Friday, March 26, 2021
КРЫВОШЫН – вёска, цэнтр Крывошынскага с/с, каля р. Ліпнянка, за 21 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. Транспартныя сувязі па аўтадарозе, якая звязвае вёску з шашой Івацэвічы–Ляхавічы. 317 гаспадарак, 976 жыхароў (2005).
Помнікі археалогіі – 2 курганы (размешчаны за 0,6 км на Пн ад школы і 0,1 км на З ад дарогі Крывошын–Ляхавічы, у лесе) сведчаць аб засяленні тэрыторыі вёскі ў старажытнасці.
Гісторыя Крывошына цесна звязана з гісторыяй в. Рэпіхава, якая існавала побач і была вядома з 1481 г. як двор Рэпіхаў, уладанне Ю.Гайцэвіча, Іллінічаў, Радзівілаў. У 1584 г. М.К.Радзівіл у ліку іншых наданняў падараваў маёнтак Рэпіхаў у Навагрудскім ваяв, манахам ордэна езуітаў, якія пры калоніі ў Крывошыне ў 1670 г. пабудавалі мураваны касцёл у стылі барока (у 1863 г. перабудаваны ў царкву). У 1789 г. Крывошын — дзярж. мястэчка. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1844 г. Крьвошын — мястэчка маёнтка Рэпіхава, 18 двароў, 127 жыхароў, уладанне графіні І.Патоцкай (спадчынніца графа Рудольфа Тызенгаўза). Непадалёку ад мястэчка (за 2 вярсты) размяшчалася сядзіба маёнтка Рэпіхава, дзе ў 2-й пал. 19 ст. вялося фарміраванне пейзажнага парку (пл. больш за 6 га; захаваўся). Паркава-сядзібны комплекс Рэпіхава ўключаў сядзібны дом (2-павярховы палац, не захаваўся), флігель фурмана і кухара, стайню, лядоўню, склеп, тэнісную пляцоўку, пляцоўку з кругам і бар’ерам для аб’язджання коней, псярню, сажалкі, агарод, цяпліцы і сад. У Рэпіхаве прайшлі дзіцячыя гады Я.Чачота, бел. і польскага паэта, сябра А.Міцкевіча. 9.6.1863 г., падчас паўстання 1863—64 гг., побач з Крывошынам, у Рэпіхаўскім лесе, адбыўся бой паміж царскімі войскамі і паўстанцамі, якія ў выніку бою панеслі вял. страты (у 1988 г. на месцы бою ўстаноўлены камень-валун з надпісам). У 1867 г. у мястэчку Крывошын было 40 двароў, 275 жыхароў. У 1886 г. мястэчка — цэнтр Крывошынскай вол.; размяшчаліся валасное праўленне, нар. вучылішча (з 1862 г.), Пакроўская царква (былы касцёл, захавалася), капліца, 18 двароў, 290 жыхароў. У сядзібе Рэпіхава, побач з мястэчкам, працавалі вінакурня, вадзяны млын. У 1897 г. у мястэчку 64 будынкі, 376 жыхароў, царква, нар. вучылішча, хлебазапасны магазін, піцейная установа; 1 раз на год праводзіўся кірмаш. Сядзіба маёнтка Рэпіхава (часам называлі Крывошын; у маёнтку было 22 462 дзес. зямлі), уласнасць графоў Патоцкіх, налічвала 14 пабудоў, 39 жыхароў; сядзіба прычта Пакроўскай царквы — 11 жыхароў. У 1909 г. у мястэчку 75 двароў 523 жыхары. З ліст. 1918 г. да вер. 1920 г. (з перапынкам) у Крывошыне дзейнічаў валасны рэўком (старшыня В.В.Варвашэвіч; у 1980 г. на доме, у цэнтры вёскі, дзе размяшчаўся рэўком, устаноўлена мемарыяльная дошка).
З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр Крывошынскай гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; фальварак і вёска, 71 двор, 358 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёска — цэнтр Крывошынскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл.
У 1940 г. у вёсцы 135 двароў, 523 жыхары, станцыя вузкакалейнай чыгункі Баранавічы—Крывошын, выканком сельсавета (у будынку былой гміннай управы), аддз. сувязі, 3 тэлефоны, няпоўная сярэдняя школа, у былым маёнтку Рэпіхава працавалі бальніца і аптэка. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да 7.7.1944 г. Крывошын акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. 21 студз. 1944 г. гітлераўскія карнікі расстралялі 2 вучняў Крывошынскай школы. Усяго за гады вайны ў барацьбе з ням.-фаш. акупантамі загінулі 5 вучняў школы (мемарыяльная дошка загінуўшым устаноўлена на будынку школы ў 1985 г.). У баях з ворагамі пры вызваленні вёскі загінулі 57 сав. воінаў і 2 партызаны (пахаваны ў цэнтры вёскі, у 1957 г. на магіле ўстаноўлены помнік). У 1950 г. вяскоўцы стварылі калгас «8-е Сакавіка», які ў 1952 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса «Шлях Ільіча». У 1959 г. было 1114, у 1970 г. 1544 жыхары. У 1978 г. за 2 км на Пн ад вёскі на магіле 6 жыхароў вёскі Залужжа, якія былі расстраляны гітлераўцамі ў маі 1942 г., пастаўлена мемарыяльная пліта. У 1985 г. на будынку сярэдняй школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка ўраджэнцу Крывошына, Герою Сав. Саюза Г.С.Здановічу. У гонар 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у скверы ўстаноўлены мемарыяльны знак. У 2002 г. 323 двары, 1142 жыхары, у складзе калгаса «Шлях Ільіча» (цэнтр — в. Ліпск). Працуюць комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, магазін, дзіцячы сад, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, фельч.-акушэрскі пункт, царква, аптэка, аддз. сувязі. Вёска — радзіма бел. кампазітара А.К.Санько, Героя Сав. Саюза генерал-маёра Г.С.Здановіча.
Крывошын // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 282–284.
Friday, March 26, 2021
Крывошын. Паводле аповядаў вяскоўцаў існуюць некалькі паданняў пра паходжанне назвы вёскі Крывошын.
Адно сцвярджае, што некалі на месцы Крывошына стаяла хатка гаёвага, які меў крывую шыю. Другое звязвае назву з адметнасцю дарогі, каля якой узнік Крывошын. Нібыта дарога мела частыя выгіны і ў едучых па ёй падарожных пачынала ад тых паваротаў у галаве круціцца, быццам ад выпітай чаркі. Таму і празвалі тую дарогу "крывы шынок". А можа і сапраўды вяла яна да шынка з такою назваю.
Кривошин. Название, производное от фамилий Кривой. Кривошин.
Крывошын // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
Friday, March 26, 2021
Рэпіхава - парк ля вёскі Крывошын. Першае ўпамінанне пра Рэпіхава датуецца 1481 годам. Фарміраванне парку ў тым выглядзе, які мы можам убачыць сёння, пачалося не пазней 60-70-х гадоў ХІХ ст.
Глядзець тут...
Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы - у цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1740 г. з цэглы як касцёл, у 1864—66 гг. перабудавана пад царкву. Царква — помнік архітэктуры барока i рэтраспектыўна-рускага стылю.
Friday, March 26, 2021
Басуматрава Святлана Міхайлаўна - член Саюза пісьменнікаў Беларусі. З Ляхавіччынай лёс звязаў Святлану Басуматраву ў 1970 годзе. У в. Крывошын адкрылася новая сярэдняя школа.
Глядзець тут...
Здановіч Гаўрыіл Станіслававіч - Герой Савецкага Саюза генерал-маёр. Нарадзіўся 10 апреля 1900 года ў вёсцы Крывошын.
Глядзець тут...
Зорын Валянцін Паўлавіч - кандыдат сельскагаспадарчых навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай інжынернай акадэміі. Нарадзіўся 2 мая 1948 года ў в. Крывошын, Ляхавіцкага раёна, Брэсцкай вобласці.
Глядзець тут...
Зыранава (Каспяровіч) Галіна Фёдараўна - паэтка, настаўніца, спявачка. Нарадзілася 6 чэрвеня 1982 года ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна.
Глядзець тут...
Санько Анатоль – беларускі кампазітар, член саюза кампазітараў СССР. Ён аўтар многіх твораў праграмна – сімфанічнага і канцэртна – інструментальнага жанру. Прызнанне слухачоў атрымалі “Песня аб роднай зямлі”, вальс “Старая Вена”. Творча супрацоўнічаў з сучаснымі паэтамі. Нарадзіўся ў в. Крывошын.
Глядзець тут...
Чачот Ян - вядомы дзеяч беларуска – польскага фальклорна – літаратурнага памежжа 19 стагоддзя, пачынальнік новай беларускай літаратуры . Сям’я Чачотаў перабралася пад Баранавічы дзе бацька пачаў служыць аканомам у маёнтку Рэпіхава (каля в. Крывошын) графа Тызенгаўза .
Глядзець тут...