Friday, March 26, 2021
ШЧАСНАВІЧЫ – вёска ў Начаўскім с/с, за 12 км на У ад горада і чыг. ст. Ляхавічы. 52 двары, 85 жыхароў (2005).
У 1789 г. Шчаснавічы – вёскаў Навагрудскім ваяв., шляхецкая ўласнасць. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1844 г. вёска маёнтка Нача Брындзоўская, уласнасць М.К.Чарноцкага, 16 двароў, 120 жыхароў. У 1897 г. у Ляхавіцкай вол., 37 двароў, 247 жыхарой. У 1909 г. – 46 двароў, 288 жыхароў, школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяв., 56 двароў, 296 жыхароў. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Перахрэсцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Рачканскім с/с, які 4.6.1979 г. перайменаваны у Начаўскі. У 1940 г. вёска, 75 двароў, 398 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У снежні 1948 г. вяскоўцы аб’ядналіся у калгас “Новы шлях”, які у крас. 1957 г. увайшоў у склад саўгаса “Нача”. У 1959 г. было 408 жыхароў, у 1970 г. – 352 жыхары. У 2002 г. – 54 двары, 105 жыхароў, у складзе Рэспубліканскага с.-г. унітарнага прадпрыемства “Нача” (цэнтр – в. Нача). Працуюць магазін, б-ка, клуб. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, забудаванай двухбакова драўлянымі сял. сядзібамі.
Шчаснавічы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 318–319.
Friday, March 26, 2021
На вышыні. Кропка на карце: Шчаснавічы
Месца тут асаблівае. Ужо нават з той нагоды, што каля вёскі Шчаснавічы знаходзіцца самая высокая кропка раёна – 253,3 метра над узроўнем мора. Для параўнання: самая нізкая кропка непадалёку ад вёскі Тухавічы – 150,3 метра над узроўнем мора.
Назва вёскі сцвярджае: тут шчасце жыве, трэба толькі яго разгледзець…
А прыезджаму чалавеку, калі давядзецца паблукаць па гэтых прыгожых мясцінах, палюбавацца на наваколле з самай высокай кропкі раёна, якую пазначылі вялізарным камнем, пагутарыць з жыхарамі Шчаснавіч, паслухаць іх успаміны, пакаштаваць мёду з мясцовага пчальніка, адразу становіцца зразумелым: сапраўды, гэтае месца асаблівае, і шчасце яго ў тутэйшых людзях – заўзятых працаўніках, дбайных, руплівых, гаспадарлівых, мудрых.
…Каб і не ведаў, здагадаўся б, што тут жыве стараста вёскі: дагледжаны дом з блакітнымі аканіцамі, з мудрагелістай кованкай на веснічках, добраўпарадкаваная сядзіба, утульнасць якой надае вінаградная лаза, што ўтварыла навес-альтанку. Кусты гартэнзій, клапатліва падрыхтаваныя да зімы, мноства іншых дэкаратыўных раслін. Нават асенняй смугой сядзіба Адамовічаў выглядае прыветна. Магчыма, яшчэ і таму, што гаспадары яе вельмі добразычлівыя і шчырыя людзі.
– Заходзьце, заходзьце, калі ласка, – шырока расчыніў дзверы ў хату Яўгеній Іванавіч. А там ужо і гаспадыня сустракае – Яўгенія Аркадзьеўна:
– Мы заўсёды рады гасцям…
Паплыла размовава – даверлівая, шчырая, з успамінамі і параўнаннямі колішняга і сённяшняга. Некалі ў Шчаснавічах было за 100 двароў. Вяселлі, народзіны святкавалі з размахам, весела. Гэтак жа і працавалі – рэкорды ставілі і даяркі, і паляводы, племзавод “Нача” быў пастаянным удзельнікам ВДНГ у Маскве. Яўгеній Адамовіч працаваў шафёрам на грузавіку “ГАЗ-51”, вельмі запатрабаваным у гаспадарцы. А Яўгенія Аркадзьеўна была медсястрой у дзіцячым аддзяленні райбальніцы. Пажаніцца, відаць, было наканавана, бо, як жартуюць, нават імя было адно на дваіх. У Шчаснавічах Яўгенія Аркадзьеўна стала працаваць патранажнай медсястрой, адпускала фізіяпрацэдуры. Выгадавалі з мужам дзвюх дачок, адна з іх – Вольга – як і мама – медсястра, другая – Ірына – настаўніца. Нядаўна ў сям’і Адамовічаў зноў было вяселле, ды не простае, а залатое: 50 гадоў разам крочаць па жыцці Яўгеній і Яўгенія.
– Сапраўды, у нас тут шчаслівае месца, бо што ні хата, усё добрыя людзі жывуць, – дзеліцца думкамі стараста. – Шчырыя, працай вядомыя. Адзін недахоп – гады бягуць няўмольна. Таму, калі некаму патрэбна дапамога, пакуль сам магу, стараюся не адмовіць. Цяпер, у асноўным, гэта дастаўка паліва, вясной – апрацоўка агародаў. Людзі ў нас такія, што хоць і ў гадах, а сядзець без работы ніхто не будзе – загартаваныя. Вось хоць бы Марыя Казакевіч, былая даярка, пасля загадчыца Шчаснавіцкай МТФ, імя якой некалі было вядома далёка за межамі раёна…
Марыя Пятроўна якраз мыла падлогу, прыбірала хату, расчырванелася завіхаючыся:
– Нібы ведала, што госці на парог, – весела прывеціла і запрасіла нечаканых наведвальнікаў. – Як жывецца, пытаецеся? У Шчаснавічах інакш нельга – шчасліва.
Больш як 3 дзясяткі гадоў гаспадыня працавала даяркай. Гэта яна была першай пяцітысячніцай у раёне, на якую раўняліся ўсе працаўніцы, яе работа адзначана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, о рдэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Марыя Пятроўна пабывала і на розных выставах, удзельнічала ў спаборніцтвах.
– У адной з гаспадарак Камянецкага раёна праходзіў конкурс даярак, на які адправілі і мяне. З усёй вобласці прыехалі працаўніцы, усе ў суправаджэнні галоўных спецыялістаў, са сваімі даільнымі апаратамі, а я адна з пустымі рукамі. На самазвале мяне падвезлі, мімаходам. Спачатку разгубілася, думала назад вярнуцца, ды не было на чым. А тут вызначылі групу кароў, якіх буду даіць на конкурсе. Пазнаёмілася з даяркай – гаспадыняй гэтых рагуляў, разгаварыліся, яна мне і апараты свае прынесла, і спецадзенне, і ўсё неабходнае. А назаўтра я выйграла спаборніцтвы, заняла першае месца ў вобласці і атрымала ў падарунак дыван, гадзіннік з боем, яшчэ і грашовую прэмію. І расплакалася, маўляў, не вазьму ніякіх падарункаў, бо няма на чым дадому завезці…Глядзяць вяскоўцы, што гэта за “Волга” едзе па вёсцы. А гэта мяне везлі дадому – на машыне старшыні аблвыканкама. Быў той выпадак навукай кіраўніцтву нашай гаспадаркі…
Марыя Пятроўна шмат яшчэ расказала гісторый, прыгадала і пра тое, што найбольшае ўражанне засталося ў яе ад сустрэчы з Пятром Машэравым, які асабіста ўручаў ёй ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, а пасля цікавіўся жыццём-быццём…
Сярод пустуючых хатаў, шэрых і непрыветных, выдзяляецца свежапафарбаваны домік Алены Жук. Жанчына дрэнна бачыць, але жыве адна. Праўда, адна ў будныя дні, а на выхадныя абавязкова прыязджаюць дзеці, найчасцей Пятро, бо жыве паблізу – у Жарабковічах. А там і дачка Надзея з Брэста наведаецца, яшчэ адзін сын – Аляксандр – з Мінска. Усе клічуць маму да сябе, а яна нібы прырасла да роднага дома.
– Усё тут зроблена сваімі рукамі, здабыта сваёй працай, таму, відаць, і не адпускае, – гаворыць Алена Іосіфаўна. – Некалі ў 17 гадоў выйшла замуж, пайшла працаваць на ферму даяркай, разам з мужам і хату будавалі, і дзяцей вучылі. Хоць цяжка было, але адчувалі сябе шчаслівымі. А сёння што трэба? Толькі перад вашым прыходам фельчар наведвалася, тройчы на тыдзень аўталаўка прыязджае, калі што – тэлефон пад рукой, старасту званю. Як бы там ні было, у сваёй хаце і сцены дапамагаюць…
Такой жа думкі прытрымліваецца і Сямён Трус, які некалі працаваў конюхам у племзаводзе ”Нача”. Але памятае ён і сваю першую калектыўную гаспадарку – калгас “Новы шлях”, створаны ў 50-я гады мінулага стагоддзя, і які ўзначальваў аднавясковец Іван Папко. Да Шчаснавіч неўзабаве былі далучаны суседнія вёскі Перахрэсце, Пашкоўцы, Рачканы.
– Ох і шмат людзей было ў нас! Капаць бульбу выходзілі 70 і больш жанчын, мы ледзь паспявалі коньмі разворваць барозны, – успамінае Сямён Віктаравіч. – Ці лён рваць, ці буракі палоць – з песнямі, з радасцю, вядома, маладымі былі…
А сёння да Сямёна Віктаравіча, які застаўся адзін, вярнулася з горада дачка Валянціна. Не часова, а назаўсёды, бо, як прызнаецца, цягне родны дом нябачнымі каранямі, толькі тут яна па-сапраўднаму адпачывае душой, хоць працаваць даводзіцца нямала.
– Ды ў радасць усё: і пчальнік бацькаў, дзе з задавальненнем дапамагаю яму, і агарод, які апрацоўваю сама. Каня трымаем – падмога і сабе, і вяскоўцам. Дзеці, унукі едуць сюды з радасцю. Я люблю сваю вёску…
За навінамі выйшаў з хаты і Юльян Булат, які таксама жыве адзін, але адзінокім сябе не лічыць: дзеці едуць, вяскоўцы побач, зноў жа, калі праблемы – да старасты, які ніколі не адмовіць. Ды і сам ён яшчэ чалавек дужы. Праўда, ужо не можа, як раней, вывесці свой трактар (сам некалі сабраў) у поле, але на скутары паедзе і ў Начу, калі трэба, да дачкі ў Канюхі, ды і ў Ляхавічы. Бывае іншы раз сумна: вядома з той вялізарнай вёскі засталося толькі 15 двароў, дзе ёсць яшчэ пастаянныя гаспадары, цяпер тут пражывае ўсяго 23 чалавекі. Праўда, летам насельніцтва павялічваецца: прыязджаюць дзеці ў сядзібы бацькоў, памятаюць, адкуль яны родам. Бо, як упэўнены Юльян Міхайлавіч, нельга не любіць свой куточак зямлі, дзе нарадзіўся.
А з самай высокай кропкі, што адразу за Шчаснавічамі, пераконвае Юльян Булат, надвячоркам з аднаго боку відаць, як свецяцца агнямі Ляхавічы, а з другога – Клецк. І здаецца, што ўсё так блізка…
Аліна ЛАПІЧ.
Лапіч, А. На вышыні / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. – 2014. – 26 лістапада (№ 91). – С. 4.
Friday, March 26, 2021
ІІІчаснавічы. У аснове назвы УАІ Шчасны "‘шчаслівы’\ У старабеларускі перыяд (асабліва ў XVI ст.) было надзвычай папулярным. Толькі “Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага” называе звыш 40 чалавек з такім іменем: Щасный Адамович, Щасный Войткович, Щасный Дрозд, Щасный Карский, Счасный Стасевич, Счасный Ятовтович і іншыя. На яго аснове ўзніклі прозвішчы Шчасны, Шчасновіч, Шчасновічы - нашчадкі Шчаснага або родзічы па лініі бацькі з агульным прозвішчам Шчасны ці Шчасновіч.
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.