На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
МЕЛЯХІ — вёска ў Ганчароўскім с/с, каля р. Шчара, за 15 км на Пд ад Ляхавіч, 8 км ад чыг. ст. Куляні на лініі Баранавічы—Ганцавічы, на аўтадарозе, якая звязвае вёску з шашой Брэст—Слуцк. 9 гас­падарак, 14 жыхароў (2005).
У канцы 18 ст. Меляхі — уладанне каталіцкай царквы, у Навагрудскім ваяв. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. Меляхі — засценак у складзе фальварка Рудня маёнтка Савейкі, уласнасць Валерыі Рдултоўскай. Тут былі 4 двары сялян, якія працавалі па вольнаму найму, і двор ляснога ахоўніка Ф.С.Равякі (яго сям’я налічвала 6 чалавек). У 1987 г. Меляхі — хутар Мядзведзіцкай вол., 4 будынкі, 45 жыхароў. У 1909 г. урочышча, 3 двары, 27 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., фальварак і калонія, 33 жыхары (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Цыганскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Мініцкім с/с (4.6.1979 г. перайменаваны ў Ганчароўскі с/с). У 1940 г. 28 двароў, 168 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. створаны калгас «Праўда». У 1959 г. было 134, у 1970 г. 104 жыхары. З 1960 г. вёска знаходзілася ў складзе саўгаса «Ганчароўскі». У 2002 г. 13 двароў, 18 жыхароў, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства “Ганчароўскі”.      

Меляхі
// Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 290–291.

Friday, March 26, 2021
                                       Ступень роднасці – аднавяскоўцы
Меляхі, якія ўпершыню ў гістарычных дакументах згадваюцца ў 1748 годзе, толькі напачатку ХХІ стагоддзя сталі адзначаць свой дзень нараджэння. На імправізаваным сельскім сходзе на свяце вёскі каля сотні землякоў, якія цяпер жывуць не толькі тут, а і ў розных куточках Беларусі і за яе межамі, вырашылі: Меляхі “нарадзіліся” 27 чэрвеня.
...Вакол лес з векавымі елкамі і соснамі, за сядзібамі павольна цячэ Шчара, раніцай будзяць наваколле галасістыя пеўні. Дагледжаныя падворкі, падфарбаваныя хаты і водар квітнеючых ліпаў.
З боку райцэнтра вёска пачынаецца з дома, дзе гаспадараць маці і сын Алена і Сяргей Плескацэвічы. Алена Пятроўна родам з Цыгані, але па праву лічыць сябе тутэйшай – жыве ў Меляхах з 1971 года: пайшла сюды замуж. Калісьці ўпраўлялася на льноагрэгаце ў саўгасе “Ганчароўскі”, на малаказаводзе ў Мазурках. Сёння, нягледзячы на свае 70 гадоў, працягвае працаваць сацыяльным работнікам. Падвор’е, агарод у ідэальным парадку, трымае гаспадарку – коз, курэй.
- Каб не сын, не ведаю, як паспявала б. Ён дапамагае ва ўсім: і парадак трымае, падкосіць не толькі каля нашай сядзібы, але і насупраць, дзе ўжо даўно ніхто не жыве. Нам тут добра. Рэгулярна прыязджае паштовая машына. Каторае дзесяцігоддзе абавязкова выпісваем нашу раёнку, сын яшчэ любіць чытаць “Советскую Белоруссию”. Па панядзелках і чацвяргах – аўталаўка ходзіць. Ды і рэйсавы аўтобус вёску не мінае, - расказвае Алена Плескацэвіч.
Сёння ў Меляхах усяго чатыры двары, дзе жывуць шасцёра жыхароў: акрамя Алены і Сяргея Плескацэвічаў – Соф’я Каладзей, Лідія Кабушка, Марыя Кірхман з сынам. А, напрыклад, у 1959 годзе тут жылі 134 чалавекі. Але гэта ўжо гісторыя, якую беражліва з пакалення ў пакаленне перадаюць меляхоўцы сваім дзецям, унукам і праўнукам. Каб не губляліся карані і знікла прыцяжэнне роднай зямлі. Кадравы ваены, палкоўнік у адстаўцы, які прайшоў Афган, Вячаслаў Сахон прапанаваў землякам сабрацца разам.
-Жыццё такое хуткаплыннае, а бачымся рэдка. Пакуль жывыя былі бацькі, мы прыязджалі ў вёску, дапамагалі. Вытокі забываць недаравальна. Трэба і для наступных пакаленняў захаваць і перадаць у спадчыну меляхоўскі ўклад, у аснове якога – працавітасць, узаемадапамога і павага да старэйшых, - разважае Вячаслаў Канстанцінавіч.
Ён ні на хвіліну не сумняваўся, штоземлякі адгукнуцца, з’едуцца на сустрэчу з бацькаўшчынай, сваякамі, сябрамі, дзяцінствам і юнацтвам. Хаця не жартачкі – сабраць у адзін дзень і яшчэ ў самую гарачую летнюю пару людзей з розных мясцін. Азадачыў родных сясцёр Святлану і Алену. Яны – настаўніцы: адна ў Брэсце, другая – у Аранчыцах на Пружаншчыне. Шукалі землякоў па інтэрнэце, па тэлефоне, па старых адрасах. Адгукнуліся меляхоўцы розных узростаў. Разам адлічвалі дні да доўгачаканага спаткання, прызначанага на 27 чэрвеня 2015 года. Сабралася каля 100 чалавек!.
Вячаслаў Сахон з Мінска прыехаў не адзін: з жонкай, дзецьмі, унукамі і нават цешчай. Менавіта ён прапанаваў землякам штогод адзначаць дзень нараджэння Меляхоў і збірацца тут.
Не спыніцца каля дома № 14 па вуліцы 8 Сакавіка проста немагчыма – дагледжаны дом і ўтульны падворак. Нават не верыцца, што пастаянна тут ніхто не жыве. А на двары – каля двух дзесяткаў чалавек, прыгожых, у добрым настроі: Таццяна, Уладзімір, Віктар, Ганна, Галіна, Марына, Аляксандр... – з Падмаскоўя, Мінска, Брэста, Баранавічаў, Маларыты... Цяпер у іх розныя прозвішчы, а вытокі адны – ад Максімчыкаў. Прыехалі са сваімі дзецьмі, унукамі. Усяго нашчадкаў у некалі жыўшых тут братоў Віктара і Іосіфа – больш за 60 чалавек. Успаміны вяртаюць у вёску, напоўненую дзіцячымі галасамі, у сярэдзіну мінулага стагоддзя.
- У школу спачатку хадзілі ў Цыгань, дзе была васьмігодка, а сярэднюю заканчвалі ў Мядзведзічах. Што тыя некалькі кіламетраў – маладыя былі, у кампаніі час пралятаў хутка. Паспявалі і бацькам па гаспадарцы дапамагчы, і адпачыць весела: на танцы паўраёна аб’ездзілі. “Запарожац” быў адзін на ўсю вёску, у яго 11-12 чалавек улазіла, - успамінае ўжо мінчанка Ганна Віктараўна. На радзіму яна прыехала з дочкамі. Для старэйшай Алены некалі яркім уражаннем дзяцінства стала, калі ўпершыню ў бабулі Ніны ўбачыла карову і даведалася, адкуль бярэцца малако.
А народу ў цэнтры вёскі ўсё прыбаўлялася. Тот тут, то там можна было ўбачыць як абдымаюцца людзі пры сустрэчы, пачуць: “А мая ж ты даражэнькая, за столькі гадоў зусім не памянялася”, “Колькі ж мы не бачыліся”, “Няўжо не пазнала? А на танцы разам бегалі!”...
Дзве падобныя адна на адну жанчыны, малажавыя, але ўжо ў акружэнні дзяцей і ўнукаў – сёстры Зоя і Раіса – у дзявоцтве мелі прозвішча Сяргей. Ёсць у іх браты Вячаслаў і Яўгеній. Усе атрымалі адукацыю і вярнуліся ў Ляхавіцкі раён.
Дарэчы, па ўспамінах старэйшых, амаль усе сем’і ў Меляхах раней былі мнагадзетныя.
Святлана Сахон са смехам звяртаецца да сваёй сяброўкі юнацтва Ганны Максімчык, якая цяпер загадвае ФАПам, і ўспамінае, як ладзілі канцэрты для аднавяскоўцаў.
Недалёка ад сцэны – выстава работ мясцовых умельцаў. Вышыванкам майстрыхі Соф’і Каладзей – пад паўстагоддзе, уражваюць яны самабытнай прыгажосцю і яркасцю.
- Раней з дзяцінства дзяўчынка павінна была ўмець шыць, вышываць, ткаць. Гэтаму абавязкова вучылі бабулі і мамы, - расказвае Соф’я Уладзіміраўна. Яна сама са Смаленікоў. З гумарам гаворыць: пераплыла праз Шчару і замуж пайшла ў Меляхі.
Гаспадар даўно памёр. Дочкі жывуць у Мінску, Баранавічах, Свяціцы. Разумеюць, што маме адной цяжка, клічуць да сябе. Але тая не згаджаецца, сцвярджае, што паветра Меляхоў лепш за любыя лекі.
Дарэчы, існуе легенда пра паходжанне назвы вёскі. Расказваюць, некалі даўно ў гэтых мясцінах жыў пан Райскі, які трымаў млын. Млын быў вялікі, прыносіў добры прыбытак, таму наймалі многа людзей, якія сяліліся тут, будавалі дамы. Потым Райскі па нейкіх прычынах прадаў млын пану Мелеху. А паселішча (у розныя часы – засценак, хутар, урочышча, фальварак, калонія) сталі называць Меляхамі.
Пад апладысменты землякоў на сцэну паднялася старэйшая жыхарка вёскі – 89-гадовая Лідзія Кабушка. Хоць па пашпарце амаль дзевяць дзесяткаў жанчыне, па знешнім выглядзе і настроі не скажаш, што яна ўладальніца такога багацця. Энергіі, актыўнасці, аптымізму Лідзіі Юльянаўны пазайздросцяць некаторыя маладыя. Атрымліваючы падарунак, яна прызналася ў любві да сваёй вёскі і пажадала ўсім такога ж моцнага, як у самой здароўя.
Добра выглядаць Лідзіі Кабушка ўдаецца, мусіць, па вельмі простай прычыне: яна літаральна акружана клопатам блізкіх. Дочкі Ала і Жанна жывуць з сем’ямі ў Баранавічах, але прыязджаюць часта – і маму праведаць, і па гаспадарцы дапамагчы. Да таго ж, тут можна пакупацца ў Шчары, якая ў некалькіх дзесятках метраў ад сядзібы.
- Нашы аднавяскоўцы заўжды вызначаліся сяброўствам і ўзаемадапамогай. Трактар быў у аднаго гаспадара. З яго ўчастка і пачыналі араць агароды: гуртам садзілі кожнаму, справа ішла хутка. Потым дапамагалі палоць, ураджай убіраць. Калі хадзілі ці ездзілі ў іншыя вёскі, старэйшыя абавязкова сачылі за малодшымі, так нас вучылі бацькі, - расказвае Ала Вікенцьеўна. І знаёміць са сваёй стрыечнай сястрой Таццянай Якоўчык, якая прыехала з Баранавічаў разам з мужам. Тут жа на свяце і яе маці Святлана, якая жыве ў Тальмінавічах.
Яшчэ адзін меляхоўскі адрас. Неаднойчы лёс выпрабоўваў на трываласць 80-гадовую Марыю Кірхман. Было ў яе ўсё: разам з мужам дом пабудавалі, выхоўвалі 6 дзяцей. Сёння засталася яна з сынам.
Здаецца, іх размова будзе бясконцай, так усхвалявана вялі гаворку трое мужчын – былых аднакласнікаў 1977 года выпуску Мядзведзіцкай сярэней школы. Два Вячаславы – Сахон і Сяргей – і Уладзімір Максімчык успаміналі сваё спартыўнае дзяцінства і юнацтва. Як калісьці ў цэнтры вёскі ўладкавалі поле: нацягвалі сетку і гулялі ў валейбол, рабілі вароты – і ў футбол. А зімой самі майстравалі драўляныя клюшкі, замест шайб – звычайны абцас ад бота. Затое, колькі радасці было, калі ў кагосьці з’яўлялася “магазінная” шайба!
Для былога настаўніка Падлескай СШ Леаніда Шынгеля захапленне гісторыяй роднай вёскі перарасло ў справу ўсяго жыцця. Ён па крупінках збірае звесткі пра Меляхі. Успамінае, як з маці пасвіў кароў і недалёка ад тутэйшага дуба-аксакала знайшоў рэшткі прылад з камянёў, якія былі зроблены ў эпоху неаліту.
Некалі ў вёсцы была свая школа, якую потым перавялі ў Цыгань, пазней тут размяшчаўся цэнтр сельсавета і калгас “Праўда”.
Пра тое, што ў гады Першай сусветнай вайны праз Меляхі праходзіла лінія фронту, гавораць бліндаж у цэнтры вёскі, доты і дзоты вакол яе. Дзед Леаніда Шынгеля Цімафей і яго чацвёра братоў, як і многія вяскоўцы, ваявалі ў царскай арміі. Потым у пошуках лепшай долі некаторыя меляхоўцы адпраўляліся ў заробкі ў Амерыку і Еўропу. І цяпер іх нашчадкі жывуць у Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Італіі, Бельгіі, Германіі. Хто ведае, можа і яны калі-небудзь вернуцца на сваю гістарычную радзіму, хаця б у якасці гасцей.
Не абышла бокам меляхоўцаў і Вялікая Айчынная вайна: з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 года вёска была акупіравана фашысцкімі захопнікамі, на сабе адчулі меляхоўцы “славуты” фашысцкі парадак. Ваявалі тутэйшыя людзі на франтах, змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах. Памяць пра загінуўшых ушанавалі на сустрэчы хвілінай маўчання.
Акрамя Леаніда, на свяце вёскі ад Шынгеляў былі яго брат Віталій і сястра Святлана з сем’ямі, прыехалі, негледзячы на тое, што бацькоўскі дом даўно згарэў.
Колькі ўспамінаў, расказаў, гісторый прагучала за вялікім сталом у цэнтры вёскі – да прыцемкаў землякі-меляхоўцы не разыходзіліся, не раз’язджаліся.
Сярод ураджэнцаў Меляхоў ёсць настаўнікі, медыкі, ваенныя, інжынеры, аграномы, трактарысты, паляводы, жывёлаводы, повары, кандытары... На свята вёскі прыехалі не толькі дарослыя, але і шмат дзяцей.
Старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч не хаваў гонару: ён вельмі стараўся, каб свята вёскі атрымалася, каб сабралася столькі землякоў.
Падтрымлівалі ўзнёслы настрой культработнікі Тальмінавіцкага і Ганчароўскага сельскіх Дамоў культуры, удзельнікі дзіцячага ўзорнага ансамбля “Пунсовыя агеньчыкі”. Як жа выгадна адрознівалася меляхоўскае дзейства па сваім каларыце ад звыклых святаў вёскі па агульным сцэнарыі.

Галіна Канько.
Канько, Г.
Ступень роднасці – аднавяскоўцы / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 8 ліпеня. – С. 4-5.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"