Friday, March 26, 2021
КАРАНІ — вёска ў Навасёлкаўскім с/с, за 5 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, каля аўтадарогі Баранавічы—Ляхавічы. 32 гаспадаркі, 55 жыхароў (2005).
У 1789 г. Карані — вёска Навагрудскага пав. Рэчы Паспалітай, шляхецкая ўласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. у 3 суседніх маёнтках Дарава існавалі вёскі Карані: 3 двары, 23 жыхары, уладанне Г.І.Чарноўскага; 9 двароў, 55 жыхароў, уладанне І.І.Мержаеўскага; 2 двары, 17 жыхароў, уладанне Керсноўскіх (маёнтак Дарава Харунжэўскае). У 1870 г. у Дараўскай вол. існавалі 2 вёскі: Карані 1 маёнтка Дарава-Галаўшчызна, 12 рэвізскіх душ, і Карані 2 маёнтка Зарэчча (уладанне Парцыянкавай), 10 рэвізскіх душ. У 1897 г. вёска Карані, 16 двароў, 130 жыхароў. У 1909 г. — 9 двароў, 124 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 28 двароў, 150 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Федзюкоўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1950-я гг. вёска перададзена ў склад Навасёлкаўскага с/с. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. створаны калгас «Чырвоная ніва», які ў ліп. 1951 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса імя Ламаносава Навасёлкаўскага с/с. У 1959 г. было 186, у 1970 г. 185 жыхароў. У 2002 г. 32 двары, 59 жыхароў, у складзе калгаса імя Ламаносава (цэнтр — в. Флер’янова). Ёсць магазін.
Карані // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 281.
Friday, March 26, 2021
Кажуць, што калісьці на месцы вёскі рос лес. Пасля таго, як сталі высекаць лес, на тым месцы аставалася шмат пнёў і карэннеў. Таму людзі, якія сталі там будавацца і назвалі вёску Карані.