Friday, March 26, 2021
ДАМАШЫ — вёска ў Жарабковіцкім с/с, за 12 км на ПнУ ад Ляхавіч, 6 км ад чыг. прыпынку Жарабковічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. 50 гаспадарак, 90 жыхароў (2005).
У 1776 г. Дамашы — вёска маёнтка Сваятычы ў Навагрудскім ваяв., уладанне Вольскіх, Дашкевічаў, 17 гаспадарак. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1846 г. уласнасць графоў Чапскіх, 23 двары, 192 жыхары. У 1867 г. вёска Дараўскай вол., карчма. У 1897 г. у вёсцы 45 двароў, 275 жыхароў, кузня, 2 ветраныя млыны. У 1909 г. — 55 двароў, 346 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 67 двароў 370 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Сваятыцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Навасёлкаўскім, цяпер у Жарабковіцкім с/с. У 1940 г. 78 двароў, 391 жыхар. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1959 г. было 398, у 1970 г. 288 жыхароў. У 2002 г. 50 двароў, 99 жыхароў, у складзе калгаса «Беларусь» (цэнтр — в. Жарабковічы). Ёсць магазін.
Вёска — радзіма бел. філосафа, доктара філасофскіх навук І.І. Антановіча, лаўрэата Дзярж. прэміі Беларусі У.А.Пранько.
Дамашы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 270.
Friday, March 26, 2021
Дамашы. Назва суадносіцца з УАІ Дамаш - варыянт царкоўнага імя Дамиан. У беларусау ад гэтага імя ўтворана шмат прозвішчаў: Дамаш, Дамашоў, Дамашэвіч, Дамашык, Домаш, Домась і інш. Імя магло стать асновай для тапоніма праз утвораныя на яго аснове прозвішчы Дамаш, Домаш. Множналікавы фармант азначае, што паселішча заснавана на калектыўных пачатках.
Дамашы. Спачатку слова "домаш” было мянушкай, якое затым перарасло ў прозвішча і назву вёскі. I сёння людзей з такім прозвішчам у наваколлі шмат.
Домаш - значыць такі чалавек, які не прывык у вольны час хадзіць да суседзяў і знаёмых, а часцей за ўсё знаходзіўся дома.
У. А. Юрэвіч у кнізе "Слова жывое, роднае. гаваркое..." "дамашамі" называе тых жанчын, якія ў гарачую пару сенакосу ці жніва заставаліся даглядаць малых дзяцей, а таксама тых гаспадароў, што не бегаюць па чужых хатах, а заняты сваімі гаспадарчымі справамі.
Вёску, ў якой жывуць такія людзі, назвалі Дамашамі.
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
Дамашы // Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка/ У. М. Лаўрэнаў і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2003. – С. 24-25.
Friday, March 26, 2021
Антановіч Іван Іванавіч – былы міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь (1997 – 1998, доктар філасофскіх навук, ураджэнец в. Дамашы).
Глядзець тут...
Пранько Уладзімір нарадзіўся ў в. Дамашы. Працаваў галоўным аператарам Рэспубліканскай студыі тэлебачання, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.