На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
НАВАСЁЛКІ — вёска, цэнтр Навасёлкаўскага с/с, за 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на перакрыжаванні аўтадарог на Баранавічы і Ляхавічы. 164 двары, 391 жыхар (2005).
У 1789 г. вёска Навагрудскага пав. Рэчы Паспалітай, шляхецкая ўласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1853 г. вёска казённага маёнтка Дарава, 2 двары, 14 жыхароў. У 1897 г. у Дараўскай вол., пры ваенна-камунікацыйным шляху ў Нясвіж, 63 двары, 380 жыхароў, ветраны млын. У 1909 г. — 71 двор, 554 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ва­яв., 87 двароў, 499 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. цэнтр Навасёлкаўскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэс­цкай вобл. У 1940 г. у вёсцы 114 двароў, 511 жыхароў, выканком сельсавета, тэлефон, няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, 2 гандлёвыя кропкі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. створаны калгас «Маяк камунізма». У 1959 г. было 330, у 1970 г. — 547 жыхароў. У 1965 г. у цэнтры вёскі на брацкай магіле 58 воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі пры вызваленні вёскі ад ням.-фаш. захопнікаў у ліп. 1944 г., устаноўлены помнік. У тым жа годзе ў вёсцы ўстаноўлены абеліск на ўшанаванне памяці 64 аднавяскоўцаў, што загінулі ў барацьбе з гітлераўцамі ў 1941—45 гг. У 2002 г. — 167 двароў, 389 жыхароў, цэнтр калгаса «Новы шлях» (аб’ядноўваў 8 вёсак). Працуюць 2 магазіны, няпоўная сярэдняя школа, аддз. сувязі, дзіцячы сад, б-ка, Дом культуры, фельч.-акушэрскі пункт.
У 1960-я г. да Навасёлак была далучана суседняя в. Ведзьма, якая па пісьмовых крыніцах вядома з 1498 г. як панскі двор, цэнтр маёнтка, уласнасць шляхціцаў А.Малышчыца, М.Петкавіча. У 16 ст. Ведзьма (іншыя назвы маёнтка «Ведма-Гафтаровщина», «Ведьма-Гзовщина») належала А.М.Гаштольду (з 1525 г.), Барбары Радзівіл, В.Чаркоўскаму, каралю польскаму і вял. кн. літ. Жыгімонту II Аўгусту, С.Гзоўскаму, Л.С.Дароўскаму, Б.Л.Дароўскай, А.Я.Гастомскаму. У 1921 г. Ведзьма — вёска, 28 двароў, 148 жыхароў, і фальварак, 21 жыхар. У 1940 г. былі вёскі Ведзьма 1 (35 двароў, 89 жыхароў) і Ведзьма 2 (10 двароў, 39 жыхароў), у Навасёлкаўскім с/с Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай вобл. У 1959 г. у вёсцы Ведзьма быў 251 жыхар.

Навасёлкі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 294–295.
Friday, March 26, 2021
Навасёлкі. Назва вельмі многіх вёсак на Беларусі. Сэнс яе зразумелы: новае пасяленне, новая вёска.

Жучкевіч, В. А. Чаму так названа.- Мн., «Нар. асвета» 1969. – С. 78.

Адкуль пайшла назва // Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 23 красавіка. – С. 3.

Friday, March 26, 2021
Ведзьма (Ведма) - старадаўняя сядзіба вядома паводле гістарычных крыніц з 1498 г. Спачатку двор належаў роду Малышчыцаў, потым Пяткевічаў. На працягу больш як 4 стагоддзяў кожны новы гаспадар будаваў, перарабляў, размяшчаў штосьці новае для развіцця гаспадаркі. На жаль, да сённяшняга дня ніякіх сведчанняў пра парк, палац, гаспадарчыя пабудовы ў сядзібе Ведзьма не захавалася.
Глядзець тут...

Friday, March 26, 2021
Гарадко Галіна Станіславаўна - філолаг, аўтар публікацый па методыцы выкладання беларускай літаратуры. Нарадзілася 1 студзеня 1956 года ў в. Навасёлкі Навасёлкаўскага с/с.
Глядзець тут...


ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"