WYSIWYG Web Builder
На галоўную Вярнуцца на сайт
Friday, March 26, 2021
ЗАРЫТАВА вёска ў Жарабковіцкім с/с, на р. Шавялёўка, за 12 км на ПнУ ад Ляхавіч, 0,5 км ад чыг. прыпынку Жарабковічы на лініі Баранавічы—Асіповічы. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, затым аўтадарозе Баранавічы—Клецк. 149 гаспадарак, 319 жыхароў (2005).
У канцы 18 ст. Зарытава (Зарытаў) — вёска фальварка Жарабковічы Ляхавіцкага графства, дзярж. ўладанне. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. разам з іншымі землямі Ляхавіцкага графства Зарытава перададзена ва ўласнасць графоў Касакоўскіх. У 1847 г. вёска таго ж фальварка маёнтка Ляхавічы, 43 двары, 339 жыхароў, 24 валокі зямлі. У 1897 г. вёска Ляхавіцкай вол., 86 двароў, 646 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 г. у вёсцы 103 двары, 725 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 113 двароў 554 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Жарабковіцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Падлескім с/с, які 3.7.1972 г. перайменаваны ў Жарабковіцкі. У 1940 г. вёска, 155 двароў 671 жыхар. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1948 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў кал­гас «Перамога», з 24.12.1950 г. вёска знаходзілася ў складзе калгаса імя Сталіна Жарабковіцкага с/с (з 3.11.1961 г. калгас «Беларусь»). У 1959 г. у вёсцы 371 жыхар, у 1970 г. — 567 жыхароў. У 2002 г. 157 двароў, 340 жыхароў. У 1965 г. за 3 км ад вёскі на магіле героя грамадз. вайны, кірауніка партыз. атрада, які дзейнічаў пад Ляхавічамі, М.А.Кухарчыка устаноўлены абеліск. Планіровачна складаецца з прамалінейнай, двухбакова забудаванай драўлянымі сядзібамі вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі.

Зарытава
// Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 277.

Friday, March 26, 2021
Зарытава. Жылі-былі доўгі час людзі ў гэтым пасяленні і не думалі нават даваць свайму месцу пражывання якую-небудзь назву. Яна, назва. прыстала пазней сама. А было гэта так. Любілі мясцовыя жыхары добра папрацаваць, а потым смачна і сытна паесці. Людзі ў гэтых мясцінах былі моцнага целаскладу, дужыя, асабліва мужчыны. Многа ім трэба было харчу, каб аднавіць затрачаныя на работу сілы. Асабліва падабалі свініну, таму і разводзілі шмат свіней. Зімой так-сяк ператрымаюць у будане, а з ранняй вясны да позняй восені пасвілі іх вакол пасялення. Тут былі і свінаматкі з малымі парасятамі. і ладныя падсвінкі, і кныры. Цяжка нават пазнаць, дзе чый.
Праўда, людзі надта паміж сабой не сварыліся. калі хто і пераблытае.
Ну а свінні, ёсць свінні. Усё рыюцца ў зямлі, бы той зямлі вакол мала, альбо зямля смачнейшая за зяленіва. Вакол сялення ўсё "перааралі". Нават адзіную дарогу, што вяла сюды, спаганілі. Цяжка прыходзілася дабірацца і сваім і чужым: ці то конна, ці то пешшу. Чалавек, што вяртаўся адсюль, сустракаючы на сваім шляху незнаёмца, які накіроўваўся ў пасяленне. папярэджваў яго, паказваючы рукой на калена: “Там зарытаво!”. Так гэтыя словы перасцярогі Зарыта-во! і сталі з цягам часу назвай вёскі.
Ёсць і яшчэ адна легенда аб паходжанні назвы гэтай вёскі. Распавядаў мне аднойчы тутэйшы сівенькі дзядок, якому ў свой час таксама перадалі з вуснаў яго продкі. Даўно ўжо няма на белым свеце таго чалавека, і ўсе яго забылі, а вось сказ застаўся ў памяці.
... Жывуць людзі цяпер лепей, чым раней. Чаго, здаецца, ім не хапае. Але раз-пораз здараецца, што і краіны ваююцъ паміж сабою. У тыя ж даўнія часіны бойкі, набегі, напады былі самай звычайнай справай. Нават брат ішоў на брата, сын - на бацьку, не кажучы ўжо пра суседзяў і чужынцаў. Штурхала на гэта часта прага завалодаць багаццем іншых. Здарылася такое і ў нашых мясцінах. Пад вечар, калі сонца ўжо садзілася, невялікі атрад вершнікаў, не спяшаючася, рухаўся ўздоўж ручая, што працякаў тут. Два мужчыны адзін сталага ўзросту, другі значна маладзейшы, дазорныя, відаць, праскакалі галопам уперад, трымаючы напагатове ўзбраенне, і раптам спыніліся. Пераканаліся, што паблізу людзей няма, павярнулі коней назад да невялікай палянкі. Пад'ехала сюды і асноўная група мужчын. Яны былі стомленыя, некаторыя нават акрываўленыя. Рашылі крыху адпачыць, набраццца сіл, дый коні таксама патрабавалі перадыху. Спешыліся. Адзін чалавек, шырокі ў плячах, высокі, з сур'ёзным тварам зняў са свайго каня цяжкі мех. Відаць. штосьці каштоўнае было ў ім.
Не паспелі, як след, умасціцца на прыстанішчы, а па іх, бы з неба зваліліся, з паўночнага сушэйшага боку ляска наляцелі пешыя дзецюкі. узброеныя дзідамі, стрэламі. Колькасць напаўшых пераўзыходзіла адпачываючых. Прыціснутыя да балоцістага ручая, вершнікі кінуліся да коней. Але было ужо позна.
Амаль усе паляглі ў гэтай бойцы ад рук такіх, як і яны, набежчыкаў. Праўда, некалькім усё ж удалося выратавацца, старэйшаму таксама. Ён у спешцы і прыхаваў мех са скарбам пад дрэвам, выкапаўшы неглыбокую яміну, якую затым засыпаў зямлёй і леташнім лісцем. На болышае не хапала часу - па следу ішла пагоня. Па зарыты мяшок вярнуўся пазней. Але пазнаць дрэва, пад якім схаваў скарб, ужо не змог. Толькі і раставацца з думкай аб ім не хацелася. Таму ён рашыў перабрацца сюды са сваімі родзічамі і абшчыннікамі жыць - мо з цягам часу ўсё ж такі знойдзецца схованае.
Старога мужчыну, у якім угадваўся той моцны і мужны важак, часцяком можна было ўбачыць у ляску. Ён штосьці шукаў пад дрэвамі, капаючы рыдлёўкай зямлю. Калі хто з пасяленцаў асмельваўся спытаць у яго, што ён шукае тут, са шкадаваннем гаварыў: “Тут скарб зарыты”. Часам і другія ўпотай падключаліся да пошуку. Амаль увесь лясок перарылі. Знайшлі яго ці не - невядома. А вось назва "Зарытава" за вёскай замацавалася.
Гістарычная даведка. Сучаснае месцазнаходжанне вёскі Зарытава не адпавядае першапачатковаму. Новае паселішча было адбудавана пасля Вялікай Айчынннай вайны. А тое, ранейшае, знаходзілася на поўнач ад гэтага, кіламетры за тры па дарозе на Мацылёўшчыну, адразу за ручаём меліярацыйнага канала. Ад яго засталіся толькі старыя зарытаўскія магільнікі.


Зарытава // Ёсць край такі...: гістарычна-літаратурная хроніка / У. М. Лаўрэнаўі інш. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая узбуйненая друкарня”, 2003. – 427 с.

Friday, March 26, 2021
Гуліцкі Мікалай Фёдаравіч - кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Нарадзіўся ў снежні 1938 года ў в. Зарытава.
Глядзець тут...

Карповіч Янка - паэт. Нарадзіўся ён у 1934 г. ў вёсцы Зарытава.
Глядзець тут...

Маісеенка Анатоль
мастак з вёскі Зарытава Ляхавіцкага раёна. Большая частка  жыцця Анатолія Сяргеевіча звязана  са Свяціцай.  Яго работы знаходзяцца  ва ўласных калекцыях знатакоў жывапісу з Расіі, ЗША, Японіі, Галандыі, Канадзе, Польшчы, Італіі, Германіі і іншых краін.
Глядзець тут...

Таранда Мікалай Іванавіч - кандыдат біялагічных навук, дацэнт. Нарадзіўся 1 мая 1957 года ў вёсцы Зарытава.
Глядзець тут...

ДУК "Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма"