Friday, March 26, 2021
ПАДЛАЗЗЕ – вёска ў Востраўскім с/с, каля шашы Брэст–Слуцк, за 25 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. 30 двароў, 38 жыхароў (2005).
У 1940 г. хутар Падлазок (пазней Падлаззе) Гутаўскага с/с Быценскага р-на Баранавіцкай вобл. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 4.10.1957 г. у Ляхавіцкім р-не, з 17.4.1959 г. у Востраўскім с/с. У вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 г. Падлаззе – хутар, 63 жыхары, у 1970 г. 167 жыхароў. У 2002 г. 34 двары, 58 жыхароў, у складзе калгаса “Востраў” (цэнтр – в. Востраў).
Падлаззе // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 299.
Friday, March 26, 2021
Прапіска пры шашы. Кропка на карце: Падлаззе
Паабапал старой Брэст-Маскоўскай шашы прапісалася не адна вёска і не толькі нашага раёна. Бы ў патаемнай кішэньцы, недалёка ад павароту на Востраў, прытулілася і Падлаззе. Міма едуць-імчаць машыны, а ўсяго ў некалькіх метрах жыццё цячэ мерна і няспешна, па сваіх рытме і ладзе.
Легенда, занатаваная ў Востраўскай бібліятэцы, сцвярджае, што назву населены пункт атрымаў ад невялікага хутара Падлазок, а той, у сваю чаргу, – ад лазы, якой наўкол шмат расло. Мясцовыя расказваюць, што некалі ў вёсцы было дамоў восем, і некаторыя стаялі прама ў лесе, на адлегласці адзін ад аднаго. І толькі пасля вайны пачалося перасяленне хутароў у Падлаззе.
Сёння вёска любімая не толькі тутэйшымі жыхарамі (21 чалавек пражывае ў ёй), але і дачнікамі. На першы погляд невялічкая, але вельмі ўтульная, цягнецца пункцірнай лініяй: дагледжаныя сядзібы чаргуюцца з палявымі прасторамі. А паветра – празрыста-чыстае, настоенае на травах і кветках. Прычым, знаходзіцца “кропачка” ў своеасаблівым кальцы арашальнай сістэмы.
адлазаўцы добра памятаюць гісторыю малой радзімы. Мясцовы жыхар Павел Бабко апавядае пра колішняга пана, які раздаваў сялянам кароў. Праз тры гады чалавек павінен быў вярнуць рагулю, а сабе пакінуць цяля.
Павел Іванавіч даўно на пенсіі. Раней працаваў у гаспадарцы, лясніцтве. Трымае каня, калі дакладней – верную памочніцу кабылу Машку. Не трэба шукаць, чым заараць поле, на чым прывезці дровы – запрог і паехаў. Пачуўшы голас гаспадара, Машка, якая да гэтага мірна шчыпала траву, адразу навастрыла вушы.
У музеі, што размешчаны ў Востраўскім СДК, захоўваюцца вышыванкі жонкі Паўла Бабко Кацярыны. Мінула больш за два дзесяцігоддзі, як ён застаўся адзін, але бацьку падтрымліваюць і дапамагаюць сыны. Успамінае, як жонка спявала. Яна з Соф’яй Здановіч і Марыяй Сегень удзельнічала ў самадзейным фальк-лорным калектыве. А Марыя Канстанцінаўна і сёння прыгожа зацягвае песню – калісьці была прыпевачніцай.
Энергіі і актыўнасці васьмідзесяцігадовай Валянціны Арцём пазайздросцяць маладыя. Уладкаваўшы з самай раніцы гаспадарку, адправілася ў поле “разбірацца” з агуркамі, фасоляй і г.д. Пасля завіхаецца на пляцы – так тут называюць агарод каля дома. У двары з пластыкавых бутэлек “расцвітаюць” кветкі, “плаваюць” лебедзі, “расце” пальма – усё гэта зрабіў сын Сяргей,
што жыве з маці. Валянціна Давыдаўна аматарка лясных паходаў – ведае ягадна-грыбныя месцы. Што прадасць-перапрацуе, а што перадасць у сталіцу малодшай сястры Веры. Адзначае, што смачней чарніцы не варыць, а таўчы з цукрам, раскладаць па слоіках і захоўваць у халодным месцы – на смак ягада, як свежая, нават зімой.
Мікалай Петрашэвіч у Падлаззі чалавек паважаны. Вельмі шчыры і адкрыты, ён ніколі не адмовіць землякам у дапамозе. З захапленнем апавядае пра родныя мясціны, пра іх багатую гісторыю. Пералічвае назвы хутароў: Бор, Маскоўшчына, Углы, Лаз (там былі непраходныя балоты) і г.д. Мышанка ў яго дзяцінстве разлівалася так, што можна было ў ночвах плаваць. Паказвае, дзе ў Першую сусветную вайну стаяў нямецкі шпіталь і гарнізон. Праз дарогу ад вёскі знаходзілася і нямецкая электрастанцыя. Расказвае, што за вёскай у 1941 годзе фашысты збілі наш самалёт, экіпаж загінуў. Імёны лётчыкаў так і засталіся невядомымі…
Пра тое, што служыў у Кандагары старшыной дэсантна-штурмавой верталётнай эскадрыллі, штодзень глядзеў у вочы смерці, Міка-лай Мікалаевіч сціпла адмоўчваецца. Іх аэрадром дыслакаваўся ў пустыні Рэгістан. Забіралі раненых, забітых, высаджвалі дэсант і г.д. Узгадвае амаль містычны выпадак: убачыў у сне, што яго будзіць жанчына ў чорным. Прачнуўся, пайшоў праверыць пасты, а потым пачалося. Міна трапіла якраз туды, дзе да гэтага спаў старшына…
Жыццё не ідзе – бяжыць. Вось ужо 44 гады Мікалай Петрашэвіч у пары з жонкай Верай. Больш за дзесяцігоддзе яны – падлазаўцы, любяць тут адпачываць і іх дзеці, унукі, праўнукі. Праз пару метраў ад бацькоў разгарнуў фірменную справу сын Сяргей з сябрам Мікалаем. Калі больш дакладна, то пайшоў шосты год, як яны прапісалі ў нашым раёне сваю фірму “ПетКор” (па першых літарах прозвішчаў сузаснавальнікаў) па вытворчасці дробна-штучных бетонных вырабаў. Іх тратуарная плітка, бартавы і рваны камень красуюцца ў многіх гарадах Беларусі. Зараз добраўпарадкуюць аб’екты ў Баранавічах і Мінску.
Маці Мікалая Мікалаевіча – Алена Дзмітрыеўна (жыве недалёка ад сына) не толькі яго дачакалася з Афганістана. Служыў у Кабуле і малодшы сын Саша. Восемдзесят сёмы год пайшоў жанчыне, а яна да дробязяў памятае той час, калі адпраўляла сваіх хлопчыкаў на чужыну, як вымольвала іх у Бога, як радавалася, калі вярнуліся жывымі… Дачакалася ўнукаў, праўнукаў і нават прапраўнукаў. Ахвотна расказвае, што некалі амаль праз дарогу ад дома была ферма, на якой яна адпрацавала 13 гадоў. У вёсцы тады пад 300 чалавек жыло. Дзеткі за ведамі беглі ў пачатковую школу, за ласункамі – у мясцовы магазін.
Сям’я Андрэя і Вольгі Саванчукоў змяніла Баранавічы на Падлаззе шэсць гадоў назад. І ні разу не пашкадавалі пра сваё лёсавызначальнае рашэнне.
– Для дзяцей тут такое раздолле, – прызнаецца Вольга, якой ад бабулі дастаўся дом. У ім яны і пачалі сваё вясковае жыццё. Першае, што зрабілі, – пасадзілі сад, які радуе ўжо ўраджаем. Растуць маліны, ажына, буякі, клубніцы і многае іншае. Трымаюць гаспадарку – чыстапародныя козы з экзатычнымі мянушкамі Мулашка, Амура, Арыэль і вельмі сімпатычны англа-нубійскі козлік. Ад адной козачкі надойваюць больш за 4 літры малака. А які смачны сыр атрымліваецца з яго – я прадэгуставала асабіста! Мара Вольгі – прафесійна заняцца сыраварствам. Андрэй – майстар на ўсе рукі, Вольга – гаспадыня, якіх пашукаць. Гадуюць цудоўных дзетак – Івана ды Мар’ю. Вольгу землякі ведаюць як кіраўніка ўзорнага ансамбля эстраднай песні “Вясёлка” (з 1 чэрвеня калектыў перайменаваны ў “Пунсовыя агеньчыкі”) і жаночай вакальнай групы “Альшанка” Востраўскага СДК. Ёсць у спевакоў дасягненні і прызнанне гледачоў. Калі хто разважае, што ў вёсцы няма жыцця, няхай прыедзе павучыцца ў Саванчукоў.
… Ёсць такія мясціны, якія зачароўваюць краявідамі, гасціннасцю і душэўнай прыгажосцю жыхароў. Гэта – пра Падлаззе. Завітаўшы сюды аднойчы, абавязкова хочацца прыехаць зноў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Перапечка, Н. Прапіска пры шашы / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 14 чэрвеня (№ 44). – С. 4.
Friday, March 26, 2021
ПАДЛАЗЗЕ
Каля Брэст-Слуцкай шашы, у чатырох кіламетрах ад вёскі Востраў і ў двух кіламетрах ад Бярозак знаходзіцца вёска Падлаззе. Легенда гаворыць, што назва вёскі пайшла ад таго, што вёска пабудавалася на месцы невялікага хутара, назва якога была “Падлазок”. А назва хутара, пайшла ад таго, што побач расло шмат лазы.
У 1940 годзе гэта быў хутар Гутаўскага сельсавета Быценьскага раёна Баранавіцкай вобласці.
У гады Вялікай Айчыннай вайны жыхары вёскі змагаліся за свабоду Радзімы. 13 чалавек загінулі на вайне.
Пасля вайны пачалося перасяленне хутароў і пабудова вёскі. З гумнаў была пабудавана ферма ў 1951 годзе. У якой спачатку трымалі кароў, а пасля коней.
З 1957 года вёска перайшла ў Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці, а з 1959 года была ўключана ў Востраўскі сельсавет. У вёсцы Падлаззе была пачатковая школа з 4-х класаў, якая была закрыта ў пачатку 70-х гадоў, а на яе месцы адкрыта крама. У канцы 80-х гадоў была закрыта і крама. Сем’і былі вялікія, дзеці ў сярэднюю школу хадзілі ў Востраў.
Каля вёскі ёсць урочышча “Маскоўшчына”. Адны кажуць, называецца яно так таму, што раней побач праходзіла маскоўская шаша, а другія кажуць, назва пайшла ад таго, што было яно вялікае як Масква. Жыхарам вёскі Востраў на “Маскоўшчыне” давалі чацвярткі пры Польшчы, і яны плацілі страхоўку за надзелы. На “Маскоўшчыне” на хутары ў службовай хаце жылі Лазоўскія, якія затым былі пераселены. Пры Польшчы планавалі на гэтым полі пабудаваць ваенны аэрадром, але пачалася другая сусветная вайна і гэтага не здарылася.
Побач з Падлаззем знаходзіцца яшчэ ўрочышча “Якана поле” і “Вуглы”. “Якана поле” названа па прозвішчы гаспадара, а “Вуглы” таму, што недалёка ад “Маскоўшчыны” на вуглах.
Цяпер у вёсцы пражывае 30 жыхароў, з іх адна сям’я з двума дзеткамі-дашкольнікамі.