На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
НАБЯРЭЖНАЯ (да 1971 г. Вонькі) — вёска ў Ганчароўскім с/с, каля вадасховішча на р. Шчара, за 6 км на Пд ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе, якая звязвае вёску з Ляхавічамі. 41 двор, 126 жыхароў (2005).
Гарадзішча раннефеадальнага перыяду (10—13 ст.), якое знаходзіцца на паўн. ускраіне вёскі, на мысе правага берага р. Шчара, сведчыць аб засяленні тэр. вёскі ў старажытнасці. Гарадзішча было ўмацавана валам (вышыня 1,5 м) і ровам (глыбіня 0,5 м). У 3 месцах вал быў разарваны ўваходамі.
Паводле пісьмовых крыніц, у канцы 18 ст. Вонькі — вёска фальварка Галдавічы Ляхавіцкага графства. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1847 г. вёска таго ж фальварка, уладанне Касакоўскіх (з 1793 г.), 12 двароў, 82 жыхары, 8 валок зямлі. У 1870 г. вёска ў Мядзведзіцкай вол., 48 рэвізскіх душ сялян-уласнікаў. У 1897 г. 28 двароў, 179 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 г. 35 двароў, 214 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 24 двары, 114 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Альхоўскім, з 16.7.1954 г. у Пад’язаўлянскім, у 1959 г. у Мініцкім сельсаветах. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. 31 двор, 224 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы стварылі калгас «Світанне». У 1959 г. было 223 жыхары, у 1970 г. — 266 жыхароў. З 4.6.1979 г. у Ганчароўскім с/с. У 2002 г. — 52 двары, 91 жыхар, у складзе каму­нальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства “Ганчароўскі” (цэнтр – в. Ганчары). Ёсць магазін.

Набярэжная // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 294.

Friday, March 26, 2021
На буслянцы зноў наваселле. Кропка на карце: Набярэжная
Недалёка ад райцэнтра ў маляўнічым месцы на ўзбярэжжы ракі Шчара раскінулася вёска Набярэжная. І нават дзіўна, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад яна мела іншую, не зусім мілагучную назву – Вонькі. Паветра тут гаючае, ні з чым не параўнальнае. Нездарма вёска так палюбілася гараджанам, і яны ўсё часцей купляюць тутэйшыя хаты пад дачы. А мясцовая аграсядзіба “Медуніца” карыстаецца папулярнасцю круглы год.
На трох вуліцах – Заводскай, Шашэйнай і Ціхай – усяго 39 вяскоўцаў, якія жывуць тут пастаянна. Але да іх варта дадаць не адзін дзясятак дачнікаў, большасць даўно сталі сваімі, мясцовымі.
– Як дачнікі прыязджаюць вясною, то хоць ёсць з кім павітацца, – жартуе першы, каго сустрэлі на пустой вясковай вуліцы, – Міхаіл Шода. Са сваіх 75 гадоў Міхаіл Канстанцінавіч 52 жыве ў Набярэжнай, як сам гаворыць – прыйшоў некалі сюды жаніцца. Пражылі з жонкай душа ў душу, выхавалі трое дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнучку. Нядаўна жонка памерла. Міхаілу Канстанцінавічу дзеці і ўнукі не даюць адчуць сябе адзінокім. Ён спраўляецца па гаспадарцы – трымае коз, курэй, каня. Пенсіянер, чый працоўны стаж крыху не дасягнуў паўстагоддзя, цвёрда ўпэўнены: менавіта праца дапамагае быць у тонусе.
Пабываць у Набярэжнай і не зайсці ў дом Мікалая Страмавуса – чалавека з дзіўнай біяграфіяй, шматлікімі захапленнямі, надзвычай эрудыраванага і адукаванага – немагчыма. Гаспадары Мікалай Сямёнавіч і Любоў Фёдараўна завіхаліся ў садзе: з вясною клопатаў прыбавілася, пладовыя дрэвы патрабуюць асаблівага догляду. 50 яблынь,  12 грушаў, рабіна, беларускае ківі – чаго толькі ні сустрэнеш у гэтым садзе.
– Як жа прыгожа, калі ўсё ў квецені! Любавацца можна бясконца, – захапляецца гаспадыня. Гаспадар жа, як і належыць кадраваму ваеннаму, больш сціплы і стрыманы ў эмоцыях, але і ён з энтузіязмам расказвае пра свой сад. На некаторых дрэвах, дарэчы, прышчэплена адразу 4-5 розных сартоў. Садаводства – адно са шматлікіх захапленняў Мікалая Страмавуса. Ён – апантаны краязнаўца, вывучае гісторыю роднай вёскі, збірае старыя фотаздымкі, занатаваў і занатоўвае ўспаміны землякоў. Яго нататкам знайшлося месца і на старонках “Ляхавіцкага весніка”.
Больш за 30 гадоў назад ваенны штурман змяніў лётную куртку на цывільнае адзенне. Як напамін пра той час – мадэлі самалётаў. Калісьці на такіх лятаў Мікалай Сямёнавіч, а цяпер майструе і калекцыянуе іх маленькія копіі.
Ён сціплы чалавек, не любіць гаварыць пра свае дасягненні і поспехі, але пацвярджэнне таго, што ў яго жыцці было месца подзвігу, – шматлікія ўзнагароды, сярод якіх ордэн Чырвонай Зоркі. Дарэчы, ён не адзіны кадравы ваенны ў сям’і Страмавусаў: брат Міхаіл генерал-маёр авіяцыі, быў першым намеснікам камандуючага ваенна-паветраных сіл Беларусі, зараз жыве ў Мінску.
– Сярод маіх землякоў ёсць медыкі, настаўнікі, ваенныя, інжынеры, бухгалтары, будаўнікі. Самы першы з аднавяскоўцаў, хто атрымаў вышэйшую адукацыю яшчэ ў 1940 годзе, потым пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Канаду, – расказвае Мікалай Сямёнавіч, пачынаючы экскурсію па Набярэжнай.
Сёння цяжка ўявіць, што ў чэрвені 1944 года тут засталіся цэлымі ўсяго 3 дамы і хлеў. Астатнія пабудовы згарэлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Адна з уцалелых хат была наша, начаваць прыходзілі па 10-15 чалавек: рассцілалі на падлозе салому і спалі, – успамінае Мікалай Страмавус.
Паціху вёска адбудоўвалася, але толькі ў 1965 годзе апошні вясковец перасяліўся з зямлянкі ў дом. А 50 гадоў назад у Набярэжную прыйшла электрычнасць.
Калісьці ў вёсцы жыло каля 300 чалавек, была пачатковая школа, працаваў магазін. Цяпер па графіку прыязджаюць аўталаўка, паштовая машына, тройчы на тыдзень – рэйсавы аўтобус. Але мясцовыя жыхары не скардзяцца на жыццё. Добрыя гаспадары, яны падтрымліваюць парадак каля сваіх сядзіб, уладкоўваюць навакольныя тэрыторыі. Ініцыятар усіх спраў – вясковы стараста наш знаёмец Мікалай Страмавус. Адно турбуе і абурае: не паспеюць прыбраць, навесці парадак, як на беразе Шчары чарговыя гора-адпачываючыя зноў пакідаюць пасля сябе кучы смецця, разбураюць тое, што зроблена працавітымі рукамі тутэйшых людзей.
Свой сярод сваіх – Сяргей Баўтрукевіч. Мае кватэру ў Ляхавічах, доўгі час працаваў на льнозаводзе, але прыцягненне роднай зямлі аказалася мацнейшым. Пераехаў у сваю вёску, даглядае хворую маці і трымае вялікую гаспадарку – 6 кароў (амаль штодня здае на малочны завод па 130 літраў малака), свіней, курэй, каня, ідэальны парадак падтрымлівае ў доме і ў двары.
– Спраўляюся з усім, жонка і сыны (старэйшы працуе праграмістам у Баранавічах, малодшы вучыцца на выратавальніка) прыязджаюць сюды на выхадныя, – дзеліцца Сяргей Баўтрукевіч.
Хоць і жыве ў Начы, але па-ранейшаму адчувае сябе набярэжанцам дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк. Вёска на беразе Шчары – яго маленькая радзіма, месца дзе нарадзіўся, вырас, дзе і цяпер жыве самы родны чалавек – матуля. Ніна Ільінічна асабліва радуецца, калі ўсе яе чацвёра дзяцей збіраюцца разам. Зусім нядаўна адзначалі пяцідзесяцігоддзе аднаго з сыноў.
У сям’і Жыгадла таксама ў разгары веснавыя агародныя клопаты. Добрыя памочнікі дзеду Валодзю ўнукі Ромка і Улад, якія прыехалі пагасцяваць на канікулы. Гаспадыня тым часам паспела паспытаць новую печ – спякла пірог. Ірына Сцяпанаўна не адно дзесяцігоддзе працавала ў рэгістратуры паліклінікі. Яна тутэйшая, з будучым мужам пазнаёмілася, калі ён праходзіў тэрміновую службу ў адной з вайсковых часцей у Ляхавіцкім раёне. Разам яны амаль чатыры дзесяцігоддзі.
Уладзімір Піліпавіч – ветэран вайны ў Афганістане. Доўгі час працаваў на Поўначы. Цяпер перавёз хворую маці з Украіны, разам з жонкай даглядаюць яе.
–У Набярэжнай паветра сапраўды гаючае. Цішыня вакол. Прыязджайце сюды летам – лепш чым на поўдні, – запрашае Уладзімір Жыгадла.
Дарэчы, мясцовыя жыхары лета чакаюць з нецярпеннем: дэпутат Ганчароўскага сельсавета Валянціна Маслоўская паабяцала сабраць як мага больш набярэжанцаў на свята вёскі – сустрэцца, паўспамінаць… А пакуль на старэнькай буслянцы ладзіцца наваселле: буслы прыляцелі.
Галіна КАНЬКО.

Канько, Г.
На буслянцы зноў наваселле / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 13 красавіка (№ 30). – С. 4.

Friday, March 26, 2021
                                                     НАБЯРЭЖНАЯ
Да 1971 года вёска называлася Вонькі. Ёсць меркаванне, што назва Вонькі пайшла ад таго, што ў 1660 годзе на старажытным паселішчы адбылася бітва паміж харугвеямі арміі Рэчы Паспалітай і царскімі войскамі ваяводы Хавацкага. У выніку з кожнага боку было шмат забітых, якіх не было каму прыбраць, а так як час быў летні, то ад трупаў ішоў смурод – таму і назва Вонькі.
У 1971 годзе вёску перайменавалі на Набярэжная – “на беразе ракі”.
Гарадзішча раннефеадальнага перыяду 10-13 стагоддзяў, якое знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі на правым беразе р. Шчара, сведчыць аб засяленні ў старажытнасці.
Гарадзішча было ўмацавана валам вышынёй 1,5 метра і ровам глыбінёй 0,5 метра. У трох месцах былі выхады -  адзін у бок рэчкі, астатнія ў бок поля.
У 1897 годзе было 28 двароў і 179 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 годзе 35 двароў і 214 жыхароў.
Перадавая лінія абароны Расійскіх войск у Першую сусветную вайну праходзіла па рацэ Шчара. Таму, каб не пацярпела насельніцтва было прынята рашэнне аб эвакуацыі жыхароў. Як казалі старажылы:”Толькі па ліпах можна было вызначыць, дзе была вёска”.
У 1921 годзе вёска ў складзе Польшчы Мядзведзіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства, 24 двары, 114 жыхароў.
З 1939 года ў складзе БССР, з 15.01.1940 года ў Ляхавіцкім раёне.
З 12.10. 1940 года ў Альхоўскім сельскім Савеце, з 16.07.1959 года – у Пад’язаўлеўскім с/с. З 1979 года ў Ганчароўскім сельскім Савеце.
У Вялікую Айчынную вайну вёска была акупіравана немцамі. У 1944 годзе вёска гарэла, засталося тры хаты.
Многія жыхары вёскі пайшлі на фронт, так і не вярнуўшыся назад. Вяскоўцы запомняць іх навечна:
Прыхач Уладзімір Антонавіч
Тарлюк Мікалай Сцяпанавіч
Яварчук Валянцін Арцемьевіч
Доруш Іван Піліпавіч
Кучура Уладзімір Васільевіч
Вярнуліся з фронта:
Дрозд Мікалай Адамавіч
Тарлюк Сяргей Антонавіч
Да нашага часу дажылі:
Прыхач Сцяпан Антонавіч (дажыў амаль да 100 гадоў і памёр у 2000 годзе)
Каваленка Андрэй Паўлавіч (памёр у 1998 годзе)
Каваленка Іван Іванавіч (памёр у 1992 годзе)



На жнівень 2015 года ў вёсцы Набярэжная маецца 26 жылых дамоў, пражывае 46 жыхароў. Самы старэйшы жыхар Давідоўскі Ілля Грыгорьевіч (нарадзіуся ў 1924 годзе). Самая маленькая Зубік Каця (ёй 1,5 годзіка).
Самы знакаміты жыхар гэтай вёскі – Страмавус Мікалай Сямёнавіч. Яго бацька: Страмавус Сямён Канстанцінавіч і Таццяна Піліпаўна. Таксама ёсць брат і сястра – Марыя і Міхаіл.
Страмавус Мікалай Сямёнавіч скончыў 10 класаў Альхоўскай СШ. Паступіў у Арэнбургскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча штурманаў. У сувязі з скарачэннем паступіў у Чалябінскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча штурманаў і скончыў “на выдатна” з чырвоным дыпломам у 1963 годзе. У 1967 годзе паступіў адразу на другі курс ваеннай паветранай акадэміі імя Гагарына, а ў 1970 годзе скончыў таксама на “выдатна”. Працягваў служыць ад курсанта да палкоўніка. Служыў у Прыбалтыцы, Беларусі, на Урале, у Прыволжскай ваеннай акрузе. Ажаніўся ў 1965 годзе, мае дваіх дзяцей: сын таксама ваенны, а дачка скончыла медвучылішча.
Хочацца адзначыць, што Мікалай Сямёнавіч мае ордэн Чырвонай зоркі і шмат іншых узнагарод за выкананне асабліва небяспечных заданняў. А яшчэ ён з’яўляецца старастай вёскі Набярэжная. Гэта вельмі спагадлівы і добры чалавек, які заўсёды дапамагае аднавяскоўцам.

Friday, March 26, 2021
Набережная. (До 1971 г. Воньки). Название новое, данное вместо старого, неблагозвучного.

Жучкевич В. А.
Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"