Friday, March 26, 2021
ПІРШТУКІ — вёска ў Жарабковіцкім с/с, за 10 км на ПнУ ад Ляхавіч, 9 км ад чыг. ст. Пагарэльцы на лініі Баранавічы—Мінск. 5 двароў, 6 жыхароў (2005).
У 1789 г. Пірштукі (іншая назва Перштукі) — уласнасць каталіцкай царквы ў Навагрудскім ваяв. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Навагрудскім пав. Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў. У 1833 г. фальварак і вёска казённага маёнтка Дарава. У фальварку меліся жылыя і гасп. пабудовы, у вёсцы — 9 двароў, 86 жыхароў, шынок. У 1897 г. вёска Дараўскай вол., 22 двары, 126 жыхароў. Побач з ёю пры ваенна-камунікацыйнай дарозе на Нясвіж стаяла карчма, было 5 жыхароў. У 1909 г. у вёсцы 28 двароў, 156 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 39 двароў, 204 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Сваятыцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Навасёлкаўскім с/с, цяпер у Жарабковіцкім с/с. У 1940 г. 45 двароў, 210 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія у ліп. 1944 г. спалілі 15 двароў, загубілі 12 жыхароў. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Савецкая Беларусь”, з 17.11.1980 г. вёска знаходзілася ў складзе калгаса “Беларусь” (цэнтр – в. Жарабковічы). У 1959 г. 179 жыхароў, у 1970 г. – 95 жыхароў. У 2002 г. – 8 двароў, 9 жыхароў.
Пірштукі // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 303.
Friday, March 26, 2021
ІІірштукі. Як няма аднолькавых дрэў у лесе, траў і кветак у лузе, так і не існуе аднолькаввіх людзей. Hi ў сэнсе духоўнага зместу, ні знешніх прымет.
Жыла калісьці ў гэтых мясцінах вялікая сям'я. Гаспадар быў чалавекам вялікага розуму, але вось абдзяліў яго Бог ростам і мажнасцю. Розум чалавека выяўляецца ў гутарцы з ім, у ягоных думках і справах. Але, каб убачыць яго, трэба мець зносіны. Вось і наш гаспадар сярод тых, хто побач, быў бы палец-мезінец. А паколькі належаў род да балцкіх насельнікаў, то пачалі чалавека зваць "пірштас", што па-іхняму значыць “палец”. 3 цягам часу гэтай мянушкай сталі клікаць усіх сваякоў гэтай сям’і. А яшчэ пазней яна стала прозвішчам і ўвасобілася ў назву вёскі. Сёння тут і ў наваколлі шмат людзей з такім прозвішчам, хаця на выгляд многія з іх даволі высокія і моцныя.
Магчыма, існуюць яшчэ іншыя тлумачэнні паходжання назвы. Ва ўсякім разе гэтае, як - кажуць, мае сэнс.
Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка / У. М. Лаўрэнаў і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”, 2003. – 427 с.