Friday, March 26, 2021
НІВІШЧА — вёска ў Ганчароўскім с/с, каля вадасховішча на р. Шчара, за 8 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, каля шашы Брэст—Слуцк. 14 двароў, 18 жыхароў (2005).
У канцы 18 ст. Нівішча — вёска фальварка Троіцкае (Троцкае) Ляхавіцкага графства, дзярж. уласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. разам з іншымі вёскамі графства Нівішча перададзена ва уласнасць Ш.Касакоўскаму як леннае ўладанне. У 1847 г. у вёсцы 10 двароў, 62 жыхары, 10 валок зямлі. У 1870 г. — 32 рэвізскія душы сялян-уласнікаў. У 1897 г. Нівішча — вёска Мядзведзіцкай вол., 17 двароў, 139 жыхароў. У 1909 г. вёска, 21 двор, 163 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., асада і вёска, 25 двароў, 155 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Альхоўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Пад’язаўлянскім, у 1959 г. у Мініцкім, з 4.6.1979 г. у Ганчароўскім сельсаветах. У 1940 г. у вёсцы 45 двароў, 267 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы стварылі калгас імя Кагановіча. Паводле перапісу насельніцтва 1959 г., у вёсцы 253 жыхары, у 1970 г. — 166 жыхароў. У 2002 г. — 18 двароў, 25 жыхароў, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Ганчароўскі» (цэнтр — в. Ганчары).
Нівішча // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 297 - 298.