На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ГУЛІЧЫ — вёска ў Жарабковіцкім с/с, за 16 км на ПнУ ад Ляхавіч, 4 км ад чыг. прыпынку Жарабковічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, потым аўтадарозе Ляхавічы—Клецк. 63 гаспадаркі, 111 жыхароў (2005).
Курганны могільнік (мясц. назва Капцы), што знаходзіцца за 1 км на ПнУ ад вёскі, сведчыць аб засяленні тэр. вёскі ў старажытнасці.
У пісьмовых крыніцах Гулічы ўпамінаюцца пад 1562 г. як сяло Ляхавіцкай вол. ВКЛ, уласнасць вял. кн. ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста. У 1567 г. Гулічы — маёнтак Навагрудскага ваяв., уладанне шляхціцаў-васалаў Б. Гуліча і А. Цішкевіча, якія выстаўлялі ў вой­ска трох конных воінаў. З 1791 г. у складзе новаўтворанага Случарэцкага пав. Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. разам з іншымі землямі Ляхавіцкага графства Гулічы трапілі ва ўласнасць графоў Касакоўскіх. У 1847 г. Гулічы — фальварак (складаўся з вёсак Гулічы, Жарабковічы і Яцкаўшчына; усяго 55 двароў, 430 жыхароў), звыш 50 валок зямлі, і вёска, 11 двароў, 97 жыхароў. Уваходзілі ў склад маёнтка Ляхавічы, уладанне С.М.Касакоўскага. У 1897 г. вёска (32 двары, 221 жыхар) і маёнтак (40 жыхароў) у Ляхавіцкай вол. У 1909 г. у вёсцы 42 двары, 279 жыхароў; у маёнтку — 23 жыхары. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; у фальварку, 40 жыхароў і ў вёсцы 54 два­ры, 275 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Жарабковіцікім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Падлескім с/с, які 3.7.1972 г. зноў перайменаваны ў Жарабковіцкі. У 1940 г. у вёсцы створаны калгас імя Варашылава (аб’ядналіся 40 гаспадарак), 409 га ворыва. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1947 г. адноўлены калгас, з 1950 г. вёска ў складзе калгаса імя Сталіна Жарабковіцкага с/с (цэнтр — в. Жарабковічы), 3.11.1961 г. гаспадарка перайменавана ў калгас «Беларусь». У 1959 г. было 394, у 1970 г. 338 жыхароў. У 2002 г. 69 двароў, 124 жыхары. У вёсцы ёсць магазін, б-ка, клуб.


Гулічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 268–269.

Friday, March 26, 2021
                  Наводшыбе. Кропка на карце: Гулічы Ляхавіцкага раёна
Ёсць меркаванне, што назва вёскі Гулічы паходзіць ад прозвішча Гуліч. Яно ўзгадваецца ў адной з пісьмовых крыніц ХVІ стагоддзя, дзе зазначаецца, што дробны феадал Б. Гуліч павінен быў выставіць са свайго маёнтка аднаго коннага воіна ў войска вялікага князя. Зараз у вёсцы людзей з такім прозвішчам няма.  Дарэчы, у мясцінах, дзе размешчаны Гулічы, людзі пасяліліся вельмі даўно: у кіламетры на паўночны ўсход ад вёскі знаходзяцца курганы, якія датуюцца Х – ХІІІ стагоддзямі.  У пісьмовых крыніцах Гулічы згадваюцца ў 1562 годзе як сяло Ляхавіцкай воласці Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Пазней – уладанне шляхцічаў-васалаў Гуліча і Цішкевіча, яшчэ пазней – графоў Касакоўскіх.  У 1940 годзе 40 тутэйшых двароў аб’ядналіся ў калгас імя Варашылава.  У гады Вялікай Айчыннай вайны Гулічы да 1944 года былі акупіраваны фашыстамі. Пасляваенныя гады – гэта аднаўленне калгаса і далучэнне яго да калектыўнай гаспадаркі, якой было дадзена імя Сталіна, а ў 1961 годзе перайменавана ў калгас “Беларусь”, цяпер – СВК “Жарабковічы”. Гэты гістарычны экскурс зрабіла загадчыца аддзела апрацоўкі і камплектавання раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Ірына БРЭУС.
А я ведаю вёску Гулічы іншай. У памяці – працяглая, у некалькі кіламетраў, цэнтральная вуліца, да якой прымыкалі завулкі. Паабапал – прыгожыя заможныя дамы вяскоўцаў з вялікімі белымі аканіцамі і агародчыкамі, што квітнелі вяргінямі. Вакол вёскі хлебнае поле, а на ўскрайку велічна ўздымаўся млын. Можна было доўга глядзець на велізарныя “лахты”, што паволі круціліся пад подыхам ветру, незадаволена рыпелі, прыводзячы ў дзеянне механізм з жорнамі, з-пад якіх тонкім белым струмянём сыпалася мука. Тут пахла хлебам.
А млынар дзядзька Васіль кіраваў гэтым таямнічым працэсам і быў заўсёды прыпудраны мукой. Васіль Праневіч вярнуўся з вайны на адной назе, а на грудзях ордэны і медалі. Ветэран ніколі не лічыў сябе інвалідам: працаваў за дваіх, дом пабудаваў, разам з жонкай – цёткай Зінай – двух сыноў выгадавалі. І вяскоўцы яго паважалі, бо меў ён прамое дачыненне да хлеба надзённага. Дарэчы, цётка Зіна пякла вельмі смачныя хлеб і пірагі, якімі частавала на Вялікдзень.
На той час у Гулічах было шмат тых, хто ў вайну са зброяй у руках абараняў Айчыну і дамоў вярнуўся героем-пераможцам. Сцяпан Праневіч ваяваў пад Кёнігсбергам, Канстанцін Кунцэвіч закончыў свой баявы шлях у Японіі, блішчэлі баявыя ўзнагароды на грудзях у Івана Мінкевіча, які быў разведчыкам, дайшоў да Берліна. А колькі гулічан не вярнулася з фронту…
Было і застаецца ўражанне, што ў вёсцы нараджаліся надзвычай таленавітыя людзі. Гэта малая радзіма былога міністра народнай адукацыі БССР Міхаіла Мінкевіча, а яго родная сястра Марыя Мінкевіч была першай старшынёй тутэйшага калгаса імя Варашылава. З Гуліч выйшла шмат настаўнікаў, інжынераў, ваенных, будаўнікоў.
Росквіт вёскі прыйшоўся на 60 – 80 гады, калі на тутэйшых урадлівых землях ставілі працоўныя рэкорды Сяргей Сакалоўскі, Іван Мікуліч, Ігнат Кунцэвіч, Аляксей Шагун, Аляксей Жук, Васілій Жук і многія іншыя. Вёска будавалася, квітнела, працавалі пачатковая  школа, клуб, бібліятэка, магазін. Спраўлялі вяселлі, народзіны, на святы ладзілі маёўкі, спартыўная пляцоўка ля школы ў выхадныя дні ператваралася ў танцавальную.
Былая даярка Вольга Жук (сёння ёй ужо за 80 гадоў) успамінае, як ад зоркі да зоркі шчыравалі хто на ферме, хто ў полі: палолі буракі, ірвалі лён, але стомы не было, усе радаваліся шчаслівым пераменам у жыцці. І сёння, калі збіраюцца жанкі, успамінаюць былое. Разам з сястрой Надзеяй Мікалаеўнай ткалі “перабіраныя” посцілкі і ручнікі, вышывалі, даглядалі заможныя асабістыя гаспадаркі. Так працавалі ўсе вяскоўкі: Вера Сакалоўская, Ванда Субоцкая, Марыя Шагун, Ганна Шахмуць, Вольга Туцін, Часлава Салагуб, Вольга Заяц, іншыя.
   Нямногія засталіся з таго пакалення працавітых, дбайных, шчырых і добрых людзей. У свае 80–85 гадоў трымаюць на падвор’ях жыўнасць. У Чаславы Салагуб важна ходзяць па надворку індыкі, у Веры Сакалоўскай у хляве рохкае кабанчык, дагледжана хатняя птушка – каб было чым пачаставаць дзяцей, унукаў, якія любяць прыязджаць у госці да бабуляў…
Дарэчы, па інфармацыі Жарабковіцкага сельвыканкама, сёння ў вёсцы зарэгістравана 66 жыхароў. Аднак большая частка з іх “пры дзецях” – у гарадах і іншых вёсках. Многія летам вяртаюцца пад дахі сваіх дамоў: хоць нямоглыя, з кіёчкамі, але імкнуцца сюды, дзе жыццё пражыта.
   – Праз некалькі дзён збіраюся ехаць на зіму да сына на Гродзеншчыну, – гаворыць гулічанка Вольга Жук. – Але, шчыра кажучы, не хочацца пакідаць сваю хатку, ужо сумую па ёй, гэтак жа і па сваіх сяброўках. Вясной, дасць Бог, пабачымся…
З сельгасвытворчасці тут засталася дзеючай малочнатаварная ферма, толькі двойчы на тыдзень можна купіць прадукты ў аўталаўцы, доўгімі зімовымі вечарамі на вясковай вуліцы пабліскваюць усяго тры ліхтары…
Але ў самым цэнтры вёскі, сярод кустоўя і прысад, паўстае прыгожы сучасны катэдж. Яго гаспадыня-гулічанка жыве ў Германіі, але тут, на радзіме сваіх бацькоў, будуе сядзібу. Магчыма, спадзяецца, што аднойчы вернецца ў Гулічы.
Аліна ЛАПІЧ.

Лапіч, А.
Наводшыбе / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2015. –2 снежня (№ 93). – С. 5.

Friday, March 26, 2021
Гулічы. Ёсць падставы сцвярджаць, што назва вёскі Гулічы паходзіць ад прозвішча Гуліч. Яно ўпамінаецца ў адной з пісьмовых крыніц XVI ст., дзе ўказваецца, што Б. Гуліч як дробны феадал павінен быў выставіць са свайго маёнтка аднаго коннага воіна ў войска вялікага князя. Пэўна, тут пражывалі і іншыя прадстаўнікі гэтага роду. Зараз у вёсцы людзей з такім прозвішчам няма. Само прозвішча Гуліч, верагодней усяго, утворана ад слова 'гуляць". Такімі мянушкамі ў народзе называлі тых, хто не любіў працаваць, а толькі бавіў час. Але ёсць і другое значэнне гэтага слова. Гуляць - у разуменні прыгожа танцаваць. Дарэчы, у тых мясцінах, дзе размешчана веска Гулічы, людзі пасяліліся вельмі даўно.
Бо навокал яе многа курганоў-намагільнікаў, якія былі насыпаны дрыгавічамі ў X-XIII стагоддзях.
Гулічы. Паходзіць ад імя шляхціча Б. Гуліча. уладальніка маёнтка (1567 г.).
Гуличи. В основе названия слова гуль, гула - крупная бородавка, нарост (сравн. выражения: "у яго на шыі гула вырасла" или ‘гулу смаленую табе”. или “гузак як гула вялікая на патыліцы", или "з гулькін нос” и т. д.). От них ряд кличек и фамилий: Гуло, Гулько, Гуль, Гулич, также литовская Гулис.

Гулічы // Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка/ У. М. Лаурэнау і інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2003. – С. 24.

Адкуль пайшла назва// Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 4 мая. – С. 2.

Гулічы // Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн. Кн. 2. – Мінск: 2009. – 863 с.

Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.

Friday, March 26, 2021
Мінкевіч Міхаіл Гаўрылавіч - удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, з 1968 - 1985 гг. міністр асветы БССР.

Шагун Васіль Ігнатавіч - беларускі навуковец, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт. Нарадзіўся 1 мая 1931 года ў вёсцы Гулічы.
Глядзець тут...
ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"