Friday, March 26, 2021
НАЧА — вёска, цэнтр Начаўскага с/с, на р. Нача, за 10 км на У ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, на аўтадарозе Ляхавічы— Нача. 264 двары, 662 жыхары (2005).
Вядома з 15 ст. як уладанне Неміровічаў у ВКЛ, з 1-й пал. 16 ст. у Навагрудскім ваяв. У якасці пасагу Ганны, дачкі Федзькі Неміровіча, Нача перайшла ў валоданне да Барташа Табаровіча. У 1509 г. належала іх сыну Яну Табаровічу, пазней — каралеўскае ўладанне. У 1566 г. сяло Ляхавіцкай вол., якое вял. кн. літ. і кароль Польшчы Жыгімонт II Аўгуст перадаў у якасці залогу шляхціцу А.Брындзу. У 1567 г. навагрудскі войскі А.Брындза атрымаў сяло ва ўласнасць. Пазней гэта наданне было пацверджана яму, яго жонцы і дзецям. Пэўны час былы маёнтак пана Брындзы (ці Нача Брындзоўская) належаў ордэну езуітаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. Маёнтак перайшоў да князёў Масальскіх, якія ў 1798 г. прадалі яго Францішку Ксаверыю Чарноцкаму для сына апошняга Міхала. У 1844 г. Нача Брындзоўская — маёнтак, 80 валок зямлі, 42 двары, 337 сялян, уладанне М.К.Чарноцкага. Складаўся з фальварка Гадлеўшчызна і вёсак Буракоўцы, Перахрэсце, Шчасновічы. У 1810—15 гг. Чарноцкія пабудавалі ў маёнтку сядзібу (перабудавана ў 1910 г. архітэктарам А.Кжыжаноўскім, захавалася). Сядзібны комплекс уключаў мураваны палац, гасп. пабудовы (стайня, свіран, вінакурня, калодзеж і г.д.), пейзажны парк. Непадалёк ад маёнтка Чарноцкіх у 1844 г. знаходзіліся 7 аднайменных памешчыцкіх уладанняў: маёнтак Нача (уваходзіла вёска Юхімавічы, усяго 27 валок зямлі, 22 цяглыя двары, 192 жыхары), уласнасць Д.М.Рэйтана; фальварак Нача (уваходзіла вёска Клапытычы, 2 валокі 23 маргі зямлі, 31 жыхар, у тым ліку 13 дваровых сялян), валоданне Івана Ануфрыя, сына Гаштольда Букрабы; маёнтак Нача (уваходзіла вёска Заляшаны, усяго 445 дзес. зямлі, 13 двароў, 122 жыхары, у т.л. 10 дваровых сялян), уласнасць А.М.Фогта; маёнтак Нача Васілеўшчызна (складаўся з вёсак Карбоўцы і Заляшаны, усяго 284 дзес. зямлі, 8 двароў, 64 жыхары, 13 дваровых сялян), уласнасць М.І.Ланеўскага Ваўка; маёнтак Нача Жамойдзь (уваходзіла вёска Нача Жамойдзь, усяго 426 дзес. зямлі, 154 жыхары, у т.л. 10 дваровых сялян, меліся 3 карчмы на шляху з Пінска на Клецк, млын, мураваны бровар, іншыя гасп. пабудовы), уладанне Я.Янушкевіча (раней належаў Воўк-Ланеўскім); фальварак Нача ці Залессе (да фальварка належалі 6 сял. двароў вёскі Заляшаны, 65 жыхароў, усяго 325 маргоў зямлі, 23 дваравыя селяніны, драўляны панскі дом, вінакурня, млын, стайня, карчма), уласнасць В.С.Фальскага; маёнтак Ляхаўская Нача (уваходзілі аднайменны фальварак і вёскі паезуіцкая Гута і Востраў, усяго 2556 дзес. зямлі, 25 цяглых двароў, 290 жыхароў, сельскі хлебазапасны магазін, у фальварку меліся панскі дом, вінакурня, вадзяны млын, тартак на р. Нача), уласнасць графіні Фабіяны Чапскай, дачкі і спадчынніцы мінскага кашталяна Міхаіла Абуховіча.
У 1876 г. існавалі маёнткі: Нача Брындзоўская (1308 дзес. зямлі, 2 карчмы), уласнасць Чарноцкіх; Нача Старая (176 дзес. зямлі), уласнасць В.А.Фогта; Нача Ляхоўская (2059 дзес. зямлі, 2 карчмы, вадзяны млын з лесапільняй), уладанне І.К.Чапскага (з 1846 г.); Нача (261 дзес. зямлі), уласнасць В.С.Рэйтана; Нача (139 дзес. зямлі), уласнасць І.І.Фальскага (з 1850 г.); Нача (178 дзес. зямлі), уласнасць Л.І.Пласкавіцкага (з 1861 г.). У 1897 г. маёнтак Нача Брындзоўская ў Ляхавіцкай вол. налічваў 8 пабудоў, 140 жыхароў. У 1909 г. тут 80 жыхароў. З 1921 г. ускладзе Польшчы, у Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; фальварак Нача Брындзоўская налічваў 10 двароў, 123 жыхары. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранвіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Перахрэсцкім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл., з 17.11.1959 г. у Рачканскім с/с. 15.1.1940 г. на базе маёнтка Нача (Брындзоўская) быў арганізаваны саўгас, які меў 321 га зямлі (у т.л. 187 га ворыва, 88 га сенажаці, 54 га саду, 12 га гадавальніка), 2 двары для жывёлы, 2 стайні на 55 коней, 2 гумны, паравы млын, 13 коней, 90 свіней, 25 авечак, 31 карову і г.д. У крас. 1940 г. была зацверджана зямельная плошча новаўтворанага саўгаса «Нача» — 1167 га. Сюды ўваходзілі землі і пабудовы былых памешчыцкіх маёнткаў з тэр. Ляхавіцкага р-на: Нача — 637 га, Буракоўцы —120 га, Гадлеўшчына — 100 га; з тэр. Клецкага р-на: Старая Нача — 80 га, Грыгаровічы — 80 га, Горкі — 150 га. У 1940 г. у саўгасе было 50 двароў, 369 жыхароў. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Пасля вайны саўгас адноўлены (цэнтр — пасёлак, пазней в. Нача), у крас. 1957 г. у яго склад увайшоў калгас «Новы шлях». У 1959 г. Нача — пасёлак, 343 жыхары, у 1970 г. — вёска, 755 жыхароў. З 4.6.1979 г. цэнтр Начаўскага с/с. У 2002 г. — 266 двароў, 637 жыхароў, цэнтр Рэспубліканскага с.-г. унітарнага прадпрыемства «Нача». Працуюць 2 магазіны, аддз. сувязі, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры. Радзіма бел. перакладчыка і публіцыста Н.К.Чарноцкага, выдаўца, перакладчыка, педагога праф. М.Фольскага.
Нача // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 295–297.
Friday, March 26, 2021
Нача
Вёска Нача існуе ўжо 5 стагоддзяў.
Першае ўпамінанне пра вёску ў 1566 годзе. Нача – сяло Ляхавіцкай воласці, асабістая ўласнасць Жыгімунта Аўгуста. Перададзена ў якасці залогу Навагрудскаму шляхціцу Брынзу. Пасля секвестрацыі расійскім урадам маёнтак перайшоў да Масальскіх, у якіх яго адкупіў у 1796 годзе Францішак Ксаверы Чарноцкі для свайго сына Міхаіла.
Дарэчы Нача – старажытнае слова. Яно абазначае “урадлівая зямля”. Але “карміліцай” для ўсіх яна стала не адразу. “Мачахай” яна была для большосці прыгнечаных сялян, якія працавалі на панскай зямлі. Сведкі таго часу расказваюць, што ў вёсцы Нача стаяў толькі панскі маёнтак і два ці тры дамы, у якіх жылі 18 сем’яў панскіх батракоў.
Карэннымі жыхарамі вёскі з’яўляюцца дзве сям’і – Падгурскіх і Брэчкі. Наёмныя рабочыя прыходзілі з навакольных вёсак.
Адмена прыгоннага права ў Расійскай імперыі пачалася ў 1861 годзе, але так як Беларусь знаходзілася на ўскрайку імперыі, то фактычна да 1863 года 60 тысяч дзесяцін зямлі Ляхавіцкага раёна знаходзілася ва ўладанні 20 буйных памешчыкаў. У іх ліку быў і К. Чарноцкі. Па словах старэйшых жыхароў, у сям’і апошніх Чарноціх сваіх дзяцей не было. Яны выхоўвалі пляменніка. Пан па сваім характары быў добры чалавек. На куццю, на Вялікдзень абыходзіў сем’і, дарыў падарункі і віншаваў са святам.
Адзін з прадстаўнікоў роду Чарноцкіх – Напалеон Чарноцкі.
Беларускі перакладчык і публіцыст Н.К. Чарноцкі нарадзіўся 13 ліпеня 1866 года ў маёнтку Нач-Брындзоўская. Скончыў Слуцкую гімназію (1887 г.), медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта (1894 г.). У Слуцкай гімназіі ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі, у Маскве – у інтэрнацыянальную студэнцкую арганізацыю, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у 1890 годзе выключаны з універсітэта і сасланы пад нагляд паліцыі на радзіму, у маёнтак бацькі. Працаваў урачом у Заходняй Беларусі і Літве. З 1908 па 1912 гады знаходзіўся ў эміграцыі ў Канадзе.
Пераклаў на беларускую мову п’есы Чэхава і Крапіўніцкага. Напісаў артыкулы, дзе выступаў у абарону беларускай мовы, з прыязнасцю пісаў пра творчасць Я. Коласа, паказаў добрае веданне беларускага фальклору. Апісаў батлейскае прадстаўленне з ваколіц Начы.
У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. У пачатку 1915 года фронт пачаў набліжацца да Беларусі і ў кастрычніку стабілізіраваўся на лініі Дзвінск – Паставы – Пінск. Вёска Нача таксама апынулася пад нямецкай акупацыяй.
У лістападзе 1918 года адрадзілася польская дзяржава. Яе глава Пілсудскі аб’явіў аб аднаўленні Рэчы Паспалітай, а ў снежні 1918 года польскія кіруючыя колы пачалі ажыццяўляць свой план: далучэнне Украіны, Беларусі, Літвы да Польшчы. Пачалася вайна паміж Расіяй і Польшчай, у выніку якой ў 1919 годзе фронт устанавіўся па лініі ракі Бярэзіна. Такім чынам, і вёска Нача аказалася пад польскай акупацыяй.
18 сакавіка 1921 года ў Рызе быў падпісаны мірны дагавор паміж РСФСР і Польшчай. Заходняя Беларусь адышла да Польшчы.
Верасень 1939 года. Становішча Польшчы значна пагоршылася. 23 жніўня 1939 года паміж Расіяй і Германіяй быў падпісаны акт аб ненападзе. Але Германія 1 верасня напала на Польшчу. Тады раніцай 17 верасня 1939 года савецкі ўрад даў распараджэнне Чырвонай Арміі перайсці савецка-польскую мяжу і вызваліць Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь.
Жыццё стала паляпшацца. Па ўсёй краіне пачалі ствараць саўгасы і калгасы. У лістападзе 1939 года на тэрыторыі вёскі быў створаны саўгас імя Кірава, які праіснаваў да нямецкай акупацыі. Як паведамілі старажылы: Зялёнка Марыя Паўлаўна, Зялёнка Ганна Іванаўна, Кабачэнка Міхаіл Фёдаравіч, Масель Лідзія Дзянісаўна, у першыя дні свайго існавання саўгас налічваў 50 кароў, 30 коней, невялікая птушкаферма, сельскагаспадарчая тэхніка: малатарні, жняяркі, касілкі.
У 1940 годзе атрымалі першыя трактары, за штурвалы якіх селі трактарысты: Смаршчок Рыгор Сцяпанавіч, Дудук Васіль Фёдаравіч, Славута Алесь Аляксандравіч, Мурочак Пётр Іванавіч.
У 1941 годзе саўгас імя Кірава быў перайменаваны ў саўгас “Нача”.
У 1957-1959 гадах адбылося аб’яднанне саўгаса “Нача” і калгаса “Новы шлях”. У 1965 годзе ў адпаведнасці з загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР гаспадарка была падзелена на племянны саўгас “Нача” і саўгас “Ляхавіцкі”. З лютага 1973 года племянны саўгас “Нача” быў перайменаваны ў племянны завод “Нача”. Са студзеня 2001 года па 2010 год – РСУП “Нача” (Рэспубліканскае сельскагаспадарчае унітарнае прадпрыемства). З 2010 года – дзяржаўнае прадпрыемства “Нача” (ДП).
У 1941 годзе створана Беларуская пачатковая школа № 80 саўгаса ІМСМ Кірава. У 1949 годзе школа рэфарміравана ў сямігадовую, у 1953 – у васьмігадовую, у 1959 – у сярэднюю.
У 1960 годзе ўзведзены сучасны будынак школы. Школа забяспечана ўсім неабходным для вядзення вучэбна-выхаваўчага працэсу.
Да 1950 года ў Начы ніякіх спецыяльна-культурных устаноў не было, а ў вёсцы Перахрэсце ў 1946 годзе была адкрыта бібліятэка. У 1989 годзе пачаў дзейнічаць новы Дом культуры.
Пры Доме культуры сёння працуюць гурткі: сольнае спяванне, жаночая вакальная група, гурток эстраднай песні “Тоніка”, дзіцячы ансамбль “Кантылена”, аматарскія аб’яднанні “Элегія”, “Серпантын”, “Натураліст”. Асаблівая ўвага ў рабоце гурткоў адводзіцца ансамблю народнай песні “Згода”. Ансамбль быў створаны пры ДК дырэктарам Смаршчком Валерыем Віктаравічам у 1991 годзе.
Да 1976 года бібліятэка працавала ў доме пана Чарноцкага, з 1977 па 1987 у будынку клуба, а з 1988 года яна размешчана ў будынку Дома культуры.
У 1947 годзе пабудаваны ФАП, а з 1989 года пачынае дзейнічаць урачэбная амбулаторыя.
У 1960 годзе стаў працаваць дзіцячы сад. Новы будынак дзіцячага садка запрацаваў у 80-я гады.
Начаўскі аддзел сувязі пачаў працу ў 1950 годзе.
У 1944 годзе вёска Нача ўваходзіла ў састаў Рачканскага сельскага Савета. Першым старшынёй быў Н.А. Ліннік. У 1980 годзе Рачканскі сельскі Савет быў перайменаваны ў Начаўскі.
Friday, March 26, 2021
Нача. Такую назву маюць многія невялічкія рэчкі, прытокі Бярэзіны, Бабра, Нёмана, Лані, Заходняй Дзвіны. Амаль што каля кожнай з іх ёсць аднайменныя паселішчы.
Нача. Назва многіх невялікіх рэк, прытокаў Бярэзіны, Бабра, Дзітвы, Немана, Лані, Заходняй Дзвіны; на кожнай з рэк ёсць старадаўнія паселішчы з той жа назвай. Назвы паходзяць, магчыма, ад старажытнага балтыйскага тэрміна, які меў прыблізны сэнс урадлівы. Як відаць, гэтыя месцы былі першапачатковымі раёнамі земляробства, расчыстак і распашак сярод лясных прастораў. Ёсць падобнае слова са значэннем прадукцыйны ў сучаснай літоўскай мове.
Нача // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С.В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Жучкевіч, В. А. Чаму так названа.- Мн., «Нар. асвета», 1969. – С. 78.
Friday, March 26, 2021
Нача Брындзоўская - палацава-паркавы ансамбль. У 1567 г. Нача падаравана каралём Навагрудскаму шляхціцу А.Брындзу, а затым пацверджана яму, яго жонцы і дзецям. 3 таго часу маёнтак пачаў звацца па прозвішчы гаспадара — Нача Брындзоўская.
Глядзець тут...
Буракоўцы - сядзіба належала роду Буракоўскіх, Чарноцкіх і інш. гаспадароў. Узнікла, прыкладна, y 1-й палове XIX ст. на месцы маляўнічага ляснога масіву. Да сядзібы вядзе бутавая грэбля. Захаваліся толькі рэшткі пейзажнага парку, які мае плошчу 5,5 га.
Глядзець тут...
Friday, March 26, 2021
Карпіевіч Юрый Дзмітрыевіч - беларускі навуковец у галіне аўтамабіле- і трактарабудавання, доктар тэхнічных навук. Нарадзіўся 7 мая 1959 года ў вёсцы Нача.
Глядзець тут...
Сваяк Янка (сапр. Мар`ян Фальскі) – перакладчык, публіцыст, педагог, грамадскі дзеяч. Прафесар (1954). Пісаў на польскай і беларускай мовах. Нарадзіўся ў в. Нача.
Глядзець тут...
Чарноцкі Напалеон малодшы брат уладара маёнтка Нача Міхаіла Чарноцкага. Публіцыст, перкаладчык. Пісаў на польскай і беларускай мовах.
Глядзець тут...