Friday, March 26, 2021
ПЕРАХРЭСЦЕ — вёска ў Начаўскім с/с, за 10 км на У ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Ляхавічы—Нача. 41 двор, 87 жыхароў (2005).
У 1789 г. Перахрэсце — вёска ў Навагрудскім ваяв. Рэчы Паспалітай, шляхецкае ўладанне. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. вёска маёнтка Нача Брындзоўская, уласнасць М.К.Чарноцкага, 22 двары, 150 жыхароў. У 1870 г. вёска таго ж маёнтка, у Ляхавіцкай вол., 175 рэвізскіх душ, 18 дваровых сялян. У 1897 г. 56 двароў, 378 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 г. — 67 двароў, 450 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 76 двароў 425 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. цэнтр Перахрэсцкага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 17.11.1959 г. у Рачканскім с/с, які 4.6.1979 г. перайменаваны ў Начаўскі. У 1940 г. 88 двароў, 571 жыхар, пач. школа, хата-чытальня, гандлёвая кропка. Выканком сельсавета размяшчаўся ў былым доме асадніка. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У снежні 1948 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас «30 год БССР», які ў лют. 1952 г. увайшоў у склад узбуйненага калгаса «Новы шлях». У 1959 г. было 397 жыхароў у 1970 г. — 353 жыхары. У 2002 г. — 54 двары, 98 жыхароў, у складзе Рэспубліканскага с.-г. унітарнага прадпрыемства «Нача» (цэнтр — в. Нача). Ёсць магазін. Планіровачна складаецца з прамалінейнай, блізкай да шыротнай арыентацыі вуліцы, забудаванай двухбакова драўлянымі сял. сядзібамі.
Перахрэсце // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 302.
Friday, March 26, 2021
Матросаўскае скрыжаванне. Кропка на карце: ПЕРАХРЭСЦЕ
Наша жыццё – бясконцая чарада скрыжаванняў, мноства дарог, па якіх крочым па свеце. Сустракаем людзей, і яны невыпадковыя, не проста так ідуць побач з намі, не проста так перасякаюцца нашы шляхі. І як важна тое месца, што здолела аб’яднаць розныя лёсы.
Шмат гадоў назад адна дарога з Начы на Ляхавічы, другая ў накірунку Зубелевіч перакрыжаваліся, і пачалася вёска Перахрэсце. На яе адзінай вуліцы Матросава, якую так і хочацца перайменаваць у Бэзавую, адзін за адным раслі дамы, а ў іх навасельнічалі шчаслівыя вяскоўцы са сваімі марамі, планамі, надзеямі. З гэтай невялікай кропкай на карце звязана столькі падзей, шчаслівых імгненняў, пяшчотных успамінаў яе жыхароў. Назва вёскі сцвярджае: тут скрыжаванне. У гэтым месцы скрыжаваліся не толькі дарогі – жыццё цікавых, творчых, гаспадарлівых, працавітых, добрых людзей.
Знаёмства з вёскай варта пачынаць са знаёмства са старастай. Яшчэ па тэлефоне Алена Мурочак шчыра запрасіла «ЛВ» у Перахрэсце і, як сама прызнаецца, з нецярпеннем чакала гасцей. У гэты дзень яна – наш вясковы гід, дарэчы, цудоўны: Алена Паўлаўна ведае літаральна ўсё і ўсіх, як, між іншым, і землякі пра яе. Адным словам – заўсёды на сувязі са сваімі вяскоўцамі. Ёй давяраюць, і гэта было відавочна.
– Амаль 30 гадоў назад параднілася з гэтымі мясцінамі. Цяпер невялікая вёсачка з філасофскай назвай стала самым родным, прыгожым і любым куточкам на планеце. Ні пры якой умове не прамяняла б свой дом, утульны дворык, агародныя соткі, гэтых неверагодных людзей на гарадское быццё. А яшчэ і сын вырашыў застацца тут – цяпер мы суседзі. Летась яго сям’я справіла наваселле, і зараз мы дапамагаем дзецям абжывацца, – расказвае Алена Паўлаўна.
Некалі, успамінае, тут у кожнай хаце ўвечары запальвалася святло, на кожнай лавачцы гаманілі суседзі, ды і моладзі было больш. Па вёсцы збіралася дзве калейкі кароў. І школа была тут, і магазін працаваў. Цяпер сюды чатыры разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. А жыве тут крыху больш за 30 чалавек, якія лічаць сябе блізкімі людзьмі, бо яны –
аднавяскоўцы.
Ідзём па перахрэсцкай вуліцы, мінаем рознакаляровыя домікі, агароджаныя яркімі платамі. У адным з дамоў за справамі завіхалася Зінаіда Іосіфаўна Ксёнжык. Як жа яна радавалася прыходу нечаканых гасцей:
– Заходзьце, адчувайце сябе як дома, – запрашае гаспадыня і праводзіць у пакой з самым унікальным, неверагодным дызайнам, які мне толькі даводзілася бачыць. У бялюткіх вышытых гладдзю ручніках застыла прыгажосць. У кожнага свой узор, непаўторны. Як, без перабольшання, сучасна, модна выглядае вышыты абрус, а якія далікатныя сурвэткі.
– Некалі ўсёй вёсцы вышывала ручнікі на вяселлі, можа, яны былі шчаслівыя, – жартуе Зінаіда Іосіфаўна. – І гладдзю вышывала, і крыжыкам карціны «пісала». Адным пальцам вышываю, другім есці вару.
Уміг заліваецца шчырым смехам, а разам з ёй і мы. Сёння, у свае 89 гадоў, яна па-ранейшаму галасіста можа зацягнуць любую песню, пажартаваць, і з ёй так проста, душэўна. А пра вёску Перахрэсце гатова расказваць бяс-конца: як ладзіліся тут танцавальныя вечарыны, як пазнаёмілася з будучым мужам, як спраўляліся з гаспадаркай, будавалі дом, выхоўвалі дзяцей. Яна называе сябе самай шчаслівай бабуляй і прабабуляй – у яе 7 унукаў і столькі ж праўнукаў. Вось і нядаўна прыехала з Мінску, гасцявала ў дачкі, і вельмі рада, што сустрэлася з унукам Лёшкам, які служыць у арміі.
Наступны адрас – сям’я Пятроўскіх. Канстанцін Іосіфавіч і Яніна Іосіфаўна абодва мясцовыя. У Перахрэсці іх жыццёвыя шляхі сышліся, тут яны сталі шчаслівымі мужам і жонкай, і разам ужо 58 гадоў. Канстанцін Іосіфавіч працаваў на начаўскай свінаферме, Яніна Іосіфаўна – у мясцовым аддзяленні сувязі, пасля ў племзаводзе малаказборшчыцай. Сёння спраўляюцца са сваёй невялікай гаспадаркай – у іх ручныя трусы, агародныя соткі, шыкоўныя кветнікі.
– Унук з сям’ёй прыязджае кожны дзень – галоўныя памочнікі па гаспадарцы. Яны, хоць і жывуць у райцэнтры, але без нашай вёсачкі не могуць, – расказвае Яніна Пятроўская. – Добра нам тут жывецца: рэйсавы не мінае, аўталаўка прыязджае, і прэса да нас даходзіць своечасова.
Так, па гэтым адрасе жывуць даўнія сябры раёнкі. Як падпісаліся шмат дзесяцігоддзяў назад на «Совецкі патрыёт», да сённяшняга дня з задавальненнем чытаюць «Ляхавіцкі веснік».
кожнай вёскі свае традыцыі, святы. Вось ужо некалькі гадоў запар на купалле вяскоўцы збіраюцца ля азярца, якое прыгожа ўпісалася ў мясцовы пейзаж. Яго стваральнік – чалавек вядомы ў нашым раёне, дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзій Сакуць. Яго малая радзіма – гэтае цудоўнае Перахрэсце.
На жаль, многія рознакаляровыя домікі сёння пустуюць. Іншыя, скажам, атрымалі другое жыццё. З пачаткам сезона сюды прыязджаюць дачнікі. Родныя сёстры Галіна Ксёнжык і Ала Хімарода жывуць у Мінску, але родам адсюль. У мінчаніна Васілія Панцялейкі тут раней жыла цешча. Яны ў адзін голас прызнаюцца, што ў Перахрэсці можна выдатна адпачыць ад гарадской мітусні ў прыгажосці і цішыні. Летам у грыбы і па ягады ходзяць, ды і на сваіх агародах працаваць – адно задавальненне. Прыемна пасля зімой паласавацца смачнымі агурочкамі і памідорчыкамі.
А двор наступнай гаспадыні трэба разглядаць дэталёва – трапляеш нібы ў казку.
– Паглядзіце, вас сустракае калабок, а тут плаваюць лебедзі, побач застыў бусел, – паказвае Галіна Валасевіч. Але сапраўдная экскурсія пачалася, калі мы трапілі на «экспазіцыю» старых бытавых прылад.
– Такія рэчы не павінны пыліцца, падумалася, і я сабрала гэту калекцыю: маслабойка, сячкарня, серп, пральнік, жорны, маслянка. Многае засталося яшчэ ад бацькоў, – расказвае Галіна Пятроўна.
…Вось пачнецца лета, і вёска зашчабеча. Прыедуць да бабуляў і дзядуляў унукі-праўнукі. А ў планах Галіны Валасевіч стварыць для дзетак спартыўную пляцоўку. Цудоўна!
У кожнага жыхара тут свая гісторыя, свая справа, свае мары. Але ў кожнага шлях праз скрыжаванне Перахрэсця.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.
Кухта, М. Матросаўскае скрыжаванне / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – 23 мая (№ 38). – С. 4.
Friday, March 26, 2021
Перахрэсце. Ад слова перахрэсце "скрыжаванне дарог". Параўн. перахрэст '"скрыжаванне”. Перахрэсце, перахрэст часта ўтвараюць лясныя дарожкі і сцяжынкі.
Урочышчы ў такіх месцах называюцца Перахрэсце, Перахрэстніца.
Перахрэсце. Вёскі Ляхавіцкага і Лунінецкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Назва- арыенцір. Яна азначае - веска на месцы перасячэння шляхоў.
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
Адкуль пайшла назва // Ляхавіцкі веснік. – 1993. – 23 красавіка. – С. 3.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа.- Мн., «Нар. асвета», 1969. – С. 85.
Friday, March 26, 2021
Серкаўшчына - старадаўні фальварак. У XVI ст. маёнтак належаў Я.К.Хадкевічу. Палац, як і парк, быў закладзены y 2-й палове XIX ст., пабудаваны з дрэва, аднапавярховы, з традыцыйным ганкам, накрыты гладкім гонтавым дахам.
Глядзець тут...