На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ЛІПСК – вёска ў Крывошынскім с/с, каля р. Ліпнянка, за 24 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Ліпск–Крывошын. 458 гаспадарак, 1063 жыхары (2005).
Помнік археалогіі – стаянка эпохі мезаліту (размешчана за 3 км на Пд ад вёскі, на хутары Шура) сведчыць аб засяленні тэрыторыі вёскі ў старажытнасці.
У пісьмовых крыніцах Ліпск згадваецца з канца 15 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ. У 1492 г. сяло, цэнтр Ліпскай вол. (дзярж. уласнасць), якая была аддадзена ва ўладанне М. Радзівілу. У 1528 г. сяло, цэнтр воласці, уласнасць Радзівілаў. У 1563 г. Ліпск – мястэчка, цэнтр воласці. У 1584 г. М. Радзівіл падараваў Ліпскую вол. з “местам” Ліпск, 6 вёскамі і маёнткам Рэпіхава Нясвіжскай езуіцкай калегіі. У 1589 г. “места” Ліпск – цэнтр воласці, уласнасць каталіцкага манаскага ордэна езуітаў. У 1789 г. дзярж. мястэчка Навагрудскага ваяв. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. Ліпск – мястэчка маёнтка Рэпіхава, 70 гаспадарак, 404 жыхары, уладанне графіні І. Патоцкай (атрымала маёмасць у спадчыну ад Р. Тызенгаўза). У 1867 г. мястэчка ў Крывошынскай вол., 556 жыхароў. У 1886 г. – 64 двары, 650 жыхароў. У 1897 г. Ліпск – мястэчка (143 двары, 920 жыхароў) і паселак (1 двор, 2 жыхары) на зямлі Патоцкіх, каля шляху з вёскі Залужжа ў Крывошын. У 1909 г. у мястэчку 176 двароў, 1154 жыхары, школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Крывошынскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 184 двары, 841 жыхар (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. цэнтр Ліпскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Крывошынскім с/с. У 1940 г. 280 двароў, 1600 жыхароў, няпоўная сярэдняя школа, урачэбны участак, выканком сельсавета. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. 14 студз. 1944 г. акупанты растралялі 9 вяскоўцаў і 2 партызан, якія былі пахаваны ў цэнтры вёскі (помнік на магіле ўстаноўлены ў 1967 г). У 1950 г. у вёсцы створаны калгас імя Вярх. Савета СССР, які ў 1952 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса “Шлях Ільіча”. У 1959 г. было 1211, у 1970 г. 1549 жыхароў. У 1987 г. у цэнтры вёскі на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі на франтах вайны і ў партыз. барацьбе, устаноўлены помнік (скульптар С. Шабека). У 2002 г. 458 двароў, 1152 жыхары, цэнтр калгаса “Шлях Ільіча”, які аб’ядноўвае 5 вёсак. Працуюць магазін, сталовая, аддз. сувязі, сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, Дом культуры, фельч.-акушэрскі пункт. Ліпск – радзіма кавалера ордэна Славы трох ступеняў А.І. Малевіча, генерала-маёра А.І.Бацкалевіча.  

Ліпск // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 286–287.

Friday, March 26, 2021
                                          Ліпскія замалёўкі
На пад’ездзе да Ліпска, здаецца, сонца высадзіла свой дэсант – такім асляпляльна-жоўтым рапсавым пейзажам сустракае аграгарадок. Тутэйшыя жыхары расказваюць, што некалі ў гэтых краях расла безліч ліпаў – адсюль і назва вёскі. Мясціны тут – залюбуешся, прырода –зачаруешся.
Населены пункт – адзін з самых вялікіх у раёне. Аграгарадок жыве, развіваецца, нараджаюцца і вылятаюць, як птушкі з гнязда, дзеці. Што ні чалавек – носьбіт гісторыі і традыцый Ліпска, яго багатай спадчыны і адметных падзей.
На мясцовай школе размешчана мемарыяльная дошка ў гонар славутага земляка – поўнага кавалера ордэна Славы Аляксандра Малевіча. Партызаніў у Вялікую Айчынную. На фронце камандзір стралковага аддзялення вызначыўся пры вызваленні Польшчы і ў баях на тэрыторыі Германіі. Вярнуўся з вайны, наладжваў мірнае жыццё, працаваў лесніком, займаўся пчалярствам. Памяць пра роднага чалавека свята захоўваюць чацвёра дзяцей (2 сыны і 2 дачкі, трое з якіх тут жа, у вёсцы), 7 унукаў і 5 праўнукаў. Дарэчы, у бацькоўскім доме жыве сям’я малодшага сына Аляксандра, якая сёння займаецца фермерствам. На чале фермерскай гаспадаркі “Ліпнянка-Агра” Наталля Малевіч – жанчына дзелавая і прадпрымальная. Стараннасці сям’і не займаць – вырошчваюць агародніну на плошчы 25 гектараў, трымаюць падсобную гаспадарку.
У Ліпскай СШ вучыўся кавалер трох ордэнаў Славы Аляксандр Малевіч.
Ветлівую і працавітую Зінаіду Дыдышка праславіла ўменне пячы смачны хлеб з іржаной мукі. Яна і сёння можа даць майстар-класс па хлебапячэнні, сакрэты якога ёй перадала бабуля. Для гэтага ў гаспадыні маюцца ўсе неабходныя прыстасаванні: драўляная кадушка, бляхі для выпякання і самае галоўнае – сапраўдная руская печ.
– Каб рашчыніць цеста, трэба наскрэбці зваранай бульбы і патаўчы яе, дабавіць вады, працадзіць. Лішняе выліць, усыпаць муку і паставіць на печ на дзень і ноч кіснуць. Раніцай вымесіць цеста, даць яму падысці, раскласці па формах – і ў печ, – дзеліцца сакрэтам смачнага хлеба Зінаіда Іванаўна.
Памяць яе захоўвае дзіцячыя ўспаміны пра вайну. Пяклі хлеб, перадавалі партызанам. Перад тым, як немцы спалілі Залужжа, бабуля, якая выхоўвала яе з сястрой, адправіла дзяўчынку да сваякоў… Сірата, з дзяцінства прывучаная да сялянскай працы, спаўна зведала горкую прозу жыцця. Малола зерне, пякла хлеб, прала, ткала. Сама часала воўну, прыдумвала мудрагелістыя ўзоры. Хадзіла ў Баранавічы па фарбы для нітак, каб абрус атрымаўся “жывым” і яркім. І за кросны. Ткаць, ткаць… Рана засталася ўдавой, адна расціла чатырох дачушак.
Смак хлеба Зінаіды Дыдышка ведаюць не толькі ў Ліпску.
– Жылося цяжка, але цікава. Людзі ў нас добрыя, шчырыя, падтрымлівалі адзін аднаго – а разам заўсёды спраўней, – жыццярадасна адзначае 79-гадовая жанчына. Яе багацце ў дочках, 8 унуках і 4 праўнуках.
Адрас педагога, у мінулым настаўніцы матэматыкі Ніны Вольскай ведаюць і не забываюць вучні, былыя выпускнікі. Ураджэнка Магілёўшчыны за амаль 60 гадоў стала сваёй у Ліпску. Прыйшла ў школу, не маючы педагагічнай спецыяльнасці. Настаўнікі сустрэлі дзяўчыну добразычліва і ветліва. Атрымала вышэйшую адукацыю, была арганізатарам, завучам па вытворчым навучанні. Кожны дзень у школу спяшаліся 650 вучняў, займаліся ў 3 змены. 11 гадоў Ніна Іванаўна была сакратаром партыйнай арганізацыі і тады ж яе абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яна і сёння асоба ў вёсцы паважаная.
…Ёй было 8 гадоў, калі бацька загінуў на вайне:
– З жахам успамінаю ваеннае дзяцінства. Нас у мамы было чацвёра. Калі прыйшла пахавальная на тату, умомант пасталелі. Трэба было выжываць…
– Дысцыпліна ў савецкі час была вельмі строгай. Хацела адмовіцца ад пасады арганізатара, бо дзіцяці быў месячык, – вызвалі на партбюро. Муж з сынам застаўся ў калідоры чакаць. Сказалі, што трэба, – успамінае Ніна Іванаўна.
Ветэран працы Ніна Вольская – нераўнадушны чалавек.
Так і працавала, сумяшчала школьныя абавязкі з удзелам у камісіі па народнай адукацыі, у пасяджэннях сесій, з сустрэчамі з выбаршчыкамі, з дапамогай землякам у вырашэнні спрэчных пытанняў і праблем… Трое сыноў радавалі бацькоў і вучобай, і паводзінамі. Жанчына беражліва захоўвае іх граматы і шматлікія падзякі, залаты медаль сярэдняга сына Міхаіла. Усе трое выраслі дастойнымі людзьмі, атрымалі вышэйшую адукацыю.
Двор ліпчан Віктара і Марыны Гатоўчыцаў уражвае дагледжанасцю. Для сваіх дзяцей Антона, Мішы і Надзі яны стварылі сапраўдны цуд. Тут і альтанка, і турнікі, і казачныя персанажы, і мноства кветак. Марына працуе настаўніцай у Ліпскай СШ, зараз у дэкрэтным водпуску з двухгадовай дачушкай. Усё ў іх доме прасякнута любоўю, павагай і ўзаемадаверам. Сям’я летась стала пераможцай раённага конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне двара. Трымаюць гаспадарку, вядуць здаровы лад жыцця. Галава сям’і – выратавальнік мясцовага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста, удзельнічае ў бегавых марафонах і сяброўскіх забегах. У нацыянальным фестывалі бегу “Языльская дзясятка” ў мінулым годзе заняў 3 месца. Да фізічнай культуры ён далучае ўсю сям’ю.
Радуе, што і маладыя сем’і звязваюць сваё жыццё з вёскай. Як гавораць, “дзе нарадзіўся – там і згадзіўся”. Народ тут працавіты, энергічны, некаторыя маюць падсобную гаспадарку.
Стараста вёскі Валянціна Дыдышка, якая 9 гадоў на гэтай пасадзе, расказвае, што некалі толькі тыя, хто жыве ў шматкватэрніках, трымалі 82 каровы. Зараз, праўда, толькі 4. І ў гаспадарцы Валянціны Сцяпанаўны ў хляве суседнічаюць карова і конь.
У сельскім Доме культуры ладзяцца дыскатэкі, разнастайныя святочныя праграмы. Сапраўднай падзеяй штогод становіцца свята вёскі. Той, хто імкнецца і жадае, знаходзіць сабе справу па інтарэсе. Фальклорная група “Ліпчанка” – адпачынак у жыццёвым кругазвароце для яе ўдзельнікаў. Вера Здановіч, якая шмат гадоў спявае ў ёй, расказвае, што ў рэпертуары “Ліпчанкі” розныя песні, але па душы – народныя, песні бацькоў. У складзе народнага Ліпскага хору СДК як моладзь, так і людзі больш сталага ўзросту.
У чарадзе дзён узнікаюць пытанні, якія мясцовыя жыхары не могуць вырашыць самастойна. Пенсіянерам цяжка насіць на другі паверх дровы – патрэбна цэнтральнае ацяпленне. Просяць, каб доктар часцей прыязджаў на ФАП. А яшчэ хвалюе стан цэнтральнай і іншых вуліц.
Растуць у аграгарадку дзеткі. Іх у мясцовай школе 109. Яны ганарацца сваімі землякамі. Ведаюць і пра Сцяпана Бурбіцкага, які штурмаваў Зімні палац у Грамадзянскую вайну.
Развівае таленты хлопчыкаў і дзяўчынак філіял Тухавіцкай школы мастацтваў. Работа Кацярыны Дыдышка “Восень залатая” (настаўнік Васілій Грынь) прымала ўдзел у міжнародным конкурсе жывапісу і графікі “На сваёй зямлі”.
Працяг гісторыі роднай вёскі будуць пісаць яны, цяперашнія школьнікі. Няхай ён будзе цікавым і шчаслівым. Няхай мясцовая гаспадарка – СВК “Ліпнянка” – набярэ моцы, няхай у маладога старшыні Святланы Курэц і яе калег гэта атрымаецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Перапечка, Н.
Ліпскія замалёўкі / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 23 мая. – С. 4.

Friday, March 26, 2021
Ліпск. Старажылы тлумачаць паходжанне назвы тым, што на вуліцах вёскі расце шмат ліп, якія здаўна з’яўляліся адметнасцю гэтай мясцовасці.

Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

Friday, March 26, 2021
Бацкалевіч Аляксандр Іванавіч - удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Нарадзіўся ў 1897 г. ў в. Ліпск Ляхавіцкага р-на. Генерал-маёр (1944).
Глядзець тут...

Вайшэвіч Вячаслаў -
паэт нарадзіўся ў вёсцы Ліпск.
Глядзець тут...

Валюкевіч Генадзь
– беларускі савецкі спартсмен (лёгкая атлетыка), чэмпіён Еўропы ў закрытым памяшканні і сярод юніораў. Пераможца і прызёр міжнародных і ўсесаюзных спаборніцтваў. Ураджэнец   в. Ліпск.

Дыдышка Вера – паэтка, нарадзілася ў в. Ліпск,  настаўнічала ў Ляхавіцкім раёне. Выдала паэтычныя зборнікі “Святло душы”, “Надежда”, “Узрушэнне сэрца”.
Глядзець тут...

Дыдышка Ніна - пісьменніца. Нарадзілася 10 сакавіка 1947 года ў вёсцы Ліпск Ляхавіцкага раёна.
Глядзець тут...

Малевіч Аляксандр Іванавіч - поўны кавалер ордэна Славы нарадзіўся ў 1920 г. ў в. Ліпск Ляхавіцкага раёна.
Глядзець тут...

Пастарнакевіч Людміла – спартсменка, былы дырэктар рэспубліканскага горналыжнага цэнтра  “Сілічы”, ураджэнка в. Ліпск. З 2018 узначальвае Барысаўскі фізкультурна – аздараўленчы комплекс.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"