На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
КАВАЛІ — вёска ў Навасёлкаўскім с/с, каля р. Ведзьма, за 5 км на Пн ад Ляхавіч, чыг. прыпынак на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Ляхавічы—Навасёлкі. 57 гаспадарак, 120 жыхароў (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім ваяв. ВКЛ. У 1551 г. Кавалі — сяло маёнтка Ведзьма Ляхавіцкай вол., уласнасць вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста, якое ён падараваў С. Гзоўскаму. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі; разам з іншымі населенымі пунктамі маёнтка вёска перададзена ва ўласнасць Касакоўскіх. У 1844 г. Кавалі — вёска маёнтка Дарава, уладанне К.М.Куневіча, 3 двары, 14 жыхароў. У 1870 г. вёска ў Ляхавіцкай вол. Слуцкага пав. Мінскай губ., 33 рэвізскія душы. Побач знаходзілася аднайменная вёска Дараўскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. (другая частка той жа вёскі), 25 рэвізскіх душ. У 1897 г. у вёсцы і аднаселлі Ляхавіцкай вол. было 14 двароў, 107 жыхароў; у в. Кавалі Дараўскай вол. — 10 двароў, 56 жыхароў. У 1909 г. у вёсцы 12 двароў, 91 жыхар; у аднаселлі 2 двары, 5 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 10 двароў, 61 жыхар. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Ляхавіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 17.11.1959 г. у Навасёлкаўскім с/с. У 1940 г. 43 двары, 272 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. у вёсцы створаны калгас «Крэмль», які ў 1951 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса імя Ламаносава Навасёлкаўскага с/с. У 1959 г. было 235 жыхароў, у 1970 г. — 238 жыхароў. У 2002 г. 61 двор, 122 жыхары, у складзе калгаса імя Ла­маносава (цэнтр — в. Флер’янова). Ёсць магазін.

Кавалі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 279.

Friday, March 26, 2021
Стаянка цягніка дзве мінуты. Вёска Кавалі Ляхавіцкага раёна вядома з XVI стагоддзя
Прыпыначны пункт "Кавалі"
Вёска Кавалі  вядома з XVI стагоддзя, уваходзіла ў склад Навагрудскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 1551 годзе – сяло маёнтка Ведзьма Ляхавіцкай воласці, уласнасць вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта ІІ Аўгуста.
Вёска Кавалі летам патанае ў зелені садоў.  Прыгожыя мясціны, цішыня, якую дакладна ў адзін і той жа час парушае  перастук колаў цягніка. 39 двароў, 83 жыхары –  такая вёска сёння ( для параўнання: яшчэ 10 гадоў назад  лічбы былі большыя — 57 і 120). Адна з тутэйшых адметнасцяў – чыгунка, правільней, прыпыначны пункт з аднайменнай назвай.  Невялікі перон,  навес з назвай прыпынку і раскладам руху  дызель-цягнікоў — вось і ўсё, што засталося ад некалі немалога будынка  чыгуначнай станцыі. Калісьці тут  можна было купіць білет, пасядзець на лавачцы ў чаканні свайго цягніка на  Баранавічы, Слуцк і нават Маскву. А яшчэ, па ўспамінах тутэйшых  старажылаў, каля “вакзала” ладзілі  танцы  пад гармонік і баян — збіралася шмат моладзі (і не толькі)  з навакольных вёсак і хутароў.
Непадалёк аўтобусны прыпынак, праўда, па другі бок чыгункі. Некалькі разоў на дзень праязджае рэйсавы аўтобус. Так што дабрацца можна без асаблівых праблем да Ляхавічаў, Баранавічаў і цэнтра сельсавета – аграгарадка Навасёлкі.
Пабываць у Кавалях і не  ўбачыцца з цудоўным чалавекам  Нінай Іванаўнай Люкіш  проста недаравальна.  Яна будавала мясцовую  школу,  потым была  яе дырэктарам і настаўнікам. Цяжка падлічыць, для колькіх вучняў з 1966 па 1987 гады  Ніна Іванаўна станавілася не проста любімай настаўніцай, а другой мамай — шчырай, добразычлівай.
Па сцяжынцы, зацярушанай свежым сняжком, рушым уздоўж вялікага сада, упрыгожанага інеем. На  акуратным цагляным  доміку шыльда  з надпісам “Дом узорнага санітарнага парадку”.  На парозе ветліва сустракае гаспадыня.
Паважаная Ніна Іванаўна,  — так і сёння  да яе звяртаюцца  былыя вучні, суседзі і знаёмыя. Не забываюць і настаўнікі цяперашняй Навасёлкаўскай СШ, адкуль пайшла на заслужаны адпачынак. Нягледзячы на  шаноўны ўзрост ( 81 год),  не сядзіць без справы. У многім дзякуючы яе намаганням устанавілі, напрыклад, навес і лаўку на чыгуначным прыпынку.
З гэтымі мясцінамі, пра якія можа расказваць бясконца,  у  Ніны Іванаўны звязана ўсё жыццё. Яе маленькая радзіма недалёка,  праз пераезд —  Вялікая Лотва.   Жанчына ўспамінае:
— У  новай  пачатковай Кавалёўскай школе ў першае яе дзесяцігоддзе вучылася па 50 чалавек штогод, а ў апошні, 1986-1987 навучальны – у трох класах — 7 вучняў. А якая школа была —  узорная і па парадку, і па паспяховасці!
На жаль, вёска не маладзее.  Школу ў Кавалях закрылі. Будынак, дзе  калісьці гучалі дзіцячыя галасы, ішлі ўрокі, змяніў  прызначэнне: стаў магазінам. Праўда і яго век быў нядоўгім. Ужо некалькі гадоў, як  гандлёвая кропка  не дзейнічае. Нявыгадна завозіць сюды тавар, трымаць прадаўца, у  халодную пару  ацяпляць памяшканне.  Вось паціху і зарастае тэрыторыя вакол  бур’яном і пустазеллем. Дарэчы,  пра парадак тут не пашкодзіла б паклапаціцца райпо, на чыім балансе знаходзіцца памяшканне. Каб забяс-печыць мясцовых жыхароў самымі неабходнымі прадуктамі харчавання ці спадарожнымі таварамі, двойчы на тыдзень сюды прыязджае  магазін на колах.  Як сцвярджаюць кавалёўцы, асартымент у  аўталаўцы  добры, задавальняе і якасць абслугоўвання.  Але, па словах  Ніны Іванаўны Люкіш,   вельмі цяжка ў немаладым узросце, маючы праблемы  са здароўем, дайсці да машыны, асабліва нязручна, калі на вуліцы мокра ці галаледзіца.  На дапамогу прыходзіць  сацыяльны работнік. У адрас Марыі Масайла гучалі  шчырыя  словы ўдзячнасці за клопат пра тутэйшых пажылых людзей, чые  дзеці і ўнукі  жывуць далёка. Яна  з мужам Васіліем, таксама сацыяльным работнікам, сталі надзейнай падтрымкай для адзінокіх пенсіянераў: і пакупкі для іх зробяць, і з аплатай камунальных паслуг справяцца, і па гаспадарцы дапамогуць. А яшчэ, калі спатрэбіцца, і ў цырульніка перакваліфікуюцца. Што ж зробіш,  з бытавым абслугоўваннем у Кавалях напружана. А  тых, каму за 70 гадоў – большасць.
Наша незаменная – так ад імя многіх аднавяскоўцаў гаворыць  Ніна Іванаўна пра сваю суседку  Аляксандру Бізу. Аляксандра Аляксееўна – медык па адукацыі, працавала акушэркай,  потым у санстанцыі. На пенсіі 15 гадоў, але зрабіць укол, памераць артэрыяльны ціск  аднавяскоўцы спяшаюцца менавіта да яе. Яна нікому не адмаўляе ў дапамозе. Дачка  прадаўжае дынастыю — працуе медсястрой у Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі, сын — свяшчэннаслужыцель.
— У нашай вёсцы па-добрасуседску  жывуць людзі розных веравызнанняў — католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Мы паважаем адзін аднаго, падтрымліваем, — расказвае Аляксандра Аляксееўна і ўспамінае, як дружна, талакой будавалі ў 1951 годзе чыгуначную станцыю…
Неаднойчы  жанчыны ўзгадвалі  Вялікую Лотву.  Яна амаль што адно  цэлае з Кавалямі, таму і свята вёскі заўсёды адзначаюць разам – у Вялікалотаўскім клубе, бо сваёй культурнай установы тут няма і ніколі не было.
Многія апошнія навіны вяскоўцы  чуюць ад свайго паштальёна Любові Равінскай, якая не толькі пенсію і свежую прэсу прынясе  (між іншым, у Кавалях з 39 двароў па 25 адрасах выпісваюць  “Ляхавіцкі веснік”!), але і заказы выконвае. Сумуюць вяскоўцы, як яны самі гавораць, па сваім сябры — правадным радыё, пад якое і прачыналіся раніцай, і вечарам клаліся  спаць.
Па-суседску  з Аляксандрай Бізой жыве  сям’я Вячаслава  і Веры Калошаў, яны выхавалі 6 дзяцей, маюць 15 унукаў.
Насупраць сядзібы  Ніны Люкіш – сучасны вялікі  дом з  добраўпарадкаваным участкам, маладым садам. Тут гаспадарыць маладая сям’я, якая з гатоўнасцю дапамагае сваім пажылым суседзям.
Большая частка Кавалёў  размяшчаецца на  вуліца Южакова, працягласцю больш за 1,2 кіламетра.  Ідзеш па ёй  і здаецца канца-краю няма.  Большасць сядзіб добраўпарадкаваныя і дагледжаныя. Што лепш скажа пра гаспадара, чым вонкавы выгляд яго дома і двара?  Без перабольшвання,  ідэальны парадак у двары дома № 8.  Гэта заслуга гаспадароў  Васілія і Надзеі Несцяровічаў.  Вяскоўцы па-добраму  называюць Васілія мясцовым таксістам:  ён мае свой аўтамабіль і па просьбе землякоў дастаўляе іх па патрэбным адрасе.
Яшчэ адна адметнасць вёскі — мноства дачнікаў. Мясціны тут цудоўныя, маляўнічыя.  Дачнікаў можна падзяліць на тых, хто купіў тут участкі,  і тых, хто вярнуўся да сваіх вытокаў, у бацькоўскія сядзібы.
Абкладзены светлым сайдынгам дом, вялікі двор, гаспадарчыя пабудовы — клапоціцца пра сваю бацькаўшчыну Мікалай Сасім з жонкай Ганнай. У Баранавічы, дзе маюць кватэру, выязджаюць рэдка, часу асабліва няма — трымаюць гаспадарку.  Па словах іх суседкі Надзеі Несцяровіч,  Мікалай – майстар на ўсе рукі, за якую справу ні возьмецца, усё атрымліваецца.  Сасімаў у Кавалях задавальняе ўсё.
— Вось толькі надакучыла “любавацца”  на гэты спалены пейзаж, – гаворыць Мікалай пра карціну на суседнім участку. — Колькі гадоў прайшло пасля пажару, а  гаспадары ніяк не разбяруць завалы…
На жаль, гэта не адзіны прыклад   нядбайных адносін  да сваёй маёмасці ці спадчыны. Паўразбуранага цаглянага дома № 12 хутка не будзе відаць з-за бур’яну і смецця. А некалі тут жылі людзі…
А вось сядзіба Валяр’яна і Галіны  Несцяровічаў.  Пасля  выхаду на пенсію мужчына  вярнуўся ў бацькоўскі дом у Кавалі, дзе жыве, працуе, увіхаецца па гаспадарцы.
84-гадовая Ніна Баёк  з мужам Аляксандрам прыехала ў Кавалі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Уладкавалася  даяркай на  ферму ў калгас імя Ламаносава, якая адразу за вёскай (праўда, даўно не дзейнічае).  За бездакорную работу атрымала шмат узнагарод. Калі выйшла на пенсію,  згадзілася на прапанову, і яшчэколькі гадоў разносіла пошту аднавяскоўцам.
Раскідаў лёс кавалёўцаў і іх нашчадкаў па ўсім свеце. Некаторыя вяртаюцца – хто ў госці, хто назаўсёды.
Галіна КАНЬКО

Канько, Г. Стаянка цягніка дзве мінуты / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 3 снежня. – С. 3.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"