На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
МАЛОЕ ГАРАДЗІШЧА – вёска ў Альхоўскім с/с, за 16 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Малое Гарадзішча–Альхоўцы, за 2 км ад аўтадарогі Брэст–Слуцк. 115 гаспадарак, 300 жыхароў (2005).
У 1789 г. Малое Гарадзішча — вёска ў Навагрудскім пав., у складзе маёнтка Гарадзішча (іншыя назвы Гарадзішча-Алдавіцкае, Вялікае Гарадзішча), уладанне Бухавецкіх. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1870 г. вёска ў Крывошынскай вол., 42 рэвізскія душы. У 1897 г. у вёсцы 23 двары, 158 жыхароў. У 1909 г. — 39 двароў, 250 жыхароў, шко­ла. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Крывошынскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 19 двароў, 132 жы­хары (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёска — цэнтр Малагарадзішчанскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. вёска, 132 два­ры, 484 жыхары, пач. школа, паравы млын, гандлёвая кропка. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Свярдлова. У 1959 г. было 332, у 1970 г. 292 жыха­ры. У 1980-я г. з’яўлялася цэнтрам саўгаса «Малагарадзішчанскі» (раней эксперыментальная база з той жа назвай). З 15.5.1998 г. у Альхоўскім с/с. У 2002 г. 122 двары, 320 жыхароў, цэнтр камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Малагарадзішча» (аб’ядноўвае 10 вёсак). Працуюць дзіцячы сад, аддз. сувязі, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, магазін. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з ПдЗ на ПнУ, да цэнтра якой далучаюцца два завулкі.

Малое Гарадзішча // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 289.

Friday, March 26, 2021
                            У госці да добрых людзей. Малое Гарадзішча
Гісторыя кожнай вёскі выткана, бы абрус, з людскіх лёсаў – складаных, цікавых, непаўторных. Пацягнеш за нітку – пазнаеш у іх землякоў, родных, сваякоў. У аграгарадку Малое Гарадзішча сёння пражывае 311 чалавек, з якіх 60 – дашкольнікі і школьнікі.  Не пералічыць тых, каму гэтыя маляўнічыя мясціны дарагія, мілыя і любыя сэрцу.
Жыццё населенага пункта толькі на першы погляд цячэ запаволена. На самай справе Малое Гарадзішча жыве актыўна і паўнакроўна, будні чаргуюцца са святамі, штодзённы расклад – з працоўнымі перамогамі і дасягненнямі.
Мясцовыя школьнікі вызначаюцца не толькі ў вучобе. Напрыклад, некалькі гадоў назад імёны старшакласнікаў Аляксандра Карповіча і Андрэя Плескацэвіча гучалі на рэспубліканскім узроўні па інфарматыцы. Абодва яны вучні педагога Аляксандра Касабуцкага. Сёлета футбольная каманда Малагарадзішчанскай школы заняла другое месца ў вобласці. А вучаніцы Яна Саўчык, Міра Карповіч і Марыя Наскавец – члены абласной зборнай па футболе.
Ва ўтульнай і прасторнай школе (нядаўна, дарэчы, тут старыя вокны замянілі на сучасныя пластыкавыя, паставілі новыя дзверы) створаны ўсе ўмовы не толькі для атрымання трывалых ведаў, але і для творчага развіцця дзяцей.
Многае можа згадаць пра былыя дні навучальнай установы, расказаць пра перажытае Надзея Карпейчык, якая некалі тут настаўнічала. Па жыцці настаўніцы рускай мовы і літаратуры, якая каля 4 дзесяцігоддзяў прывівала любоў да слова хлопчыкам і дзяўчынкам, можна вывучаць старонкі гісторыі. На долю яе пакалення выпалі цяжкія гады ваеннага ліхалецця, нястачы і голаду. У вайну немцы аблюбавалі іх дом, і сям’і давялося жыць на гарышчы. Ад бамбёжак хаваліся ў склепе. Сястру ад вывазу ў Германіі выратаваў хутаранін. Пасля заканчэння школы Надзея паступіла ў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут і ніколі аб гэтым не пашкадавала.
– Цяжкія былі гады, – уздыхае Надзея Якаўлеўна. – Але верылі ў лепшае, працавалі, не пакладаючы рук, гэтаму вучылі і дзяцей.
Мая суразмоўца на момант замаўкае і працягвае:
– Было гэта ў 60-я гады. Старшакласнікі рыхтавалі ўрачысты вечар да ўступлення ў камсамол. Адна дзяўчынка захварэла але, нягледзячы на высокую тэмпературу, прыйшла ў школу. Кажу: Жанна, ты ж хворая. А яна адказвае, маўляў, як жа магу прапусціць такую падзею!  Вучыліся пры газоўках. Дзеткі былі дысцыплінаваныя. Такая была прага да ведаў! – расказвае Надзея Карпейчык.
Настаўніцамі сталі сястра Надзеі Якаўлеўны, дачка, пляменніца. Пасля выхаду на пенсію вяскоўка не сядзіць без справы, завіхаецца ў агародзе. Сын Валянцін жыве недалёка ад маці, працуе ў сельскай гаспадарцы. Яго жонка Людміла – загадчыца мясцовай фермы. Радасць бабулі – шасцёра ўнукаў і два праўнукі.
Яўгенію Кудзін засталі за вясновымі клопатамі – правядзеннем “рэвізіі” ў дамашніх запасах насення. Абаяльная і энергічная, Яўгенія Пятроўна зусім не выглядае на свае паважаныя гады. У яе жыцці перапляталіся і боль, і радасць, яна не скарылася цяжкасцям. У светлым і ўтульным доме становіцца яшчэ больш сонечна і цёпла, калі прыязджаюць дзеці з сем’ямі.
Перажыўшы горыч ваенных гадоў, ведае цану міру і згодзе. Бацьку забралі на фронт, пецярым дзецям разам з маці давялося апынуцца ў канцлагеры ў Слуцку. Назаўсёды засталіся перад вачамі твары загінуўшых аднакласнікаў. Усіх хлопцаў ворагі лічылі камсамольцамі.
Пашчасціла вырвацца з фашысцкага пекла толькі праз год і 3 месяцы – дзякуючы добрым людзям. Нейкі час хаваліся ў лесе, на хутары каля Шчэрбава. Так сям’я апынулася ў Малым Гарадзішчы. Месца жыхарства мяняць не сталі і тады, калі з вайны вярнуўся бацька.
– Жыццё паступова наладжвалася, працавалі, вучыліся, тата ўзначальваў цагляны завод. Труба ад печы, якую некалі ён узводзіў, умацоўваючы спецыяльным растворам, і сёння стаіць, – з гонарам зазначае жанчына. На яе грудзях зіхацяць медалі. Ёсць сярод іх і за выдатную працу – 48 гадоў Яўгенія  Пятроўна адпрацавала ў гандлі.
Жыццё яе не песціла. Рана засталася ўдавой, але ўсё ўмела рабіць сама. Касцюм пашые – ні адна швачка не дакажа, карціну выш’е – залюбуешся. Дзеці, унукі, праўнукі заўсёды спяшаюцца да любімай мамы і бабулі.
Яўгенія Пятроўна чакае цяпло, калі прырода ажывае, расцвітае сад, двор патанае ў кветках. Яна шчыруе на градках, шые для родных.
– Жыццё зараз прыгожае і шчаслівае. Толькі жыві, – адзначае Яўгенія Кудзін.
Працоўную эстафету ў Мала-гарадзішчанскім магазіне Яўгенія Пятроўна перадала Галіне Варвашэвіч. Галіна Дзмітрыеўна – выдатная гаспадыня. Любіць частаваць мужа, дзяцей, унукаў. Упэўнена, што з самых простых прадуктаў можна прыгатаваць арыгінальную страву.
Вясковы магазін – месца сустрэчы землякоў. Галіна Варвашэвіч і яе напарніца Яніна Хвайніцкая прыветна і ўсмешліва сустракаюць іх у магазіне. Прафесійная выкладка, разнастайны тавар – прадаўшчыцы ведаюць, як дагадзіць пакупніку.
Мясцовыя жыхары ўмоўна падзялілі аграгарадок на старую і новую вёскі. Новая – цагляная, газіфікаваная, дзе роўным строем выстраіліся дамы, узведзеныя па дзяржаўнай праграме адраджэння вёскі.
У адным з такіх дамоў па вуліцы Камсамольскай жыве мнагадзетная сям’я Наталлі і Міхаіла Саўчыкаў. Дзень, калі атрымалі ўласнае добраўпарадкаванае жыллё, лічаць адным з самых радасных. У новым доме нарадзіўся малодшы сын Сярожка. У дружнай сям’і не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя, усё робяць разам. Раніцай у 6 гадзін маці спяшаецца на дойку – па гаспадарцы спраўляецца бацька, дапамагаюць і рабяты. У адзінаццацікласніка Вані зараз адказная пара – ён выпускнік. Шаснаццацігадовая Яна займаецца футболам і турызмам, пачатковец Сярожа аддае перавагу фізкультуры і матэматыцы.
Яшчэ адзін лёс, яшчэ адна гісторыя сям’і – Нілы і Івана Віхноўскіх. Ніла Уладзіміраўна каля двух дзесяцігоддзяў у мясцовай бытоўцы працавала закройшчыцай, Іван Іванавіч – бухгалтарам гаспадаркі, зараз перакваліфікаваўся ў школьнага лабаранта. Вырасцілі трох дачок, дзве з іх сталі настаўніцамі, малодшая пайшла ў медыцыну. Гонар сям’і – дзядуля Іван Сцяпанавіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. На зіму ён перабіраецца да дачкі на Пружаншчыну, а як толькі прыходзіць вясна, зноў вяртаецца на родны хутар.
Двор Аліны Багушэвіч населены хатняй птушкай – індыкамі і качкамі. У свае 67 гадоў жанчына актыўная і поўная планаў. Трымае вялікую гаспадарку, працягвае працаваць. Дзеці выраслі працавітымі і добрымі. Усіх семярых вырасціла адна. Яны – яе радасць і ўцеха.
Нераўнадушныя, адкрытыя, шчырыя і творчыя людзі жывуць у Малым Гарадзішчы. Шмат цікавых гісторый могуць расказаць пра сваіх землякоў Валянціна і Міхаіл Карповічы. Пра вяскоўцаў яны гавораць цёпла, ад душы. І ў бібліятэцы, дзе Валянціна Іванаўна гаспадыняй амаль тры дзесяцігоддзі, і ў сельскім Доме культуры, дзе дырэктарствуе Міхаіл Іванавіч, сабраны цікавыя звесткі пра тутэйшых людзей і пра мясцовасць. Такі творчы сямейны дуэт нарадзіўся 35 гадоў назад у сёмы сакавіцкі дзень. З тых часоў муж і жонка – падтрымка адзін аднаму. Валянціна Іванаўна пачынала некалі кінамеханікам, а Міхаіл Іванавіч, перш чым прыйсці ў культуру, працаваў у міліцыі. Таленавітыя і энергічныя Карповічы прыўносяць у жыццё аграгарадка ноткі свята. Валянціна па сумяшчальніцтве вясковы стараста, ні адну просьбу землякоў не пакідае без увагі. Дапамагае бацькам і сын, які ў Малым Гарадзішчы ўчастковы інспектар.
…Асабліва прыгожыя малагарадзішчанскія вуліцы летам – калі рознага колеру кветкі буяюць ля сядзіб, у садах гудуць пчолы і вуліцы звіняць ад дзіцячых галасоў.
Апавядаць пра людзей, што ствараюць сённяшні дзень аграгарадка, можна бясконца. Кожны з іх піша сваю старонку ў гісторыі роднага краю.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Перапечка, Н. У госці да добрых людзей / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2016. – 16 сакавіка. – С. 4.

Friday, March 26, 2021
                                         МАЛОЕ ГАРАДЗІШЧА
Малое Гарадзішча – вёска Альхоўскага сельсавета. У ёй пражывае 306 чалавек, 177 – людзі працаздольнага ўзросту. Дзяцей, якія не дасягнулі 18 гадоў, у вёсцы – 61, а 68 жыхароў знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сямей тут налічваецца 116, з якіх 77 трымаюць кароў. Ва ўласнасці кожнай восьмай сям’і ў Малым Гарадзішчы маецца конь.
Гістарычная тэрыторыя, дзе ў сучасны час размешчана Малое Гарадзішча, бярэ свой пачатак з канца 15 стагоддзя. Першыя звесткі кароткія: усё больш пра князёў, магнатаў, вялікіх чыноўнікаў, духавенства. Але адно з мясцовых паданняў гаворыць, што першапачатковыя пасяленні людзей узніклі на месцы Вялікага Гарадзішча. Калі іх колькасць павялічылася настолькі, што ўжо не хапала больш абробленых, прыгодных для жыцця зямель, частка жыхароў аддзялілася ад пасялення Вялікае Гарадзішча і пасялілася асобна ў 2-3 кіламетрах, назваўшы сваё пасяленне Малым Гарадзішчам. Вёска ўспамінаецца на старажытных картах у 1589 годзе. Перад адменай прыгоннага права належала памешчыку Бухавецкаму.
Пасля рэвалюцыі 1905 года ў Малым Гарадзішчы была адчынена царкоўна-прыхадская школа. У час Першай сусветнай вайны частка жыхароў была выселена ў Расію. Да 1939 года тэрыторыя пасялковага Савета, на якім знаходзілася Малое Гарадзішча, уваходзіла ў склад Польшчы (Навагрудскі павет). У канцы 1940 года ўтварыўся Малагарадзішчанскі пасялковы Савет.
У час Вялікай Айчыннай вайны большая частка мужчынскага насельніцтва вёскі пайшла на фронт. 126 з іх не вярнуліся.
Доўгачаканае вызваленне прыйшло на беларускую зямлю. Ні маштабы аднаўлення разбуранага, ні галодныя гады не маглі стрымаць нястрымнай прагі людзей да адбудовы свайго роднага краю. У 1949 годзе быў створаны калгас імя Свярдлова. Першы старшыня – Малафей Якаў Іванавіч. У калгас уступалі ўсе сем’і і аднагалосна. У арганізацыі калгаса удзел прымалі прадстаўнікі раёна Жукаў і Шпакоўскі. Вялікія цяжкасці перажываў калгас у першыя гады. У людзей былі забраны коні, вазы, плугі, бораны, для пасева не хапала насення. Сабіралі яго па хатах. З развіццём калгаса стварылася птушкаферма. Былі пабудаваны канюшня і цялятнік. Дзейнічаў калгас да верасня 1951 года.
У верасні 1951 года калгас імя Свярдлова перайменавалі ў калгас імя Калініна, з цэнтрам у вёсцы Малое Гарадзішча. Старшынёй калгаса быў выбраны Лабун Сяргей Іванавіч. На першым годзе ўтварыліся камсамольская і партыйная арганізацыі. Першымі камсамольцамі былі Півавар Ганна Іосіфаўна, Вярбіла Эмілія Вікенцьеўна. У 1951 годзе зямлі было 1100 га, а ўзарана ўсяго 400 га. На адзін працадзень калгаснік атрымліваў 700 г зерня.
У 1961 годзе калгас імя Калініна ўвайшоў у склад саўгаса “Ганчароўскі”.
У 1963 годзе створаны саўгас “Малагарадзішчанскі”. Пазней гаспадарка была пераіменована ў эксперыментальную базу “Малагарадзішчанская”. З 1988 года кіраўніком яе быў Новік Уладзімір Уладзіміравіч, а з 1994 года – Станкевіч Казімір Іванавіч.
Сучасная вёска мае даволі развітую інфраструктуру. На яе тэрыторыі рамешчаны сталовая, сярэдняя школа і філіял музычнай школы, дзіцячы сад, магазін, ФАП, лазня, Дом культуры з бібліятэкай, ашчадная каса і пошта. У цэнтры вёскі пабудаваны двухпавярховыя катэджы, у якіх пражываюць у асноўным маладыя сем’і. Вуліцы ў ёй (а іх тры: Камсамольская, Савецкая і Новая) заасфальтаваны. У 2002 годзе вёска была газафікавана.

Friday, March 26, 2021
Гарадзішча.  Гарадзішча - рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча. Іх з’яўленне - вынік недаўгавечнасці невялікіх старажытных гарадкоў, разбураных войнамі і заняпалых па розных іншых прычынах. На месцах гарадзішчаў або па суседству з імі звычайна ўзніклі сельскія паселішчы з аднайменнымі назвамі. Першыя ўпамінанні пра іх ў асноўным абдносяцца да XVI ст., калі распачаўся строгі ўлік абшчынных і прыватных зямельных уладанняў.
Гарадзішча. Гарадскі пасёлак Брэсцкай вобласці і некалькі вёсак такой жа назвы ў розных частках БССР. Першапачатковы сэнс назвы паселішча на месцы нейкай гарадзьбы, горада. Такія назвы часта сведчаць аб даўніх дагістарычных паселішчах і таму вельмі важныя для археалагічных даследаванняў.

Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

Жучкевіч, В. А. Чаму так названа.- Мн., 1969. – С. 40.

Жучкевич, В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"