Friday, March 26, 2021
ЛІТВА — вёска ў Конькаўскім с/с, на р. Шчара, за 11 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 4 км ад чыг. ст. Русіно на лініі Баранавічы—Лунінец, каля аўтадарогі Баранавічы—Ляхавічы. 242 гаспадаркі, 581 жыхар (2005).
З 1760 г. в. Літва ў валоданні М.Ю.Масальскага. У 1789 г. вёска маёнтка Дараў, уласнасць каталіцкай царквы, у Навагрудскім ваяв. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1853 г. вёска казённага маёнтка Дарава, 63 двары, 521 жыхар, сельскі хлебазапасны магазін (на 9 вёсак), шынок. У 1886 г. у вёсцы 101 двор, 830 жыхароў; размяшчалася валасное праўленне Дараўскай вол. У 1889 г. вёска і фальварак, 26 дзес. зямлі, уласнасць О.С.Кірэйчыка. У 1897 г. у вёсцы 170 двароў, 982 жыхары, 2 сельскія хлебазапасныя магазіны, 3 ветраныя млыны, 2 кузні, піцейная ўстанова. У 1909 г. 205 двароў, 1223 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., вёска і фальварак, 154 двары, 690 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Дараўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Федзюкоўскім, з 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У 1940 г. 194 двары, 1209 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Акупанты загубілі 6 жыхароў, 11 вяскоўцаў загінулі ў партыз. барацьбе. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Берыі (17.7.1953 г. перайменаваны ў калгас “Прагрэс”). У 1959 г. было 898, у 1970 г. 804 жыхары. З крас. 1979 г. вёска знаходзілася ў складзе ўзбуйненага калгаса “Кастрычнік”. У 2000 г. 230 двароў, 550 жыхароў, у складзе калгаса “Прагрэс” (цэнтр – в. Дарава). Вёска – радзіма Героя Сацыялістычнай Працы, кандыдата с.-г. навук Г.М.Траццяка.
Літва // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 287.
Friday, March 26, 2021
Літва. Назва "Літва" старажытнага паходжання. Існуюць меркаванні аб тым, што назва "Літва", звязваючыся з корнем "лі" ў беларускім "ліць", у літоўскім "ліетус" (дождж), азначае жыхароў вільготнай мясцовасці.
Тапонім "Літва" захаваўся ў тых мясцовасцях, дзе ў свой час знаходзіліся землі летапіснай Літвы.
Літва // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Friday, March 26, 2021
Траццяк Генрых Міхайлавіч – Герой Сацыялістычная Працы, кандыдат сельскагаспадарчых навук, кіраўнік калгаса імя Ламаносава Ляхавіцкага раёна. Нарадзіўся 29 чэрвеня 1937 года ў вёсцы Літва.
Глядзець тут...