз дрэвы, здаецца, дастаюць да самага неба.
Разам з мужам Вольга Пятроўна некалькі гадоў жыла ў расійскім Петразаводску, але потым сям’я вярнулася ў сваю вёсачку. Вольга Пятроўна скончыла курсы прадаўца ў Ляхавічах і працавала ў магазінах у Федзюках і Лабузах.
Зараз у яе доме часта збіраецца вялікая сям’я: трое дзяцей, сямёра ўнукаў, пяць праўнукаў. Дом у імгненне напаўняецца вясёлым дзіцячым смехам. Адна пенсіянерка таксама не сумуе: многа чытае, глядзіць тэлевізар, актыўна асвойвае камп’ютар, даглядае за невялікай гаспадаркай.
Праводзячы нас, Вольга Пятроўна паказвае бярозы, якія муж і дзеці пасадзілі ў гонар яе трыццацігоддзя. Паштоўкі і падарункі могуць згубіцца, а вось дрэвы – гэта на стагоддзі.
Дарэчы, прыгадвае і такі цікавы факт: мясцовы святар знайшоў дакументы, якія сведчаць: раней вёска мела назву Вайтусі…
Сямейная ідылія Саўчукоў
Па суседстве жыве сям’я Саўчук, якая прыехала з Баранавічаў у Дрэкі 20 гадоў назад. Спачатку домік планавалі выкарыстоўваць толькі як дачу: улетку саджаць агарод і кветкі, адпчываць. Пазней вырашылі перабрацца сюды назусім. Спадабалася маляўнічая прырода Дрэкаў: вакол лес, побач рэчка, свежае паветра і цішыня.
Хату перабудавалі, побач паставілі хлеў і загон для жыўнасці. Пасадзілі яблыні і маліну. З узростам, прызнаецца Васілій Макаравіч, даглядаць за гаспадаркай стала больш складана. Зараз засталіся толькі курачкі, якія нясуць кожны дзень багаты «ўраджай» яек.
Свой ціхі куток, прызнаюцца пенсіянеры, ні на што не прамяняюць. Тут яны ўсё зрабілі для камфортнага жыцця.
Раз на тыдзень прыязджае аўталаўка, дзе можна купіць неабходнае. Ды і самі часам выбіраюцца ў горад за пакупкамі.
…Пакідаем вёскі з нейкім шкадаваннем. Як жа тут лёгка дыхаецца, як жа ясна думаецца, а якая прырода! Якія цудоўныя людзі жывуць у нашым раёне! Яны, акрамя іншага, беражліва захоўваюць гісторыю сваёй сям’і, каб праз шмат гадоў іх дзеці і ўнукі памяталі і перадавалі нашчадкам.
Ірына КУЗЬМІЧ.

Кузьміч, І
. Замалёўкі ў пастаральным жанры [урывак] / Ірына Кузьміч // Ляхавіцкі веснік. – 2020. – 8 лютага (№ 10). – С. 8-9.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"