Friday, March 26, 2021
КУРШЫНАВІЧЫ – вёска, цэнтр Куршынавіцкага с/с, за 18 км на ПдУ ад Ляхавіч, 3 км ад чыг. прыпынку Буды на лініі Баранавічы—Лунінец, на аўтадарозе Ляхавічы—Ганцавічы. 190 гаспадарак, 434 жыхары (2005).
За 0,4 км ад вёскі, справа ад дарогі на в. Гайнінец, у лесе знаходзіцца помнік археалогіі — курганны могільнік (26 насыпаў), які сведчыць аб засяленні тэрыторыі вёскі ў старажытнасці.
У пісьмовых крыніцах звесткі пра вёску сустракаюцца з 16 ст. У 1552 г.
Куршынавічы — сяло Мядзведзіцкай вол., уласнасць Віленскага каталіцкага біскупства ў Навагрудскім ваяв. У 1774 г. вёска Мядзведзіцкага ключа, уладанне каталіцкай царквы. З 1791 г. у новаўтвораным Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. вёска фальварка Рудня маёнтка Савейкі, уладанне Валерыі Рдултоўскай, 23 двары, 153 жыхары. З 1860 г. уласнасць памешчыка Навіцкага. У 1870 г. — 97 рэвізскіх душ. У 1897 г. вёска ў Мядзведзіцкай вол., 60 двароў, 439 жыхароў. У 1909 г. — 71 двор, 523 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 98 двароў, 550 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёска — цэнтр Куршынавіцкага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1940 г. — 150 двароў, 919 жыхароў, пач. школа, медпункт. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Ад рук карнікаў і ў партыз. барацьбе загінулі 12 вяскоўцаў. У 1951 г. вяскоўцы стварылі калгас «За ўладу Саветаў». У 1959 г. было 647, у 1970 г. 666 жыхароў. У 2002 г. 208 двароў, 484 жыхары, цэнтр с.-г. прадпрыемства «Куршынавічы» (былы калгас «Пераможац»), якое аб’ядноўвае 4 вёскі. Працуюць магазін, комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, аддз. сувязі, сталовая, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, фельч.-акушэрскі пункт. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з ПдУ на ПнЗ, да якой на Пд далучаецца з ПдЗ кароткая, прамалінейная вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Куршынавічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 285.
Friday, March 26, 2021
КУРШЫНАВІЧЫ. З гісторыі вёскі
Сёлета вёсцы Куршынавічы споўнілася 457 гадоў. Цікавыя легенды аб паходжанні назвы вёскі дайшлі да сённяшніх дзён. Чаму ж вёска атрымала назву Куршынавічы?
Адна з легендаў апавядае, што вёска атрымала такую назву хутчэй за ўсё ад куршаў, якія жылі ў мінулым на крайнім захадзе сучаснай Літвы і Латвіі. Куршы (летапіснае корсь) – старажытнае балцкае племя, упершыню ўпамінаецца ў канцы ІХ ст. Яны займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлем і мораплаваннем. У ХІІІ ст. вялі барацьбу супраць крыжакоў, але былі заваяваныя Лівонскім ордэнам. Пазней разам з латгаламі і земгаламі ўвайшлі ў склад латышскай народнасці. Але паўстае пытанне: як куршы трапілі на тэрыторыю сучаснай Беларусі?
Існуюць дзве версіі. Першая: вайна з крыжакамі прымусіла многіх пакінуць свае наседжаныя месцы і ў пошуках лепшай долі адправіцца на суседнія землі. Перасяленні адбываліся на працягу ХІІІ-ХІV стст. Паводле другой версіі, у канцы ХІV ст. вялікія князі літоўскія і каталіцкія феадалы праводзілі палітыку ўмацавання каталіцызму. Пасля падпісання Крэўскай уніі пачалі будавацца касцёлы і кляштары, пашырылася землеўладанне каталіцкай царквы. Касцёлам перадавалася ва ўладанне зямля з сялянамі, якія на ёй жылі. Менавіта так адбылося і на Ляхавіччыне. Ужо ў другой палове ХV ст. у руках віленскага біскупа знаходзілася буйная Мядзведзіцкая (Нядзведзіцкая) воласць. У Мядзведзічах на сродкі біскупства яшчэ да 1483 г. быў узведзены касцёл. У канцы ХV ст. на тэрыторыі, падпарадкаванай біскупству, з’явіліся першыя парафіі, фундатарамі якіх былі самы біскупы. Сярод іх была і парафія ў Мядзведзічах. На будаўніцтве касцёла працавалі майстры з Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы. Сярод іх былі і куршы. Значна пазней, у 1552 г., куршы, якія жылі ў Мядзведзічах, перасяляюцца на поўдзень ад іх і засноўваюць сваю вёску – Куршынавічы. Версія падцвярджаецца дакументальна пісцовай кнігай Пінскага і Клецкага княстваў. Гэтая пісцовая кніга з’яўляецца першай пісьмовай крыніцай, у якой сустракаюцца першыя канкрэтныя, але фрагментарныя звесткі, што датычаць вёскі Куршынавічы.
У ХVІ ст. сяло Куршынавічы адносілася да Мядзведзіцкай воласці Навагрудскага павета.
Другой летапіснай крыніцай, таксама з фрагментарнымі звесткамі пра вёску, з’яўляецца інвентар 1774 г. З лістапада 1791 г. Куршынавічы ў складзе Навагрудскага ваяводства Случарэцкага павета. Случарэцкі павет падзяляўся на сем парафій, у тым ліку і Мядзведзіцкую, да якой і належалі Куршынавічы. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) з 1796 г. Случарэцкі павет быў перайменаваны ў Слуцкі, які знаходзіўся ў складзе Мінскай губерніі. З 1796 г. і да 1921-га Куршынавічы ўваходзілі ў склад Мядзведзіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерніі.
У выніку савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным 18 сакавіка 1921 г., заходнія вобласці Украіны і Беларусі былі далучаны да Польскай дзяржавы. Таму з 1921 г. вёска ўваходзіла у склад Мядзведзіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. З 1939 г. у складзе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці, а з 1954 г. у складзе Брэсцкай вобласці.
Побыт сялянства заўсёды быў звязаны з сельскагаспадарчым календаром. У вольны ад палявых работ час сяляне займаліся саматужнымі промысламі. Самым пашыраным у ляхавіцкіх вёсках быў бандарны промысел. Вырабам бочак, балеяў для мыцця бялізны, вёдраў, кадак, вулляў толькі ў вёсках Рачканы і Куршынавічы займаліся 65 чалавек.
Акрамя бандарнага промыслу сяляне займаліся вырабам брычак, саней, калымаг і асобных частак для іх. Была пашыраная вытворчасць кошыкаў, кашолак, вырабаў з лыка і кары. Займаліся актыўна і кавальствам. Прадукцыя сельскай гаспадаркі збывалася на мясцовых кірмашах. Цэнтрам гандлю з’яўляліся Ляхавічы. Быў пабудаваны за вёскай і драўляны касцёл.
З успамінаў былога настаўніка гісторыі Куршынавіцкай сярэдняй школы Леаніда Адамавіча Ракашэвіча:
- Навучаліся грамаце спачатку па хатах: наймалі пісьменнага чалавека і плацілі з кожнага двара. Кармілі па чарзе.
Упершыню школу ў Куршынавічах пабудавалі у 1911 г. Гэта была трохкласная школа. Ганна Іванаўна Эмашэвіч – першая настаўніца ў ёй. Вучні сядзелі па 4 чалавекі за адной партай. Настаўніцу называлі “пані настаўніца”. Беларуская і замежная мова не выкладаліся. Вывучалі гісторыю, арыфметыку, рускую і стараславянскую мовы, геаграфію. Выкладаць Закон Божы прыязджаў поп з Сіняўкі. Заняткі пачыналіся з 9 гадзін і працягваліся да 16.
Спачатку вучні пісалі на грыфельных дошках, а пазней пачалі пісаць на фанерных. У гады Першай сусветнай вайны ў школе размяшчаўся шпіталь. Толькі вось у гады грамадзянскай вайны школа была спаленая. Таму дзеці працягвалі вучыцца ў доме Галіцкіх.
У мястэчку Мядзведзічы было сельскае народнае вучылішча. Якое наведвалі 4 вучні з вёскі Куршынавічы. У 1917-1918 гг. была адкрытая школа з выкладаннем на беларускай мове, у якой вучыліся 34 вучні. Працавалі 2 настаўніцы: адна з Мінска (Станіслава Пятроўна), а другая з Слуцка па прозвішчы Клюскова.
З успамінаў Марыі Іосіфаўны Галіцкай (1922 г. нар.):
- У школу пачалі хадзіць у 1931 г. Праўда, вучылі чытаць і пісаць толькі на польскай мове. Падручнікі былі польскія. Вучыў нас настаўнік Ціхановіч. Як зваць яго. Не помню. А вось жонку яго звалі Соф’я. У іх было двое дзетак.
У нашай вёсцы толькі пачатковую адукацыю можна было атрымаць. Пасля заканчэння пачатковай школы ў в. Куршынавічы нам выдавалі пасведчанне. Хто хацеў далей вучыцца, ішлі у Мядзведзічы. Там можна было закончыць 7 класаў.
З успамінаў Рамана Дамінікавіча Сямашкі:
- ... Мая мама, Сямашка Яніна, была настаўніцай у Куршынавіцкай школе. У нас захавалася некалькі фотаздымкаў даваеннага часу. Вам, пэўна, будзе цікава паглядзець на іх. Таму копіі гэтых фотаздымкаў я высылаю. Можа, хто-небудзь з мясцовых жыхароў знойдзе сябе на іх. Там ёсць таксама і фотаздымак школы ў Куршынавічах, якая згарэла, і школы ў Мядзведзічах у час будаўніцтва. Мой тата ў нейкай ступені садзейнічаў будаўніцтву гэтых школаў.
З прыходам вайны нам давялося перажыць шмат жудасных падзей, але галоўнае, што мы засталіся жывыя. Зімой 1945 г. нашая сям’я выехала ў Польшчу ў г. Гданьск...
Польскія ўлады не жадалі прызнаваць беларускай нацыі. Таму ўсялякімі сродкамі стараліся выкараніць нацыянальную самасвядомасць беларусаў і апалячыць іх. Праз адукацыю і веравызнанне польскі ўрад імкнуўся да дасягненне сваёй мэты.
З 1921 г. беларускамоўная школа перастае працаваць. Замест беларускай мовы пачалі выкарыстоўваць польскую. У 1939 г. у школе вучылася 46 вучняў. Выкладаўся Закон Божы ксяндзом. Вучоба ў Куршынавіцкай школе закончвалася 5-цю класамі.
Газеты, часопісы, а таксама вучэбныя дапаможнікі выдаваліся толькі на польскай мове. 17 верасня 1939 г. Заходняя Беларусь, у тым ліку і Куршынавічы, былі вызвалены ад польскай акупацыі. У вёсцы пачалі працаваць агітатарамі Іосіф Галіцкі і Іван Татарыновіч. 15 студзеня 1940 г. у складзе Баранавіцкай вобласці створаны Ляхавіцкі раён, які ў кастрычніку таго ж года быў падзелены на 18 сельсаветаў. На тэрыторыі сённяшняга Куршынавіцкага сельскага Савета былі створаны Куршынавіцкі і Тальмінавіцкі с/с.
У вёсцы пачаў працаваць магазін і быў адкрыты медпункт. Арганізоўваюцца вучэбныя курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Памешчыцкія землі былі падзеленыя паміж сялянамі. А потым пачалася Вялікая Айчынная вайна...
З успамінаў Франі Адамаўны Ходар (1929 г. нар.):
- Немцы вельмі смелымі былі толькі днём, а ноччу баяліся ездзіць па вёсцы. Помню, такі выпадак здарыўся. Кожны дзень. Як толькі пачынала цямнець, мама ішла ў лес. Там у нас карова была схована ад немцаў, а мы заставаліся дома адны. Бацька быў у арміі. Аднаго дня ў прыцемках пад’ехала машына да нашай хаты з немцамі. Глядзім у акно, а яны да нас ідуць. Разам з імі быў Антон з нашай вёскі. Чуем, нешта моцна спрачаюцца, а адзін з нямецкіх салдатаў трымае гранату ў руках. Гэта мы ўжо потым даведаліся, што яны прыехалі партызан лавіць. Хтосьці ім сказаў, што яны ў нашай хаце адпачываюць. Доўга прыйшлося Антону Паўлюку пераконваць немцаў, што ў хаце толькі адны немцы.
З успамінаў былой остарбайтаркі Марыі Рыгораўны Абражэвіч (1920 г. нар.):
- 23 сакавіка моладзі нашай вёскі неабходна было прайсці рэгістрацыю ў нямецкай камендатуры, якая размяшчалася ў Мядзведзічах. Прыехаўшы ў Мядзведзічы, мы заўважылі шмат моладзі і з іншых вёсак. З Мядзведзічаў нас павезлі ў крытых машынах у Баранавічы. Там мы былі ў лагеры да вечара, а потым, калі прыехалі яшчэ такія ж машыны з людзьмі, нас усіх пагрузілі ў вагоны і павезлі. У кожным вагоне былі немцы. Мы ведалі толькі, што вязуць нас на працу ў Германію, а вось ці вернемся назад – ніхто не ведаў.
Першая перасылка знаходзілася ў польскім горадзе Граева. Цягнік падагналі блізка да лагера, загадалі выйсці з вагонаў. Людскі крык змешваўся з лаем нямецкіх сабак, якія кідаліся на людзей. Каб супакоіць людскі натоўп, нямецкія салдаты пачалі страляць з аўтаматаў у паветра. Хутка людскія крыкі заціхлі. Было вельмі страшна.
Усім было загадана стаць адно за адным і ісці па калідоры, зробленага з калючага дроту, паабапал якога стаялі нямецкія салдаты з сабакамі. Затым мужчын і жанчын раздзялілі, загадалі распрануцца дагала. У канцы калідора стаяла карыта з нейкай смярдзючай вадкасцю. Усім неабходна было ёй мазаць галаву. У каго былі доўгія валасы, іх абрэзвала немка. Затым ішлі ў лазню пад дожджык з халоднай вадою. Пасля гэтай лазні я моцна захварэла. Ды і не дзіва. Надвор’е ў той дзень было пахмурнае і халоднае. Ніколі не думала, што змагу паправіцца. Лекаў ніхто не даваў. Не было і ўрача для нас. Адзенне наша забралі на “пражарку”, а потым прынеслі нам яго назад. Спачатку кожнаму з нас быў прызначаны нумар. Мой нумар быў 580. Абавязковай была маркіроўка аддзення знакам у выглядзе чатырохвугольніка на блакітным фоне з белым надпісам “Ost”. У Граеве былі некалькі дзён. Потым нас завезлі ў іншы лагер, які знаходзіўся ў нямецкім горадзе Штутгарце. Гэты лагер увесь час нечым крапілі. Вельмі моцна сталі хварэць людзі і паміраць. Напэўна, у сувязі з гэтым апрацоўвалі.
Жылі у дашчаным бараку, абнесеным калючым дротам. Выходзіць з барака забаранялася. Днём можна было выйсці на невялікую пляцоўку перад баракам і трохі пахадзіць. Кармілі вельмі дрэнна. Давалі адну бульбіну вялікую ці дзве меншыя. У барак два немцы прыносілі флягу з супам з конскай нагі. Нага была для навару. Гэта быў такі суп для нас. За тры месяцы прабывання ў Штутгарце з голаду пачалі апухаць ногі.
Хутка павезлі нас у ішны лагер праз горад Штэцін у горад Штральзунд. Тут нас пасылалі працаваць не толькі на палявыя работы, але і на фермы. Працавалі вельмі шмат, а кармілі таксама дрэнна, як і у Штутгарце.
Потым мяне разам з некалькімі вязнямі забраў да сябе адзін немец. Выбіраў на работу, быццам жывёлу. У гэтага немца палолі буракі, кароў даілі. Тут ужо лепей стала з ежай. Давалі невялікі бохан хлеба кожнаму на тыдзень. Праўда, бульбы можна было есці ўволю. Гэтага ніхто не шкадаваў, а калі кароў даіла, то крала малако.
Вечарам ужо да бульбачкі можна было спарыць кубачак малачка на маленькай печцы. Жылі ў адным будынку з свіннямі.
Гаспадар заўсёды правяраў колькасць сваіх рабочых і наяўнасць маркіроўкі на аддзенні. Забаронена было свабоднае перамяшчэнне пасля работы. Нельга было па вечарах збірацца. Толькі кіно для застрашэння паказвалі. Ды хіба тое, што паказвалі, можна было назваць “кіном”? Затым нас перавезлі ў партовы горад Заснь. Там у 1945 г. мы і сустрэлі доўгачаканае вызваленне...
Найбольш дзейснымі формамі супраціўлення фашысцкай навале былі партызанскі рух, падпольная барацьба, агітацыйная прапаганда, эканамічны сабатаж, невыкананне дырэктыўных указанняў і загадаў ваенна-акупацыйных уладаў.
З 1942 г. на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна дзейнічалі партызанскія атрады імя Шчорса, М.І. Кутузава, Г.К. Жукава, С. Лазо, А.С. Матросава, М.Ф. Сільніцкага, В.І. Чапаева. Арганізатарамі і кіраўнікамі партызанскага руху на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі І.М. Банаў, А.П. Брынскі, С.К. Дзесюкевіч. Асноўным касцяком гэтых атрадаў былі воіны і камандзіры Чырвонай Арміі, якія не здолелі выйсці з акружэння, а таксама разведчыкі, радысты, накіраваныя з-за лініі фронту. Атрады здзяйснялі дыверсіі на чыгунцы ў Ляхавіцскім і Ганцавіцкім раёнах, а таксама на шасейных і грунтовых дарогах.
Поспех барацьбы супраць акупантаў шмат у чым залежаў ад супрацоўніцтва партызанаў і насельніцтва. Дзейнасць партызанаў падтрымлівалася большасцю мірнага насельніцтва
З успамінаў Леакадзіі Іосіфаўны Іваноўскай:
- Я родам сама з в. Лапацічы. Дзявочае прозвішча Татарыновіч. У сям’і было шасцёра дзяцей. Самым старэйшым быў брат Іосіф, а сярод дзяўчат – я. Да вайны закончыла сем класаў. Сёмы клас закончыла ў г. Баранавічы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР брат служыў у Чырвонай Арміі.
З пачаткам вайны быў адкамандзіраваны ў Маскву. Там вучыўся на радыста. Затым з’явіўся ў Баранавічах для стварэння падполля: на самалёце быў перапраўлены цераз лінію фронту і высаджаны ў Машукоўскім лесе.
У снежні 1942 г. праз лінію фронту была перапраўлена група дэсантнікаў пад кіраўніцтвам К.П. Арлоўскага. Мы ўсе дапамагалі партызанам. Сястра шыла кашулі з парашутаў, рабіла бінты. Маці выпякала хлеб, а тата не раз хадзіў у іншыя вёскі ў разведку. З 1943 г. брат застаўся працаваць у немцаў бухгалтарам. Я была сувязной у брата. З нашай сям’і толькі я добра ведала Баранавічы і магла размаўляць на нямецкай мове. Таму выбар брата быў невыпадковы. Мне часта даводзілася хадзіць па вуліцах горада і запамінаць размяшчэнне нямецкіх устаноў.
Па вуліцы Савецкай за калючым дротам размяшчаўся лагер для ваеннапалоных. Падпольшчыкі даведаліся, што хутка вялікая партыя ваеннапалоных будзе растрэляная. Быў распрацаваны план уцёкаў. Не малая роля ў здзяйсненні гэтага была адведзена і мне.
Неабходна было ўважліва сачыць і запамінаць, як ходзяць нямецкія вартавыя, засякаць, колькі часу вартавому спатрэбіцца прайсці з аднаго канца лагера ў другі. А потым, выбраўшы момант, перадаць вязням нажніцы ў рукавіцы.
Дзяўчына не выклікала падазронасці ў нямецкіх вартавых. Мне ўдалося выканаць заданне.
Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй нашага раёна засталася працаваць у Ляхавічах. Ды толькі ненадоўга. Хутка атрымала павестку з ваенкамата. Мяне накіравалі на курсы радыстаў. Прывезлі ў Баранавічы, а потым вечарам пераправілі на вучэбны пункт, які размяшчаўся на станцыі Лясная. Тут нам выдалі зброю. Вучылі адрозніваць самалёты па малюнках. Прабылі ў Лясной 15 месяцаў, а потым пераправілі нас пад Гродна. Прайшлі курсы тэлефаністак. Праз чатыры месяцы накіравалі на ўсходнія землі Германіі. Праз паўтара месяца Германія капітулявала. Мы таксама на сцяне ў Берліне пакінулі свае надпісы.
З успамінаў Івана Іванавіча Лесніка (1905 г. нар.):
- ...У часы вайны я быў партызанскім сувязным. Мне неабходна было збіраць звесткі аб колькасці эшалонаў, якія рухаліся з фашысцкай тэхнікай і салдатамі на ўсход з Лунінца на Баранавічы, аб колькасці нямецкіх салдатаў у бункерах, якія ахоўвалі чыгунку, наогул, аб усіх перамяшчэннях фашысцкіх войскаў праз маю вёску Старыя Буды. Сабраныя звесткі перадаваў у партызанскі атрад імя С. Лазо 19-й брыгады імя Молатава.
У гэтым жа атрадзе змагаліся з ворагам і мае стрыечныя браты: Пятро Сцяпанавіч Леснік і Яўген Сцяпанавіч Леснік. Партызанскі лагер знаходзіўся ў Машукоўскім лесе. Менавіта ў гэтым лесе ў дамоўленым месцы каля старога дуба адбываліся мае сустрэчы з партызанамі. Але часцей мы абменьваліся запіскамі, якія хавалі ў дупле дуба.
Насельніцтва актыўна дапамагала партызанам прадуктамі харчавання, адзеннем, зброрам і рамонтам зброі. Многія жыхары ўдзельнічалі ў баявых і дыверсійных аперацыях.
З успамінаў Ядвігі Міхайлаўны Ходар ( 1929 г. нар.):
- 6 студзеня 1944 г. на дарозе ў Брадах партызанамі быў пакінуты “падарунак” немцам. На гэтай міне ўзарвалася павозка з паліцаямі, якая ехала разам з немцамі ў напрамку Мядзведзічаў. Раз’юшаныя немцы сагналі ўсіх жыхароў бліжэйшых хутароў Куршынавічаў, што стаялі недалёка ад той дарогі, і павялі ўсіх нас у Новы Двор на расстрэл. Не выказаць вам таго страшнага моманту, які нам давялося ў той дзень перажыць. Мама нас усю дарогу супакойвала. У думках мы развітваліся з жыццём. Калі мы былі ўжо блізка да месца пакарання, на дарозе з’явіўся легкавы аўтамабіль у суправаджэнні матацыклістаў. І тут здарылася непрадбачанае не толькі для нас, але і для немцаў, якія вялі нас на расстрэл.
Легкавы аўтамабіль рэзка затармазіў. Адчыніліся дзверцы, і на дарогу выйшаў гадоў сарака нямецкі афіцэр. Ён паклікаў афіцэра, які ўзначальваў гэты смяротны эскорт, і пачаў распытваць пра нас. Доўга яны аб нечым спрачаліся. Той афіцэр, які вёў нас на расстрэл, усё вельмі часта паўтараў слова “партызан”.
Затым, махнуўшы рукой на яго, праезджы афіцэр звярнуўся да нас на польскай мове. Ён спытаў: “За што вас вядуць на расстрэл?”
Перабіваючы адно аднаго, людзі пачалі расказваць, што іх вядуць расстрэльваць за партызанскую міну, якая ўзарвалася на дарозе недалёка ад іх хутароў. Пасля гэтага афіцэр рэзка павярнуўся да таго, які вёў нас на смерць, і загадаў яму ўсіх адпусціць. Доўга той не згаджаўся з загадам старшага па званні, а потым усё ж такі нас адпусцілі дадому.
Усе мы, хто тады перажыў гэту жудасную хвіліну, дамоў не вярнуліся. Уцяклі ў лес, у Навінкі. Там яшчэ з пачатку вайны былі намі выкапаны зямлянкі. У іх мы і жылі да прыходу Чырвонай Арміі.
З аператыўнай зводкі за 6 ліпеня 1944 г.
На Барановичском направлении наши войска, преодолевая сопротивление и контратаки противника, продолжали вести наступательные бои, в ходе которых овладели районным центром Барановичской области городом Ляховичи, а также заняли несколько других населённых пунктов, и среди них Ишколдь, Петкевичи, Снув, Подлесейки, Мыслобож, Русиновичи и железнодорожную станцию Рейтанов.
З успамінаў Івана Іванавіча Лесніка (1925 г. нар.):
- Пасля вызвалення Ляхавіцкага раёна ад фашысцкіх захопнікаў я прайшоў ваенную падрыхтоўку ў г. Вязьма, што пад Масквой. Затым мяне накіравалі ў Мінск. У Мінску быў сфарміраваны эшалон, які накіроўваўся на фронт.
Па прыбыцці на фронт, у кастрычніку 1944 года, я трапіў у 3-ю гвардзейскую дывізію 8-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады 214-га гвардзейскага Віцебскага Чырвонасцяжнага ордэна Кутузава палка – наводчыкам 122-й мінамётнай пушкі. Трэцяй гвардзейскай дывізіяй камандаваў генерал-маёр Папоў.
Змагацца давялося з ворагам на тэрыторыі Літвы. Неўзабаве мы атрымалі звесткі, што фашысцкія танкі прарвалі абарону і рухаюцца ў накірунку нашых батарэй. Разлікі занялі свае месцы. Пры з’яўленні першых нямецкіх танкаў капітан Буланкоў аддаў загад падпусціць іх як мага бліжэй і толькі тады адкрываць агонь. Праз некалькі хвілін прагучала каманда: “Падрыхтавацца да бою!”
З кожнай секундай адлегласць да танкаў скарачалася. Напружанне расло. Кожны гарматны разлік ужо выбраў сабе мішэнь. Капітан рэзка ўзмахнуў рукой. Словы каманды прывялі ў рух усю батарэю. Ударылі па ворагу. Стралкі адкрылі ружэйна-кулямётны агонь па варожых бронетранспарцёрах. З палаючых машын выскоквалі гітлераўскія салдаты, але тет жа яны траплялі пад агонь нашых салдатаў. Вораг, відаць, не чакаў такога супраціўлення. Мы бачылі, што некаторыя варожыя танкі падаліся назад, каб схавацца за ўзгоркам.
Першы націск быў адбіты. Толькі сем фашысцкіх танкаў засталіся дагараць на полі бою. У гэтым баі мною былі падбіты два танкі. За гэта я быў прадстаўлены да ўзнагароды “Медаль за адвагу”.
Мне давялося ўдзельнічаць у вызваленні Дрэздэна, Кёнігсберга, Берліна. З усіх баёў мне найбольш запомніўся бой за Кёнігсберг. З 27 па 28 лютага 1945 года3-я гвардзейская дывізія займала агнявыя рубяжы на адкрытай мясцовасці.
Ад самага Кёнігсберга мясцовасць была пакрытая лёдам. З-за гэтага нельга было выкапаць траншэі для разліку. Гарматы і боепрыпасы засталіся стаяць на ледзяной паверхні. Гарматы ўмацоўваліся прама ў лёд. 28 лютага 1945 г. нашай дывізіяй была праведзеная артпадрыхтоўка. Магчыма, на ствол адной гарматы мы выпусцілі каля 40 снарадаў. Нам тады здалося, што ўжо ні аднага жывога чалавека не засталося.
Але цішыня была недоўгай. На нашыя пазіцыі немцы кінулі танкі. Вельмі цяжка нам давялося з-за таго, што мясцовасць была адкрытая. Ды і снарады ў нас засталіся толькі фугасныя. Але ўсё ж мы здолелі адбіць танкавую атаку ворага.
Бой быу вельмі цяжкі. Шмат загінула і нашых салдатаў. Мяне параніла асколкам снарада ў левы бок, але я не пакінуў поле бою. Разлік быў поўнасцю выведзены з баявой гатоўнасці. Тады наводчыкам становіцца намеснік камандзіра палка па палітчасці маёр Афоній. Я, увесь у крыві, зараджаў яму гармату. Варожыя танкі мы так і не прапусцілі. Праз некаторы час падаспелі да нас санітары, і мне, выдаліўшы асколак, зрабілі на месцы перавязку.
Я за гэты бой быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём за баявыя заслугі.
З успамінау Франі Адамаўны Ходар:
У ліпені 1944 г. нас вызваліла Чырвоная Армія.
Адразу ж пасля вызвалення ў Куршынавічах зноў пачала працаваць школа, якая стала пяцікласнай. Дырэктарам школы быў Пракапенка, настаўнікам замежнай мовы працаваў Мілюк, а беларускую мову выкладаў І.С. Ходар.
Былое памяшканне школы спалілі немцы. У вёсцы згарэла ў час вайны яшчэ і 5 дамоў. Школьнай мэблі не было. Дасталі з лесапільнага завода ў Будах дубовыя дошкі, з якіх да 1 верасня 1944 г. зрабілі 20 чатырохмесных парт. У старым памяшканні, дзе жыў нямецкі бургамістр, размясцілася школа.
Вайна яшчэ працягвалася, хоць тэрыторыя Беларусі была вызваленая. У школе вучыліся 64 вучні. У 1948 г. была створаная піянерская арганізацыя.
У 1950 г. дырэктарм быў І.А. Курловіч. У гэты час быў узведзены яшчэ адзін будынак школы, і школа была ўжо сямігадовая. Настаўнікамі працавалі: С.С. Бурак, А.С. Бурак, М.А. Жукоўская, І.С. Ходар, М.А. Цярэшка, Т.І. Лазоўская. Затым на пасадзе дырэктара працаваў Баркоўскі. З 1962 г. школа стала васьмігадовай.
Пасля заканчэння вайны многія салдаты вярнуліся да мірнай працы. У першыя пасляваенныя дні аднавілі сваю работу мясцовыя органы Савецкай улады. Раённы Савет узначаліў М.Г. Засмужац. Актыўна дзейнічаў Куршынавіцкі сельскі Савет, які ўзначаліў С.С. Ракашэвіч.
- Пасля выгнання немцаў мы павінны былі выконваць нарыхтоўкі па здачы малака, мяса і хлеба дзяржаве. І мы не проста выконвалі гэтую нарматыўную здачу. Усе разумелі, што гэтым мы дапамагаем нашым салдатам наблізіць канчатковую перамогу над ворагам. Працавалі ад ранняй і да позняй зоркі. Гэта зараз камбайны ўбіраюць ураджай зерневых. Нам жа ў той далёкі 1944 г. даводзілася жаць сярпамі, а потым малаціць цапамі. Коней у вёсцы было вельмі мала. Таму ў плуг запрагалі і кароў.
У перыяд пасляваеннага аднаўлення пераход заходнебеларускай вёскі на “калектыўны шлях развіцця” ішоў вельмі марудна. На гэтых землях традыцыйнымі доўгі час былі хутарскія, прыватнаўласніцкія сялянскія гаспадаркі. Пасля ХІХ з’езда КП(б)Б, які адбыуся ў лютым 1949 г., пачалася масавая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак.
Трэба адзначыць, што ў перыяд станаўлення і развіцця калгасаў сяляне практычна не мелі ніякіх стымулаў да добрай працы. Яе аплата была ў форме так званых працадзён, у якіх як бы згублялася і колькасць, і якасць працы. Працадні ператварыліся ў норму кантролю працоўнай павіннасці. І гэта вельмі нагадвала паншчыну. У сялянаў адбіралі тады не толькі вырабленыя імі ў грамадскай гаспадарцы прыбавачны, але і практычна ўвесь неабходны прадукт.
Таму і не дзіва, што большая частка сялянаў не вельмі жадала працаваць за так званыя “палачкі”, як называлі працадні. Разам з прымусовым уцягненнем сялян у калгас праводзілася абагульненне жывёлы і інвентару.
У гісторыі станаўлення калгаснага жыцця ёсць і самая ганебная старонка, якая надоўга застанецца ў памяці мясцовага насельніцтва і будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне.
З успамінаў Леакадзіі Антонаўны Гаўдзіс:
- Маўклівым сведкам існавання касцёла ў вёсцы Куршынавічы доўгі час заставаліся могілкі. Ды толькі, як пачалося станаўленне калгаса, зніклі і яны. Гэта было пры старшыні калгаса Шэйку. У пачатку 60-х гадоў на месцы могілак пачалі будаваць калгасны двор. Усе мы казалі, што гэтага рабіць нельга. Хіба ж можна на людскіх касцях будаваць. Няўжо месца іншага не было?
Да 1950 г. у Куршынавічах калгаса не было. І толькі з 1949 г. пачынаюць з’яўляцца калгасы ў бліжэйшых вёсках. Так, у 1949 г. у в. Стараселле арганізоўваецца калгас “Пераможац” на чале са старшынёй М.Ф. Шэйкам. У вёсцы Гашчын у 1948 г. ствараецца калгас імя Вышынскага пад кіраўніцтвам С.Т. Цярпіцкага, а ў в. Куршынавічы ў 1950 г. – калгас “За ўладу Саветаў” на чале з П. Шпакам. У 1953 г. тры калгасы былі аб’яднаныя ў адзін – “Пераможац”, які на кароткі час узначаліў Афанасьеў.
З успамінаў Аліны Антонаўны Татарыновіч:
- У пачатку 1950 г. пачаў арганізоўвацца калгас. Не ўсе хацелі ўступаць у яго. Чаму? Дык для таго, каб стаць калгаснікам, неабходна было жывёлу, зерне і працоўны інвентар аддаць для будучага калгаса. Першымі ўступілі ў калгас самыя бедныя, а потым ужо сталі ісці і ўсе астатнія.
Напрадвесні хадзілі выбіраць бульбу з капцоў, а летам палолі буракі, моркву, лён. Да 1956 г. грошай калгаснікам не плацілі. Працаваць даводзілася за працадні. У 1953 г. была створана свінаферма, якая размяшчалася ў гумне, а потым у 1966 г. былі пабудаваныя свінарнік і кароўнік. Але самае агіднае ў станаўленні нашага калгаса было тое, што машынны двор пачалі будаваць на могілках.
Працавала ў першыя гады на паляводстве, а затым 8 гадоў даяркай на ферме. Перад выхадам на пенсію працавала цялятніцай. За добрую працу маю ўзнагароды і памятныя падарункі.
З успамінаў Франі Адамаўны Ходар:
- У канцы 1949 г. былі чуткі, што ў 1950 г. хочуць у нашай вёсцы стварыць калгас. І сапраўды, ужо ў лютым 1950 г. быў створаны калгас, які называўся “За ўладу Саветаў”. Тыя, хто вырашыў уступіць у калгас, павінны былі перадаць калгасу плуг, барану, воз, каня, карову, зерне. Спачатку з 1950 па 1956 гг. працавалі за працадні. Жылі толькі з таго, што вырасце на агародзе. Сеялі ўручную, ды і то сеялі ў асноўным жанчыны і падлеткі. Коней было мала, таму часта самі людзі запрагаліся ў плуг.
У нашым гумне былі калгасныя свінні, таму што памяшканне будучага свінарніка яшчэ толькі будавалі. Старшынёй калгаса на кароткі час быў П. Шпак, а потым Л.А. Ракашэвіч. Ён жа мяне і ўгаварыў ісці працаваць на свінарнік. Тры гады працавала свінаркай, а потым з 1957 г. была паляводам. У калгасе “Пераможац” з пачатку 60-х гадоў пачалі будаваць машынны двор. Усё было б, здаецца, добра. Ды толькт дрэнна было, што будаваць пачалі на могілках. Нават па сённяшні дзень знаходзяць там чалавечыя косці. Чаму тады так зрабіў Шэйка, нам і па сённяшні дзень не зразумела.
У 1977 г. было скончана будаўніцтва цялятніка. На гэтым цялятніку і працавала да самай пенсіі. За працу была ўзнагароджана ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі.
Паступова, пасля ваеннага ліхалецця, паляпшаліся ўмовы жыцця, працы і вучобы. Змяніўся і выгляд вёскі Куршынавічы.
У вёсцы пачынае працаваць медыцынскі пункт, загадчыкам якога доўгі час была Таццяна Адамаўна Ходар, а таксама сельскі Савет. Прайшлі гады. Многае змянілася ў вёсцы. З цягам часу быў пабудаваны новы медыцынскі пункт, у 1981 г. двухпавярховая школа. Затым з 1983 г. пачынае працаваць жывёлагадоўчы комплекс, а у 1991 г. двухпавярховы дзіцячы сад з басейнам, клуб, лазня. Была праведзена меліярацыя балотаў, а па галоўнай вуліцы вёскі пакладзены асфальт.
На жаль, пачынаючы з 2000 г. адбываюцца змяненні ў жыцці вёскі не ў лепшы бок. У 2000 г. закрываюць дзіцячы сад, памяшканне якога рассыпаецца ў самым прамым сэнсе слова. У 2002 г. быў ліквідаваны калгас “Пераможац” і ўтворана СПК “Куршынавічы”, а са снежня 2007 г. СПК “Куршынавічы” далучаецца да СПК “Тальмінавічы”. Уся тэхніка з калгаснага двара пераводзіцца ў Тальмінавічы. Апошні год функцыянуе і школа. Памяншаецца колькасць насельніцтва. Моладзь пасля заканчэння школы і атрымання вышэйшай ці сярэдняй адукацыі ў пошуках працы пакідае вёску.
Хацелася б верыць у тое, што праз сотню-другую гадоў не спыніць свайго існавання в. Куршынавічы і не знікне бясследна з твару зямлі, і што знойдзецца ў нашай дзяржаве ў час эканамічнага крызісу сапраўдны гаспадар, які не дазволіць дзяржаўныя сродкі, укладзеныя ў двухпавярховы дзіцячы сад з басейнам і двухпавярховую школу выкінуць на вецер. Застаецца спадзявацца на гаспадарлівасць.
Станіславовіч, М. Куршынавічы. З гісторыі вёскі / М. Станіславовіч // Краязнаўчая газета. – 2009. - № 41 – 45, С. 6.
Friday, March 26, 2021
Куршынавічы. У даўнія часы Беларусь вытлядала зусім інакш, чым цяпер. Тады увесь наш край быў пакрыты густымі спрадвечнымі барамі і пушчамі. Гэтых лясоў ніхто ніколі не сек. Дрэвы раслі сотні гадоў, а паасобныя – дубы - нават тысячы, і самі валіліся на зямлю падчас бур, снегападаў ці ад старасці, калі ўсё ў сярэдзіне станавілася гнілым і спарахнелым.
Як і сёння, на Беларусі было шмат азёр і рэк. Нашы продкі аднолькава шанавалі як невялічкую крынічку, так і значнае вадасховішча.
Яны з даўніх часоў навучыліся правільна выкарыстоўваць неўтаймаваную водную стыхію. Умудроныя жыццёвым вопытам і практычнымі навыкамі папярэдніх пакаленняў прашчуры зразумелі, што замест таго каб прасякаць лясныя дарогі, разбіраць агромністыя завалы з векавых дрэваў, лягчэй пераязджаць з месца на месца па вадзе рэкамі ды азёрамі, злучыўшы іх паміж сабою там, дзе нельга было пераплыць, волакамі.
Менавіта ля вады будавалі старадаўнія беларусы свае паселішчы, ля іх знаходзіліся маленькія палі, ці, як тады гаварылі, ляды, дзе сеялі вяскоўцы збажыну, якая і давала ім магчымасць выжыць.
Продкі жылі невялікімі гуртамі, па некалькі сем'яў у кожным. Выбіралі сабе старэйшага чалавека, які ўсім запраўляў і загады якога выконваліся безагаворачна. Гэты ўладар быў не толькі старэйшым па ўзросце, але і найбольш кемлівым. Ён павінен быў дбаць пра дабрабыт і абарону роду ад усялякіх ворагаў ці пошасцей.
Між гуртамі, якія жылі непадалёку адзін ад аднаго, завязвалася сяброўства, і паступова яны аб'ядноўваліся. Здавалася, само жыццё патрабавала іхняй супольнасці: агулам значна лягчэй было бараніцца ад захопнікаў, весці гандаль з далёкімі плямёнамі і краінамі, пракладваць новыя дарогі, бо з развіццём грамадскіх адносін перамяшчэнне толькі па водных шляхах зносін ужо не задавальняла. Цяпер сталі сяліцца не толькі па берагах рэчак, а забіраліся ўсё глыбей і глыбей, у лясныя нетры.
На войнах і на паляванні прашчуры былі надзвычай смелыя і храбрыя, вылучаліся вынослівасцю. У часіны найвялікшай небяспекі яны не імкнуліся ўцякаць далёка, бо ведалі, што так чужынцы лёгка іх пераб'юць ці захопяць у палон, а хаваліся дзесьці паблізу. Часам мужчыны нават стойваліся пад вадой і дыхалі праз полыя чароціны, а калі небяспека мінала, вылазілі са сховішчаў і нападалі на няпрошаных гасцей у непрыдатны для тых момант.
Так нас у школцы вучылі. Я хадзіла яшчэ да Польшчы дзве ці тры зімы. Настаўнік у нас быў малады паніч, але размаўляў толькі на простай мове, як і мы з вамі зараз. Надта ж многа ён гісторый розных ведаў. Як стане іх казаць, то мы гатовы былі да ночы сядзець ды слухаць - так цікава. Але ён раскажа, раскажа, а потым па хатах адпраўляе. Настаўнік і пра нашу вёску гаварыў. Запісваў нават за старымі многа. Тыя такія сур'ёзныя, важныя рабіліся, калі да іх звяртаўся з запытаннем такі паважаны на вёсцы чалавек. Усё, што ведалі ці чулі, яму расказвалі. То, можа, ад іх пачуў, а можа, недзе выпытаў, бо вучоны ды разумны надзіва быў, але казаў так прыкладна.
3 даўніх часоў у нашых мясцінах ніхто з людзей не жыў. Дзікі куток заставаўся ўбаку ад паселішчаў. Абыходзілі яго бокам. Хіба што толькі выпадкам паляунічыя сюды забрыдалі, ды і то імкнуліся як мага хутчэй назад вярнуцца, бо нязвычным усё тут было.
Там, дзе яны жылі, людзі сустракаліся, няхай сабе і не на кожнай вярсце, галасы гучалі, а тут жа, Божачка родненькі! Ідзі дзень, ідзі тыдзень і ніякага чалавека не спаткаеш, загаварыць няма з кім, здзічэць можна.
Так, можа, сто гадоў цягнулася, можа, і болей, хто яго ведае. Але ж неяк і сюды людзі завіталі. Спачатку ўсяго чалавекі два-тры прыйшло. Хадзілі. нешта высочвалі, прыглядаліся да наваколля. Потым гэтак жа нечакана зніклі, як і з'явіліся. Ды не назаўсёды. Дзён праз колькі вярнуліся з сем'ямі. Жывёлу сваю прывялі. Праз некаторы час застукалі сякеры, пацягнула дымам ад вогнішчаў, прышэльцы пачалі будавацца. Не надта мудрагелістыя будыніны яны сабе ўзводзілі звычайныя зямлянкі ды буданы, карою і голлем крытыя. Можа, яшчэ не збіраліся тут надоўга затрымлівацца і меркавалі далей ісці, а можа, проста не ўмелі лепей зрабіць.
Потым у людзей гэтых нешта перамянілася і яны засталіся тут. Засталіся назаўсёды. Надоўга. Дзякуючы ім і мы тут цяпер жывём. Тады ўжо сталі больш трывала ўсталёўвацца. Навучыліся і хаціны сапраўдныя ўзводзіць і іншыя гаспадарчыя будыніны.
Узяліся збожжа сеяць. Некалі ж, на старым месцы, сеялі. і няблага радзіла. Хлеб, можа, і не кожны дзень, але ж елі. А чаму б і тут не паспрабаваць?
Дружна ўзяліся лес карчаваць. Валяць дрэвы ды глядзяць, што нейкія яны своеасаблівыя. Карані метраў мо на пяць у глыбіню ідуць. Так, сілаю, не вырвеш і дакапацца не дакапаешся, бо вада з'яўляецца. ІІІто рабіць? Сталі раіцца паміж сабою найболыш вопытныя і прыйшлі да адзінай думкі не трэба да канца вырываць, няхай сабе ў глыбіні і застаюцца. Яміны пяском-торфам пазасыпаць, а тое, што ў зямлі, для збажыны страшным не будзе.
Так то яно так. Ды пралічыліся людзі на гэты раз. Зямля-то тут сапраўды надзвычай тлустая і прывабная. Пасеялі збожжа на першы раз. Надышоў час жыта жаць. Пайшлі вяскоўцы, глядзяць, а на полі... Божачкі, карчоў-каранёў, ну нібы хто спецыяльна насеяў. Сапсаваўся ў іх настрой. Ды ці першы раз з такімі нечаканасцямі сустракацца даводзіцца! Сабралі ўраджай — не густа. Амаль столькі і сабралі, колькі пасеялі. А жыць жа неяк трэба. Паспадзяваліся на наступны год. Старанна пазбіралі карчы, павыдзіралі нават самыя маленькія і на зіму зноў збожжа пасеялі.
Прыходзяць у жніўні жаць. Глядзяць, а карчоў стала ўдвая болей. Нехта сказаў у адчаі:
- Што гэта? Можа, іх тут нячысцік сее?
Памучыліся тыя людзі, пакуль сваё поле расчысцілі. Як яны гэта зрабілі нікому не гавораць, баяцца, каб тая пошасць нячыстая зноўку не вярнулася.
А суседзі іхнюю вёску з-за гэтай нагоды Карчынавічы празвалі. Па-мясцоваму «корч» гучыць як «курч», таму з цягам часу паселішча стала называцца Куршынавічамі. I да нашага часу так дайшло.
Куршынавічы. Існуе ў вяскоўцаў паданне аб тым, што назва іх вёскі ўзнікла ад назвы распаўсюджанай у гэтай мясцовасці расліны — крушыны. Крушынавічы з цягам часу пачалі гучаць як Куршынавічы.
Але ёсць і другая версія, а менавіта: вакол вёскі вялося шмат коршунаў. Адсюль узнікла назва Каршунавічы. Затым гучанне назвы змянілася на су-часнае - Куршынавічы.
Куршынавічы - ... Цікавыя легенды аб паходжанні назвы вёскі дайшлі да сённяшніх дзён. Чаму ж вёска атрымала назву Куршынавічы?
Адна з легендаў апавядае, што веска атрымала такую назву хутчэй за ўсё ад куршаў, якія жылі ў мінулым на крайнім захадзе сучаснай Літвы і Латвіі. Куршы (летапіснае корсь) - старажытнае балцкае племя, упершыню ўпамінаецца ў канцы IX ст. Яны займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, гандлем і мораплаваннем. У XIII ст. вялі барацьбу супраць крыжакоў, але былі заваяваны Лівонскім ордэнам. Пазней разам з латгаламі і земгаламі ўвайшлі ў склад латышскай народнасці. Але паўстае пытанне: як куршы трапілі на тэрыторыю сучаснай Беларусі?
Існуюць дзве версіі. Першая: вайна з крыжакамі прымусіла многіх пакінуць свае наседжаныя месцы і ў пошуках лепшай долі адправіцца на суседнія землі. Перасяленні адбываліся на працягу XIII - XIV стст. Паводле другой версіі, у канцы XIV ст. вялікія князі літоўскія і каталіцкія феадалы праводзілі палітыку ўмацавання каталіцызму. Пасля падпісання Крэўскай уніі пачалі будавацца касцёлы і кляштары, пашырылася землеўладанне каталіцкай царквы. Касцёлам перадавалася ва ўладанне зямля з сялянамі, якія на ёй жылі. Менавіта так адбылося і на Ляхавіччыне. Ужо ў другой палове XV ст. у руках віленскага біскупа знаходзілася буйная Мядзведзіцкая (Нядзведзіцкая) воласць. У Мядзведзічах на сродкі біскупства яшчэ да 1483 г. быў узведзены касцёл. У канцы XV ст. на тэрыторыі, падпарадкаванай біскупству, з’явіліся першыя парафіі, фундатарамі якіх былі самі біскупы. Сярод іх была і парафія ў Мядзведзічах. На будаўніцтве касцела працавалі майстры з Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы. Сярод іх былі і куршы. Значна пазней, у 1552 г., куршы, якія жылі ў Мядзведзічах, перасяляюцца на поўдзень ад іх і засноўваюць сваю вёску - Куршынавічы. Версія пацвярджаецца дакументальна пісцовай кнігай Пінскага і Клецкага княстваў. Гэтая пісцовая кніга з'яўляецца першай пісьмовай крыніцай, у якой сустракаюцца першыя канкрэтныя, але фрагментарныя звесткі, што датычаць вёскі Куршынавічы.
Куршынавічы // Брэстчына: назвы населеных пунктау паводле легендау і паданняу/ складанне, запіс, апрацоука А. М. Ненадауца. – Мн.: Беларусь. 1995. – 431 с.
Куршынавічы // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Станіславовіч, М. Куршынавічы. З гісторыі вёскі/ М. Станіславовіч// Краязнаўчая газета. – 2009. - № 41. – С. 6.
Friday, March 26, 2021
Ходар Анелія Іванаўна – нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Куршынавічы. Сфера навуковай дзейнасці – асаблівасці самаацэнкі старшакласнікаў у працоўнай дзейнасці.
Глядзець тут...