Friday, March 26, 2021
АЛЬХОЎЦЫ – вёска, цэнтр Альхоўскага с/с, за 9 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы на аўтадарозе Ляхавічы–Івацэвічы. 162 гаспадаркі, 419 жыхароў (2005).
У 1789 г. Альхоўцы – вёска фальварка Літоўка маёнтка Ляхавічы, у Навагрудскім павеце. З 1790 г. – валоданне Масальскіх (раней уласнасць Сапегаў, дзяржавы, Ю. Несялоўскага). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. разам з іншымі населенымі пунктамі Ляхавіцкага маёнтка в. Альхоўцы трапіла ва ўладанне Касакоўскіх. У 1847 г. вёска фальварка Літоўка, 13 ¾ валокі зямлі, 19 двароў, 112 жыхароў, уласнасць графа С.М. Касакоўскага. У 1897 г. вёска ў Мядзведзіцкай вол., 46 двароў, 312 жыхароў, хлебазапасны магазін, піцейная ўстанова. У 1909 г. – 60 двароў, 399 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; вёска, 52 двары, 263 жыхары (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёска – цэнтр Альхоўскага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.7.1954 г. у Пад’язаўлянскім с/с, які 20.5.1968 г. быў перайменаваны ў Альхоўскі. У 1940 г. вёска, 78 двароў, 512 жыхароў, пач. школа, гандлёвая кропка. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1945 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. 6.7.1941 г. ням-фаш. акупанты расстралялі 10 вяскоўцаў (пахаваны на вясковых могілках; абеліск на магіле ўстаноўлены ў 1985 г.). У 1949 г. створаны калгас “Шлях да камунізму”. У 1959 г. было 476, у 1970 г. 457 жыхароў. У 2002 г. 157 двароў, 460 жыхароў. З 1991 г. вёска – цэнтр калгаса “Альхоўскі” (раней саўгас; аб’ядноўваў 4 вёскі). Размешчаны комплексны прыёмны пункт быт. абслугоўвання насельніцтва, фельч.-акушэрскі пункт, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі, магазін. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы мерыдыянальнай арыентацыі, да якой на Пд далучаецца з У кароткая прамалінейная вуліца. Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу.
Альхоўцы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 256–257.
Friday, March 26, 2021
Альхоўцы
Пісьмовая гісторыя тэрыторыі ці месца Верхняй Шчары, дзе знаходзіцца Альхоўскі сельскі савет, бярэ пачатак з канца ХV стагоддзя. Першыя звесткі кароткія, урывачныя, усё больш пра князёў, магнатаў і буйных чыноў духавенства. А звесткі, гэтыя побач – на берагах Шчары і яе прытоках, у лясах вакол сучасных населеных пунктаў. Згадкі пра глыбокую старажытнасць захоўваюцца ў мясцовых археалагічных помніках – старажытных стаянках і селішчах, курганах і гарадзішчах.
Самая позняя стаянка эры мезаліта, якая знойдзена на тэрыторыі Альхоўскага сельскага савета, знаходзіцца на 1-м кіламетры на паўночны-усход ад вёскі Задвор’е. Тут пры ўпаданні Ведзьмы ў Шчару, а ў сучасны час на высокім выступе берага над вадасховішчам, ёсць пясчаны трохмятровай вышыні ўзгорак. На яго калярэчным усходнім беразе знойдзены старажытныя крэмневыя вырабы: скрабок, нажы, разцы, нуклеўсы, касцяныя рэчы, гартуны.
У той час клімат быў больш вільготны. Узровень вады ў вадаёмах значна павысіўся, нізкія берагі былі затоплены і людзі пакінулі свае старыя паселішчы. У сувязі з гэтым узнікла паселішча каля в. Задвор’е.
Прыблізна тут жа, пры ўпадзенні Ведзьмы ў р. Шчару, знойдзена познебронзавае пасяленне людзей (першае стагоддзе І тысячагоддзя да н. э.). Побач былі рыбныя месцы, ураджайная зямля, шырокія заліўныя лугі, а на пясчаных узгорках – багатая дзікімі жывёламі пушча.
У раннефеадальны час па павярхоўях Шчары праходзіў этнічны падзел паміж балцкім і славянскім пасяленнем. Аб гэтым сведчаць старажытныя назвы – тапонімы пасяленняў. Адно з іх – Літоўка.
У канцы XVII стагоддзя ў гістарычных крыніцах упамінаецца фальварак Галдавічы (старажылы і цяпер успамінаюць назву Алдавічы). Польскі кароль Ян Казімір за паспяховую абарону Ляхавіцкага замка і наступны разгром рускіх войск узнагародзіў каменданта замка Юдзіцкага і вызваліў яго фальварак Галдавічы на 30 гадоў ад падаткаў і прыказаў выплаціць яму 21400 злотых за панесеныя страты і для ўзнаўлення гаспадаркі. Фальварак Галдавічы да нашага часу не захаваўся, але ён існаваў на тэрыторыі сучаснай вёскі Задвор’е.
Першыя ўспаміны пра вёску Альхоўцы значна пазнейшыя.
У 1789 г. Альхоўцы – вёска фальварка Літоўка маёнтка Ляхавічы Навагрудскага павета.
З 1790 г. – уладанне Масальскіх.
Ужо ў пачатку XVIII стагоддзя на картах Рэчы Паспалітай, а пазней і Расійскай імперыі з’яўляюцца такія населеныя пункты, якія ў сучасны час размешчаны на тэрыторыі Альхоўскага сельскага савета: Альхоўцы, Гукова, Гасцілавічы, Вадзяціна, Пад’язаўле, Задвор’е. Усе населеныя пункты разам з фальваркам Галдавічы належылі землеуладальніку Касакоўскаму.
У 1847 г. вёска Альхоўцы – фальварак Літоўка, 13 ¾ валокі зямлі, 19 двароў, 112 жыхароў.
З 1897 г. вёска Альхоўцы ўваходзіла ў склад Мядзведзіцкай воласці Слуцкага павета Менскай губерніі, складала 46 двароў, 312 жыхароў, быў хлебазапасны магазін, піцейная ўстанова.
У 1909 г. – 60 двароў, 399 жыхароў. З 1921 г. вёска была ў складзе Польшчы, у Мядзведзіцкай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяв.; вёска 52 двары, 263 жыхары.
Альхоўцы былі акружаны яловымі ды хваёвымі лясамі, неўрадлівымі землямі, парослымі алешынай, якую на дровы секлі, а на сенакосных угоддзях ад яе пазбаўляліся. Лес, які акружаў вёску, належыў графу Касакоўскаму, землі таксама былі графскія. Гэтыя землі сяляне-беднякі бралі ў арэнду за вялікую плату ў графа. Строга было забаронена збіраць грыбы, ягады, галлё ў лесе графа. На ўсё гэта быў патрэбен дазвол кіраўніка. Трэба было заплаціць два злотых атрымліваючы “квіт”, які дазваляў яго ўладальніку збіраць ягады і грыбы.
“А калі зловяць слугі графскія ў лесе без квіта, то не толькі сабранае адбяруць, але і шапку ці хустку аднімуць. Ды і пугай смальнуць”, - кажа старая жыхарка Страмавус К. Так і застаўся на ўсё жыццё калекай, падстрэленым у лесе за збор ягад Пахалкоў Фёдар.
З васьмідзесяці гаспадарак у вёсцы большасць было малазямельных – мелі адну-дзве дзесяціны. Больш дзесяці гаспадарак не мелі коней. Беспрасветнае жыццё, галоднае існаванне застаўлялі асобных сялян адпраўляцца на пошукі лепшага жыцця ў “казачную Амерыку”. Прадаўшы свае гаспадаркі, сабраўшы на дарогу грошай дзесяць чалавек з Альхоўцаў з’ехалі ў Амерыку. Але ні шчасця, ні долі там яны не знайшлі, такімі ж беднымі вярнуліся дахаты.
Мала хто ўмеў чытаць і пісаць у Альхоўцах. Школы не было дзеці вучыліся па хатах. Галоўнай навукай быў Закон Божы. Які даносіў прыезджы ў вёску поп. Не было ні доктара, ні фельчара.
Яшчэ больш гора прынесла людзям Першая сусветная вайна. Атрымаўшы паражэнне на франтах, царскае войска ў канцы 1915 года адыходзіла пад націскам немцаў за раку Шчару. Многія сяляне, кідаючы ўсё нажытае, сыходзілі з вёскі за Слуцк. Цяжка жылося ў бежанцах: часам даводзілася жыць пад голым небам, цярпець голад і холад. Пайка выдавалася толькі тым, хто працаваў на будоўлі ваенных умацаванняў.
Быт сялян таго часу быў цесна звязаны з сельскагаспадарчым календаром. У свабодны ад палявых работ час, сяляне займаліся рознымі промысламі (Вадзяціна – бондары, Пад’язаўле, Гасцілавічы – сяляне вязалі з лыка і кары). У вёсцы Альхоўцы меў месца кавальскі промысел. Усе прылады і вырабы кожны год 1 кастрычніка ў Галдавічах сялянамі прадаваліся на ярмарцы.
Да 1917 года на тэрыторыі вёскі не было ніводнай школы. Дрэннае становішча і медыцынскага абслугоўвання: не было аптэк, лячэбніц, медыцынскіх работнікаў. Нізкае санітарнае становішча вёскі садзейнічала распаўсюджванню цяжкіх захворванняў. Было шмат пажараў, бо шчыльнасць пабудоў, саламяныя дахі садзейнічалі хуткаму распаўсюджванню агню.
Як збавенне ад голаду і галечы, ад вайны і тыфу, пачулі людзі пра Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю. Шматлікія жыхары вёскі ўступалі ў рады Чырвонай Арміі і ваявалі супраць немцаў. У 1918 годзе бежанцы вяртаюцца дахаты. На месцы вёскі знайшлі пустэчу, якая пазарастала крапівой ды алешынай. Туліліся сем’і ў зямлянках, старых хатах пакінутых пасля вайны.
Калі ў 1919 годзе войска буржуазна-памешчыцкай Польшчы, уварваліся на тэрыторыю Беларусі. То ўсюды аднавілі свае парадкі: распраўляліся з усімі падазронымі, прымушалі іх да службы ў Войску Польскім, 2 разы на тыдзень павінны былі хадзіць рэгістравацца ў в. Мядзведзічы. Быў злоўлены ўдзельнік расправы над панам Чарноцкім Сліва І. Польскія салдаты пасля жорсткіх здзекаванняў звязалі яму калючым дротам рукі, прывязалі да аглобляў і праз Альхоўцы пагналі на Пад’язаўле. На калёсах сядзелі салдаты, здзекуючыся падганялі пугай акрываўленага Сліву І. Так уступалі ў свае правы польскія паны.
“З прагнасцю лавілі сяляне чуткі пра жыццё ў Савецкай Беларусі. Цяга пазнаць праўду прымушала не адзін раз пераходзіць мяжу Піліпчыка Іллю, які прыносіў весткі з Усходу”, - успамінае Заяц Лідзія.
Калі гітлераўскія войскі ўварваліся ў Польшчу, то над жыхарамі Заходняй Беларусі навісла пагроза новага зняволення.
Недалёка ад вёскі праходзіла лінія фронту, таму можна было ў любым месцы наткнуцца на дзоты: каля ракі, у лесе, у полі.
Будаваліся яны ў два этапы. Спачатку ў час Першай міравой вайны пад нямецкай акупацыяй, а затым у часы буржуазнай Польшчы. Адна толькі абарончая лінія па рацэ Шчара налічвае больш сотні дзотаў.
І толькі з 1939 г. в. Альхоўцы, як і уся Заходняя Беларусь, увайшла ў склад БССР.
З 15.01.1940 г. вёска ў складзе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці.
З 12.10.1940 г. вёска – цэнтр Альхоўскага сельскага савета.
У 1940 г. у вёсцы 78 двароў, 512 жыхароў, пачатковая школа, гандлёвая кропка.
У першыя пасляваенныя гады аднавілі сваю работу мясцовыя ўлады. Альхоўскі сельскі савет узначаліў Д.І. Собаль.
16 лістапада 1949 года сяляне в. Альхоўцы, каб назаўсёды пазбавіцца беднаты арганізавалі калгас “Шлях да камунізму”. Першым старшынёй быў Смаршчок Іван.
У 1959 годзе ў в. Альхоўцы была пабудавана новая сярэдняя школа.
5 сакавіка 1960 г. калгас быў рэарганізаваны ў саўгас “Альхоўскі”. Замест 12 кароў (1949 г.) на фермах ужо было больш за 100 галоў рагатага ската. Трактары, аўтамашыны і камбайны сталі памочнікамі ў працы рабочых саўгаса. У склад саўгаса ўваходзілі вёскі: Альхоўцы, Пад’язаўле, Задвор’е, Гасцілавічы, Вадзяціна, Гукова, Петухоўшчына. Цэнтрам гаспадаркі была вёска Альхоўцы. У пачатку 2000-х гадоў калгас спыніў сваё існаванне, гаспадарку перадалі пад ААА “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”
Friday, March 26, 2021
Альхоўцы. Лічыцца, што хутчэй за ўсё назва вёскі паходзіць ад вольхі, дрэва, якое часта сустракаецца ў навакольных мясцінах.
Альхоўцы // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Легенда “Адкуль пайшла назва вёскі”
Даўным-даўно на невялікім кавалачку зямлі, заціснутым дрымучым лесам і акружаным балотамі, жылі людзі. За якія грахі яны былі сасланы ў гэты глухі, адгароджаны ад свету і людзей куток – ніхто не ведаў. Ішоў час. Выраслі ў той глушы прыгажуня-дзяўчына і пад стаць ёй хлопец. Яркай зоркай успыхнула каханне, у якога не было будучыні, бо сустрэчы былі забаронены. І тады закаханыя вырашылі пакінуць тое праклятае месца, дзе ніхто не меў ні шчасця, ні долі і пайсці шукаць свой лёс у больш удалым месцы. Аднойчы цёмнай ноччу пакінулі закаханыя свой прытулак. Доўга блукалі яны, шукаючы выйсця з багны, якая акружала гэта месца. Але лёс быў жорсткі да іх. Балота не хацела адпускаць сваіх ахвяр. Прадчуваючы, што выйсця ім не знайсці, дзяўчына зняможанымі вуснамі звярнулася да Бога: “Няхай на нашай магіле вырасце дрэва”.
І калі багна закрылася над галовамі закаханых, узнялася з балота прыгожая алешына...
Прайшоў час. Рассеяла алешына сваё насенне па ўсім балоце. Пазней на гэтае месца прыйшлі другія людзі, асушылі балота, пабудавалі тут свае дамы і назвалі сваю вёску Альхоўцы.
Friday, March 26, 2021
Пірштук Ігар Іосіфавіч - беларускі прававед. Нарадзіўся 23 жніўня 1965 года ў вёсцы Альхоўцы.
Глядзець тут...