Friday, March 26, 2021
ЧВЫРЫ – вёска ў Конькаўскім с/с, каля р. Шчара, за 7 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 1 км ад чыг. прыпынку Федзюкі на лініі Баранавічы–Асіповічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Баранавічы–Ляхавічы. 20 двароў, 35 жыхароў (2005).
У 1836 г. вёска Чвыры, ці Хведзюкі, 3 двары, 23 жыхары, уваходзіла ў склад маёнтка Дарава Харунжэўскае Навагрудскага пав. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерняў, уласнасць Керсноўскіх. У 1844 г. 3 двары, 24 жыхары. У 1889 г. побач з вёскай знаходзіўся фальварак Чвыры, 27 дзес. зямлі, уладанне Ю.С.Дарожынскага. У 1897 г. у суседніх вёсках Чвыры, Цыр, Нагорная Дараўскай вол. Было 20 двароў, 139 жыхароў, меліся кузня, ветраны млын. Побач з Чвырамі праходзіла чыгунка, знаходзілася вёска Федзюкі. У 1909 г. у вёсцы Чвыры было 6 двароў, 46 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 23 двары, 111 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Федзюкоўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У 1940 г. У вёсцы 35 двароў, 169 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Чырвоная зорка”, які ў студз. 1952 г. быў уключаны ў склад узбуйненага калгаса “Кастрычнік”. У 1959 г. было 174 жыхары, у 1970 г. – 131 жыхар. У 2002 г. – 22 двары, 38 жыхароў, у складзе калгаса “Кастрычнік” (цэнтр – в. Конькі).
Чвыры // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 317–318.
Friday, March 26, 2021
Замалёўкі ў пастаральным жанры. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: ЧВЫРЫ і ДРЭКІ
На тэрыторыі Конькаўскага сельсавета ёсць дзве невялікія вёсачкі –Чвыры і Дрэкі. Ад Ляхавічаў абедзве прыкладна ў дзесяці хвілінах язды. Яны ніколі не былі густанаселенымі, а сёння тут і наогул засталося ад сілы тры-чатыры двары. А яшчэ гэтыя вёскі аблюбавалі дачнікі.
Іосіфавіч і яго восем катоў
У дзесяці хвілінах язды ад Дрэкаў раскінулася вёск а Чвыры. Карэнных жыхароў тут можна пералічыць па пальцах адной рукі, і тыя перыядычна з’язджаюць у гарады да сваякоў.
24 гады тут жыве пенсіянер Расціслаў Барысевіч. Калісьці разам з жонкай вырашылі перабрацца ў вёску далей ад гарадской мітусні. Шукалі дом доўга, але ўсё было не тое. А калі прыехалі сюды – спадабалася: побач лес, рэчка. Да таго ж з-за праблем са здароўем Расціслаў Іосіфавіч не мог кіраваць аўтамабілем, а тут блізка чыгуначны прыпынак.
З жонкай душа ў душу пражылі 61 год. Год назад мужчына аўдавеў. Але і зараз у доме ўтульна, пануе ідэальны парадак – так гаспадыня прывучыла.
Гаспадаркі не трымае, затое да яго прыбягаюць восем катоў: суседзі з’ехалі, а жывёл пакінулі ў вёсцы. Расціслаў Іосіфавіч іх падкормлівае.
Скардзіцца: адзінае, чаго не хапае, – суседзяў. На сваёй вуліцы пенсіянер застаўся адзіным жыхаром. Так і праводзіць вечары: глядзіць тэлевізар ці чытае газеты. Але нягледзячы на гэта, з’язджаць адсюль не плануе.
Домік вокнамі ў лес
Каля лесу на ўскрайку Чвыроў стаіць невялікі домік. Яго гаспадыню –пенсіянерку Вольгу Кулаеву – застаём за хатнімі справамі.
Гісторыя яе сям’і магла легчы ў аснову кінастужкі. Бацьку Вольгі падчас Вялікай Айчыннай вайны прызвалі на фронт, ён удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда.
Мама родам з Цвярской вобласці, падчас вайны працавала ў тыле, дапагала капаць акопы, калі немцы падышлі да Масквы. Яе маці і сястру немцы вывезлі ў канцлагер пад Слуцкам. Калі людзей вызвалілі, хворых і знясіленых развозілі па вёсках.
– Так мая цётка Шура аказалася ў Чвырах. Па шчаслівай выпадковасці яе знайшла мама і прыехала выходжваць. Тут яна сустрэла майго бацьку, – успамінае Вольга Кулаева.
У сям’і нарадзіліся восем дзяцей. Жылі дружна:разам працавалі, разам адпачывалі. У школу праз лес хадзілі ў Федзюкі. Там жа атрымалі значкі акцябрат, а потым павязалі піянерскія гальштукі. Старэйшыя класы скончылі ў Ляхавічах.
Калі былі падлеткамі, кожныя выхадныя арганізоўвалі танцы. Скідваліся, хто колькі можа, і запрашалі баяніста. На вечарыны прыязджалі рабяты з Галавачоў, Конек, Федзюкоў…
Бадай самы яркі ўспамін маладосці – песні аднавяскоўцаў: спявалі на Купалле, калі збіраліся на беразе ракі… А якія меладычныя напевы чуліся, калі вымочвалі лён ці дружна працавалі ў полі.
28 гадоў пенсіянерка працавала на чыгунцы. І прызнаецца: куды б жыццё не заносіла, яе заўсёды цягне сюды, на Ляхавіччыну, у вёску Чвыры, дзе на ўскрайку стаіць бацькоўская хата.
…Пакідаем вёскі з нейкім шкадаваннем. Як жа тут лёгка дыхаецца, як жа ясна думаецца, а якая прырода! Якія цудоўныя людзі жывуць у нашым раёне! Яны, акрамя іншага, беражліва захоўваюць гісторыю сваёй сям’і, каб праз шмат гадоў іх дзеці і ўнукі памяталі і перадавалі нашчадкам.
Ірына КУЗЬМІЧ.
Кузьміч, І. Замалёўкі ў пастаральным жанры [урывак] /Ірына Кузьміч // Ляхавіцкі веснік. – 2020. – 8 лютага (№ 10). – С. 8-9.