WYSIWYG Web Builder
На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ЯЦКАЎШЧЫНА – вёска ў Жарабковіцкім с/с, за 18 км на ПнУ ад Ляхавіч, 3 км ад чыг. ст. Жарабковічы, на лініі Баранавічы–Слуцк, каля аўтадарогі Ляхавічы–Клецк. 22 двары, 31 жыхар (2005).
За 1,5 км на ПдЗ ад вёскі каля дарогі на г. Клецк знаходзіцца помнік археалогіі – курган, які сведчыць аб засяленні вёскі ў старажытнасці.
У пісьмовых крыніцах звесткі пра вёску сустракаюцца з 18 ст. У 1789 г. Яцкаўшчына – вёска фальварка Гулічы Ляхавіцкага графства Навагрудскага ваяв., дзярж. уласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. разам з іншымі землямі Ляхавіцкага маёнтка вёска трапіла ва ўладанне графоў Касакоўскіх. У 1847 г. тут было 7 двароў, 56 жыхароў, 4 ¼ валокі зямлі. У 1897 г. вёска ў Ляхавіцкай вол., 13 двароў, 110 жыхароў. У 1909 г. – 15 двароў, 121 жыхар. З 1921 г. у складзе Польшчы. Вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 21 двор, 140 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Жарабковічскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Падлескім с/с. У 1940 г. 28 двароў, 146 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. створаны калгас “Ударнік”, які у снеж. 1950 г. увайшоў у склад узбуйненнага калгаса імя Сталіна. У 1970 г. было 106 жыхароў. З 3.7.1972 г. зноў у Жарабковіцкім с/с. У 2002 г. – 25 двароў, 37 жыхароў, у складзе калгаса “Беларусь” (цэнтр – в. Жарабковічы).

Яцкаўшчына // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 319.

Friday, March 26, 2021
                                                 Яцкаўшчына
Старажылы расказваюць, што сваю назву вёска атрымала ад яе ўладальніка – шляхціча Яцкевіча. Існуе і такая легенда, якую ў свой час расказаў Туцін У.Т. 1927 г.н., які жыў у суседняй вёсцы Гулічы.
Аднойчы татарын Яцка аблюбаваў зямлю, дзе зараз знаходзіцца вёска Яцкаўшчына. Перацягнуў на гэтае месца ўсю сваю радню. Пачалі займацца развядзеннем коней, а мясцовых жыхароў застаўлялі займацца земляробствам. Недалюблівалі мужыкі Яцка за яго распутныя паводзіны і аднойчы ўзбунтаваліся. Адабралі ў татар коней, а саміх прагналі з гэтай зямлі. Уцякаючы, Яцка пракляў гэту землю і людзей: “Гарыце, вы гарам!” І вёска гарэла і гарэла ад набегаў татар. Толькі людзі зноў будаваліся і працягвалі пускаць карані на гэтай зямлі. А калі Яцка не стала, людзі адчулі палёгку. Але праклён Яцка дзейнічаў яшчэ і ў мінулым стагоддзі. У 1921 годзе вёска выгарэла амаль уся і невядома з якой прычыны. Зноў адбудаваліся людзі на тым самым месцы. А бяда не заставіла сябе доўга чакаць. У 1943 годзе восенню пажар знішчыў большую палову вёскі. І на гэты раз людзі не паверылі ў праклён Яцка – адбудаваліся на тым самым месцы. Новая бяда здарылася на свята Ушэсце ўлетку 1959 года, калі ад маланкі загарэліся шэсць яцкаўскіх хат. Згарэлі, як свечкі. Не сталі людзі выпрабоўваць свой лёс і будавацца на тым самым месцы. Пабудаваліся за чыгункай, што ідзе з Баранавіч да Слуцка. Так Яцкаўшчына падзялілася на новую і старую.
Маленькая вёска, але яе жыхары праславілі яе сваімі справамі. І. Ждановіч стаў журналістам, піша вершы. Міхаіл Ждановіч – доктар тэхнічных навук, прафесар. Аляксей Ждановіч жыве зараз за акіянам, у Амерыцы.
З Яцкаўшчыны пайшло ў свет шмат Ждановічаў. І ўсе яны годна ідуць па жыцці, праслаўляючы сваю малую радзіму – вёску Яцкаўшчына.
Новае тысячагоддзе вёска Яцкаўшчына пачынала амаль без мужчын. У некалькіх хатах адны жанчыны. Нестрымны бег часу робіць сваю справу.

Friday, March 26, 2021
Яцкаўшчына. У даўнішнія часы купіў ў мясцовага пана нейкі чалавек тры валокі зямлі. А звалі яго непрывычным для тутэйшых мясцін імем - Яцка. Нямала заплаціў за зямельку, бо і вартая яна была гэтага урадлівая, шчодрая. Ведай сабе працуй, а яна абавязкова аддзячыць ураджаем. Толькі не разлічыў свае сілы Яцка, не здолеў дагледзець, як след, усю плошчу. Вось і вырашыў аддаць частку зямлі сялянам у арэнду.
Праходзіў час, і побач з Яцкавай сядзібай пачалі будавацца ягоныя арандатары. Неўзабаве ўтварылася тут невялікае паселішча, якому людзі далі назву Яцкаўшчына - ад імя гаспадара гэтай зямлі. I вось столькі часу жыве памяць пра чалавека, дзякуючы якому і з’явілася вёска.

Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка / У. М. Лаурэнау і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2003. – 427 с.

Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.

Friday, March 26, 2021
Ждановіч Іван - журналіст. Нарадзіўся ў вёсцы Яцкаўшчына Ляхавіцкага раёна.
Глядзець тут...

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"