На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ЗАДВОР’Е – вёска ў Альхоўскім с/с, каля р. Шчара, за 4 км на ПдЗ адгорада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе, якая звязвае Ляхавічы з шашой Брэст–Слуцк. 211 гаспадарак, 608 жыхароў (2005).
Два помнікі археалогіі (стаянкі), якія размешчаны за 1 км на ПнУ ад вёскі і адносяцца да эпохі мезаліту і бронзавага веку, сведчаць аб засяленні тэр. вёскі ў старажытнасці.
Паводле пісьмовых крыніц, у 1616 г. Задвор’е – сяло маёнтка Гарадзішча (іншая назва Гарадзішча-Алдавіцкае) у Навагрудскім пав., 9 валок зямлі, уладанне Я.К.Хадкевіча, Х.Камінскага (з 1616 г.), пазней Бухавецкіх. Побач з сялом размяшчаўся млын. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1847 г. Задвор’е – вёска фальварка Галдавічы маёнтка Ляхавічы, уласнасць графа С.М. Касакоўскага, 3 ½ валокі зямлі, 5 двароў, 37 жыхароў. У 1897 г. вёска ў Ляхавіцкай вол., 25 двароў, 152 жыхары. У 1909 г. – 34 двары, 181 жыхар. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 16 двароў, 64 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не, Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Пад’язаўлянскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 20.5.1968 г. у Альхоўскім с/с (перайменаваны Пад’язаўлянскі с/с). У 1940 г. у вёсцы 50 двароў, 236 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У баях каля вёскі загінулі 3 сав. воіны (пахаваны ў брацкай магіле на тэр. ільнозавода). У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Чырвоная зорка”, які ў ліст. 1952 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса “Зорка камунізму” Альхоўскага с/с. У 1959 г. было 223 жыхары, у 1970 г. – 254 жыхары. У 2002 г. 219 двароў, 691 жыхар, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства “Малагарадзішча” (цэнтр – в. Малое Гарадзішча). Працуюць дзіцячы сад, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі, магазін, льнозавод. 

Задвор’е
// Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 275.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"