Friday, March 26, 2021
СВІСТКОЎШЧЫНА — вёска ў Падлескім с/с, за 4 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, каля чыгункі Баранавічы—Слуцк, на аўтадарозе Ляхавічы—Падлессе. 5 двароў, 6 жыхароў (2005).
У 1789 г. Свісткоўшчына (іншыя назвы Світкаўшчына, Свіскаўшчына) — фальварак маёнтка Ляхавічы (Ляхавіцкага графства) у Навагрудскім пав. З 1790 г. уладанне І.Масальскага. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. разам з іншымі населенымі пунктамі Ляхавіцкага маёнтка Свісткаўшчына перададзена ў валоданне Касакоўскім. У 1847 г. фальварак (уваходзіла вёска Падлессе Свіскоўскае) налічваў 35 валок 9 маргоў зямлі (паводле іншых даных больш за 26 валок зямлі), 38 двароў, 317 жыхароў. У 1897 г. фальварак у Ляхавіцкай вол., 2 будынкі, 32 жыхары. У 1909 г. — 5 жыхароў. З 1921 г. ускладзе Польшчы, фальварак у Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 г. у БССР. З 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Падлескім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 3.7.1972 г. у Жарабковіцкім с/с, з 1.5.1981 г. зноў у Падлескім с/с. У 1940 г. ў былым фальварку налічваўся 61 жыхар. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. створаны калгас імя Я.Коласа, які ў сак. 1951 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса імя Леніна. У 1959 г. у вёсцы было 153 жыхары, у 1970 г. — 89 жыхароў. У 2002 г. — 6 двароў, 8 жыхароў, у складзе калгаса імя Леніна (цэнтр — в. Падлессе).
Свісткоўшчына // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 309.