Friday, March 26, 2021
ЦЫГАНЬ – вёска ў Ганчароўскім с/с, каля р. Шчара, за 16 км на Пд ад Ляхавіч, 9 км ад чыг. ст. Куляні на лініі Баранавічы–Ганцавічы, на аўтадарозе Цыгань–Ляхавічы. 54 двары, 85 жыхароў (2005).
У канцы 18 ст. Цыгань – уласнасць каталіцкай царквы ў Навагрудскім ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. Цыгань – вёска фальварка Берасневічы ў складзе маёнтка Савейкі, уладанне Валерыі Рдултоўскай, 26 двароў, 184 жыхары. У 1870 г. вёска маёнтка Берасневічы, уласнасць памешчыка Навіцкага. 132 рэвізскія душы. У 1897 г. вёска ў Мядзведзіцкай вол., 50 двароў, 439 жыхароў, хлебазапасны магазін, шынок. У 1905 г. сяляне аказалі ўзбр. супраціўленне прадстаўнікам улады, якія пры размежаванні зямель абаранялі інтарэсы памешчыка. Выступленне сялян было падаўлена з дапамогай паліцыі і салдат. У 1909 г. тут 64 двары, 484 жыхары. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 67 двароў, 356 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. цэнтр Цыганскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 16.7.1954 г. у Мініцкім, з 4.6.1979 г. у Ганчароўскім с/с. У 1940 г. было 113 двароў, 664 жыхары, працавалі ўрачэбны ўчастак, ветраны млын, выканкам сельсавета размяшчаўся ў прыватным будынку. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1949 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас “Малады Бальшавік”. У 1959 г. у вёсцы было 725 жыхароў, у 1970 г. – 595 жыхароў. У 2002 г. – 66 двароў, 120 жыхароў, у складзе камунальнага ўнітарнага с.-г. прадпрыемства “Ганчароўскі” (цэнтр – в. Ганчары). Працуе б-ка, магазін.
Цыгань // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 317.
Friday, March 26, 2021
За падворкам поле, на ўскрайку лес
Паміж лясамі і жытнёвымі палямі, паміж Меляхамі і Хацяжом на трох вуліцах – Савецкая, Камсамольская, Лясная – раскінулася (сапраўды раскінулася – не адзін кіламетр трэба прайсці ад аднаго ўскрайку да другога) вёска з каларытнай назвай Цыгань. Па расказах тутэйшых жыхароў, некалі даўным-даўно там, дзе цяпер бярэ пачатак вуліца Камсамольская, спыніўся пераначаваць цыганскі табар, ды так і застаўся. Потым зноў адправіўся вандраваць, а да паселішча прыкіпела назва Цыгань. Нібы адгалоскі той легенды – зніклыя ў невядомым накірунку ўказальнікі з назвай вёскі.
На жаль, мы не можам зазірнуць у будучыню. А вось адправіцца ў мінулае з дапамогай успамінаў – калі ласка.
– То вяселлі, то народзіны, то провады ў армію – свята на свяце адзначалі. Сталы накрывалі ў хаце, калі цёпла – у двары. Танцаваць хадзілі ў клуб, дзе збіраліся старыя і малыя, халастыя і жанатыя. Месца хоць і малавата было, затое ж весела, – расказвае пра падзеі сярэдзіны мінулага стагоддзя Марыя Собаль. Усе яе 76 гадоў звязаны з Цыганню: тут нарадзілася, пайшла за аднавяскоўца замуж, нарадзіла чацвёра дзяцей. Памагала ім гадаваць 9 унукаў, цяпер не нацешыцца на 15 праўнукаў. Працоўны лёс Марыі Васільеўны звязаны з сельскай гаспадаркай – шчыравала даяркай, якраз на той ферме, што была пабудавана на месцы колішняй стаянкі табара. Побач працавала і суседка з дома насупраць Соф’я Азімка. Яна таксама, лічы, амаль карэнная цыганьчанка: яе малая радзіма хутар Гарэнец зусім недалёка ад вёскі.
– Сюды дзецьмі бегалі ў васьмігодку. Былі гады – вучняў налічвалася да 300 чалавек! Прыхо-дзілі-прыязджалі з бліжэйшых хутароў, таксама з Меляхоў, Хацяжа, Ганцавічаў. Нашы дзеці яшчэ да класа трэцяга вучыліся тут. Потым школу закрылі, вучняў перавялі ў Крывошынскую СШ. Будынак крыху пастаяў, і яго знеслі. Шкада, канешне. Аднак, што зробіш: з некалі перспектыўнай (былі часы, што тут налічвалася каля 300 падворкаў) наша Цыгань стала зусім маленькай, – з лёгкім сумам гаворыць Соф’я Азімка.
Суседкі – жанчыны разважлівыя, памяркоўныя і да таго ж аптымісткі. На жыццё не скардзяцца, спакойна ўспрымаюць факт, што з кожным годам усё менш становіцца тутэйшых жыхароў: цяперашнія пакаленні прывыклі жыць з большым камфортам, чым іх продкі.
У Цыгані, акрамя школы, даўно зачынены сельскі клуб, куды прыходзілі на танцы і Соф’я Азімка, і Марыя Собаль, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін (сёння гэты будынак з вялікім замком на дзвярах адзінока стаіць пасярод няскошанага пустазелля). Але вяскоўцы (тут зарэгістравана 27 чалавек, праўда, жыве значна менш) не пакінуты сам-насам з немаладым узростам, праблемамі, клопатамі. Па панядзелках і чацвяргах строга па раскладзе прыязджае аўталаўка райпо. Людзей задавальняе асартымент, якасць, кошт тавараў. Некалькі разоў на тыдзень курсіруе і рэйсавы аўтобус. Медыцынская дапамога таксама недалёка: у Ганчарах ёсць амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. З павагай жыхары Цыгані гавораць пра старшыню Ганчароўскага сельвыканкама Уладзіміра Плескацэвіча, які часта бывае ў вёсцы, сустракаецца з людзьмі, цікавіцца іх праблемамі, па магчымасці дапамагае. На варце інтарэсаў землякоў стаіць і стараста Юльян Сіцько. Ён амаль 30 гадоў пражыў у Брэсце, дзе былі сям’я, работа. Захварэлі старыя бацькі, прыехаў у 1997 годзе ім дапамагаць, так і застаўся тут.
– Якія ў нашым узросце клопаты? Абы здароўе не падводзіла. А ўсё астатняе паціху адолеем. Пенсію зарабілі, атрымліваем яе своечасова. У агародзе сёе-тое вырошчваем. Ды і лес побач: грыбы-ягады заўсёды ёсць. Хаця, канешне, такіх лясных ураджаяў, як раней, няма, – дзеліцца Юльян Міхайлавіч.
На вуліцы Савецкай па суседстве са старастам у доме свайго дзядзькі жыве Аляксандр Бурба, які працуе ў Крывошынскім лясніцтве. Ён вядомы ў вёсцы чалавек, бо трымае каня па мянушцы Васілій. Каму агарод заараць, каму дровы прывезці ці выкапаную бульбу з агарода – без Аляксандра Сяргеевіча і Васілія цяжка справіцца.
Пацягнула ў родныя мясціны і Уладзіміра Дудышку. Ён разам з жонкай Інай пераехаў у Цыгань у дом бабулі. Сямейная пара хоць і жыла ў горадзе, сялянскай працы не цураецца, трымаюць пчол. Уладзімір працуе ў лясніцтве, Іна ўвіхаецца па гаспадарцы.
Акуратны дагледжаны падворак, вабяць вока рознакаляровым дываном кветкі пад вокнамі ярка пафарбаванага доміка. Тут жывуць дбайныя гаспадары Ганна і Аляксей Азімкі. Абодва цыганьскія. Як гаворыць Ганна Канстанцінаўна, пражылі звычайнае жыццё, хапала і шчасця, і гора. Заўжды падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі. Вось і цяпер 76-гадовая жонка даглядае свайго 80-гадовага мужа, які хварэе. Наведваюцца дачка, унукі, а праўнукаў чакаюць уладкаваныя ў двары арэлі. Калі трэба што скасіць, дапамагае сусед, ён часта прыязджае з горада ў дом бабулі.
Ганна Канстанцінаўна па-філасофску зазначае:
– Значыць, такі ў мяне лёс. Бог дае чалавеку столькі іспытаў, колькі ён можа вытрымаць.
Як ужо ўзгадвалася, раскінулася вёска шырока. Абысці яе з аднаго канца ў другі нават маладому спатрэбіцца больш за гадзіну. Дагледжаныя, абжытыя, заможныя сядзібы чаргуюцца з закінутымі, паўразваленымі, забытымі сваякамі былых гаспадароў. На адной з хат вялікімі літа-рамі напісана аб’ява аб продажы сядзібы. І побач карціна, што настройвае на пазітыў. У паштовай скрыні дома № 7 па вуліцы Лясной побач з акуратна складзенымі акулярамі ляжыць свежы нумар «Ляхавіцкага весніка» – значыць, тут жыве сябар раёнкі. Прывітанне, наш незнаёмы чытач!
Жыццё ў Цыгані ідзе сваёй ціхаплыннай чарадой. Заезджаму госцю магчыма і нязручна, асабліва ў цёмны час сутак ці халоднай зімой або пахмурнай восенню ў такой велічнай цішыні, акружанай дзе лесам, а дзе і балотам. А мясцовыя называюць гэта звычайным жыццём, якое па-свойму цікавае і насычанае. Тут ведаюць, калі, хто і да каго прыязджае ў госці, каму прывезлі новую вялікую пакупку, якая ў каго здарылася падзея. Жыццё працягваецца. А пабываўшы ў такой вёсачцы, як Цыгань, яшчэ больш пераконваешся, наколькі прыгожая і каларытная наша сінявокая Беларусь.
Галіна КАНЬКО.
Канько, Г. За падворкам поле, на ўскрайку лес / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2017. – 9 жніўня (№ 60). – С. 5.
Friday, March 26, 2021
Цыгань. Названия-этнонимы от имени народности цыган, но вероятна также и связь с кличками.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974. – 448 с.