Friday, March 26, 2021
КРАГЛІ – вёска ў Навасёлкаускім с/с, за 7 км на Пн ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. 34 гаспадаркі, 56 жыхароў (2005).
У 1551 г. Краглі – сяло маёнтка Ведзьма Ляхавіцкай вол., уласнасць вял. Кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста, якую ён падараваў С. Гзоўскаму. У 1789 г. Краглі — вёска Навагрудскага пав. Рэчы Паспалітай, шляхецкая ўласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1870 г. вёска Краглі 1 (раней уваходзіла ў склад маёнтка Каранеўшчына, уласнасць Р.М.Лопата), 44 рэвізскія душы, 10 былых дваровых сялян. У 1897 г. вёска ў Дараўскай вол., 31 двор, 180 жыхароў. У 1909 г. — 33 двары, 232 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 37 двароў, 211 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Навасёлкаўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. 44 двары, 219 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. створаны калгас «Радзіма», які ў ліп. 1951 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса імя Ламаносава. У 1959 г. было 177, у 1970 г. 196 жыхароў. У 2002 г. 41 двор, 69 жыхароў, у складзе калгаса «Новы шлях» (цэнтр — в. Навасёлкі). У вёсцы нарадзіўся партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі П.Ф.Равінскі. Планіровачна складаецца з кароткай мерыдыянальнай вуліцы, забудаванай драулянымі сял. сядзібамі.
Краглі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 282.
Friday, March 26, 2021
Вёсачка паабапал дарогі. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: КРАГЛІ
За сем кіламетраў ад райцэнтра, у Навасёлкаўскім сельсавеце размясцілася вёсачка Краглі. На першы погляд, нічым не адметная: такія ж акуратныя домікі, чыстыя вуліцы, ветлівыя мясцовыя жыхары. Аднак гэтая вёска мае пяцівяковую гісторыю. Першыя згадкі пра мястэчка датуюцца 1551 годам. Тады яно было ва ўласнасці вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта ІІ Аўгуста. Пра тое, адкуль пайшла такая незвычайная назва вёскі, у мясцовых няма адназначнага адказу. Па адной з версій – ад слова «круглякі», якія атрымліваліся пасля нарыхтоўкі лесу.
Пад дахам бацькоўскага дома
Краглі на дзве часткі дзеліць аўтадарога. Тая частка вёскі, што знаходзіцца бліжэй да Каранеўшчыны, па словах мясцовых, раней называлася Дубіна.
У адным з утульных домікаў тут гасцюе сям’я Аліны і Уладзіміра Клімаў. Дом застаўся ад бацькоў Аліны Фёдараўны. І хоць жывуць у сталіцы, кожны год прыязджаюць сюды на некалькі месяцаў.
Аліна Фёдараўна па прафесіі ўрач-педыятр з саракагадовым стажам, яе муж Уладзімір Іванавіч – музыкант. Нягледзячы на творчую прафесію, мужчына вельмі любіць сельскае жыццё. Тут у іх гаспадарка: качкі, куры, трусы, некалькі вулляў з пчоламі, агарод.
– Раней у вёсцы жыццё кіпела. Вядома, бацькам дапамагалі, усё як ва ўсіх. Шмат часу праводзілі на рацэ, яна раней была шырэй і больш мнагаводная, чым цяпер. Дно пясчанае, чыстае. Хто рыбу лавіў, жанчыны бялізну паласкалі, а мы купаліся. За намі прыглядалі старэйшыя рабяты, звязвалі ў пукі чарот і на іх плавалі, гэта ў нас замест плавальных колаў было, – успамінае Аліна Фёдараўна.
Мост праз Ведзьму ў вёсцы быў драўляным. На ім часта сустракалася моладзь. Здараліся і бойкі.
– У нас і дзяўчаты маглі хлопцаў правучыць – такія баявыя былі, – смяецца пенсіянерка.
Да пары гарачаму лету былі і марозныя зімы. Мясцовыя расказвалі, што ў снежныя завірухі намятала амаль пад дах. Бывала, у вёску наведваліся і ваўкі, гаспадары сваіх сабак з вуліцы ў хату забіралі.
У школу, па словах Аліны Фёдараўны, хадзілі ў суседнюю Каранеўшчыну. Размяшчалася яна ў былой сядзібе пана Лопата.
– Я ўсё роўна кожны дзень прагульваюся па вёсцы, давайце, усё вам пакажу, – прапануе суразмоўца.
Дарога займае ў нас прыкладна пятнаццаць мінут. Пасля школы ў будынку кантора была, праўленне калгаса, клуб, магазін. Зараз пабудова выглядае пакінутай, а на яе фасадзе вісіць шыльда, якая гаворыць, што Каранеўшчынскі палацава-паркавы ансамбль з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай.
– Які прыгожы будынак! А тут была бегавая дарожка, мы фізкультурай займаліся, – успамінае пенсіянерка.
Развітваецца сям’я Клімаў таксама цёпла і гасцінна. Напэўна, гэта рыса ўсіх мясцовых жыхароў.
Дом Марыі Равінскай відаць здалёк: яркі плот і буйства кветак. Гаспадыню застаём у доме, тут таксама пануюць прыгажосць і парадак. Вышыўка, дагледжаныя расліны, саматканыя пакрывалы – усё справа рук Марыі Іванаўны. Спакой гаспадыні ахоўвае верны сябар – сабака Бім, якому ўжо 16 гадоў.
Нарадзілася Марыя Іванаўна ў Краглях. Бацька працаваў тут у школе, маці – у калгасе на палявых работах.
– Працы ў вёсцы заўсёды шмат было. Стараліся ва ўсім дапамагаць бацькам, па вучобе паспяваць. Але разам з працай любілі і павесяліцца, – успамінае пенсіянерка.
Адно са святаў, якое мясцовыя адзначалі з размахам, было Купалле.
– Мы разводзілі вогнішчы велізарныя, спявалі песні, святкавалі. Так добра было! А яшчэ ў кожнай вёсцы ў пэўны дзень быў фэст. Мы збіраліся кампаніяй і хадзілі на фэсты ў Бажкі, Пранчакі, – гаворыць
Марыя Іванаўна.
Скончыўшы дзевяць класаў, паехала вучыцца ў горад Камышын Валгаградскай вобласці. Там атрымала прафесію прадзільшчыцы. Працавала на баваўнянай фабрыцы. Праз некаторы час вярнулася назад у Краглі, пайшла замуж, уладкавалася цялятніцай у калгас. У сям’і нарадзіліся дзве дачкі.
Не ўяўляе свой дзень без працы, абавязкова трэба што-небудзь рабіць, прызнаецца пенсіянерка. І ў свае 78 працягвае актыўнічаць на прысядзібным участку.
– Адзінае, ад чаго бывае сумна, што ўсё менш жыхароў у вёсцы. Раней у нас статак кароў быў – 35 галоў. Выходзіш на вуліцу, усюды жыццё, мітусня, вечарам усе лаўкі занятыя, вакол моладзь, смех, жарты, песні. А зараз моладзь сюды толькі ў госці прыязджае, – шкадуе Марыя Іванаўна.
Настаўніцкі лёс Людмілы Пяткевіч
Калі завіталі ў госці да Людмілы Пяткевіч, яна працавала ў агародзе. Гаспадыня гасцінна запрасіла ў дом.
– Нарадзілася ў Краглях у 1935 годзе, тут і пражыла ўсё жыццё, – пачынае свой расказ Людміла Іосіфаўна.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было ўсяго шэсць гадоў.
– Да таго, як фашысты напалі на нашу краіну, нават мы, дзеці, разумелі, што насоўваецца нешта страшнае: дарослыя паміж сабой перашэптваліся, і ўсюды ціха гучала слова «вайна», – успамінае вяскоўка.
Адзін з яркіх успамінаў пра вайну, па словах пенсіянеркі, бясконцая чарада варожых танкаў, якія рухаліся міма вёскі ў нясвіжскім і мінскім кірунку.
– Танк за танкам, і столькі іх было, што, здавалася, і канца няма. Немцы не хаваліся, ехалі, усміхаліся, нам цукеркі ў траву кідалі. Яны думалі, што не сустрэнуць ніякага супраціўлення, што так парадна дойдуць да Масквы, што захопяць краіну за некалькі дзён, а аказалася… – і сёння хвалюецца Людміла Іосіфаўна.
А яшчэ, па ўспамінах жанчыны, у Флер’янове ў час акупацыі размяшчаліся нямецкія часці. Там навучалі радыстак. Памятае пенсіянерка, і як гарэлі родныя Краглі.
– У кожным кутку Ляхавіччыны заўсёды адзначаўся дзень вёскі, мы яго называлі фэстам. У Краглях фэст праходзіў 7 ліпеня: моладзь збіралася, песні спявала, весялілася. Па супадзенні з 6 на 7 ліпеня і спалілі немцы Краглі. Калі нашы сталі наступаць, ворагі вырашылі прыкрыцца дымавой заслонай для адступлення. У вёску на кані прыехаў немец з факелам і стаў падпальваць дамы: наша вуліца засталася цэлай, а на суседняй выгарала ўсё, толькі адзін дом застаўся, – расказвае жанчына.
Пасля вайны пачалося новае жыццё. Будаваліся хаты, людзі заводзілі гаспадаркі. У Краглях умелі і працаваць, і адпачываць.
А Людміла паставіла сабе мэту – атрымаць адукацыю:
– У той час на адукацыю глядзелі не так, як цяпер. Дзеці заканчвалі некалькі класаў і ішлі дапамагаць бацькам. Бо галоўнай каштоўнасцю ў вёсках былі гаспадарка, агароды, жыўнасць. А каб за ўсім гэтым сачыць, патрэбны былі памочнікі…
Сем класаў яна скончыла ў Каранеўшчыне, з восьмага па дзясяты хадзіла ў Падлессе. Бывала, старшакласніцы на заняткі даводзілася хадзіць адной: зімой і восенню цёмна, страшна, а што зробіш?
На тое, што сваё жыццё яна звяжа з педагогікай, па словах Людмілы Іосіфаўны, у большай ступені паўплывалі яе настаўнікі па рускай літаратуры і хіміі.
– Настаўніца рускай літаратуры прыехала да нас з Расіі. Як яна валодала мовай, як умела прыгожа расказваць, улюбіць у свой прадмет! Заўсёды яе з задавальненнем слухала. А ў настаўніцы хіміі была маленькая скрыначка. У ёй – штатыў, прабіркі… Яна нам паказвала вопыты, – дзеліцца Людміла Іосіфаўна.
Пасля заканчэння школы паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут на спецыяльнасць «хімія і біялогія».
– Са студэнцкімі гадамі ў мяне звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Усіх сваіх аднагрупнікаў памятаю, – у доказ Людміла Іосіфаўна дэманструе беражліва захаваны альбом з фотаздымкамі. На фота – перспектыўныя, з вачамі, поўнымі энтузіязму і запалу, маладыя настаўнікі.
Працаваць яна вярнулася ў родны край. Педагогіцы аддала 40 гадоў свайго жыцця, з якіх адзінаццаць гадоў была дырэктарам Пранчакоўскай сярэдняй школы. А яшчэ Людміла Іосіфаўна сціпла «забылася» расказаць карэспандэнту раёнкі, што за шматгадовую працу была ўзнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі», а таксама граматамі і падзякамі. Пра гэта мы даведаліся ў аддзеле па адукацыі райвыканкама.
У сваю працу, прызнаецца, заўсёды ўкладвала душу. Так, напрыклад, на прышкольным участку высаджвала рэдкія расліны, сама вырошчвала расаду, выводзіла новыя сарты. Насенне выпісвала па часопісах, яно прыходзіла па пошце з розных куткоў краіны. На яе вопытны ўчастак прыязджалі пагля-дзець цэлыя экскурсіі.
Па слядах Людмілы Іосіфаўны пайшлі яе сын і дачка, якія таксама звязалі свой лёс з педагогікай. А яшчэ жанчына багатая на двух унукаў і чацвярых праўнукаў.
Векавы сімвал
Праводзячы, Людміла Іосіфаўна абяцае нешта паказаць. Над вёскай узвышаецца магутны дуб: каб абняць яго ствол, трэба некалькі чалавек.
– Гаспадар дома заўсёды казаў: запомніце, у 2022 годзе дубу споўніцца сто гадоў. Ён разам з намі вайну перажыў, гарэў, яго хацелі спілаваць, але рука не паднялася. Доўгі час на ім вясела рэйка, якой стукалі, калі здараўся пажар. Амаль стагоддзе ўжо гэты дуб сочыць за Краглямі, – гаворыць пенсіянерка.
Можа і сапраўды дуб – сімвал гэтай вёскі? Яго моцныя карані –
старэйшае пакаленне людзей, якіх засталося няшмат, але яны беражліва захоўваюць успаміны пра мінулае, пра сваіх продкаў, пра вёску, яе жыхароў. А зялёныя парасткі – гэта іх дзеці, унукі, праўнукі, якія раз’ехаліся па ўсёй Беларусі?
Усе мы павінны аберагаць і любіць сваю малую радзіму, бо яна ў нас адна. Яна можа быць рознай: маленькі домік у вёсцы, свая вуліца ў горадзе, але ўсё гэта вельмі дорага нашаму сэрцу. У гэтым месцы хочацца адпачываць і не думаць пра клопаты і праблемы, хочацца праводзіць увесь вольны час у гэтай цішыні і забыцца пра старонніх людзей і справы.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.
Кузьміч, І. Вёсачка паабапал дарогі. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: КРАГЛІ / Ірына Кузьміч // Ляхавіцкі веснік. – 2021. – 5 чэрвеня (№ 41). – С. 8-9.
Friday, March 26, 2021
Дайняк Вiктар Уладзiмiравiч - кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Нарадзіўся 21 красавіка 1958 года ў в. Краглі.
Глядзець тут...
Равінскі Антон Фёдаравіч - доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Нарадзіўся 13 сакавіка 1952 года ў вёсцы Краглі
Глядзець тут...
Равінскі Платон Фёдаравіч - партыйны і дзяржаўны дзеяч Беларусі. Нарадзіўся 23 лістапада 1892 года ў вёсцы Краглі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Навасёлкаўскага сельсавета Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці).