На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ВОЛЬКА — вёска ў Альхоўскім с/с, за 16 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. 66 гаспадарак, 118 жыхароў (2005).
У 1897 г. Волька — вёска Востраўскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ., 90 двароў, 678 жыхароў, хлебазапасны магазін, крама. У 1909 г. у вёсцы 137 двароў, 815 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Востраўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 56 двароў, 404 жыхары (1921). З ліст. 1939 г. у БССР. З 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Малагарадзішчанскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 15.5.1998 г. у Альхоўскім с/с. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Калініна. У 1959 г. было 772, у 1970 г. 632 жыхары. У 1985 г. каля вясковага клуба на ўшанаванне памяці вяскоўцаў, якія загінулі ў баях з ням.- фаш. захопнікамі ў 1941—45 гг., устаноўлены абеліск. У 2002 г. 81 двор, 146 жыхароў у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства «Малагарадзішча» (цэнтр — в. Малое Гарадзішча). Ёсць клуб, б-ка, магазін.

Волька
// Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 260.

Friday, March 26, 2021
                                                       ВОЛЬКА
Вёска Волька знаходзіцца на мяжы з Баранавіцкім раёнам. Глеба тут пясчаная і супясчаная, мясцовасць вакол лясістая. У далёкім мінулым жыхары вёскі займаліся вырабам скур, шылі кажухі. Займаліся бондарствам. Аб больш дакладных часах узнікнення вёскі мы можам толькі здагадвацца.
На самым ускрайку вёскі, у бок Вялікіх Лук  некалі знаходзіліся могілкі, час узнікнення якіх не памяталі нават старэйшыя жыхары. Зараз на тым месцы знаходзіцца саўгаснае поле. Да гэтага часу на прысядзібных тэрыторыях людзі знайшодзяць розныя старадаўнія рэчы. Напрыклад, пры ворыве поля знайходзілі манеты: манета вартасцю 2 капейкі 1859 года; манета Аўгуста Панятоўскага, датаваная 1778 годам; сарэбраная манета Вялікага Княства Літоўскага з выявай пагоні, якая адносіцца да 1506-1509 гадоў. Ужо па адных гэтых знаходках можна сведчыць, што вёска ўжо даўно існавала.
Адкуль жа пайшла назва вёскі? Раней людзі лічылі гэтую мясцовасць вольным месцам, дзе можна ўсё рабіць. Магчыма, з гэтага і пайшла назва .
У гады Першай сусветнай вайны жыхары вёскі былі эвакуіраваны ў глыбіню Расіі. Аб тых часах сведчылі могілкі нямецкіх салдат, якія знаходзіліся на месцы цяперашняга бульбасховішча. Могілкі былі з помнікамі аднолькавага ўзору, якія былі знесены пры пабудове бульбасховішча.
У тым жа месцы жыў пан Корбут, якому належалі землі каля вёскі Волька. У 1939 годзе гэты пан кудысьці з’ехаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска Волька засталася на акупацыйнай тэрыторыі. Больш за 200 жыхароў вёскі змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай. Загінулі і былі закатаваны фашыстамі 82 жыхары. Сярод іх бацька і тры сыны Шукала загінулі і пахаваны ва Усходняй Прусіі. Пры спробе ўзарваць кінатэатр у горадзе Баранавічы з нямецкімі афіцэрамі быў схоплены і павешаны Пётр Агееў, таксама з Волькі. Здраднікам быў выдадзены немцам мясцовы каваль Вярбіла Пётр Мікалаевіч. Ён рамантаваў партызанам зброю. Немцы яго расстралялі, аднак месца пахавання яго ніхто не ведаў. Катавалі патрыётаў немцы ў камендатуры, якая знаходзілася ў будынку былой польскай школы, на краі вёскі. Там было забіта шмат жыхароў навакольных вёска. Калі рабілі дарогу ў вёсцы, пясок бралі з кар’ера, на месцы былой камендатуры і экскаватар выкараў шмат касцей. Аб гэтым быў напісаны ў мясцовай газеце артыкул пад назвай “Растаптаная памяць”.
Адзін з жыхароў вёскі Юрчык Марк Маркавіч, прымаў удзел у штурме Берліна. Бацька Патоцкага Рыгора Міхайлавіча, Патоцкі Міхась, яшчэ ў далёкія часы, пры Польшчы быў адукаваным чалавекам. Ён скончыў агранамічную школу. Ён жа ў гады Грамадзянскай вайны ваяваў у войску Будзённага.
У пасляваенны час, у жніўні 1949 года ў вёсцы Волька быў створаны калгас імя Калініна. Першым старшынёй калгаса быў Вярбіла Андрэй Яфімавіч.
У тыя пасляваенныя гады, вёска была самай большай па колькасці жыхароў у сельсавеце. Зараз у ёй пражывае каля 40 чалавек – у асноўным сталыя людзі.
Карповіч Міхаіл Анатольевіч быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, Касабуцкі Рыгор Сцяпанавіч мае некалькі дзяржаўных узнагарод за высокія паказчыкі ў сельскай гаспадарцы: “Ордэн Леніна”, “Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга”, “Ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі”, “Ордэн Працоўнай Славы”. Ён быў удзельнікам ВДНГ у Маскве. Мае траіх дзяцей. Старэйшы сын працуе генеральным дырэктарам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў горадзе Баранавічы.
Усё жыццё працавалі настаўнікамі муж і жонка Карповіч Аркадзь Фёдаравіч і Марыя Міхайлаўна, Радош Феня Міхайлаўна, Рускевіч Міхаіл Емельянавіч. У мірныя гады загінуў пры выкананні службовага абавязку курсант Вышэйшага марскога вучылішча, сын Карповіча Аркадзя Фёдаравіча – Аляксандр.
Зараз у вёсцы засталіся амаль адны пенсіянеры. Аднак яна і цяпер не губляе сваёй прыгажосці.

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"