На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ТРАБАВІЧЫ — вёска ў Жарабковіцкім с/с, за 10 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. 13 двароў, 20 жыхароў (2005).
У 1590 г. Трабавічы – сяло маёнтка Сваятычы ў Навагрудскім ваяв., улас­насць Я.Пясецкага. У 1728 г. вёска таго ж маёнтка, уладанне Вольскіх- Дашкевічаў, 8 гаспадарак. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1846 г. вёска маён­тка Сваятычы, уласнасць Чапскіх, 12 двароў, 94 жыхары. У 1867 г. пры вёсцы, якая ўваходзіла ў склад Дараўскай вол., існавала карчма. У 1897 г. вёска, 26 двароў, 125 жыхароў. У 1909 г. — 32 двары, 210 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 33 двары, 184 жыхары. З 1939 г. у БССР. З 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вол. З 12.10.1940 г. у Сваятыцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Навасёлкаўскім, цяпер у Жарабковіцкім с/с. У 1940 г. 52 двары, 247 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Фрунзе, які з студз. 1952 г. быў уключаны ў склад узбуйненага калгаса «Савецкая Беларусь». У 1959 г. 189 жыхароў, у 1970 г. — 121 жыхар. У 2002 г. — 15 двароў, 23 жыхары, у складзе калгаса «Бела­русь» (цэнтр — в. Жарабковічы).

Трабавічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 312.

Friday, March 26, 2021
Трабавічы. Заўсёды так бывае, што ў вёсцы нічога ні добрага, ні кепскага не ўтоіш ад чужога вока. Калі каму-небудзь з немясцовых даводзілася тут бываць, заўсёды адзначалі, што ў гэтай вёсцы, як ў ніякай іншай у любую пару года здзіўляюць чысціня і парадак на любым падворку, на любой вуліцы. Усё тут было прыведзена да ладу. Агароджы роўныя, хаты ўсе дагледжаныя, няма ніякіх звалак. Нават кветкі ў агародчыках ёсць. Ды і самі людзі ахайныя, ветлівыя, гасцінныя, прад'яўляюць да сябе строгія патрабаванні. Слова "трэба” з іх языка не сыходзіць, як бы вясковы закон для кожнага. “Трэба так” казалі яны сваім аднавяскоўдам, калі нехта не надта прытрымліваўся іхняга правіла. Трэба, каб конь быў зацутляны, каб чалавек быў паголены, трэба. каб мелі прыстойны выгляд вяскоўцы. Суседзі, і хто там пабываў, сталі клікаць жыхароў ”трэбавічамі”. А затым і іх вёску. Гэта пазней яе назавуць Трабавічамі, так прасцей вымаўляецца.
   Ёсць і літаратурнае абгрунтаванне назвы вёскі. Слова "траба" балцкага паходжання. У перакладзе на нашу мову яно азначае "хата”. Пэўна гэта пасяленне спачатку было нешматлікім. Стаяла адна-дзве хаты. А ўжо потым тут пачалі сяліцца іншыя. Магло стаць і так, што вёску, жытло балты называлі абагуленым словам хата – “траба”. Затым да балцкага "траба" быў дастасаваны славянскі суфікс "ічы" і атрымалася - Трабавічы.

Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка/ У. М. Лаурэнау і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2003. – 427 с.

Адкуль
пайшла назва// Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 23 красавіка. – С. 3.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"