Friday, March 26, 2021
МАРЫНОВА — вёска ў Альхоўскім с/с, за 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Брэст—Слуцк. 9 гаспадарак, 18 жыхароў (2005).
У 1870 г. Марынова (іншая назва Марынін) — вёска ў Востраўскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ., 27 рэвізскіх душ. У 1897 г. у вёсцы 10 двароў, 107 жыхароў. У 1909 г. — 16 двароў, 140 жыхароў, школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 10 двароў, 49 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Востраўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1950-я г. вёска перададзена ў склад Малагарадзішчанскага с/с. У 1940 г. 35 двароў, 183 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Гітлераўцы 24.6.1941 г. спалілі 16 двароў, загубілі 3 жыхароў. У 1949 г. у вёсцы створаны калгас імя В.І.Чапаева. У 1959 г. было 107, у 1970 г. 62 жыхары. З 15.5.1998 г. у Альхоўскім с/с. У 2002 г. 12 двароў, 20 жыхароў, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Малагарадзішча» (цэнтр — в. Малое Гарадзішча).
Марынова // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 290.
Friday, March 26, 2021
МАРЫНОВА
Марынова – вёска Альхоўскага сельсавета. Знаходзіцца за 18 кіламетраў ад райцэнтра на аўтадарозе Брэст-Слуцк.
Першае ўпамінанне вёскі – 1870 год. У 1909 годзе – 16 двароў, 140 жыхароў, была школа. З 1921 года ў складзе Польшчы, з 1939 – у складзе БССР.
У час Вялікай Айчыннай вайны, 24 чэрвеня 1941 года немцы спалілі 16 двароў, загубілі траіх жыхароў. 4 чалавека не вярнуліся з вайны. Гэта: Місель Мікалай Сямёнавіч, загінуў і пахаваны ў Мурманску; Місель Мікалай Вікенцьевіч загінуў ва Усходняй Прусіі; Місель Павел Сямёнавіч, прапаў без вестак; Свянтэцкі Віктар Паўлавіч, загінуў у маі 1945 года.
27 ліпеня 1949 года ў вёсцы створаны калгас імя Чапаева.
У 1950-я гады вёска была перададзена ў склад Малагарадзішчанскага сельсавета. У 1961 годзе быў створаны саўгас “Малагарадзішчанскі” і вёска ўвайшла ў яго склад. Цяпер землі вакол вёскі належаць Ляхавіцкаму райаграсервісу.
У вёсцы жылі сем’і: Свянтэцкія – іх дачка Аліна (па мужу Дыдышка) працавала дырэктарам Крывошынскай СШ, а цяпер на заслужаным адпачынку. Азямблоўскія – ён усё жыццё працаваў нарыхтоўшчыкам скаціны, дачка жыве ў Тухавічах і працуе настаўніцай. Міселі Леанід і Леакадзія і па сёняшні дзень жывуць у Марынове. Ён працаваў усё жыццё ў калгасе, а яна ў школе тэхнічкай.
Кожны двор у вёсцы быў прыбраны, бо там жылі дбайныя гаспадары. Зараз у Марынове пражывае 9 чалавек.