На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ПАТАПАВІЧЫ — вёска ў Падлескім с/с, за 4 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Ляхавічы—Клецк. 93 двары, 174 жыхары (2005).
У 1789 г. Патапавічы — вёска ў Навагрудскім пав., уласнасць каталіцкай царквы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1870 г. дзярж. вёска ў Ляхавіцкай вол., 112 рэвізскіх душ. У 1897 г. 62 двары, 384 жыхары, хлебазапасны магазін. Побач з вёскай знаходзіўся аднайменны фальварак, які належаў прычту Ляхавіцкай царквы (1 будынак). У 1909 г. у вёсцы 79 двароў, 466 жыхароў, школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., фальварак і вёска, 91 двор, 500 жыхароў (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Ляхавіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. У 1950-я г. вёска перададзена ў склад Падлескага с/с, які 3.7.1972 г. быў перайменаваны ў Жарабковіцкі с/с, з 1.5.1981 г. адноўлены. У 1940 г. вёска, 120 двароў, 646 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліпеня 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы стварылі калгас імя Ф. Энгельса, які ў сак. 1951 г. увайшоў у склад узбуйненнага калгаса імя Молатава. У 1959 г. было 414 жыхароў, у 1970 г. — 455 жыхароў. У 2002 г. — 98 двароў, 177 жыхароў, у складзе калгаса «Кастрычнік» (цэнтр — в. Конькі). Ёсць магазін. На зах. ускраіне вёскі, каля паўн. ускраіны шляху на Ляхавічы знаходзяцца 10 пераважна апрацаваных шэрых камянёў (7 з іх пастаўлены ў адзін рад). На большасці камянёў высечаны каталіцкія і праваслаўныя крыжы і даты — 1683 г.

Патапавічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 301–302.

Friday, March 26, 2021
                                          Запрашенне на мачанку
Патапавіцкія камяні занесены ў звод помнікаў рэспублікі.
Ад гарадской мяжы да гэтай вёскі ўсяго паўтара кіламетра. Літаральна за апошнія гады Патапавічы нібы “падышлі” да Ляхавіч: гэта райцэнтр актыўна пашырае межы. Нязменна на сваім месцы стаяць, як стагоддзямі стаялі, патапавіцкія валуны – таямніца гэтага населенага пункта, якая і сёння цікавіць краязнаўцаў. Дарэчы, тутэйшыя камяні былі занесены ў звод помнікаў рэспублікі. Жыхары Патапавіч ставяцца да іх, як да святыні, нават устанавілі побач крыж. А старажылы вёскі могуць прыгадаць легенду, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Прычым, жыве некалькі варыянтаў аповеду. Аддзел краязнаўства раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы беражліва захоўвае кожны з іх. Напрыклад, такі. ”Сабраліся князі ў ваенны паход, склікалі пад свае харугвы мужчын з бліжэйшых вёсак. Засталіся дома толькі старыя, малыя ды жанкі. Ішоў час. Вярнуўся з таго паходу толькі адзін князь, а ратнікі ўсе паляглі на полі бітвы. Жанчыны працягвалі чакаць сваіх мужоў. Аднойчы напярэдадні Сёмухі сніцца ўдовам адзін і той жа сон, нібы прыходзяць да іх мужы і кажуць: “Цяжка ляжаць у чужым краі. Калі б ты, жонка мая, прыкаціла камень ды паставіла яго ў полі, мог бы і я вярнуцца дамоў…” На досвітку пакацілі ўдовы камяні. Зрабілі насечкі, крыж паставілі, паклікалі святара і адслужылі малебен.”
А гісторыкі звязваюць з’яўленне валуноў з падзеямі 1683 года, калі пад Венай адбылася адна з самых значных бітваў у гісторыі Еўропы (з туркамі), у якой прымалі ўдзел ваяры з тутэйшых мясцін.
Вікенцій Хмарук расцягнуў мяхі гармоніка, а тут і спявачкі: жонка Валянціна, стараста вёскі Соф’я Гадун, суседка Марыя Лойка.
Сёння ў Патапавічах вас гасцінна сустрэне былая настаўніца, цяпер стараста вёскі Соф’я Гадун, якая раскажа шмат сучасных гісторый, звязаных з жыхарамі гэтай вёскі, мясцовымі традыцыямі і звычаямі. Блізкасць да горада заўсёды ўплывала на жыццё патапаўчан, многія з іх працавалі ў райцэнтры. Яны заўсёды імкнуліся прыгожа апранацца – па-гарадскому, упарадкоўвалі свае дамы і двары, сачылі за чысцінёй і парадкам. Патапавічы былі вытворчай брыгадай саўгаса-тэхнікума, тут жылі механізатары, жывёлаводы, паляводы. Сёння тут знаходзіцца малочнатаварная ферма, якая належыць, як і зямельныя ўгоддзі, СВК “Шлях новы”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска праводзіла на фронт сваіх салдат, многіх так і не дачакалася пасля Перамогі. Патапавіцкі стараста расказвае, што гадоў 3 назад непадалёку ад фермы былі выяўлены пахаванні людзей.
— Усёй вёскай мы хадзілі туды, каб расчысціць месца і падрыхтаваць яго да раскопак. Ніхто не адмаўляўся дапамагчы. Як пасля высветлілі эксперты, гэта былі загінуўшыя салдаты Першай сусветнай вайны. Перапахавалі іх з належным ушанаваннем памяці: нашы людзі вельмі нераўнадушныя, спагадлівыя і шчырыя…
Многіх  адметнасцяў ранейшых Патапавічаў ужо няма. Спарахнеў і таму разабралі млын, які прастаяў, пэўна, больш як стагоддзе і нібы вартаваў вёску. Ён быў надзейным памочнікам людзям, асабліва ў незаможны час: змолатае зярнятка ператваралася ў хлебны бохан.
Калі не быць прыдзірлівым, то зазначым, што пустуючых дамоў тут не шмат: прыгарад, да Ляхавіч рукой падаць, купляюць людзі сядзібы – хто пад дачу, хто перасяляецца ў Патапавічы з іншых населеных пунктаў. Добрых людзей вёска прымае з радасцю. Сёння тут жыве 170 чалавек, ёсць і маладыя сем’і. Нядаўна пераехала сюды мнагадзетная сям’я Сокалаў — дзяржава дапамагла пабудаваць двухпавярховы асабняк. Цудоўныя людзі, працавітыя, дзетак любяць мудра, выхоўваюць спагадлівымі. Дарэчы, маці сямейства Таццяна некалькі гадоў назад атрымала спецыяльны прыз “Ляхавіцкага весніка” — і за яе мацярынскі подзвіг, і за плённую працу аператарам машыннага даення.
Самі для сябе арганізуюць вяскоўцы святы, іх ініцыятарам часта выступае стараста вёскі. Хоць і здароўе іншы раз падводзіць, аднак 75-гадовая Соф’я Дамінікаўна абыдзе сядзібы, збярэ людзей, удзельнікаў самадзейнасці з райцэнтра запросіць.
Паважаюць у вёсцы Кацярыну Фірусь, Таццяну Смаль, Наталлю Юруць, Раісу Маліхтаровіч, Любоў Зайчанка. Вельмі працавітая і добразычлівая сям’я Марыі і Міхаіла Лойкаў. Яны адзіныя ў вёсцы трымаюць на сваім падвор’і дзве каровы.
Надвячоркам, асабліва летам, любяць тутэйшыя жыхары, а найчасцей вяскоўкі-ўдовы, якіх пераважная большасць, сабрацца на лавачцы, успомніць маладосць і зацягнуць песню, што яшчэ бацькі спявалі. Нязменна дапамагае ім гарманіст-самавучка Вікенцій Хмарук. Яму ўжо 86 гадоў, але душа маладая, як і ў жонкі Валянціны – спявачкі на ўсю вёску. Хораша гучаць галасы — яе і Марыі Хмарук, — слухаць хочацца. У навакольных вёсках ведаюць і пра патапавіцкіх пеўчых Марыю Лойка, Соф’ю Гадун, Валянціну Шрубейка. Аднойчы, расказвае стараста, песні патапавіцкіх жанчын запісвалі на магнітафон – для фанатэкі. З гэтымі вясковымі пявухамі ніколі не працавалі прафесіяналы: у іх спявае душа – прыродны дар.
Засталася ў вёсачцы і даўняя традыцыя, якая ідзе ад дзядоў-прадзедаў: у нядзелю амаль у кожнай хаце на абед гатуецца мачанка з грыбамі, духмяная, наварыстая, і абавязкова аладкі – пышныя, з пшанічнай мукі.
Аліна ЛАПІЧ.

Лапіч, А. Добрае месца ёсць у Ляхавіцкім раёне / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 26 лістапада. – С. 4.

Friday, March 26, 2021
                                                     ПАТАПАВІЧЫ
Вёска Патапавічы ўзнікла ў 1552 годзе спачатку як аднадваровае паселішча, а з цягам часу разрасталася. У гэтай вёсцы больш за палову жыхароў складалі блізкія сваякі. Цесныя сваяцкія адносіны накладвалі адбітак на грамадскі побыт, на працоўнае і духоўнае жыццё вёскі.
Паходжанне назвы вёскі пайшло ад нашчадкаў чалавека з імем Патап або па прозвішчы Патап, Патапаў. На тэрыторыі вёскі з пачатку 20-га стагоддзя працавала школа пісьменнасці, дзе жыхары атрымлівалі адукацыю.
Ішоў час. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Шмат мужчын і маладых хлопцаў з вёскі Патапавічы загінулі, абараняючы Радзіму. Іх імёны назаўжды застануцца ў памяці аднавяскоўцаў:
Баўтрукевіч Мікалай Адамавіч
Дуброўка Вікенцій Уладзіміравіч
Дуброўка Мікалай Фаміч
Кічыла Іосіф Вікенцьевіч
Коктыш Аляксей Іосіфавіч
Кудзіновіч Канстанцін Адамавіч
Лойка Іван Вікенцьевіч
Македановіч Іван Аляксеевіч
Маліхтаровіч Юльян Адамавіч
Фірусь Іван Барысавіч
Хмарук Аляксей Антонавіч
Хмарук Аляксей Іосіфавіч
Вельмі жорстка расправіліся фашысты з актывістамі вёскі Патапавічы, ад іх рук загінулі: Рамейка Канстанцін Іосіфавіч і Рамейка Канстанцін Пятровіч.
Праз жахі і ліхалецці ВАВ прайшоў ветэран, узнік – Хмарук Васіль Піліпавіч.
Вайна скончылася, пачалося мірнае пасляваеннае будаўніцтва. У 1949 годзе жыхары вёскі згуртаваліся ў калгас імя Энгельса. Старшынёй калгаса выбралі Хмарука Станіслава Піліпавіча. А ў 1951 годзе разам з вёскай Зубелевічы аб’ядналіся ў калгас “40 год Кастрычніка”. Старшынёй калгаса быў Каляда Мін Трафімавіч, а з 1955 года – Зайчанка Аляксей Пятровіч.
У 1970 годзе на базе калгаса “40 год Кастрычніка” быў створаны саўгас-тэхнікум. Яго дырэктарам была Інтарынава Кацярына Кузьмінічна, затым Тупіца Павел Паўлавіч, а з 1979 года – Пабягайла Мефодзій Мікалаевіч. З 1995  года вучэбную гаспадарку ўзначаліў кандыдат сельскагаспадарчых навук Сельмановіч Вячаслаў Лукіч.
З 2001 года вёскі Зубелевічы і Патапавічы сталі адносіцца да СВК Ордэна “Знак Пашаны” “Кастрычнік”. Гаспадарку ўзначальваў старшыня Васіль Міхайлавіч Чубаў. З 2013 года і па цяперашні час вёска Патапавічы адносіцца да СВК “Шлях новы” і да Жарабковіцкага сельскага Савету.

Friday, March 26, 2021
Патапавічы. Патапавічы - нашчадкі чалавека па імені Патап або па прозвішчы Патап, Патапаў. Патап - скарочаны варыянт каляндарнага імя Потапій.

Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.

Friday, March 26, 2021
Патапавічскія камяні -  на заходняй ускраіне вёскі Патапавічы, непадалёк ад дарогі, якая злучае яе з Ляхавічамі, знаходзіцца група з дзесяці груба абчасаных камянёў, большая частка з якіх пастаўлена ў шэраг. На іх маюцца выявы праваслаўных і каталіцкіх крыжоў, а таксама надпіс - 1683.

  

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"