Friday, March 26, 2021
ФЕДЗЮКІ – вёска ў Конькаўскім с/с, за 6 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 0,5 км ад чыг. прыпынку Федзюкі на лініі Баранавічы–Асіповічы, каля аўтадарогі Баранавічы–Ляхавічы. 68 двароў, 128 жыхароў (2005).
У 1844 г. Федзюкі (Хведзюкі) – вёска маёнтка Дарава Навагрудскага пав. Мінскай губ., уласнасць Мержаеўскіх, 29 двароў, 199 жыхароў. У 1897 г. вёска ў Дараўскай вол., 44 двары, 314 жыхароў, хлебазапасны магазін. Побач з вёскай знаходзілася чыг. казарма для рабочых (6 чалавек). У пач. 20 ст. у вёсцы пачала працаваць школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 54 двары, 308 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. цэнтр Федзюкоўскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У 1940 г. 84 двары, 469 жыхароў, пач. Школа, хата-чытальня, гандл. кропка. Выканком сельсавета размяшчаўся ў прыватным доме, будаваліся новая школа і адм. будынак выканкома сельсавета. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. Федзюкі акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Вільямса, які ў 1952 г. быў уключаны ў склад узбуйненага калгаса “Кастрычнік”. У 1959 г. – 425 жыхароў, у 1970 г. – 387 жыхароў. У 2002 г. – 73 двары, 136 жыхароў, у складзе калгаса “Кастрычнік” (цэнтр – в. Конькі). Ёсць магазін, б-ка. Вёска – радзіма бел. кінарэжысера М.М.Пташука.
Федзюкі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 315.
Friday, March 26, 2021
Вёска, якая натхніла на кінашэдэўры
Сярод больш чым 120 вялікіх і малых населеных пунктаў Ляхавіччыны гэта вёска займае асаблівае месца, пра яе ведаюць нават у Галівудзе. Размова пра Федзюкі – малую радзіму славутага беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука, фільмы якога ўвайшлі ў залаты фонд беларускага і савецкага кінематографа. Хто з нас не глядзеў яго стужкі “Вазьму твой боль”, “Знак бяды”, “У жніўні 44-га”, “Наш браняпоезд”! У многіх яго карцінах – пейзажы малой радзімы.
Роўна 72 гады назад, 28 студзеня 1943 года, на ўскрайку Федзюкоў у зямлянцы нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Міхаілам. Стаўшы дарослым і знакамітым, народны артыст Рэспублікі Беларусь пісаў у сваіх успамінах: “Я вырас сярод слёз. Я бачыў і чуў іх у кожным доме: плакалі бабы, якія засталіся ўдовамі пасля вайны, плакалі дзеці, якія засталіся сіротамі, плакалі бацькі, якія страцілі дзяцей. У Федзюках не было дома без сірот…”.
На франтах Вялікай Айчыннай загінулі 11 федзюкоўцаў: Сцяпан Астроўскі, Міхаіл Грыгаровіч, Іван Дайняк, Мікалай Дрэка, Станіслаў Лабкоўскі, Іван Дайняк, Сцяпан Морскі, Ілья Сокалаў, Пётр Трус, Мікалай Тумаш, Уладзімір Шыхат. Іх прозвішчы разам з прозвішчамі іншых загінуўшых землякоў занесены ў кнігу “Памяць. Ляхавіцкі раён”.
Ішлі гады, дзесяцігоддзі. Слава Пташука грымела на ўвесь свет. Ён нават зняў у Галівудзе фільм “Песня Розы” (зноў жа пра Вялікую Айчынную вайну) па заказе амерыканскай кінакампаніі. Але лёс распарадзіўся па-свойму: трагічная аварыя ў красавіку 2002 года забрала жыццё вялікага рэжысёра.
Праз некалькі гадоў у Федзюках па адрасе Садовая, 48 на адрамантаваным доме, дзе прайшло дзяцінства будучага кінарэжысёра, з’явілася мемарыяльная дошка з надпісам “Тут нарадзіўся і жыў кінарэжысёр, народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук”. У вёсцы ўстаноўлены Паклонны крыж. У гонар Міхаіла Пташука названы вуліцы ў Ляхавічах і Баранавічах.
Творчасць нашага земляка шырока вядома за межамі Беларусі. І, напэўна, многім аматарам кіно было б цікава пабываць на яго радзіме. Так што ў Федзюкоў ёсць патэнцыяльная магчымасць стаць адным з адметных турыстычных аб’ектаў Ляхавіцкага раёна.
У сваёй “Споведзі рэжысёра” Міхаіл Пташук пісаў: “Як ні дзіўна, усё, што я бачыў у жыцці, у якой бы краіне свету ні давялося быць, усё параўноўваў са сваімі Федзюкамі. Нічога не магу з сабой зрабіць: іду па Пекіне, еду ў метро ў Лондане, хаджу па вуліцах Венецыі, лячу ў самалёце над Альпамі, гуляю па набярэжнай у далёкай Шатландыі — бачу свае Федзюкі”.
Землякі ўспамінаюць, што, калі адкрывалі мемарыяльную дошку, аднекуль прыляцеў бусел і стаў кружыць над дваром, і з’явілася адчуванне, што Міхаіл Мікалаевіч дзесьці побач…
Зараз ў вёсцы родных Пташука не засталося. Але яшчэ многія памятаюць, як здымаўся фільм “Вазьму твой боль”, і потым падчас прагляду шукалі сябе і сваіх знаёмых у кадрах кінастужкі.
Сёння Федзюкі – 58 двароў на трох вуліцах (Садовай, Чыгуначнай і Піянерскай) і 118 жыхароў. Толькі ў чатырох сем’ях — непаўналетнія дзеці. Былі калісьці тут школа, дзіцячы сад, сельскі Дом культуры і нават цэнтр Федзюкоўскага сельсавета. Месца сустрэчы федзюкоўцаў цяпер — тутэйшы магазін, а яго загадчыца Вольга Морская па сумяшчальніцтве і вясковы стараста. У параўнанні з большасцю аднавяскоўцаў, Вольга Іванаўна амаль што наваселец, жыве тут «усяго» 10 гадоў, але паспела палюбіць гэтыя мясціны і жыхароў. З радасцю расказвае, што апошнім ча¬сам пацягнуліся на сваю радзіму тыя, хто калісьці пакінуў яе, здавалася б, назаўсёды. У якасці прыкладу прыводзіць Людмілу Барбарыч і Ніну Стэцко – яны пераехалі ў Федзюкі з Баранавічаў.
— Я стараста зусім нядаўна. Да гэтага шмат гадоў на гэтай пасадзе была Аліна Аляксандраўна Бацкалевіч. Яна ведае кожнага з вяскоўцаў, і цяпер жыве іх справамі і праблемамі, — гаворыць Вольга Морская.
Сядзіба Бацкалевічаў дагледжаная і ўладкаваная. Залівістым брэхам сустракае гасцей сабака па мянушцы Персік. Гаспадары чакалі прыходу айца Яна, які ў гэты дзень асвяшчаў дамы федзюкоўцаў. З настальгіяй жанчына ўспамінае, як у маладыя гады ладзілі на імправізаванай танцпляцоўцы танцы пад баян, колькі моладзі збіралася, каб паслухаць віртуоза-баяніста Мікалая Васілько.
Больш за 30 гадоў Аліна Аляксандраўна адпрацавала памочнікам загадчыка малочнатаварнай фермы “Галавачы”. Але не толькі грамадскай дзейнасцю і працавітасцю вядома Аліна Бацкалевіч на ўсю акругу. Яна выдатна спявае, у маладосці разам з сястрой выступалі з народнымі песнямі нават па радыё.
На вокнах дома № 36 па вуліцы Садовай розныя выцінанкі з паперы і вясёлы намаляваны Дзед Мароз. Гаспадары аказаліся надзвычай ветлівымі і гасціннымі. 45 гадоў разам, душа ў душу жывуць Станіслава і Антон Несцяровічы, выгадавалі з любоўю траіх дзяцей, маюць дарослых унукаў, чакаюць праўнукаў.
— Паглядзелі б, як у вёсцы прыгожа летам, калі вакол кветкі. Душа радуецца, нават увагу на ўзрост і нейкія праблемы са здароўем не звяртаеш. Ды і дзіцячымі галасамі наваколле напаўняецца – прыязджаюць да дзядуляў-бабуль унукі і праўнукі на канікулы, — дзеліцца Станіслава Іванаўна.
Цікава было слухаць яе расказ пра тое, як больш за 30 гадоў назад у мясцовай школе на звычайнай пліце гатавалі ажно па 300 порцый, напрыклад, катлет для абедаў школьнікаў не толькі ў Федзюках, але і Коньках, Турках.
Падчас нашай размовы да Несцяровічаў зайшла 75-гадовая суседка Ганна Дайняк — ціск памераць. Так і жывуць вяскоўцы — падтрымліваючы адзін аднаго, дапамагаючы.
На Садовай сустрэлі Міхаіла Васілько. Ён таксама карэнны федзюковец. Праўда, доўгі час жыў і працаваў у Баранавічах, але потым вярнуўся з жонкай у дом, які калісьці пачынаў будаваць разам з бацькам.
— Многія дамы ў Федзюках пустуюць, некаторыя купілі пад дачы, ці прыязджаюць у бацькоўскія хаты дзеці летам у водпуск. Некалі толькі ў гэтай частцы Садовай было ва ўласных гаспадарках 60 кароў, цяпер ніводнай, — разважае Міхаіл Міхайлавіч.
Сапраўды, не маладзее вёска, большасць яе сённяшніх жыхароў даўно перасягнула 60-гадовы ўзрост. Ім патрэбны асаблівы клопат і ўвага. Медыцынскую дапамогу раней можна было атрымаць у Конькаўскім ФАПе, але з верасня мінулага года пасля звальнення фельчара медустанова не дзейнічае. Аднак без медыцынскай дапамогі вяскоўцы не застаюцца – 2 разы на тыдзень у памяшканне ФАПа прыязджае ўрач з Дараўскай амбулаторыі. Адзінокіх пажылых абслугоўваюць сацыяльныя работнікі, прыходзіць паштальён, наведваюцца і супрацоўнікі Конькаўскага сельвыканкама.
Вёска — адзіная ў раёне, якая мае 2 чыгуначныя прыпынкі: “Федзюкі” і “Шчара”: выгадна і зручна для дачнікаў, многія з якіх жывуць у Баранавічах. Ды і самім федзюкоўцам добра дабірацца ў суседні райцэнтр.
Шмат дзесяцігоддзяў побач з чыгуначным прыпынкам, “праз пуці”, як ён сам гаворыць, жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны, работнік прыфрантавых участкаў чыгункі 88-гадовы Мікалай Брэчка. 70 гадоў мінула, як адгрымелі апошнія залпы той вайны, але і сёння сівы ветэран да падрабязнасцей памятае, як быў на валасок ад смерці падчас фашысцкай акупацыі:
— Выкапаў на ўзлеску куст маліны і нёс яго, каб пасадзіць каля дома. А фашысты, якія ахоўвалі мост, падумалі, што міну ставіў, — ледзьве не расстралялі.
Уся яго працоўная біяграфія звязана з чыгункай: быў рабочым, абходчыкам. Для яго і яго сям’і гук колаў цягнікоў стаў звыклым, неад’емнай часткай жыцця. Мікалай Мікалаевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам, нягледзячы на разнастайныя жыццёвыя выпрабаванні. Бо побач жонка, дачка, часта наведваюць унукі, клапоціцца дзяржава. Галоўнае цяпер, каб здароўе менш падводзіла. З нецярпеннем чакае ветэран мая 2015-га, калі разам з усёй краінай адзначыць 70-годдзе Вялікай Перамогі ў той вайне, да тэмы якой неаднойчы ў сваёй кінематаграфічнай творчасці звяртаўся яго таленавіты зямляк Міхаіл Пташук.
Галіна КАНЬКО
Канько, Г. Вёска, якая натхніла на кінашэдэўры / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2015. – 28 студзеня. – С. 3.
Friday, March 26, 2021
Пташук Міхаіл – беларускі кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1982). Шырокую вядомасць атрымалі яго экранізацыі знакамітых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – “Вазьму тваю боль” (паводле І.Шамякіна), “Чорны замак Альшанскі” (2 серыі , паводле У. Караткевіча), “Знак бяды” (паводле В. Быкава), а таксама іншыя кінастужкі. Ураджэнец в. Федзюкі.