На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ЗАПОЛЛЕ — вёска ў Востраўскім с/с, за 29 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе, якая звязвае вёску з шашой Брэст—Слуцк. 90 гаспадарак, 170 жыхароў (2005).
У 1789 г. Заполле — дзярж. вёска Навагрудскага пав. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. вёска фальварка Востраў (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава), 20 двароў, 228 жыхароў, уласнасць графіні І.Патоцкай. У 1897 г. Заполле — вёска ў Востраўскай вол., 54 двары, 344 жыхары, хлебазапасны магазін, і пасёлак на зямлі Патоцкіх, 1 двор, 3 жыхары. У 1909 г. вёс­ка, 71 двор, 399 жыхароў; працавала нар. вучылішча. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 64 двары, 357 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Быценскім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Гутаўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 4.10.1957 г. у Ляхавіцкім р-не, з 17.4.1959 г. у Востраўскім с/с. У 1940 г. у вёсцы і пасёлку 136 двароў, 656 жыхароў. У Вял. Айч. вай­ну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1948 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Бальшавік”. У 1959 г. быў 681 жыхар, у 1970 г. – 567 жыхароў. У 2002 г. 98 двароў, 193 жыхары, у складзе калгаса “Востраў” (цэнтр – в. Востраў).

Заполле // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 277.

Friday, March 26, 2021
Заполле, яно ж Кітай. Падчас чарговай паездкі карэспандэнт «ЛВ» знайшоў у раёне цёзку цэлай краіны
У Востраўскім сельсавеце ёсць невялікая вёсачка Заполле. Цяпер у ёй жыве каля ста чалавек. Але, па расказах мясцовых жыхароў, калісьці жыццё кіпела, праца ішла спарней, а звонкія песні тутэйшых у святы чуліся ў суседніх вёсках.
СЦЯПАНАЎНА
Хто больш за ўсіх ведае пра вёску? Вядома ж, яе стараста. Нас у Заполлі сустракае Кацярына Гунько. Кацярына Сцяпанаўна заўсёды ў курсе сельскіх праблем. Спагадлівая, уважлівая і адказная, яна карыстаецца любоўю і даверам вяскоўцаў. Памятае многія факты з гісторыі вёскі.
– Раней Заполле ўваходзіла ў склад Быценьскага раёна. Нашу вёску часта называлі «Кітай», таму што ў мясцовых прынята было заводзіць па пяць-шэсць дзяцей. Каб дом быў поўны памочнікаў, – успамінае стараста.
Тут заўсёды кіпела жыццё: была вялікая гаспадарка, лазня, школа, куды хадзілі дзеці з бліжэйшых вёсак. Займаліся ў ёй у дзве змены – столькі было хлопчыкаў і дзяўчынак. Дырэктарстваваў Іван Герасімавіч Асецкі.
Працавалі заўсёды дружна, не ленаваліся. Як успамінае Кацярына Сцяпанаўна, бывала, на копку бульбы выходзіла па сто жанчын, яшчэ працавалі на сартавальных пунктах, сеялі і жалі, вырошчвалі і даілі кароў.
Умелі вяскоўцы і адпачыць. Да Купалля пачыналі рыхтавацца за два дні. Гулянне праходзіла каля лесу. Палілі вогнішчы, спявалі,весяліліся.
– Жыў у нас у вёсцы Рыгор Азарчык, працаваў у калгасе вадзіцелем. Сам навучыўся іграць на гармоніку, ды так іграў… Сапраўдны самародак! Без яго не абыходзілася ні адно свята. І чалавекам быў добрым, як цяпер кажуць – завадзіла. І пажартаваць любіў, і пасмяяцца, –успамінае жанчына.
Кацярына Сцяпанаўна ўсіх сваіх ведае, заўсёды гатовая дапамагчы і падказаць. З ёй мы і адпраўляемся ў вёску.
ПЕРШЫ ЗВАНОК КАЦЯРЫНЫ РУСАКЕВІЧ
У 1951 годзе ў Заполле прыехала маладая сціплая настаўніца рускай і беларускай мовы Кацярына Русакевіч. За плячыма дзяўчыны – філалагічнае аддзяленне БДУ і год працы ў дзіцячым доме «Грудопаль».
Зараз Кацярыне Антонаўне 87 гадоў, яна даўно на пенсіі, але да гэтага часу ўзгадвае, з якім хваляваннем знаёмілася з вучнямі, як старанна рыхтавалася да кожнага ўрока, як радавалася поспехам і перажывала за няўдачы сваіх падапечных.
– Школа ў нас была добрая, драўляная. У асобным будынку размяшчалася сталовая. Класы былі вялікія, часам у іх сядзелі па 30 вучняў. Дзяцей жа ў вёсцы тады было многа, – успамінае Кацярына Антонаўна.
Замуж выйшла за мясцовага хлопца. У сям’і нарадзіліся трое дзяцей. У кожнага сёння свая сям’я. Шчыруюць у розных кутках Беларусі. Па суседстве з бабуляй пасяліўся ўнук.
Ён з дзяцінства шмат часу праводзіў у вёсцы і вырашыў, што застанецца жыць тут. Ды і бабулі будзе добрая дапамога. Астатнія дзеці і ўнукі таксама часта прыязджаюць у госці да Кацярыны Антонаўны.
А яшчэ яна часам сустракае сваіх вучняў, якія ўжо даўно сталі дарослымі людзьмі. Сярод іх настаўнікі, інжынеры, урачы…
ДОМ З СОНЕЙКАМ
Яркі дом Марыі Карпейчык ні з адным іншым у вёсцы не зблытаеш. Фасад распісаны ў розныя колеры з усмешлівым сонейкам, пад вокнамі – герань і петуніі.
Нарадзілася тут. У гэтай жа вёсцы сустрэла вайну, успаміны пра яе ад часу пачынаюць сцірацца. Але і тое, што засталося ў памяці, без слёз успамінаць не можа.
-Самалёты наляцяць, а ў нас разоры бульбяныя глыбокія – па калена – мы ў іх і хаваліся. Страшна, нават дыхаць перастаеш, бо як заўважаць – пачыналі страляць.
А яшчэ мой дзядзька перад домам зрабіў зямлянку. Там таксама хаваліся, – расказвае пенсіянерка. Яшчэ адзін успамін, як бацька ў час вайны захварэў на тыф, і яго забрала да сябе цётка ў Востраў.
Пасляваенныя гады выдаліся складанымі: шмат працавалі, завялі вялікую гаспадарку. У сям’і з’явіліся яшчэ дзеці, таму юнай Марыйцы трэба было і па гаспадарцы дапамагаць, і за маленькімі глядзець.
Працаваць пачала рана, спачатку тут, на комплексе, а ў 18 гадоў паехала ў Мінск на будоўлю. Праз некаторы час зноў вярнулася ў родныя мясціны, і зноў пайшла працаваць даяркай у калгас.
Паралельна навучылася шыць і па заказах кроіла абноўкі для мясцовых прыгажунь.
– Вось таксама сама пашыла, – кажа Марыя Сяргееўна і паказвае на сваю спадніцу ў дробную кветачку
У выхадныя знаходзіўся час і для забаў.
– Збіраліся ў каго-небудзь дома, танцавалі, жартавалі. Але прымаць гасцей у сябе ніхто не спяшаўся – пасля танцаў трэба ж было ў хаце ўсю падлогу вымыць! – з усмешкай успамінае пенсіянерка.
Зараз жанчына жыве адна, да яе часта прыязджае дачка. Яркі дом заўсёды падымае настрой, а сонейка ёй свеціць нават у самы пахмурны дзень.
ШЧАСЦЕ ЎЛАСНЫМІ РУКАМІ
Міма дома сям’і Грачыхо проста так не пройдзеш. Абавязкова спынішся, каб разгледзець упрыгожванне двара – дэкаратыўныя калодзеж, млын і арэлі.
Усё гэта зроблена рукамі галавы сям’і Алега. Яго добра ведаюць у вёсцы, за дапамогай часта звяртаюцца, калі трэба нешта адрамантаваць ці пабудаваць.
У Заполле Алег пераехаў 15 гадоў назад за сваёй жонкай, якая адсюль родам. Пазнаёміліся ў Баранавічах, дзе ў той час жылі і працавалі, але, як прызнаецца мужчына, гарадское жыццё не для яго: мітусня стамляла, таму хацеў асталявацца менавіта ў вёсцы, там, дзе ціха, спакойна, чыстае паветра і можна на сваёй зямлі працаваць і майстраваць.
Купілі ў Заполлі дом, завялі гаспадарку. У сям’і падрастаюць трое дзетак.
Жыццё сям’і Грачыхо нічым не адрозніваецца ад жыцця аднавяскоўцаў: летам працуюць у агародзе, даглядаюць за свіннямі і іншай жыўнасцю, працуюць у мясцовай гаспадарцы.
Для гаспадыні лета таксама гарачы сезон, яна завіхаецца на кухні, на зіму закатвае кансервацыю. Дарэчы, дома яе не застаём – яна пайшла ў лес збіраць ягады.
– Шчасце можна стварыць уласнымі рукамі – галоўнае, укладваць ва ўсё, што робіш, душу, – лічыць Алег Грачыхо.
ГАЛОЎНАЕ БАГАЦЦЕ МІХАІЛА КУДЗІНА
На ўскраіне Заполля стаіць невялічкі дагледжаны домік: вакол кветкі, дровы, акуратна складзеныя, у загародцы важна разгульваюць куры, а на варце – чорны сабака Цімка. Нас сустракае гаспадар дома – 80-гадовы пенсіянер Міхаіл Кудзін.
У вёсцы ён пражыў усё жыццё. Успамінае: у бацькоў сям’я была вялікая, дружная. Разам працавалі, трымалі гаспадарку: кароў, свіней, гусей , індыкоў. Нарыхтоўвалі сена, апрацоўвалі зямлю, збіралі ўраджай – будні праходзілі, як ва ўсіх сельскіх жыхароў.
Пра вайну ўспамінае невыразна: у памяці засталася толькі карціна, як бацька садзіць сям’ю ў воз і адпраўляе ў лес, каб перачакаць адступленне немцаў.
У школу хадзіў да 5 класа, а потым захварэў, так вучобу і не скончыў. Але ўсе свае веды набыў на практыцы, усё жыццё працаваў у калгасе.
Тут сустрэў і сваю другую палову – жонка была родам з суседніх Траццякоўцаў, працавала ў гаспадарцы даяркай.
У 1964 годзе пачаў будаваць свой дом, побач з бацькоўскім. У сям’і з’явіліся шасцёра дзяцей. Усе вывучыліся, атрымалі прафесію. Самае галоўнае багацце, як прызнаецца пенсіянер, – яго 12 унукаў і 10 праўнукаў. Усе прыязджаюць да любімага дзеда, і тады дом напаўняецца дзіцячым смехам і гульнямі.
Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Міхаіл Піліпавіч сам даглядае за агародам, падтрымлівае парадак на ўчастку, корміць свойскую птушку. Менш чым два гады таму прадаў каня, і тое неахвотна. Адзіная прычына – здароўе не тое.
Летам увечары любіць выйсці пасядзець у альтанцы разам з Цімкам, падумаць, успомніць, трохі пасумаваць. Але сваё ціхае запольскае жыццё ні на што не прамяняе.
P.S. Куды б ні занесла нас «Кропка на карце», у кожнай вёсачцы Ляхавіцкага раёна нас сустракаюць гасцінна. Цябе не пакідае адчуванне, што ты дома. І адразу перад вачыма дзяцінства, калі ты гасцюеш у бабулі, пад вокнамі, спаборнічаючы са сваімі сабратамі, галосіць певень, а кароўкі прызыўна мукаюць, вяртаючыся з пашы, каб аддаць сваё малако. А ты, маленькі, бегаеш па цёплай лужыне, вада ў якой нагрэлася пасля дажджу, ходзіш за грыбамі-ягадамі ў гасцінны лес, качаешся на духмяным сенавале, дзе сена казыча і коле пад майкай.
А яшчэ не перастану захапляцца малочна-ружовай пенкай світання і пурпуровымі заходамі, краявідамі і людзьмі, якія знаходзяць сябе ў працы. Такія простыя і прыязныя.
Ірына КУЗЬМІЧ.

Кузьміч, І.
Заполле, яно ж Кітай / Ірына Кузьміч // Ляхавіцкі веснік. – 2020. – 15 жніўня. – С. 8.

Friday, March 26, 2021
                                             Гісторыя вёскі Заполле
Вёска ў Востраўскім с/с знаходзіцца на поўдні Ляхавіцкага раёна непадалёку ад вёскі Востраў. Назва вёскі звязана з месцам знаходжання за полем ад Вострава.
З гістарычных звестак вядома, што вёска ў 1789 годзе лічылася ў Навагрудскім павеце Рэчы Паспалітай, а з 1793 года ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. У 1844 годзе вёска фальварка Востраў (уваходзіў у склад маёнтка Рэпіхава). Налічвала 20 двароў, дзе пражывала 228 жыхароў і была ўласнасцю графіні Патоцкай. З 1897 года Заполле – вёска Востраўскай воласці. З 1909 года вёска мела ўжо 71 двор і 399 жыхароў. У ёй быў хлебазапасны магазін і народнае вучылішча.
Да рэвалюцыі амерыканскі прамысловец Цырэнскі пабудаваў вузкакалейную чыгунку з Тухавіч на Востраў і да Баранавіч, каб вывозіць лес у Амерыку. Чыгунка праходзіла каля вёскі, і людзі ездзілі ў Баранавічы па хлеб на самаробных дрэзінах і працавалі на лесанарыхтоўках. Дарогу разабралі ў 50-х гадах.
Многа людзей з вёскі было эвакуіравана ў Першую сусветную вайну ў Расію, таму што побач праходзіў фронт. Людзі вярталіся дамоў ужо пасля рэвалюцыі.
З 1921 года ў складзе Польшчы да 1939 года.
З чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года вёска была акупіравана немцамі. Немцы наведваліся ў вёску з Востраўскага гарнізона толькі каб папоўніць харчовыя запасы. Мясцовыя жыхары памятаюць, як іх папярэдзілі аб бамбёжцы, і яны ўсе на вазах з пажыткамі ўцякалі з вёскі. Але самалёты паляцелі далей. Вёска была спалена часткова.
Пры Польшчы ў вёсцы была адкрыта пачатковая школа і вучыла дзетак Мацкевіч Ванда. Затым школу аднавілі ўжо пасля вайны. Першымі настаўнікамі былі Лук’янчык Соф’я Лукашаўна і Калько Іван Міхайлавіч. У 1953 годзе школа была ўжо васьмігадовая. У 1987 годзе школу перавялі ў Востраў.
У БССР вёска спачатку адносілася да Гутаўскага с/с Быценьскага раёна Баранвіцкай вобласці. Яна многа раз мяняла сваю “прапіску”, пакуль не стала Востраўскага с/с Ляхавіцкага раёна.
У 1948 годзе вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Бальшавік”. Першым старшынёй быў Лешык Іосіф Усцінавіч. Але не ўсе сяляне пайшлі ў калгас. Бародзіч Уладзімір і Русакевіч Аляксандр яшчэ доўга вялі асабістую гаспадарку.
У 1959 годзе навакольныя калгасы аб’ядналіся ў калгас “Шлях да камунізма” і старшынёй стаў Адаменка Міхаіл Сямёнавіч. У вёсцы пабудавалі млын, лазню, магазін, клуб, адчынілі бібліятэку. Клуб некалькі разоў гарэў і апошні раз яго ўжо не адбудавалі, а бібліятэку зачынілі нядаўна ў 2005 годзе.


Зараз вёска ўваходзіць у склад СПК “Востраў-Агра”, мае 67 двароў і пражывае ў ёй 128 жыхароў. Непадалёку ад вёскі пабудавалі буйны свінагадоўчы комплекс “БелДан”. Некаторыя жыхары пайшлі туды працаваць.
Матэрыял дапамаглі сабраць мясцовыя старажылы: Лук’янчык Васіль Міхайлавіч, Лешык Соф’я Іванаўна, Вайтушэўская Соф’я Аляксандраўна, стараста вёскі Гунько Кацярына Сцяпанаўна.

Цікавы факт
Два браты Шымчык Іван Аляксандравіч і Шымчык Міхаіл былі ў лагеры смерці ў Калдычаве і змагі адтуль збегчы. Лёс завёў іх у Амерыку. Доўгія гады іх лічылі загінуўшымі, але ў 80-х гадах яны прыслалі ліст з Амерыкі. Уся вёска збеглася, каб паслухаць яго. Адзін з братоў прыязджаў у Беларусь і адведаў сястру Новікаву Веру. Ён быў вельмі ўраджаны ўбачаным пераменам. Купіў для сястры, у якой было дзевяць дзяцей, і якая жыла бедна, трактар, а затым прысылаў пасылкі. Сястра таксама з’ездзіла адведаць братоў у Амерыку.

Friday, March 26, 2021
Заполле. На тэрыторыі Ляхавщкага раёна ёсць вёскі, назвы якіх утвораны як указанне на месца знаходжання. Назва населенага пункта ўтваралася пры дапамозе злучэння прыназоўніка "за", які затым станавіўся прыстаўкай, з назоўнікам-тапонімам.
Залужжа вёска, пабудаваная за лугам. Такім жа чынам утвараліся назвы вёсак: Заполле, Забор'е, Заліпенне, Зарэчча. Залаззе.
Па аналоги пры дапамозе прыназоўніка "пад" утвараліся назвы вёсак: Падлессе, Падбарочча. Пад'язаўле, Падсаколле.

Заполле // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"