Friday, March 26, 2021
ЛАБУЗЫ – вёска ў Конькаўскім с/с, на р. Шчара, за 8 км на ПнЗ ад Ляхавіч, 2 км ад чыг. прыпынку Федзюкі на лініі Баранавічы–Асіповічы. Транспартныя связі па прасёлачнай дарозе, якая звязвае вёску з аўтадарогай Баранавічы–Ляхавічы. 50 гаспадарак, 86 жыхароў (2005).
У 1836 г. Лабузы — вёска маёнтка Дарава Харунжэўскае Навагрудскага пав. Гродзенскай, з 1842 г. Мінскай губерні, уладанне Керсноўскіх, 19 двароў. У 1844 г. у вёсцы 156 жыхароў. У 1897 г. у Дараўскай вол., 38 двароў, 252 жыхары. У пач. 20 ст. адкрыта царк.-прыходская школа. З 1921 г. у складзе Польшчы, у Дараўскай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв.; вёска і фальварак, 23 двары, 101 жыхар. З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. у Федзюкоўскім с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. З 16.3.1987 г. у Конькаўскім с/с. У 1940 г. вёска, 42 двары, 223 жыхары. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. 3.7.1944 г. акупанты спалілі 59 двароў. У 1950 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Панамарэнкі. У 1959 г. было 221, у 1970 г. 258 жыхароў. У 2002 г. 51 двор, 89 жыхароў, у складзе калгаса «Прагрэс» (цэнтр — в. Дарава). На паўн.-ўсх. ускраіне вёскі знаходзяцца рэшткі сядзібы, у агульны комплекс якой уваходзіў палац (мураваны, аднапавярховы, налічваў 8 пакояў), шэраг гасп. пабудоў. Адначасова з будаўніцтвам палаца ў 2-й пал. 19 ст. быў закладзены пейзажны парк.
Лабузы // Гарады і вёскі Беларусі: энцыкл. Т. 4, кн. 2: Брэсцкая вобласць. – Мінск: БелЭН, 2007. – С. 285–286.
Friday, March 26, 2021
Cэрцу люба, душы светла. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Лабузы
Пра тое, што калісьці тэрыторыя сённяшняга Ляхавіцкага раёна ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, нагадваюць назвы вёсак: Літва, Лотва, Лабузы… Апошняя нібы схавалася паміж двума аграгарадкамі – Конькі і Дарава. З упэўненасцю можна сказаць: пабываеш у ёй аднойчы – захочаш вярнуцца зноў. Гэта вёска мае сваю адметнасць і свой каларыт, у якім адчуваецца смак да жыцця.
Сцяжынка да дому
Засяроджаны на справе, 65-гадовы Іван Сакун абкошвае тэрыторыю каля свайго дома па вуліцы Зарэчнай (у вёсцы, акрамя яе ёсць яшчэ Палявая, Калгасная, Хутарская). Косіць не модным агрэгатам, а звычайнай, як калісьці дзед, а потым і бацька, добра накляпанай касой. Іван Іванавіч карэнны тутэйшы жыхар, як і большасць насельніцтва Лабузоў (усяго зарэгістравана 36 чалавек). Адсюль і Мікалай Грыгаровіч. Іх з жонкай Сцепанідай Іванаўнай сядзіба – акуратная, дагледжаная. Працаваць Грыгаровічы любяць і ўмеюць. Гаспадыня была бухгалтарам у калгасе «Прагрэс», потым да выхаду на пенсію – загадчыцай фермы ў ардэнаносным «Кастрычніку». 44 гады за баранкай аўтамабіля – працоўная біяграфія Мікалая Андрэевіча.
Крочым па ціхай вуліцы. Пяшчотна палівае кожную кветачку ў двары прывабная стройная жанчына. Побач на стале сохнуць падрыхтаваныя да кансервавання агуркоў слоікі.
Знаёмімся. Галіна Каліноўская, аказваецца, наша калега, працуе ў Міністэрстве інфармацыі, прыехала да мамы ў водпуск.
– Бязмежна люблю гэтыя мясціны, адпачываю тут душой і целам. Саджуся ў Мінску ў электрычку. Цягнік набірае ход, а я ўсю дарогу ўзгадваю дзяцінства, юнацтва, кожную тутэйшую сцяжынку. І не магу дачакацца, калі ўбачу бацькоўскую хату, сваю любімую мамачку, – усхвалявана прызнаецца Галіна Вячаславаўна.
А вось і гаспадыня. Алена Міхайлаўна такая ж статная, рухавая, як і дачка. Зусім не выглядае на свае 78 гадоў.
– Раней за дзень столькі ўсяго магла перарабіць і дома, і на працы. Шчыравала ў паляводстве, потым у жывёлагадоўлі – расказвае Алена Каліноўская. Пераходзіць на тое, якія яе аднавяскоўцы добразычлівыя, шчырыя, працавітыя, заўжды гатовыя дапамагчы. А яшчэ не забываюць сцяжынку да бацькоўскага дома.
На адным з падворкаў на Зарэчнай гаманліва, весела, чуваць дзіцячы смех. Галоўныя дзеючыя асобы: Яўгеній Грыгаровіч (родам адсюль, жыве ў Баранавічах), яго дачка Таццяна і ўнучкі Віка і Ксюша.
– У Лабузах бываем часта, гэта ж мая бацькаўшчына. А дзецям якое раздолле: свежае паветра, на веласіпедах катаюцца, нават свой міні-басейн ёсць. За дзень так нагуляюцца, што засыпаюць імгненна, – распавядае Яўгеній Іванавіч.
Вёска майстроў
Трапілі ў казку? Не, выявы вясковага каларыту. Рознакаляровая хатка, гамак, ганарлівы певень, недзе квохча курыца, абгароджаны кусцікі парэчак, падсыпана бульба – карціна так і просіцца на палатно. Аўтар хараства Марыя Семярнік, а дапамагалі ёй ўнукі.
Як жа пасуе нашым вёсачкам квяцістае летняе ўбранне! Вось і ў Лабузах, каля якога падворка ні спыніся, – утульна, чысценька, прыгожа і на кожным – нешта сваё, не падобнае на іншыя сядзібы. Напрыклад, двор дома № 10 па вуліцы Калгаснай у яркіх жоўтых сланечніках, а каля аднаго з дамоў па вуліцы Зарэчнай расце «божае дрэва».
– Адчуйце, што за водар, лепш любога заспакаяльнага лякарства, – гаворыць гаспадыня Алена Каліноўская – цёзка сваёй сяброўкі, з якой мы ўжо паразмаўлялі. Каб пераканацца, што яна выдатная гаспадыня, дастаткова паглядзець у агародчык. А яшчэ жанчына – пастаянная падпісчыца «ЛВ» і сцвярджае, што без газеты як без рук.
– Што за вадзіца, выпіў кубачак, нібы памаладзеў, – зазначыў рэдакцыйны вадзіцель, пакаштаваўшы калодзежнай вады ў Каліноўскіх.
Алена Вікенцьеўна, нягледзячы на ўзрост, жвавая, паспявае ўсё. Але і дзеці (разам з мужам выгадавалі чатырох) пра маму не забываюць, прыязджаюць часта дапамагчы па гаспадарцы і адпачыць. Каліноўскія – музычная сям’я. Два сыны Георгій і Валерый – музыканты, адзін у Ляхавічах, другі – у Пінску. Унучка таксама пайшла «ў музыку».
Паміж учора і заўтра
Валерый Міхайлавіч прапанаваў сябе ў якасці экскурсавода па Лабузах, і мы адправіліся па знаёмым для яго маршруце. На паўночна-ўсходнім ускрайку Лабузоў на правым беразе Шчары ў акружэнні ліпаў, дубоў і сакавітых лугоў, нібы саромеючыся свайго разбурана-недагледжанага выгляду, схаваўся ад людскіх позіркаў былы фальварак паноў Ражанскіх.
– У адным пакоі настаўніца Марыя Васільеўна Шастак вучыла першакласнікаў і трэцякласнікаў, у другім Соф’я Мікалаеўна Кашуба – другакласнікаў і чацвёртакласнікаў. Нас было тады шмат, пасля ўрокаў весела разам вярталіся дамоў, – успамінае Валерый Каліноўскі.
У мураваным будынку пасля Вялікай Айчыннай вайны размяшчалася не толькі пачатковая школа, але і інтэрнат для настаўнікаў. Потым тут адкрылі магазін. А цяпер ад былой прыгажосці помніка дойлідства другой паловы ХІХ стагоддзя засталіся толькі паўразваленыя сцены. Але можна было б распрацаваць цікавы маршрут для патэнцыяльных турыстаў: у наваколлі Лабузоў нямала напамінаў пра Першую сусветную вайну. З 3 па 25 ліпеня 1916 года праз вёску наступалі рускія войскі падчас «Баранавіцкай аперацыі». Трагічны адгалосак у Лабузах пакінула і Вялікая Айчынная: у чэрвені 1944 года фашысты спалілі амаль усю вёску.
Час ад часу ўскрайкі Лабузоў становяцца месцам сустрэчы аматараў вандровак: маляўнічыя краявіды аблюбавалі турысты і праводзяць у гэтых каардынатах турыстычныя злёты.
Урадлівая глеба прываблівае ў Лабузы фермераў. Хтосьці займаецца вырошчваннем капусты, а, напрыклад, Кацярына Ласый арандавала летась больш гектара зямлі і высадзіла кусты маліны. Сёлета ўжо сабрала першы ўраджай. Юрый Дземянец не толькі ўпарадкуе купленую тут сядзібу, але і з’яўляецца актыўным малаказдатчыкам: арганізаваў у Лабузах міні-ферму, статак з 9 дойных кароў і 15 цялушак.
– Нялёгкі гэта бізнес, але ён таго варты. Штодня кожная карова дае па 15 літраў малака, якое здаю ў ААТ «Шлях новы». Планую пашыраць статак, – расказвае Юрый Дземянец.
…Як жа вальготна, раздольна дыхаецца свежым паветрам з адценнем водару летніх кветак, свежаскошанай травы і яблыкаў, ад шчодрага ўраджаю якіх да зямлі схіліліся галіны дрэў. Вось чаму гэты аазіс спакою, яднання з прыродай аблюбавалі і дачнікі.
Галіна КАНЬКО.
Канько, Г. Cэрцу люба, душы светла / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. – 2018. – 11 жніўня (№ 60). – С. 9.
Friday, March 26, 2021
Лабузы. Лабузы - група родзічаў па мянушцы або прозвішчы іх агульнага продка Лабуз, Лабуза, якія сумесна заснавалі паселішча. Найверагодней ад полькага слова lobuz (лобуз) “гарэза, свавольнік, хуліган”. Такую мянушку чалавек мог атрымаць і па асацыяцыі з пустазеллем. Пасееш - збожжа не расце, толькі лабуза.
Лабузы. Вось як тлумачаць гэтую назву старажылы. У даўнія часы веска належала пану Ражскаму. Меў ён вялікую гаспадарку, у якой працавала шмат прыгонных. Пан быў вельмі сварлівы і за любую, нават дробную, правіну пачынаў сварыцца з працаваўшымі на яго вяскоўцамі. Падчас сваркі пан, звяртаючыся да сваіх прыгонных, называў іх "лабусамі". "Лабус" - так і цяпер іншым разам завуць літоўцаў. Гэта мянушка ўтварылася ад літоўскага "лабас діенас", што ў перакладзе азначае "добры дзень".
Магчыма сярод падданых пана было многа балтаў, якія віталі адзін аднаго на роднай мове. Ад гэтай мянушкі верагодна і ўтварылася назва вёскі.
Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаюць: навукова-папулярныя эцюды. – Мінск: Литература и Искусство, 2008. – 416 с.
Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.
– 448 с.
Лабузы // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю: гісторыка-краязнаўчы зборнік/ укладанне і літаратурная апрацоўка С. В. Чарановіча. – Баранавічы: РУПП “Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня”. 2004. – 96 с.
Friday, March 26, 2021
Лабузы - сядзіба. Размешчана на паўночна-ўсходнім ускрайку в. Лабузы Конькаўскага сельскага Савета. Сядзібу абкружае маляўнічае наваколле правага берага р. Шчары. Яна займае плошчу каля 4,5 га. Цэнтрам кампазіцыі ансамбля з’яўляецца сядзібны дом.
Глядзець тут...
Friday, March 26, 2021
Грыгаровіч Алена Мікалаеўна - нарадзілася 22 сакавіка 1959 г. ў в. Лабузы. Беларускі навуковец у галіне філасофіі і сацыялогіі. Даследуе праблемы грамадскай думкі, экалагічнай свядомасці.
Глядзець тут...