Friday, March 26, 2021
МЫСЛАБАЖ — вёска ў Начаўскім с/с, каля вадасховішча на р. Шчара, за 5 км на Пд ад горада і чыг. ст. Ляхавічы на лініі Баранавічы—Лунінец. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Русінавічы—Ляхавічы. 87 гаспадарак, 166 жыхароў (2005).
Помнік археалогіі — курганны могільнік (за 1,5 км на ПнЗ ад вёскі, на беразе вадасховішча, у лесе, ва ўрочышчы Шведскія магілы; 4 насыпы) сведчыць аб засяленні тэр. вёскі ў старажытнасці.
Паводле пісьмовых крыніц вядома з 16 ст. у Навагрудскім ваяв. ВКЛ. У 1535 г. Мысломыш — сяло Ляхавіцкай вол., уласнасць А.М.Гаштольда. У 1561 г. Намыслобаж — урочышча ў той жа воласці, 6 валок зямлі, асабістае ўладанне вял. кн. літ. і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста, якое было дадзена баярыну-васалу М.З.Звераву. У 1570 г. Мыслібож — сяло, 6 валок зямлі, уладанне М.Зверава. У 1572 г. сяло (6 валок зямлі, 8 падданых, уладанне Я.Е.Хадкевіча) знаходзілася ў часовым валоданні зямяніна-васала Ф.М.Еўлашоўскага, аўтара першых мемуараў на бел. мове. У 1789 г. Мыслабаж — сяло маёнтка Ляхавічы, дзярж. уласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1973 г. разам з іншымі населенымі пунктамі Ляхавіцкага графства сяло перададзена вял. гетману літ. Ш.Касакоўскаму як леннае ўладанне. У 1847 г. Мыслабаж — вёска аднайменнага фальварка маёнтка Ляхавічы, уласнасць графа С.М.Касакоўскага, 32 двары, 269 жыхароў, 12,5 валокі зямлі. Фальварак меў 22 валокі 15 маргоў зямлі, 162 душы сялян працаздольнага ўзросту. У 1870 г. вёска таго ж маёнтка, 118 рэвізскіх душ; у Ляхавіцкай вол. У 1897 г. Мыслабаж — вёска, 52 двары, 349 жыхароў, хлебазапасны магазін; маёнтак (у сядзібна-паркавы ансамбль да 1939 г. уваходзілі аднапавярховы драўляны сядзібны дом, гасп. пабудовы, парк, сад; захаваўся толькі мураваны склеп і рэшткі пейзажнага парку агульнай пл. каля 6 га), 29 жыхароў, уласнасць графоў Касакоўскіх; аднаселле, 9 жыхароў, смалярна-шкіпінарны завод, таксама валоданне Касакоўскіх. У 1909 г. у вёсцы 60 двароў, 423 жыхары; у маёнтку 29 жыхароў; у аднаселлі 13 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 66 двароў, 340 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Ляхавіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 17.11.1959 г. у Рачканскім с/с. У 1940 г. вёска, 48 двароў, 498 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да 6.7.1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. створаны калгас «Бальшавік», які ў 1953 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса імя Хрушчова. У 1959 г. было 526, у 1970 г. 475 жыхароў. З 4.6.1979 г. вёска ў Начаўскім с/с. У 2002 г. 92 двары, 190 жыхароў, у складзе калгаса «Ляхавіцкі» (цэнтр — в. Русінавічы).
Мыслабаж // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 292.
Friday, March 26, 2021
У абдымках лесу. Жывуць у Мыслабажы Ляхавіцкага раёна добразычлівыя і працавітыя людзі
У абдымках густога лесу раскінулася вёска Мыслабаж. Паходжанне назвы мясцовыя жыхары тлумачаць па-рознаму: хтосьці сцвярджае, што пайшла назва ад словаў “мыслі Божыя”, іншыя схіляюцца да думкі, што асновай паслужыла выказванне “мы слабыя ж”. Хаця ніколі мыслабажцы слабымі не былі. На зямлі прывыклі многа працаваць з малых гадоў, трымалі гаспадарку, гэтак жа заўзята і адпачывалі, і сябравалі.
Дом народнай творчасці – адна з адметнасцяў вёскі. Да 2006 года тут працаваў сельскі клуб. З таго часу змянілася не толькі шыльда. ДНТ для многіх мясцовых жыхароў стаў другім домам, у які беглі адразу пасля працы і прыходзілі сем’ямі. Колькі ён прыняў гасцей, згуляў вяселляў і адзначыў святаў!
Дырэктар культурнай установы Людміла Арлоўская – чалавек уважлівы, неабыякавы, добразычлівы і, канешне, творчы. Яе намаганнямі ДНТ ператварыўся ў сапраўдную скарбніцу. Экспанатаў тут – не падлічыць. Плюс багатая бібліятэка аўдыё- і відэазапісаў гульняў, паданняў, традыцый (дзевяты год вядзе Людміла Лявонаўна фальклорную экспедыцыю). Усё гэта багацце не толькі жыхары Мыслабажы, але і іншых вёсак перадалі ў Дом народнай творчасці: унікальныя старадаўнія рэчы – ложак, калыска, у якой некалі гушкалі дзіця, разнастайны посуд, вышываныя ручнікі і абрусы, прадметы побыту, жорны… Падобнымі аўтэнтычнымі экспанатамі не кожны краязнаўчы музей можа пахваліцца.
Каб рэчы маглі гаварыць, яны расказалі б шмат цікавага. Напрыклад, пра колішнюю майстрыху Софью Цімашок нагадвае бурка, якую яна шыла для мужа. Верхняе адзенне для мужчын жанчына рабіла з воўны, фарбавала вольхавымі шышкамі ці балотнай рудой. Побач – святочная льняная сукенка і кашуля ручной работы, упрыгожаныя мудрагелістай вышыўкай. Ткацкі станок “успамінае” вечары, калі жанчыны збіраліся каля яго, ткалі пасаг дзяўчатам, спявалі песні. Паспытаць сябе ў ткацкім майстэрстве і сёння могуць усе жадаючыя.
Фальклорны калектыў “Спадчына” – асобная тэма. Яго складаюць таленавітыя, актыўныя Соф’я Парус, Соф’я Дуброўская, Галіна Расоха, Алена Арлоўская, Зінаіда Аўдзеня і Алена Атлыгіна. Разам з Марыяй Шчаўроўскай , якая 30 гадоў узначальвала калектыў, дзе толькі яны не выступалі – аб’ездзілі свет і павет. Па-ранейшаму цікавяцца ”Спадчынай” яе былыя актыўныя ўдзельніцы Марыя Козел, Алена Цімашок, Аліна Рахманец, Зінаіда Ланкуць.
Сённяшняя “Спадчына” – пастаянная ўдзельніца раённага фестывалю “З крыніц спрадвечных”, нават станавілася героем перадачы “Наперад у мінулае”. Пра гэта ёсць запіс у “гасцёўнай кнізе”.
Алена Атлыгіна, якая ў калектыве 39 гадоў, успамінае, як у 1994 годзе ў Пінску была ўзнагароджана дыпломам міжнароднага фальклорнага фестывалю. Яна пачынае песню, а жанчыны падхопліваюць:“Ці я не хазяйка, ці не гаспадыня: у агародзе лебяда, у хаце павуціна. Праўда, людзі, праўда я – гаспадыня гарная?”. Галасы гучаць чыста, мілагучна, душэўна.
Сумесная творчасць жанчын не толькі аб’ядноўвае, але і дапамагае пераадольваць жыццёвыя цяжкасці, радавацца поспехам адзін аднаго.
Цудоўныя лялькі, што жывуць у “хаце”, – справа рук Соф’і Парус. Яшчэ дзяўчынкай, калі пасвіла кароў, навучылася іх рабіць. Успомніла пра захапленне, калі выраслі дзеці і стала шмат вольнага часу. Спачатку “нарадзілася” Ганна, да пары ёй “з’явіўся” Сцяпан, пасяліліся яны ў Доме народнай творчасці. Роставыя лялькі падчас святочных дзействаў карыстаюцца павышанай увагай.
Кожнае выказванне Галіны Расоха можна цытаваць і захапляцца багаццем і трапнасцю жывой народнай мовы. У калектыве яна каля 10 гадоў і без сваіх сябровак ужо не ўяўляе жыцця.
Соф’я Дуброўская заўважае, што трэба давышываць рушнік. Колькі іх выйшла з-пад рукі вясковай майстрыхі!
Алена Арлоўская з гонарам расказвае гісторыю ”Спадчыны”. Успамінае, што ў 70-80-х гадах у калектыве было 20 чалавек. Лёс не песціў жанчыну, але яна трывала выносіла яго выпрабаванні.
Дзень у дзень добрасумленна працавала ў калгасе, трымала вялікую гаспадарку. Прыпеўкі спявала – ногі пускаліся ў скокі.
Зінаіда Аўдзеня колькі сябе памятае, заўсёды спявае – ці па гаспадарцы завіхаецца, ці сустракае родных. Сама хацяжская, але і Мыслабаж лічыць домам родным. Тут нарадзіліся трое дзяцей, тут працавала ў лясгасе. У творчы калектыў улілася паўстагоддзя назад.
Вядомы чалавек у Мыслабажы майстар народнай творчасці Алена Базылева. У руках таленавітай мастачкі гліна ажывае, і нараджаюцца з яе цудоўныя керамічныя шэдэўры.
Адметнасць вёскі і ў тым, што тут толькі адзін дом забыты і адзінокі. Не пустуюць вясковыя вуліцы з прыгожымі назвамі Садовая і Новая. Жывуць тут каля 100 чалавек, яшчэ дзясяткі два дачнікаў. Нараджаюцца-гадуюцца дзеці.
Раней у Мыслабажы была пачатковая школа, расказвае 84-гадовы Васілій Дрэнчык, у якога жонка некалі працавала ў ёй настаўніцай. У класах займаліся па 15-20 чалавек. Зараз дзеці вучацца ў гарадской школе.
Ганарацца вяскоўцы суседствам з Ігарам Шчаўроўскім – вядомым у раёне ляснічым. 40 гадоў аддаў ён лясной справе.
Выбіраюць Мыслабаж месцам свайго жыхарства і гараджане. Аляксандр Мацкевіч з жонкай Валянцінай 6 гадоў назад змянілі райцэнтраўскае жыццё на вясковае. І зараз у іх поўны экалагічна- бытавы камплект: чыстае гаючае паветра, добраўпарадкаваны дом, вялікая гаспадарка.
Нявестка Наталлі Алейнікавай Ірына на час догляду за маленькай дачушкай Соф’яй змяніла Баранавічы на Мыслабаж:
– Мясціны тут прыгожыя, муж працуе ў гаспадарцы, што яшчэ трэба для сямейнага шчасця, – заўважае маладая жанчына.
Не сумуе на пенсіі Ніна Козел. Трымае вялікую гаспадарку. 2 сыны на міні-трактары дапамагаюць апрацоўваць 50 сотак зямлі. Радуецца пяці ўнукам і дзякуе лёсу за тое, што побач з ёй 90-гадовая маці Еўдакія Кудзёлка.
85-гадовая Валянціна Баўтрукевіч сцвярджае, што зараз жыць намнога прасцей, чым раней.
– Пенсію ў тэрмін прыносяць прама ў хату. А ў магазіне – як у супермаркеце, чаго толькі душа жадае. І кожны дзень свежы хлеб прывозяць, – радуецца Валянціна Фёдараўна.
Ёсць у вёсцы і свой ветэран Вялікай Айчыннай вайны, нягледзячы на 92-гадовы ўзрост ладны і статны Іван Буцько. Радуецца кожнай мірнай раніцы, сонцу і жыццю. І прыгадвае, што на фронт з вёскі калісьці пайшлі 24 чалавекі. Вярнуліся не ўсе… Яму пашчасціла. Пра лёс ветэрана «ЛВ» раскажа асобна.
…Адметная вёска, адметныя людзі. Працавітыя і гасцінныя. Ці то прырода тут асаблівая, ці то фізічная праца ўплывае, але і ў шаноўным узросце людзі тут не выглядаюць на свае гады. Няхай доўжыцца іх жыццё і не забываюць свае карані тыя, чый шлях пачаўся ў Мыслабажы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Перапечка, Н. У абдымках лесу / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 18 лютага. – С. 3.
Friday, March 26, 2021
Мыслабаж. Ад старажытнага двухсастаўнага імя Мыслабог, што азначае “не забываць пра Бога’" з далучэннем суфікса прыналежнасці - jь. На стыку [г] і [j] адбылося чаргаванне [г] - [ж], у выніку чаго назва набыла форму Мыслабажь, а пасля зацвярдзення [ж] - Мыслабаж.
Мыслабаж. Сярод жыхароў вёскі існуе паданне аб нейкім чалавеку па прозвішчу Мысламыш, які, прыехаўшы ў вёску, пабудаваў там кузню. Быццам бы ад яго імя і пайшла назва паселішча.
А вось іншая версія грунтуецца на назве, складзенай з двух частак - Мысль Божая. Гэта значыць спакойнае жыццё, што дорыць людзям Бог, адводзячы грымоты ад вёскі. 3 цягам часу назва вёскі мянялася. У 1535 годзе назва вёскі гучала як Мысламыш, у 1561 як Намыслабаж, у 1570 як Мыслі-баж.
Спачатку Мыслабаж уяўляла сабой хутарское пасяленне, і толькі паступова хутары пачалі аб'ядноўвацца ў вёску.
Мыслабаж. Аднойчы на падпітку у кампаніі з Лопатам, Рэйтана вядомым паляўнічым, вырашылі зрабіць дзеля забавы "наезд" на майярат Патоцкага ў Мысламышы (сучасная назва вёскі Мыслабаж). Назва пайшла ад першага ўладальніка гэтае зямлі, Мысламыша Башыча, ён атрымаў гэтую зямлю ў канцы 15 ст., аднак пасля яго смерці спадкаемцы прадалі яе Гаштольду ў 1509 годзе. Пасля Гаштольдаў зямля з лясамі і палеткамі цераз Барбару Радзівіл перайшла езуітам, пасля скасавання ордэна абшар паміж Мысламышам да Острава купілі Патоцкія. У Радзівілаў былі "пытанні" да Патоцкіх, таму і неслася ватага шляхцюкоў цераз Еўласаў маёнтак на Мысламыш. Гаёвыя Патоцкага і вайсковыя прынялі забаву за сур'ёзны напад, выхапілі саблі, завязалася сеча. Нехта раптам так спляжыў Масальчыка па галаве сабляю, што той страціў прытомнасць і ў такім становішчы прабыў некалькі дзён. Толькі цуд уратаваў Юзафа ды тоўстая скура бабровай шапкі.
Мыслобож. Название, производное от древнерусского имени Мыслобож. аналогичного имени Мстибож.
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
Мыслабаж // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Турыянскі, М. Ляхавіцкі замак: быль і легенды // Ляхавіцкі веснік. – 2001. – 19 мая.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
МЫСЛАБАЖ
Гістарычныя дакументы сведчаць, ў 1535 годзе вёска мела назву Мысложыш і была ўласцівасцю пана А. Гаштальда. Праз 26 гадоў звалася Намыслабаж, а ў 1570 годзе была асабістасцю Жыгімунда Аўгуста і мела назву Мыслібож.
Наконт назвы вёскі існуе версія, што калі вёска пачала толькі засноўвацца, прыехаў сюды яўрэй па прозвішчу Мыслабажскі. І, як кожны яўрэй, быў вельмі скрытны. Удалося яму пабудаваць кузню, а кузня – будынак неабходны ў гаспадарцы. Пачалі прыходзіць да яго людзі. Паляўнічаму ружжо рачысціць, селяніну падрамантаваць што, ці каня падкаваць. Дабром памагаў людзям, таму і назва пайшла ад яго прозвішча.
Friday, March 26, 2021
Мыслабаж - сядзібна-паркавы ансамбль да 1939 г. уваходзілі сядзібны дом, шэраг гаспадарчых збудаванняў, парк і сад. Адзін з колішніх фальваркаў, які ўваходзіў у склад маёнтка роду Касакоўскіх.
Глядзець тут...